Читать книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 5

Брамнік заўжды самотны
III
“Гранд-стадыён”. Францыя. Ліён

Оглавление

Корнер – гэта заўсёды вялікая небяспека для галкіпера. Не раз і не два Палыч, як трэнер, паўтараў яму, што асцярожнасць – не загана, і кожны выхад з варот на перахват мяча павінен быць маланкава і з матэматычнай дакладнасцю пралічаны на адпаведнасць, інакш ствараецца рэальная рызыка прапусціць крыўдны мяч. У кожнай камандзе існуюць засакрэчаныя найграныя камбінацыі на падачу вуглавога ўдару. Выконвае такі вуглавы звычайна адзін і той самы ігрок, альбо два. Перадусім ён калі-некалі сігналізуе, як будзе біць, у якую кропку ля варот, каб туды набягалі паўабаронцы, форварды ці падкраўся хто з высакарослых бэкаў, альбо проста разыгрывае мяч кароткім пасам на выхад у штрафную саперніка.

…Цяпер гаспадары “паляны” спяшаліся, і чарговы вуглавы, не раздумваючы, разыгралі кароткім пасам у адзін дотык. Мяч падхапіў паўабаронца Нумба – увішны мурын з шапкай заплеценых валасоў на галаве – дрэдамі, і пачаў змяшчацца да цэнтра, неблагім дрыблінгам абышоў паўабаронцу Віталя Шаўцова, а пасля аднаго з бэкаў – Максім нават не паспяваў заўважыць каго, пракінуў мяч сабе пад удар, пад левую нагу. Знаёмы яго фінт для варатара. Максім памятаў гэта з папярэдняга прагляду відэазапісу. Тым не менш удар заспеў яго знянацку. Мяч пайшоў верхам, у правую дзявятку. Менавіта туды, захапіўшы, як рэзерв на паратунак, некалькі дзясятых доляў секунды, і кінуў ён у скачку сваё цела. Ад рукі мяч зрыкашэціў у перакладзіну і непрадказальна вылецеў назад, у штрафную, куды ўжо набягалі і форварды гаспадароў, і свае бэкі. У мітусні апошнія і выбілі мяч за бакавую.

“Сэйв!” – падумаў ён, падхопліваючыся з зямлі.

Стадыён зноў расчаравана ахнуў. Напруга крыху аслабела, але пільнасць, як ён адчуваў, не варта было губляць нават на імгненне. Недарэмна, як ён ведаў, за дзевяноста хвілін матча варатар губляе ў вазе ад трох да пяці кілаграмаў.

Між тым, час хоць, на яго погляд, вельмі марудна, але няўмольна для гаспадароў, бег да перапынку. Няўмольна, бо ісці ў распранальню, не забіўшы гола, яны, гаспадары пляцоўкі, не жадалі. Пэўна, на гэта і была ўстаноўка іх трэнера. Забіць. Хоць бы адзін мяч. Тады і з’явіцца ўпэўненасць у сваіх сілах, і наадварот – пачуццё прыгнечанасці ў гасцей. Як ужо ведаў Максім – у спартыўнай прэсе прагназавалі вынікі дзвюх сустрэч. У мясцовых сродках масавай інфармацыі ў спартыўнай прэсе цалкам аддавалі перамогу сваёй камандзе, і наадварот – лічылі іх, футбалістаў з невядомай Беларусі, аўтсайдарамі, вартымі памяркоўнай паблажкі, ледзь не пагарды. Успрымалі трэцеразрадным заводскім клубам, які цудам прасачыўся ў плэй-оф Еўралігі, і тое, дзякуючы зніжцы ўзроўню асабістага складу каманды, жаданнем даць адпачынак “асноўнікам” перад адказнымі матчамі. Букмекеры цалкам нібы змовіліся – прымалі стаўкі на карысць гаспадароў пляцоўкі з максімальна завышаным каэфіцыентам.

* * *

Мяч зноў упарта затрымліваўся на іх палавіне поля. Максім бачыў, як паўабаронцы раз-пораз памыляліся і прайгравалі адзінаборствы. Хапала і тэхнічнага браку. «А што, калі ў гаспадароў выкінуць на замену, нібы чорцікаў з партабачкі, пару сваіх найлепшых форвардаў, так званых “джокераў”?» – думаў ён.

Але да замены пакуль не даходзіла. Пару разоў яму білі з-за штрафной, метраў з дваццаці пяці. Максім даволі ўдала адбіў абодва ўдары. Прадчуваў, што самае цяжкае чакае яго наперадзе. Пачуццё адзіноты зноў ахапіла яго, але ненадоўга.

Надзея ўспыхнула ў ім, калі раптам пабачыў, як завабіліся атакай гаспадары і “праваліліся” іх абаронцы – адразу двое. Нападаючыя, нашыя хлопцы, праскочылі іх і апынуліся проста перад варотамі Жуля Дзюпона – галкіпера гаспадароў, але на іх ужо набягалі, вярталіся бэкі. Не зусім падрыхтаваны ўдар хоць і з цяжкасцю, але выцягнуў з ніжняга вугла іх варатар. “Сэйв! – з павагай падумаў ён пра Дзюпона. – Выдатны майстра”.

У сектарах нядобра загулі заўзятары. Да броўкі паляцелі фаеры, пацягнуўся дым. Удалечыні, метрах у сямідзесяці ад яго, Стайлз незадаволена засвісцеў, на некалькі секунд прыпыніў гульню. Фаеры патушылі і выкінулі з поля. Адначасова Стайлз праверыў свой гадзіннік, і Максім зразумеў, што вось-вось скончыцца гэты бясконцы для яго першы тайм.

Жуль Дзюпон, раз’юшаны тым, што ледзь не прапусціў, вымаўляў сваім бэкам нешта не вельмі для іх прыемнае. Выбіў мяч. І зноў на вароты Максіма пасунулася чарговая атака. Ігракоў рашуча падганяў наперад іх трэнер, што выбег да броўкі. Гол у раздзявалку! Гол! Забіце гол! – крычалі самі за сябе яго красамоўныя жэсты.

Пачалася сапраўдная навала. Нападаючыя, а за імі і абаронцы саперніка пачалі гнаць мяч наперад, да штрафной Максіма, там-сям уступаючы ў жорсткія адзінаборствы. У адзін з такіх момантаў ён літаральна “зняў” мяч з нагі Мбваны, атрымаўшы моцны ўдар нагой у жывот. Наўрад ці справакаваны. Перахапіла дыханне. Але ён падняўся на ногі.

І ў той самы час прагучаў свісток Стайлза на перапынак.

Брамнік заўжды самотны (зборнік)

Подняться наверх