Читать книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 6

Брамнік заўжды самотны
IV
Трыма гадамі раней

Оглавление

Пасля чарговай трэніроўкі дырэктар школы папрасіў Максіма крыху затрымацца.

– Размова ў нас з табой будзе сур’ёзная, – пачаў ён. – Ты адзін з нашых найлепшых маладых футбалістаў, але гэтую школу ты ўжо пераўзышоў. На маю думку, табе больш мэтазгодна перайсці ў спартыўны інтэрнат. Там поўнае дзяржаўнае забеспячэнне, і табе варта ўжо вызначыцца, каб з часам пачынаць гуляць за які сур’ёзны клуб, але ты ўжо гэта збольшага вырашыш сам. Да таго ж ты, лічы, уключаны ў юніёрскую зборную рэспублікі. І, як я ведаю, многія старшыні праўленняў клубаў, трэнеры, шматлікія “скаўты”, як кажуць, паклалі на цябе вока.

Хачу цябе, Максім, у гэтым сэнсе вельмі сур’ёзна папярэдзіць. На працягу сваёй спартыўнай кар’еры (калі ты, вядома, і далей будзеш займацца футболам) цябе будуць чакаць не толькі слава і захапленне заўзятараў, магчыма неблагія грошы, якія ты станеш зарабляць, калі трапіш у рукі большменш сумленных футбольных агентаў, трэнераў, але і цяжкія трэніроўкі, пераезды, якія будуць вымотваць цябе ды, як правіла, адна адказная гульня ў тыдзень, зборы і матчы за рэспубліканскія каманды. Будуць падпільноўваць траўмы – ад іх нікуды не дзенешся. На жаль, і сямейная неўладкаванасць. Запомні, што я табе кажу. Будзь абачлівым, як станеш падпісваць кантракты. Памятай, што ты талент, але за спінай у цябе няма падтрымкі ўплывовых бацькоў, сваякоў. Толькі ты адзін будзеш адказны за сябе. Але кажу гэта ўсё не дзеля таго, каб ты падумаў, што вось – я амаль што майстра, і кропка. Табе яшчэ далёка да сапраўднага майстэрства, у цябе яшчэ няма вопыту, і многія таленты, не меншыя за цябе, спыняліся і драбнелі, бо не хацелі расці далей, пераставалі працаваць, а то, яшчэ горш, і збочвалі на крывую дарожку. І дзе яны цяпер? Хто спіўся, іншы пайшоў, да слова, “па базару”, яшчэ нехта “даў нырца” ў крымінал і цяпер адпачывае “на шконцы”. Я вельмі хачу, каб ты абмінуў усё гэта і стаў сапраўды вялікім варатаром – такім, напрыклад, як Леў Яшын, датчанін Петэр Шмейхель, італьянец Джанлуіджы Буфон ці твой улюбёнец Луіс Чылаверт. Тым больш, што ты ўсім сэрцам любіш футбол. А футбол ужо даўно стаў не толькі асобным, самым папулярным відам спорту на планеце, а і своеасаблівым пластом культуры, мастацтвам, калі хочаш. Прыйдзе поспех, і ты станеш не толькі славутым, а і заможным. Але ўмова ўсё тая ж: працаваць. Дарэчы, як у цябе з бацькамі? Мне давядзецца размаўляць з імі.

– Так, па-рознаму.

– Бацька ўсё яшчэ зазірае ў чарку?

– Здараецца, – засмучана паціснуў плячыма Максім. – Але ён быццам знайшоў працу. Уладкаваўся, кажа, на завод.

– А маці?

– Таксама працуе. На швейнай фабрыцы. Ды мне цётка Люба дапамагае больш за іх.

– Так, так, – думаў услых дырэктар. – З бацькамі, бадай, мы дамовімся, і цётка, вядома, не будзе супраць. Усё гэта вырашым у бліжэйшы час. А пакуль тое, табе варта расці не толькі побач з мячом, а і ў сэнсе інтэлекту. Чытаць кніжкі, глядзець цікавыя стужкі, не злоўжываць сецівам. Ты што чытаў апошнім разам?

– Уладзіміра Караткевіча. “Дзікае паляванне караля Стаха”. Настаўніца параіла.

– Добра. Нават выдатна. Але зараз усе пераключаюцца на карцінкі, так бы мовіць. Больш глядзяць на дысплеі. Такі час. Якую апошнюю стужку ты ўпадабаў?

– Прагледзеў праз Сеціва. Найлепшы футбольны матч усіх часоў і народаў, як палічылі яшчэ ў мінулым стагоддзі.

– І што за матч? Хоць я ведаю, але… Ну-ка…

– “Бразілія – Вугоршчына”. На чэмпіянаце свету тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят шостага года. Ды яшчэ так званую “Бітву пры Бёрне”, на чэмпіянаце свету ў тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят чацвёртым годзе – самую драматычную бойку ў гісторыі футбола.

– О-о, гэта была гульня! Я і цяпер пад настрой гляджу раз на год.

– А яшчэ чэмпіянаты свету з удзелам Чылаверта.

– Дарэчы, пра твайго куміра. Многія спецыялісты лічаць яго гульню занадта рызыкоўнай, а самога – апантаным, вар’ятам, які па хадзе матча штурхаў за сабой у гэтую своеасаблівую апантанасць і ўсю каманду. А ягоныя рэйды да чужых варот? Вар’яцкія, інакш не скажаш, галы, якія ён забіваў? Але, чаго не адымеш, дык гэта таго, што ён сапраўды быў геніяльным галкіперам. Геніяльным вар’ятам. І яшчэ. Брамніку заўсёды варта быць гатовым ахвяраваць сабой. У тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят шостым годзе, у фінале Кубка Еўропы, немец Берт Траўтман атрымаў траўму, але працягваў гуляць да канца, бо замены яму не было. Яны выйгралі 3:1. Пасля гульні аказалася, што ў яго зламаная шыя.

* * *

Яшчэ па дарозе дамоў Максім патэлефанаваў з мабільніка Юлі і дамовіўся сустрэцца. Апошнім часам ён рэдка бачыў дзяўчыну, хіба што калі праводзіў яе са школы. Яны сябравалі ўжо гады два.

Юля за год неяк раптоўна вырасла і расквітнела.

Бацька дзяўчыны быў галоўным інжынерам на мясцовым крухмальным заводзе, а маці – загадчыцай пашывачнага атэлье. Максім ведаў, што Юліны бацькі ўвогуле нічога не мелі супраць іх сяброўства, але лічылі гэта часовай падлеткавай з’явай і, як прагаварылася аднойчы са смехам яму Юля, былі радыя і таму, што ён, Максім, хоць і з неўладкаванай, небяспечнай сям’і, але хлопец прыстойны, прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, не ўжывае спіртнога, не паліць і, крый божа, не “шыраецца”. А што прысвяціў сябе спорту і хоча стаць футбалістам – дык гэта таксама ўсё падлеткавае. Вось скончыць школу, і пачнецца сапраўднае жыццё. З пытаннямі іншага парадку: вучыцца далей альбо адразу служыць у войску, кім і дзе працаваць, як зарабляць грошы, каб утрымліваць сям’ю і дзяцей.

Некалькі разоў Максім заходзіў да дзяўчыны на кватэру. Не ў параўнанне, яе бацькі былі заможнымі і ўсяляк песцілі дачку. Юлін брат Кірыл заканчваў школу і хацеў паступіць у прэстыжны прыватны сталічны інстытут. Было ў яго, як ведаў Максім, і тайнае захапленне: ён іграў на гітары, збольшага спяваў і складаў музыку. Зухаваты, са срэбранай завушніцай, моднай прычоскай і апрануты на поўны прыкід, ён выклікаў у Максіма дваістае пачуццё: з аднаго боку – павагу да творчай, як ён лічыў, рысы ў таго ў характары, а з другога – прыхаваны недавер да яго здольнасцяў. Спяваў Кірыл то па-англійску, то па-руску, і неяк, на яго думку, з чужых галасоў. І тэксты песняў былі, на яго погляд, слабаватыя. Папса. “Ты б на роднай мове паспрабаваў”, – параіў ён яму аднойчы, але Кірыл зняважліва адмахнуўся: “Несучасна, зараз усе па-англійску бацаюць”.

* * *

…Максімаў бацька сядзеў за бутэлькай піва, быў не ў гуморы. Маці яшчэ не прыйшла з работы.

– Ты б не паліў у хаце, – зрабіў заўвагу Максім.

У адказ бацька ўзняўся з зэдліка і адчыніў фортку. Хлопец заўважыў раптам, што той ужо на галаву ніжэй за яго.

– Чаму не на працы? – з’едліва пацікавіўся Максім.

– Не падышла, значыць. Шукаю лепшую.

– Маці пашкадуй.

– Уладкуюся. Абяцалі на днях. Паеш, там маці табе пакінула тое-сёе. Сам і разагрэй.

Максім хацеў расказаць яму пра размову з трэнерам, пра інтэрнат, але чамусьці перадумаў, вырашыў адкласці да вечара, калі прыйдзе маці.

Трэніроўка патрабавала адпачынку, але жаданне пабачыць Юлю было мацнейшае. Хлопец зайшоў да сябе ў пакойчык, пераапрануўся і выцягнуў з паліцы кніжку, між старонкамі якой ляжалі грошы, якія яму ахвяравала цётка.

Паловы грошай… не хапала. З хвіліну ён шукаў іх, але дарэмна. Урэшце, усё было і так зразумела: піва на стале, пад ім – пустая бутэлька з-пад гарэлкі. Ад крыўды перахапіла дыханне.

– Грошы браў? – спытаў ён у бацькі, ледзь стрымліваючыся.

– Пазычыў крыху, – не стаў той адмаўляцца. – На днях вярну, не сумнявайся.

Максім моўчкі агледзеў яго постаць, пакамечаную вопратку, непаголены твар і, праглынуўшы камяк у горле, выскачыў за дзверы. “У інтэрнат, – вырашыў канчаткова. – І неадкладна”.

* * *

З Юляй сустрэліся на цэнтральнай плошчы, ля помніка. Дзяўчына прыйшла крыху пазней, ён ужо хацеў тэлефанаваць ёй на мабільнік. Раптам, як ужо не аднойчы было ў апошні час, заўважыў, што яна амаль зусім дарослая: раздаліся па-жаночаму клубы, аформіліся грудзі. Толькі з твару была падлетак, і ад таго яшчэ больш мілавідная і пекная.

Бралася ўжо на вечар. Сонца на даляглядзе занырнула ў хмары, частка з тых хмар апынулася проста над галавой. Пырснула дробным летнім дажджом.

– Пайшлі ў кафэшку, пасядзім, пагаворым, – прапанавала дзяўчына.

– Згода, – падтрымаў яе Максім і абмацаў у кішэні – праверыў, ці захапіў з сабой грошы. Цётчыны грошы былі пры ім: усё, што засталося ад бацькоўскага наведвання.

У кавярні селі за свабодны столік. Дзяўчына замовіла каву і марозіва. Максім ад марозіва адмовіўся, сказаў, што толькі паеў дома. У цеснаватым памяшканні было няшмат наведвальнікаў, хіба што за здвоеным сталом у куце ўладкавалася шумная кампанія моладзі. Былі сярод іх і дзяўчаты. З музычнага аўтамата звыкла гучала расійская папса, якая даўно набіла аскоміну.

– У мяне навіна, – адразу пачаў Максім. Ён вырашыў не адкладваць размову на потым. – Палавіна яе – добрая, другая – дрэнная. З якой пачынаць?

– А ты яе раздзялі на дзве часткі. Дрэнную – выкінь.

– Не выпадае. Карацей кажучы, я буду залічаны ў інтэрнат спартыўнага профілю. На поўнае забеспячэнне. Жыць буду ў абласным цэнтры, трэніроўкі амаль штодня. Там і школу давядзецца заканчваць. Гэта – першая палавіна.

– А дрэнная?

– Тое, што будзем рэдка бачыцца.

– А я адразу і не падумала, – крыху памаўчаўшы сказала дзяўчына. – Дык не ўвесь час ты будзеш у свой футбол ганяць. А то тут на мяне ўжо, як кажуць, запалі.

– Гэта хто яшчэ? – насцярожана спытаў Максім.

– Ды так. Да Кірыла заходзіць той-сёй.

– Спадзяюся ты мяне ў архіў не здасі?

– Не здам, Максімка. Супакойся.

Яны доўга гаманілі ні пра што – перайшлі на іншыя тэмы, гаварылі пра настаўнікаў, дырэктара школы па мянушцы “Цыркуль”, пра тое, як паедуць на выхадныя на возера, але ў душы хлопца ўжо засяліўся цьмяны неспакой, і зноў на нейкія імгненні ён адчуў сябе самотным.

– Хіба я падобны на аўтыста? – спытаў раптам ён у дзяўчыны.

– Што так?

– Нешта не зусім мне файна бывае часам сярод людзей. Калі іх зашмат. Калі шуму многа.

І бацькоў сваіх я не паважаю. Навошта жывуць?

Ні сэнсу, ні мэты.

– І ў мяне дома не ўсё гладка. Кірыл арганізаваў па-за школай рок-гурт. Прыходзіў у хату пад кайфам. Сябры ў яго такія: “на шмаль” ці на “калёсы” могуць падсадзіць.

– Танэлі ў вушы ці ў губы яшчэ не паўстаўлялі? – нядобра з’яхіднічаў Максім. – Дрэды не заплялі?

– Ну, такіх прыдуркаў я побач не пацярплю, ты ж мяне ведаеш.

Між тым, за кутным сталом рабілася ўсё больш неспакойна. Афіцыянтка аднесла пустыя бутэлькі з-пад віна, прынесла новыя. Адтуль збегалі ўжо да музычнага аўтамата, зрабілі музыку грамчэй.

Пачалі танчыць, але не сур’ёзна, а з прыхаваным сцёбам, па-дурному крыўляючыся і перацвельваючы адзін другога.

Адзін з іх – скуласты, чарнявы, доўгавалосы, з дэгенератыўнымі рысамі твару – падышоў да іх століка.

– Не супраць, калі я запрашу вас на танец? – хіснуўшыся, спытаў у Юлі, знарок не зважаючы на Максіма.

– Супраць. Вы – п’яныя.

– Ты б спачатку патлы свае падстрыг ды пазногці пачысціў, – прапанаваў Максім.

Усталявалася нядобрая паўза.

Доўгавалосы нейкі час абдумваў.

– Што, не “даганяеш”?

– Ды ты чё, апух внатуры? – нібы схамянуўся і зароў доўгавалосы. – Праблему хочаш? Будзе зараз табе праблема. – І ўжо зрываючыся на істэрыку, закрычаў: – Пацаны! Мяне гэтыя смаркачы пакрыўдзілі!

Да іх століка заспяшаліся яшчэ двое. Максім ужо і так зразумеў, што бойкі не пазбегнуць.

«Тупалобцы, – мільганула ў галаве, – нідзе ад іх няма спакою. Каб толькі гэты “воласагалоў” не зачапіў Юлю».

Але доўгавалосы пасунуўся ўсутыч да яго і памкнуўся ўхапіць за каўнер кашулі. Максім ухіліўся, адкінуў нагой крэсла, аказаўся на галаву вышэй і ўляпіў таму ў твар кулаком. Падбеглі двое, бязладна замахалі рукамі, адпіхнулі дзяўчыну ўбок. Юля крыкнула нешта, кінулася на дапамогу. Столік абрынуўся долу, разбіўся посуд. Адразу выбегла афіцыянтка, выхапіла мабільнік, каб выклікаць міліцыю.

Максім круціўся вужом, адбіваючыся ад звярэючых з кожнай хвілінай нападнікаў. У пэўнай ступені яго ратавала тое, што яны былі ўжо на добрым падпітку і таму перашкаджалі адзін аднаму.

– Заб’ю! – зароў між тым доўгавалосы, кінуўся да свайго століка, ухапіў пустую бутэльку, разбіў аб край і, утрымліваючы за рыльца так званую “ружачку”, марудна пайшоў назад, да яго.

– Сцеражыся, Максім! – пачуў ён усхваляваны крык Юлі.

– А як адзін на адзін? Слабо? – гучна спытаў ён доўгавалосага.

Адразу ўсе спыніліся. Чакалі.

– Тым горш табе! – рынуў на яго той.

Максім паспеў адскочыць у бок, падхапіў з падлогі крэсла і з размаху абрынуў на галаву доўгавалосага. Той пахіснуўся, рука з разбітай бутэлькай апусцілася, марудна асеў на падлогу.

Праз некалькі хвілін бойку спынілі міліцыянты.

Гарадскі аддзел быў амаль побач. Апыталі афіцыянтку. Усіх удзельнікаў адвялі ў пастарунак.

П’яных задзірак зачынілі ў “малпачнік”, а Юлю з Максімам, як непаўнагадовых, праз нейкі час адпусцілі дамоў.

Максім правёў дзяўчыну да пад’езда, хацеў адразу пайсці да цёткі, але Юля павяла яго з сабой.

– Што здарылася? – убачыўшы Максімаў твар з набухлым вокам, устрывожана запыталася Юліна маці. Выйшаў са свайго пакойчыка і Кірыл.

– Няслаба падмаладзілі, – адно пракаментаваў ён.

Максіму зрабілі халодны кампрэс. Ён пасядзеў крыху і хутка развітаўся.

Начаваць ён пайшоў да цёткі. Пабачыўшы яго твар, цётка Люба ахнула і замітусілася: прапанавала нейкія лекі, знайшла і прыклала да вока бадзягу, каб хутчэй сышла гематома.

– А галава не баліць? Можа, да лекара варта звярнуцца?

Максім, як мог, супакоіў жанчыну. Давялося і коратка расказаць ёй пра тое, што з ім здарылася.

– Ну, няхай, – урэшце згадзілася тая. – Такая ўжо ваша мужчынская доля: бараніць свой дом, жанчыну, сям’ю.

Раніцай Максім сабраўся, пацалаваў цётку Любу і заспяшаўся на аўтавакзал.

Праз тыдзень ён ўжо ўладкаваўся на новым месцы, у інтэрнаце спартыўнага профілю. Пачалося новае жыццё. Многае ў ім яму спадабалася: цікавыя, прафесійныя трэніроўкі, непахісны распарадак дня, зусім па-іншаму, больш цікава і мэтаскіравана праходзілі і заняткі ў школе.

Усё радзей і радзей даводзілася сустракацца з Юляй. На гэта ён звычайна скарыстоўваў напоўніцу адзіны выхадны дзень. Аднойчы дзяўчына сама прыехала да яго. Максім паказаў ёй інтэрнат, месца, дзе жыў, стадыён. На развітанне Юля моцна пацалавала яго і адразу заспяшалася ў аўтобус.

Неасэнсаваная трывога і сум пасяліліся ў Максімавай душы. І зноў усё часцей яго ахоплівала пачуццё адзіноты. Прадчуваў, што наперадзе чакаюць вялікія, але пакуль яшчэ не зусім для яго акрэсленыя змены.

Брамнік заўжды самотны (зборнік)

Подняться наверх