Читать книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 3

Брамнік заўжды самотны
I
“Гранд-стадыён”. Францыя. Ліён

Оглавление

Са свайго месца на “банцы” – лаўцы запасных – васямнаццацігадовы Максім Гудаў убачыў, як іх асноўны варатар – трыццацігадовы Сяргей Румаш – выскачыў на перахоп і ў паветры, у скачку сутыкнуўся з абаронцам сапернікаў з “Ліёна”, які незаўважна, з-за спіны, падключыўся да атакі. Цемнаскуры, мажнага целаскладу “лібера” ішоў на “набяганне” з выстаўленым каленам, што і вырашыла лёс Сяргея Румаша ў гульні.

Збіты з ног, ён памкнуўся ўзняцца, але спробы, адна і другая, былі дарэмныя. Суддзя на полі, англічанін Стайлз, у жыцці паліцэйскі, паказаў цемнаскураму абаронцу ўсяго толькі “гарчычнік” і спыніў матч. Выклікалі ўрача і адразу “брыгаду”. І не паспелі яшчэ пакласці асноўнага варатара Румаша на насілкі, каб вынесці з поля, як “коўч”, галоўны трэнер – Пал Палыч Грак – схапіўся спачатку за галаву, спадзяваўся, можа, што будзе выдаленне, але хутка апамятаваўся і змрочна кінуў яму: “Размінайся ў тэмпе і – на паляну”.

Замена. І калі ўжо выбягаў, нацягваючы пальчаткі, да сваёй штрафной, пачуў услед: “Пацярпі да перапынку, не прапусці”.

Пакуль бег, падумаў сам сабе, што вось ён, галкіпер з дубля, якога лічы што выпадкова павезлі за іх каманду – “Рэйду” – на адну шаснаццатую Лігі Еўропы, нечакана (верагодна, толькі на гэты матч) будзе стаяць за “аснову”. І ўсё з-за таго, што атрымаў траўму другі варатар, а цяпер, выцякае, – і першы, Румаш. Менавіта яму зараз давядзецца выцягнуць за ўсіх увесь цяжар, і на які момант ён жахнуўся, але думаць ужо не было ні часу, ні магчымасці, тым больш – баяцца. Толькі прыгадалася: а як зрабіў бы на яго месцы вялікі Луіс Чылаверт, яго кумір?

А вось і яго “гаспадарка”. Вароты, як і паўсюдна, памерам сем трыццаць два на два сорак чатыры метра, ды штрафная перад імі. Ды яшчэ мяч. Ён выбіў яго далёка наперад – няхай адчуюць яго ўпэўненасць.

Стадыён загудзеў. Увогуле цяперашняя гульня – па сутнасці суцэльны для гаспадароў гандыкап. Каб выйсці ў чарговы раўнд, яго камандзе трэба альбо нічыя з нулявым вынікам (і тое ў залежнасці ад таго, як згуляюць у групе), альбо перамога. Але, паводле настрою, па ўнутранай перакананасці (а ён адчуваў яе) гатоўнасці, імпэту да перамогі – не было. Не “каціў” у іх тэму і так званы “аўтобус” – звышабаронная тактыка. Каб стварыць сапраўдны “бетон” у абароне, рэальных сіл не хапала. І спадзявацца ім заставалася хіба толькі на ўдачу.

Хаду матча ён прадбачліва чытаў. Гульню “Ліёна” вёў іх плэймейкер Бурэ – паходжаннем з Метраполіі, белы, вопытны распасоўшчык і дырыжор. Крайнія нападаючыя, часта мяняючыся месцамі, раз-пораз разрывалі абарону. Урэшце, адзін з гэтых “аўтсайдаў”, Фаркон, выскачыў на ўдар, і ён толькі на ўзроўні падсвядомасці выцягнуўся ў струну і адбіў мяч кончыкамі пальцаў. Стадыён расчаравана выбухнуў тысячамі галасоў. “Сэйв! – падумаў ён сам сабе. – Выдатны сэйв!” – і, падымаючыся, убачыў краем вока, як “коўч” Палыч далёка за броўкай ускочыў з лаўкі і ўскінуў угору вялікі палец. Толькі цяпер ён унутрана супакоіўся. Гэты ўдалы сэйв надаў яму ўпэўненасці. Ён стаў адрозніваць ігракоў з каманды сапернікаў, успамінаў урыўкамі іх характарыстыкі з прагляду фрагментаў гульняў, з перадматчавай разборкі, якой так усякі раз надаваў значэнне Палыч. «Толькі б не “праваліліся” абаронцы, – мільгала ў яго галаве. – Вытрымаць і не прапусціць». Да перапынку, між тым, яшчэ заставалася хвілін трыццаць.

Але ўжо праз хвіліну іх “вінгер” – ігрок, які любіць прарывацца да чужых варот па броўцы, падманным фінтом праскочыў абаронцу Жалкевіча (гэх, Жэня, Жэня!) і зрабіў хітрую і дакладную перадачу, якой і пачалася знакамітая чатыроххадовая камбінацыя – нібы з навучальнага фільма, і замкнуць яе ўжо набягаў усюдыісны Бурэ.

– Я! – закрычаў тады ён, як звычайна крычаць галкіперы, калі бяруць на сябе адказнасць за небяспечны эпізод, і рвануўся таму насустрач, па магчымасці закрываючы целам сектар варот. Але ўсё той самы Жэня Жалкевіч, тупа раззлаваны і ўзбуджаны сваім папярэднім пралікам, літаральна скасіў Бурэ проста ў пачатку штрафной. Тут як тут бег ужо да іх рэферы Стайлз са сваёй знакамітай з’едлівай усмешкай на твары.

Лысы яго чэрап блішчэў ад поту. Масіўныя сківіцы сціскалі свісток. Не марудзячы, ён крыважэрна паказаў на “кропку” – адзінаццаціметровую адзнаку.

Пенальці.

Стадыён падняўся і зароў.

“Што ж, – падумаў ён. – Такія моманты для галкіпера непазбежныя. Гульня ёсць гульня”. Толькі не расслабіцца, узважыць усё: хто будзе біць, які спакваля кіне позірк і ў які вугал варот, біць з якой нагі і, адпаведна з тым, як пачне разбег?

Пачуццё самоты раптоўна нахлынула на яго і гэтаксама імгненна адступіла. Так, ён адзін, і гэта нармальна.

Дык усё-такі – хто? Мяч, тым часам, забраў Стайлз і сам панёс і паклаў яго на “кропку”. Урэшце, як і чакалася, да яго “скіраваў” пацярпелы.

Дык вось – Бурэ. Ён і будзе выконваць. Цяпер варта сачыць за ім, за кожным рухам. Так, паправіў мяч, уладкаваў яго на самы кончык адзнакі – усё-такі на некалькі сантыметраў бліжэй да варот. Знаёмая хітрасць. Кінуў імгненны позірк у адзін вугал, у другі. Панізу. Так, хутчэй за усё будзе біць нізам у адну з “шасцёрак” – ніжніх зон створа варот ля штангі. Пэўна, ужо прыгадаў, што рост галкіпера, яго, Максімаў рост, больш за сто дзевяноста, і значыць, ён можа выцягнуць верхні мяч, калі, вядома, прыгадае вугал. А вось ніжні – наўрад. Пайшоў і спыніўся для разбегу.

Што рабіць? Узяць пенальці – для варатара першая і ганаровая справа. Але ж зрабіць гэта заўсёды вельмі цяжка: прыкладна адзін шанец з дзесяці. Кожны з галкіпераў у такіх непажаданых выпадках выкарыстоўвае свае асабістыя напрацоўкі і хітрасці. Ён раптам успомніў адну з парадаў трэнера Палыча на гэты кшталт – збіць праціўніка з панталыку, і падумаў: а раптам спрацуе?

Максім хіснуўся ў правы бок, нагнуўся і зрабіў выгляд, што падымае з зямлі ці то каменьчык, ці то страчаны кімсьці шып ад бутсы. Той, хто будзе біць, вырашыць, што варатар кінецца менавіта ў гэты правы ніжні вугал, дзеля чаго цяпер і рыхтуецца, а каб не атрымаць траўму, нешта падбірае з зямлі.

З іншага пункту гледжання – гэта можа быць псіхалагічны падман. Але ў выканаўцы няма часу думаць. Яго падсвядомасць хістаецца ад супрацьлеглых маланкавых памкненняў, і… хутчэй за ўсё, ён выбірае менавіта супрацьлеглы вугал, а не той, адкуль нешта падабрана.

Варатар Максім Гудаў прыгнуўся і на які момант замёр у чаканні.

Чым будзе біць Бурэ? “Пад’ёмам”? “Пырам”? “Шведкай” – гэта значыць знешняй паверхняй ступні, альбо ўнутранай – “шчоткай”? А то яшчэ “паненкай” – знакамітым ударам па навеснай траекторыі даўняга вядомага чэшскага іграка Паненкі?

Урэшце, як бы ён ні біў – галоўнае, угадаць, у які бок паляціць мяч. Дакладней – у які вугал? Сачыць за разбегам. Так, свісток Стайлза. Разбягаючыся, Бурэ ледзь змясціўся ў правы ад яго бок. Значыць… будзе біць нізам і ў левы вугал. Верагодна, усяго толькі верагодна. Але… І ён, на якое імгненне раней, апераджаючы ўдар Бурэ, кінуў цела і правую руку ў ніжні левы вугал, і… мяч, адчувальна драпнуўшы кісць, змяніў напрамак, чыркнуў па бакавой стойцы і – вылецеў за вароты.

Стадыён зашумеў, закрычаў.

– Так! – закрычаў і ён разам з ім, і радасць выбухнула ў ім, і, высока падскочыўшы, ён секануў рукой паветра. – Так! Я ўзяў пенальці! Так! Выцягнуў з самага вугла!

Упэўненасць спакваля авалодала ім. І хоць пачуццё самоты засталося, амаль што знікла боязь прапусціць недарэчны гол, якога так прагнуў цяпер увесь саракатысячны натоўп тутэйшых заўзятараў ды яшчэ ў сто разоў большая іх колькасць перад экранамі тэлевізараў. І не меншая колькасць прыхільнікаў яго каманды там, на радзіме, спадзявалася зараз на яго спрыт і ўменне авалодаць сабой і сітуацыяй і, адпаведна, спадзявалася, што ён не прапусціць.

Валодаць сабой – вось за што ён увесь час змагаўся. Максім часам небеспадстаўна лічыў, што з нараджэння надзелены, хоць і ў малой ступені, зародкамі аўтызму, гэтай хваробай стагоддзя, пра якую раней амаль нічога не ведалі, але цяпер, дзякуючы распрацоўкам вядомых псіхааналітыкаў, азнаёміліся многія. Ва ўсялякім разе ён зноў і зноў перасільваў у сабе падсвядомае жаданне схавацца, зрабіцца непрыкметным, незаўважным ад усіх. Тым больш у такія адказныя моманты, як гэтая лёсавызначальная для іх усіх гульня.

Між тым гульня набывала своеасаблівую ўнутраную напружанасць. У гаспадароў пляцоўкі не атрымаўся “хуткі” гол, якога, пэўна, дабіваўся на ўстаноўцы перадусім іх трэнер, і каманда па ходзе матча змяняла рытм. Барацьба цяпер ішла пераважна ў цэнтры поля, дзе асноўная нагрузка прыходзілася на паўабаронцаў. Тут ужо амаль усё вырашала тэхніка прыёму і адпасоўкі мяча ў адзіны рух, пра што ім бесперапынку даводзіў патрабавальны Палыч і што яны дзень у дзень адпрацоўвалі на трэніроўках.

Хвілін за пятнаццаць да перапынку ён ужо двойчы выходзіў на перахват пры падачы корнераў і абодва разы паспяхова. Але расслабляцца не выпадала. Метрах у дваццаці ад яго штрафной пляцоўкі абаронца Віталь Шаўцоў (гэх, Віталь, Віталь!) неабдумана “заваліў” форварда сапернікаў, вопытнага, хітрага і, як ён ведаў, схільнага да сімуляцыі Анры Базэна. Штрафны. І вельмі небяспечны за нападзенне на іграка ў атацы. У дадатак, як і чакалася, Стайлз палез у кішэню і выцягнуў “гарчычнік”.

Максім захваляваўся, паказаў абаронцам, каб правільна і хутчэй паставілі сценку, сачыў за тым, што адбывалася ля мяча. Намер біць выказалі двое, яшчэ адзін адцягнуўся крыху назад. Хутчэй за ўсё ён будзе біць верхам і пад распасоўку. Наіграная камбінацыя. Стайлз адступіў убок і свіснуў.

Мяч, хітра закручаны “шчоткай”, імкліва вылецеў з-пад удару і пайшоў па крывой у левы верхні вугал варот. І цела яго па загадзе нервовых клетак, якія імгненна аддалі каманду мышцам, ірванулася ў той самы левы верхні, туды, у “дзявятку”.

У скачку ён адчуў, як пальцы рукі ў пальчатцы сутыкнуліся з мячом, і той пайшоў уверх, за перакладзіну, на вуглавы.

Сэйв!

Стадыён расчаравана зашумеў.

Брамнік заўжды самотны (зборнік)

Подняться наверх