Читать книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 8

Брамнік заўжды самотны

Годам раней

Оглавление

У нядзелю Максім прачнуўся рана, бо з вечара ўключыў будзільнік на мабільным тэлефоне. Апрануўся ў найлепшае і паехаў на аўтавакзал, узяў білет на маршрутны аўтобус. З сабой вёз падарункі для цётцы Любы (атрымаў грошы за зборы і першыя выступленні за юнацкую каманду краіны) і ў кішэні – чырвоную аксамітавую каробачку, у якой ляжаў заручальны пярсцёнак для Юлі.

Дзяўчына сустрэла яго на плошчы. Паводзіла сябе даволі дзіўнавата. Выйшла з цёмна-сіняй “мазды”, скіравала да камерцыйнага шапіка, азірнулася, памахала рукой кіроўцу іншамаркі, якая адразу і ад’ехала. Толькі тады заспяшалася да яго.

Юля была ў шыкоўным летнім строі, высокая, смуглявая – паспела загарэць на чэрвеньскім сонцы. Яна днямі, таксама як і Максім, скончыла школу. Месяцы два яны ўвогуле не бачыліся, і Максім быў цяпер вельмі рады і ўсхваляваны. Нават не спытаў, хто яе падвозіў.

Дзяўчына стрымана пацалавала яго.

– Ну ты і расцеш, – сказала, белазуба ўсміхаючыся.

Сапраўды, юнак, які стаяў перад ёй, ужо пераваліў за сто дзевяноста сантыметраў, раздаўся ў плячах, узмацнеў.

– Хто гэта цябе сюды прывёз? – раптам адразу ўспомніў Максім.

– Ды так, адзін знаёмы. Праехалі, як кажуць, – І дадала рассеяна: – Куды мы зараз? Што прапануеш?

– А пайшлі ў кавярню. Памятаеш, дзе мы пабіліся з гопнікамі?

– Ну, а што – прыкольна. Пайшлі.

У кавярні мала што змянілася. Працаваў музычны аўтамат. Гучала папса. Яны выбралі столік, незнаёмая маладая афіцыянтка прыбегла з меню, круцілася побач, назвала Максіма “дарагім госцем”.

– Што гэта яна? Запала на цябе? – здзівілася Юля. – Хоць што тут дзіўнага? Ты – відны. Дзеўкі цябе любяць.

– Мяне пазнаюць. Заўзятары. Паўсюль цікавяцца футболам. Але чакай, вось. – Максім выцягнуў з кішэні аксамітавую каробачку, пасунуў да дзяўчыны.

Брамнік заўжды самотны (зборнік)

Подняться наверх