Читать книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 4

Брамнік заўжды самотны
II
Пяццю гадамі раней

Оглавление

Спякотным летнім вечарам – а ў наваколлі стаяла ўстойлівая гарачыня – у кватэры дырэктара і адначасова трэнера абласной дзіцячай футбольнай школы Міхаіла Катовіча прагучаў званок. Катовіч зняў слухаўку. Званіў дзіцячы трэнер з раённай спартшколы, яго даўні знаёмы Пётр Сманцар.

– Міхась! – сказаў ён пасля некалькіх дзяжурных фраз. – Я знайшоў у пасёлку Лаўніца – гэта тэрыторыя нашага раёна – цікавага хлопчыка. Яму трынаццаць год, і ён гуляе ў незвычайны футбол. Табе варта залічыць яго да сябе – не пашкадуеш.

– Што ж у ім такога незвычайнага, Пётра?

– Гэта – будучы варатар ад Бога. Я выпадкова паглядзеў адну мясцовую дзіцячую гульню.

Ён адзін варты ўсёй каманды. Заўтра ў іх фінал на мясцовай “паляне”. Ты б даслаў каго са сваіх скаўтаў.

– Не магу. Сам ведаеш – час адпачынкаў. Схадзі, калі здолеш. За мной, як кажуць, не прападзе.

– Атлусцеў ты там у вобласці. Ведаеш жа, што і я – у адпачынку, і футбол – не мой профіль. Бывай!

І трэнер Пётр Сманцар раздражнёна кінуў слухаўку на рычаг.

Але назаўтра, калі крыху астыў, ён, быццам нехта штурхаў, усё-такі пайшоў на Лаўніцкі мясцовы стадыёнчык, занядбаны і неўпарадкаваны, дзе пачыналася ўжо традыцыйная летняя фінальная гульня дзіцячых каманд. Гульня амаль без заўзятараў праходзіла спачатку даволі вяла. Варатар Максім Гудаў, які і быў мэтай яго інтарэсу, высокі, гнуткі хлопец, узяў пару мячоў, адзін з якіх, на думку трэнера Сманцара, быў стоадсоткава галявы, потым засумаваў, але неўзабаве стаў выяўляць сваю незвычайную актыўнасць: камандаваў абаронцамі, гнаў іх наперад, выбягаў з варот далёка за штрафную і, урэшце, выканаў пенальці – сам забіў гол.

* * *

Трэнер Сманцар, між тым, вырашыў давесці сваю добраахвотную місію да канца, вылавіў пасля гульні хлопчыка, прадставіўся і прапанаваў:

– Не супраць, калі я пагавару з тваімі бацькамі?

Пара табе, братка, рэалізавацца ў жыцці.

Высокі, пад сто восемдзесят – вызначыў Пётр Сманцар – хлопчык зацікаўлена агледзеў незнаёмага дзядзьку шэрымі вачыма, нерашуча правёў далонню па коратка стрыжанай светлавалосай галаве.

– Навошта? І пры чым тут бацькі?

– Табе варта пачаць ездзіць на трэніроўкі ў абласную футбольную школу. Упэўнены – цябе залічаць.

– Праўда? – вочы хлопчыка ўспыхнулі радасцю.

– Зуб стаўлю, – пажартаваў трэнер Пётр Сманцар. – Там у мяне сябра дырэктарам – Міхась Катовіч. Былы футбаліст. Можа, чуў пра такога?

– Чуў, – памаўчаўшы сказаў хлопчык, – ён калісьці гуляў за “Дынама”. Так?

– Добра, што ты ведаеш. Дык згода? Тады паехалі. Вунь і мая тачка стаіць.

Але адказам на прапанову была нечаканая зацятасць. Максіма нешта турбавала.

Усё высветлілася, калі трэнер Сманцар разам з хлопчыкам зайшлі да таго ў кватэру. Яшчэ ў кутку, у вітальні, ля вешака, ён мелькам убачыў сетку з пустымі бутэлькамі, убогую мэблю, пашарпаныя шпалеры, пачуў пах тытуню. І ўвогуле, пах неўладкаванасці і галечы.

Максімаў бацька, азызлы, з нездаровым тварам, сядзеў на кухні і паліў. Ад яго да таго ж ледзь улоўна несла алкаголем.

– У спартыўную школу? – спытаў ён. – Ну, дык у чым праблема? На здароўе. Няхай трэніруецца.

Трэнер Пётр Сманцар сеў на зэдлік, які яму прапанавалі, і пачаў тлумачыць. Да школы адсюль каля пятнаццаці кіламетраў. Туды ходзіць аўтобус.

Трэніроўкі спачатку па тры разы на тыдзень.

– Аўтобус бясплатны? – перапыніў яго бацька хлопчыка.

– Не. Білеты і ўзмоцненая пайка – гэта ўжо ваш клопат.

– Тады я – пас. Вам трэба – вы і аплачвайце. Нічога акрэсленага не сказала і маці хлопчыка, якая вярнулася з працы (бацька, як аказалася, быў увогуле часова беспрацоўны), крывіла вусны ў няшчырай усмешцы, таксама запаліла. Ёй было відавочна цяжка ад прысутнасці незнаёмца.

Трэнер Пётр Сманцар развітаўся і сышоў.

– Не крыўдуй на нас, Максімка, – адразу звярнулася да сына маці. – Прысядзь, паеш. Вось бацька ўладкуецца на працу – адразу замовім табе, што трэба.

– А пакуль тое, можа за бутэлечкай для вас збегаць? – з’едліва спытаў ён. – Ці пустую тару здаць? – І, грукнуўшы дзвярыма, выскачыў з кватэры.

Так, ён крыўдаваў на бацькоў. І не за тое, што не знайшлі сябе ў жыцці, а за тое, што пачалі піць.

З іншага боку – бацькоў не выбіраюць. Вось вырасце крыху – і ўсё будзе інакш. Гэ-х-х, як яму хочацца паступіць у тую знакамітую школу, стаць футбалістам! Галкіперам. Такім, як вялікі Луіс Чылаверт.

Напісаць бы яму ліст, спытаць парады. Але…

Максім спыніўся ў роспачы. Сонца перайшло ў зеніт. У двары было пуста. Пагаварыць з кім? Няблага б з Юляй, дзяўчынкай з паралельнага 6 “Б”, з якой зусім надаўна пачаў сябраваць. Дык яна, пэўна, на лецішчы. Пайду да цёткі – урэшце вырашыў Максім.

* * *

– Заходзь, – абрадвалася пляменніку цётка Люба. – Абедаў сёння? Гавары праўду.

– Не паспеў.

– Нешта ты змрочны. Зноў з бацькамі дрэнна? Ну, можаш не адказваць, і так усё бачна. Сядай за стол – будзеш есці.

Праз гадзіну ён выклаў цётцы ўсё. Любіў яе. І што бацькі п’юць, і што ён вельмі хоча трэніравацца ў спартыўнай футбольнай школе, і што няма грошай на праезд. І ўвогуле – у яго дома няма нават якога таннага камп’ютара і таго горш – ён не мае мабільніка. А ён так хоча глядзець у запісу матчы з удзелам свайго ўлюбёнага Луіса Чылаверта. І што надакучыла і сорамна прасіць, каб яму далі гэтых запісаў-праглядаў, асабліва чэмпіянатаў свету, у сяброў аднакласнікаў, калі заходзіць да тых у госці.

Цётка Люба слухала, ківала, думала нешта сваё.

А праз дзень уручыла яму мабільны тэлефон і грошы – на праезд.

– Месяцы на тры хопіць, – дадала яна, – а потым разбяромся. Не згубі мабільнік. Гэ-х ты, сваяк мой гаротны. А камп’ютар, ужо прабач, пабагацееш – дык купіш сам. Ахвярую – што магу.

Ён горача дзякаваў. Абяцаў цётцы дапамагаць, чым можа. Ведаў і ўвесь час памятаў, што цётчына дачка Вольга захварэла на анкалогію і памерла ў дзіцячым узросце, а муж сышоў да маладой, і што цётка Люба ўвесь час адна. І не сказаць, што заможная.

Брамнік заўжды самотны (зборнік)

Подняться наверх