Читать книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 7

Брамнік заўжды самотны
V
“Гранд” стадыён. Францыя. Ліён

Оглавление

Перапынак Палыч выкарыстаў творча і ад пачатку да канца. Намаляваў на планшэце некалькі імклівых схемаў з камбінацыямі, заклікаў не аддаваць сярэдзіны поля, ні ў якім разе не “правальвацца” ў абароне, як здарылася ў першым тайме, і лавіць саперніка на контратацы. Так – яны на чужой “паляне”, але вырваць перамогу, і тым больш нічыю, цалкам рэальна. Мы чаго сюды ехалі – апынуцца ў якасці “дрэваў”? І ўжо на выхадзе спытаў Максіма:

– Ну як, не прапусціш? – А ў самога задрыжэў голас, і ён толькі ласкава падштурхнуў хлопца ў спіну рукой: – Зрабі, што здолееш!

І адразу пачалося сапраўднае пекла. Стадыён кіпеў незадаволеным гулам. Ліёнцы, нібы машына, якой дадалі хуткасці, хваля за хваляй накатваліся на вароты. Настырныя цёмнаскурыя крайнія, атакі якіх пачынаў усё той самы плэймейкер Бурэ (не забіў пенальці і таму быў вельмі раз’юшаны), раз-пораз небяспечна забягалі ў штрафную, і толькі іх паспешлівасць, ігнараванне вугла абстрэлу і рэакцыя яго, брамніка, зноў і зноў выцягвалі пагрозлівую сітуацыю. Гол наспяваў, усе гэта адчувалі, але… але яго не было.

Дабавілася працы лайнсманам, бо абаронцы гублялі сілы і пачалі рызыкоўна ствараць штучныя афсайды. Урэшце нехта з суддзяў непазбежна затрымаўся з адмашкай, і варатар Максім Гудаў зноў аказаўся адзін на адзін з нападаючым сапернікаў. І зноў на нейкае імгненне пачуццё адзіноты ахапіла яго, калі раптам убачыў, што бэкі “праваліліся”, а проста па цэнтры ў штрафную ўрываецца цемнаскуры паўабаронца сапернікаў Мбвана і ніхто са сваіх бэкаў ужо не здолее яго спыніць. Кароткія, ліхаманкавыя думкі прабеглі ў галаве Максіма. Самае важнае ў такі момант для галкіпера – гэта з хуткасцю камп’ютара перабраць усе варыянты далейшага, адгадаць напрамак удару, бо выскачыць на перахват ён ужо не паспяваў, і не даць падмануць сябе абводным фінтом, на якія быў асабліва здольны цёмнаскуры хаўбэк, што ён ужо ведаў з папярэдняга прагляду відэазапісу.

Між тым Мбвана, які апынуўся метрах у пяці ад варот, нахіліў корпус улева, а ён, безумоўна, быў “праўша”, і, значыць, будзе біць правай нагой, па ўсім бачна – “шчоткай”. Вось яго нага ўжо заносіцца для ўдару, і напрамак палёту мяча і яго будучая траекторыя склаліся ў Максімавай галаве ў адно. І адразу мозг аддаў загад мышцам і целу, якое ва ўсю даўжыню з усёй магчымай хуткасцю распласталася над зямлёй, закрываючы сабой той адзіна магчымы сектар перад варотамі для трапнага выніку.

Удар! Мяч, нібы выштурхнуты з гарматы, сутыкнуўся з яго целам і – зрыкашэціў убок, дзе яго ўжо падхапіў Жэня Жалкевіч і, ад граху, выбіў доўгай “свечкай” падалей ад сваіх варот.

Стадыён незадаволена ахнуў і загудзеў.

Сэйв! Яшчэ адзін сэйв! І ён перамог. Максім убачыў, як у роспачы паваліўся на зямлю проста перад ім Мбвана і біў яе кулаком. А пасля падняўся і закрычаў, звяртаючыся да Бурэ:

– Ты бачыў, што ён зрабіў?! Не – ты бачыў?

Максім крыху разумеў французскую – вучыў у школе – і таму разабраў.

Чаму так заўсёды марудна цягнецца час? – між тым, думаў ён. – Колькі там да фінальнага свістка? Хутчэй бы. Як гуляюць у гэтыя ж хвіліны ў групе? Ці дастаткова нам будзе нічыёй, якую яшчэ трэба неяк выпакутаваць, вырваць у гаспадароў пляцоўкі? Постаць Палыча мітусліва мільгала за броўкай. Ён павінен быў ужо ведаць папярэднія вынікі групавых першых таймаў? Павінен ці не?

Мяч, між тым, доўгі час не пакідаў сярэдзіны поля. Са сваёй штрафной Максім нервова назіраў, як адчайна змагаліся за яго паўабаронцы, урэшце адабралі, адпасавалі назад бэкам, а тыя ўжо яму – усё правільна, цяпер важна збіць тэмп, пацягнуць час. Як там пачувае сябе “асноўнік” – Сяргей Румаш, у якога, пра што коратка паведаміў у раздзявалцы трэнер, верагодны пералом рабра. Што ж, у галкіпераў такія траўмы не рэдкасць. Знакаміты варатар Чэх увогуле пасля аперацыі гуляе ў спецыяльным шлёме на галаве.

Максім паволі зрабіў разбег і выбіў мяч як мага далей – больш цягнуць час не выпадала, бо пунктуальны Стайлз мог адразу сунуць у нос “гарчычнік”.

Брамнік заўжды самотны (зборнік)

Подняться наверх