Читать книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля - Страница 3

Раман
Вера
2

Оглавление

Веры падабалася ўсё прыгожае. Яна любіла эфектна апранацца. Шыючы сабе адзенне, абавязкова ўстаўляла незвычайны элемент, касую какетку, ці шырокі манжэт да локця з безліччу дробных гузікаў. Прозвішча мела падыходзячае – Краўцова. У нейкім сэнсе яна была нават манерная. Гэта ішло знутры, нязмушана, нявычурна, арганічна. Невядома адкуль браліся вытанчаныя манеры. Вера вырасла ў беднай сям’і. Маці адна гадавала іх з братам. Бацьку яна не памятала, ён рана пайшоў з жыцця. Расла Вера ў дрэнна абстаўленай маленькай двухпакаёўцы. У студэнцкія гады апраналася сціпла, насіла таннае паліто. Але з першай стыпендыі купіла сабе белыя пальчаткі, бо гэта прыгожа: белая лайкавая скура, тонкая, прыемная навобмацак, урачыстая. Пальчаткі файна пасавалі да белай берэткі. Пальчаткі хутка страцілі лоск, пацямнелі, зрабіліся брудна-шэрымі, іх давялося выкінуць. Але момант сустрэчы з чароўным адбыўся… Здаралася, мімаходзь Вера набывала ў камерцыйнай краме на апошнія грошы дарагі заварнік з роспісам і дзіўным носікам, бо заварнік незвычайны і стварае асаблівы настрой, калі п’еш гарбату… А потым піла голую гарбату, таму што на піражок грошай не засталося.

Вера рана выйшла замуж, у дзевятнаццаць гадоў. Незадоўга да гэтага яны з малодшым братам страцілі маці, засталіся ўдваіх сам-насам з жыццём. Ім дапамагала цётка не вельмі вялікімі грашыма, часу займацца пляменнікамі ў яе не ставала. Вера ледзь зводзіла канцы з канцамі. Ліда неяк заскочыла да Веры ў госці, з інтэрнатаўскага галоднага бардаку ў гарадскую кватэру. Не нашмат там было лепей. Вера частавала сакурсніцу аладкамі на кефіры. Пачак мукі, алей у шкляной бутэльцы з ліпкай падранай налепкай і бутэлька кефіру – усе прадукты, што былі ў доме. А ў пакоі на засланай старым пацёртым дываном канапе ляжалі скруткі дарагіх шыкоўных махеравых нітак бэзавага колеру, купленых на зэканомленыя грошы. Вера вязала сабе шалік, бо гэта неверагодна прыгожа – бэзавы шалік.

Калі Вера выпадкова ў познім зімовым з заінелымі шыбамі трамваі сустрэла Яго, на Верынай шыі прывабна пухнаціўся бэзавы шалік. І Ён падышоў пазнаёміцца. Ад лёсу не ўцячэш.

Будучы Верын муж Леанід на спатканнях трымаўся самавіта. Веры паблажліва дазваляў ласкава называць сябе Лёнчыкам. Высокі, з гордай асанкай, нецярплівы і рэзкаваты ў выразах. Вера лічыла гэта мужнасцю і незалежнасцю, а было то звычайнай распешчанасцю. Адзіны сын у завадской працоўнай сям’і. Мама гадавала яго па прынцыпе: усё – для любімага дзіцяці. Мы, бацькі, пражылі жыццё, нічога добрага не бачылі, няхай хоць сынок пажыве. Рана не будзіць, гуляць не забараняць, рэчы купляць якія пажадае. Джынсы? Купім фірмовыя джынсы, коштам на цэлую маміну зарплату, а маме і ў старым паліто нядрэнна. Колькі ёй там трэба? Гадзіннік дарагі сыну спадабаўся? Абавязкова купім, ёсць у мамы прыхаваная капейка… Бацька Лёнчыка тым часам вечарамі ў ціхай самоце папіваў на кухні таннае віно…

Вера закахалася. Лёнчык быў нібы распісны заварнік з дзіўным носікам, занадта дарагі для яе кашалька, але ж так прыемна піць гарбату. Вера верыла, што ўсё будзе добра і іх з Лёнчыкам чакае цудоўнае жыццё. Тое, што Лёнчык больш часу праводзіць не з ёй, а з сябрамі на пагулянках, то – дробязі. Пажэняцца і ён зменіцца, абавязкова зменіцца… Не змяніўся. Вера выйшла замуж, нарадзіла дачку, але сям’і не займела. Лёнчык не разумеў, што аб жонцы і дачцэ трэба клапаціцца, што сям’ю трэба ўтрымліваць. Яго раздражнялі абавязкі і плач малога дзіцяці. Грошы ад яго з’яўляліся ў доме рэдка і ў абрэз. Вера зарабляла сама, як магла.

Па суседстве на адной з Верай лесвічнай пляцоўцы жыла халасцячка Эма. Фанабэрыстая, самалюбівая кабета, пра якіх кажуць, што ім трыццаць с хвосцікам, пра памер хвосціка ніхто не ўдакладняе. Старой дзевай называць Эму не выпадала, бо цнатлівасць яна не берагла, яна нават і не памятала часы цнатлівасці. «Я стаю у рэстарана, замуж позна, здохнуць рана» – таксама не пра яе. Эма замуж не збіралася. Філасофія Эмінага жыцця палягала ў тым, што жыць трэба выключна дзеля сябе і пажадана за кошт багатых палюбоўнікаў. Сям’я, муж, дзеці саплівыя – падобныя турботы былі ёй зусім непатрэбныя. Эма давала Веры магчымасць падзарабіць. То ёй спатрэбілася падкараціць спадніцу, то завузіць сукенку. Эма запрашала да сябе ў кватэру бедную, гаротную суседку, якая сядзела з дзіцём у дэкрэце і лічыла кожную капейку, велічна адчыняла перад Верай шафу з убраннем. Шафа ламілася ад вопраткі, і Эма, абвёўшы гардэроб паглядам, казала: «Дам табе сёння вось гэту сукенку… адрубіўся падол, яго трэба падшыць. Аксаміт – дарагая тканіна, ты глядзі старайся акуратна зрабіць. Та-а-акс… А ў гэтай сукенцы трэба перарабіць каўнер, ён мне не падабаецца». Вера марыла ствараць калекцыі адзення і дэманстраваць іх на подыуме, а ёй прапаноўвалі падрубіць падол. Але яна была і гэтаму рада, – падпрацоўка ў дэкрэце. Дзякуй Эме, па-суседску падкідвае працу і заўсёды з ёй мілая, размаўляе як з сяброўкай… Кінуўшы рэчы на мяккую канапу, Эма запрашала Веру чаго-небудзь выпіць і адкрывала перад ёй бар у чэшскай мэблевай секцыі. Бар поўніўся дарагімі напоямі: марачныя каньякі, віскі, лікёры, віно ў незвычайных бутэльках. Вера ў захапленні шырока раскрытымі зялёнымі вачамі глядзела на Эму. Эма, утульна захінуўшыся ў атласны халат, падобны на японскае кімано, падсаджвалася ля Веры і з робленай абыякавасцю апавядала, як Георгій Тадэвушавіч яе песціць: кветкі, цукеркі, нядаўна пярсцёнак падараваў. Эма карцінна ўздымала руку перад Верыным тварам, паказвала залаты фігурны пярсцёнак з каменьчыкам. «А дарагія напоі ў бары ён прыносіць для сябе. Георгій Тадэвушавіч абы-што не ўжывае», – расказвала Эма. Эма мела статуснага палюбоўніка. Каханак займаў пасаду ў райвыканкаме, выступаў за справядлівасць і моцную сям’ю, найгалоўнейшую ячэйку грамадства. Гэта акалічнасць зусім не замінала яму пад покрывам ночы хадзіць ад жонкі налева. Для Веры Эма заўсёды называла яго Георгіем Тадэвушавічам, каб надаць вагі. А ў інтымных абставінах, калі ў кватэры згасала святло, ён ператвараўся ў Жоржыка, у гудучага чмяля. Жоржык насіў перад сабой ладны пузень. Пяты год – на сёмым месяцы. Эма падсаджвалася да яго на калені, клубам упіралася ў пуза. Жоржык пажадліва запускаў тоўстыя пальцы пад атласны халат з малюнкам японскага кімано і мацаў Эміны вабноты. Жоржык наведваў яе па графіку. Астатнія вольныя вечары яна бавіла як пажадае. Ад няма чаго рабіць запрашала Веру. Перад ёй пахвалялася заможнасцю, а заадно вешала на суседку дробны рамонт рэчаў. Хадзіць у атэлье Эма ленавалася.

Дома, расклаўшы палавінку паліраванага даўнішняга сталакнігі, купленага па вялікім блаце ў незапамятныя часы Верынай мамай, уссунуўшы напарстак на палец, Вера садзілася за шыццё. На стале рассцілалася аксамітная Эміна сукенка. Паслініўшы нітку і спрытна заправіўшы яе ў іголку, Вера бралася за падшыўку падала. Заўтра яна аддасць гатовую сукенку Эме і атрымае за працу.

Вера пахудзела, стала падобнай на былінку трыснягу, і толькі зялёныя вочы свяціліся нязменным бляскам. Яна сама цягала з пятага паверха ўніз дзіцячы вазок, а ў другой руцэ прыхінулую, абхапіўшую яе за шыю добра пацяжэлую дачку. Вера клапацілася, каб Насцёна пагуляла на вуліцы, падыхала паветрам. Лёнчык заўсёды быў дзесьці заняты незразумелымі бясконцымі справамі. Ён пачаў знікаць вечарамі, не прыходзіў начаваць.

Аднойчы Вера забылася на кухоннай пліце боршч, не прыняла ў халадзільнік. Боршч скіс. Лёнчык вярнуўся пад раніцу. За акном шарэў восеньскі позні світанак. Адразу з пярэдняй Лёнчык па-гаспадарску зайшоў на кухню, разагрэў у рондалі боршч. Вера ціха ляжала на канапе ў пакоі, падцягнуўшы коўдру пад падбародак. Крыўда і адчуванне нявытлумачанай адзіноты працінала кожны кавалачак яе цела. Ёй стала холадна пад коўдрай. У дзіцячым ложку, прысунутым да сцяны, цёплым малым камячком салодка сапла гадавалая дачка.

– Бляха! Ну і гаспадыня! – Лёнчык выплюнуў кіслы боршч у талерку і прашыпеў: – У маёй мамы боршч ні разу не скіс.

Вера маўчала і толькі шчыльней захінулася ў коўдру. Лёнчык злосна шпурнуў лыжку на стол, нервова пахадзіў па кухні, чартыхаючыся выйшаў у пярэднюю, мітусліва пачаў шастаць па тумбачках і рэчах. Праз некалькі напружаных, напятых як струна хвілін Вера пачула гучны бразгат уваходных дзвярэй. Лёнчык сышоў з дому. Яна адкінула бераг коўдры і асцярожна, каб не пабудзіць дзіця, паднялася з канапы. Старая канапа скрыпнула, але дачка не зварухнулася, яна моцна спала. Босая, у начной сарочцы, з мутнымі ад бяссоннай ночы вачамі, разгубленая, Вера зайшла на кухню. Пацёрханы лінолеум шморгаў пад нагамі. Неўладкаванасцю глядзелі кухонныя шафкі з абламанымі ручкамі. Па сталу плямамі распоўзся расплюханы боршч. Побач з міскай валяўся надкусаны кавалак жытняга хлеба. Вера механічна прыбрала са стала. Прысела на хісткую табурэтку і абхапіла галаву рукамі… Галава зрабілася цяжкая, чыгунная ад бяссоння, ад выслізгваючых, блытаных думак. Вера ніяк не магла сабраць думкі ў паслядоўнасць, упарадкаваць. То ўспамінала першыя сустрэчы з Лёнчыкам, то непаразуменне, адчужанасць апошніх месяцаў. Думкі раіліся, уцякалі і зноў бязладна вярталіся. «Трэба купіць дзіцяці малака… так, так, абавязкова… трэба ж купіць дзіцяці малака», – шчоўкнула недзе глыбока ў падсвядомасці, і клопат пра дачку вывеў яе са здранцвеласці. Нясцерпна пякло ў сярэдзіне. Яна ж верыла Лёнчыку… Як ён так можа. Як ён можа так з ёй абыходзіцца… «Трэба купіць дзіцяці малака… трэба… пакуль спіць, схаджу ў краму, больш няма каму».

Вера змучана выйшла ў пярэднюю, абыякава глядзела перад сабой. Вочы зачапіліся за сумку. Коса прыхіліўшыся да сцяны, Верына сумка бокам завалілася на тумбе пад люстэркам. Незашпіленая зашчапка сумачнага замка ўстрывожыла. Вера добра памятала, што зашпіляла сумку і ставіла яе ў іншым месцы. Сэрца ў грудзях застукала хутчэй. Вера дрыготкімі пальцамі адкінула накрыўку сумкі, выхапіла кашалёк. Так і ёсць! Лёнчык забраў усе грошы да капейкі. Ён іх абрабаваў, яе і дачку. Як ім цяпер жыць, за што купіць дзіцяці малака?! Веру біла ліхаманка… Як так можна? Чаму ён так… Яна ж яму верыла…

Вечарам прыйшоў брат. Выдзеліў ёй грошы колькі змог, асабліва ні аб чым не распытваў, застаўся пасядзець з дачкой. Вера апатычна апранула плашч, доўга не магла патрапіць рукой у вузкі рукаў, нарэшце ўсунула, завязала пояс на таліі. У кароткім светлым плашчы яна стала зусім былінкай. Вера пайшла ў краму. На душы было пагана. Як жыць далей? Пульсавала думка навязлівая, неадрыўная. Трэба нешта вырашаць. Што вырашаць… як? Дзіця малое, сама не працуе, сядзіць у дэкрэце.

У краме Вера ашчадна купіла прадукты, самае неабходнае, галоўнае – для дзіцяці. «А мне… мне трэба пачак цыгарэт, можа стане лягчэй». Вера раней не курыла. Спрабавала пару разоў за кампанію, але – не спадабалася. Цяпер яе неадольна пацягнула купіць пачак цыгарэт. Яна пайшла ў віна-гарэлачны аддзел, там прадаваліся цыгарэты, і папрасіла прадавачку падаць ёй пачак з фільтрам. На прылавак паляцеў сіні пачак «Космасу». Амаль усе пальцы рук прадавачкі былі ўнізаны залатымі пярсцёнкамі, манікюр даўно аблез, пад пазногцямі цямнелі палоскі бруду. Вера ўзняла вочы і ўбачыла перад сабой нахабны твар, увенчаны высокім начасаным стогам белых валасоў, перапаленых перакісам, тлустая ружовая памада неахайна распаўзлася па краю вуснаў. Прадавачка ва ўпор разглядвала Веру. Вера механічна засунула цыгарэты ў кішэнь, разлічылася за пакупку. Нецярпліва сціскаючы пачак рукой, яна пайшла ў стары закінуты сквер. У скверы стаптаная, шчарбатая плітка шырокімі квадратамі няроўна высцілала сцежку. Даўно не фарбаваныя аблезлыя лаўкі прыкрываў паўзмрок напаўзаючай ночы. Непрыветныя дрэвы з жаўцеючым лісцем, як вартавыя, бязгучна стаялі над лаўкамі. Золка і вільготна. Вера стомлена прысела на край лаўкі. Вострымі вугламі вытыркнуліся з-пад краю плашча сціснутыя худыя калені. Чыркнула запалка. Асвятліўшы зыбкім полымем бледны змораны твар, Вера прыкурыла цыгарэту. Дрыготка ўцягнула горкі дым раз, другі… потым яшчэ. У паўзмроку бліскучай кропкай засвяціўся цыгарэтны аганёк. Нахіліўшы галаву ўніз, Вера адсутна глядзела перад сабой, рука з цыгарэтай застыла, абапёршыся аб лаўку.

– Ах ты курва!

Злосны, гартанны вокліч працяў цёмнае паветра, і нешта цвёрдае і жорсткае лупянула па Верынай настылай руцэ. Цыгарэта паляцела на вышчарбленую плітку. Са змроку, нібы прывід, вырас раз’юшаны дзед, худы, згорблены, з перакошаным нянавісцю тварам. Сціснуўшы сківіцы, ашалела трос перад Верай палкай-кульбай.

– Курыць яна!.. Курва… Я цябе адвучу курыць! Няма на вас таварыша Сталіна!.. распусціліся!.. – шыпеў і пырскаў слінай згорблены шаленец.

– Госпадзі, за што мне ўсё гэта?

Вера цяжка паднялася з лаўкі, ногі зрабіліся ватнымі, руку працінаў нясцерпны боль. Яна памкнулася назваць дзеда старым крэцінам, але ў яе не хапіла моцы. Узняла з лаўкі пакет з прадуктамі, з малаком для дачкі і моўчкі пайшла на старога. Ён саступіў з дарогі… Бязгучныя слёзы цяклі па Верыных шчоках.

З Лёнчыкам Вера разышлася. Ён не пярэчыў, лёгка даў развод, ірваўся на свабоду. Гадавалую дачку Вера аддала ў садок, выйшла на працу. Уладкавалася на фірму па вырабе і здачы ў пракат вясельных сукенак.

Новая месца працы знаходзілася ў цэнтры горада, паблізу галоўнага праспекту. Гаспадыня фірмы добра пралічыла выгоды.

Ад нявест, што хацелі пафарсіць у белай шлюбнай сукенцы, не было адбою. Вера днямі карпела над эскізамі, над кроем. Збылася мара. Яна стварала мадэлі адзення. Адухоўленая, часам балюча калола пальцы іголкай, падшываючы белы пеністы вэлюм да карсажнай стужкі. Высмоктвала з пальца набеглыя чырвоныя кроплі крыві і працягвала гнуць спіну над белымі карункамі вясельных сукенак. Сукенкі здаваліся ў пракат. З дзясятак нявест праходзіла праз адну сукенку. Канвеер вясельнага шчасця. Прызнацца, Вера не бачыла ў гэтым нічога дрэннага. Насамрэч, навошта плаціць за гатовую сукенку шалёныя грошы, можа хутка давядзецца разысціся з сённяшнім жаніхом. Цяперашнія вяселлі – проба пяра для сямейных пар. Гэта раней выходзілі замуж раз і назаўсёды. Дзядулі і бабулі былі старамоднымі. У век прагрэсу жыць трэба прасцей, жыць трэба лягчэй. Лепш узяць сукенку напракат, пакрасавацца перад гасцямі, танней абыдзецца… Праца Веры падабалася, яна адчувала сябе аўтарам і выканаўцам шчасця для нявесты. Заробкі былі не вельмі вялікія, прыбытак заграбала гаспадыня вясельнага салона, але Веры хапала і на сябе і на дачку. Пасля жабрацкага жыцця ў дэкрэце яна пачувалася багачкай. Купіла новае гарчычнага колеру паліто з фарбаваным футравым пухнатым каўняром, боты-батфорты, дзве пары класічных туфель-лодачак, пашыла сукенак, спаднічак, накупляла дзіцячых рэчаў для дачкі. У старой шафе ў Верынай цеснай кватэры павесялела ад новага ўбрання. А на акне замест цёмных палінялых старамодных штор з’явіліся сонечна-жоўтыя. Вера пачынала новае жыццё. У мітусні будзённых спраў яна забывалася аб няўдалым сямейным шчасці. Але ноччу… яна часам гадзінамі не магла заснуць, пракручвала ў галаве навязлівыя думкі, што можна было нешта зрабіць па-іншаму, штосьці перамяніць, і адчувала бясконцую самоту…

Вера верыла ў сяброўства. У яе было шмат сяброў. Прыветлівая і спагадлівая, яна прываблівала да сябе людзей. Каб заглушыць горыч разрыву з мужам і адзіноту, яна стала часцей запрашаць знаёмых і сяброў да сябе ў госці. І яны прыходзілі, весела бавілі час, звычайна – з пустымі рукамі. Вера накорміць. Беспардонна лазілі ў халадзільнік. Яны ж сябры, сябрам можна.

Шукалі, што там смачнага прызапашана. А Вера не шкадавала. Для сяброў нічога не шкада. Некаторым так спадабалася Верына гасціннасць, што і нанач заставаліся, і пажыць на некалькі дзён. Вера і камізэлька, каб паплакацца, паліць кракадзілавы слёзы пра няшчасную долю, Вера і запасны аэрадром: «Вяруня, выручай! Трэба хата. Дай ключы, пакуль ты на працы, мы заскочым на кватэру з маім хлопцам». «Ой! Вяруня! А давай гулянку ў цябе зладзім. Павесялімся!» Сябры яе не пакідалі адну ні на хвіліну. Цяпер яна не ведала, як іх выперці.

Вера патэлефанавала Лідзе сама, запрасіла:

– Прыязджай, у мяне кампанія збіраецца, даўно з табой не бачыліся. Чакаю.

У нядзелю пасля палудня Ліда прыехала з тортам і шампанскім строга ў дамоўлены час. У кватэры ўжо галдзела астаграмленая разняволеная тусоўка, хто калі захацеў – тады і прыпёрся.

З пярэдняй праз расчыненыя дзверы Ліда ўбачыла ў пакоі край застаўленага закускамі стала і Лёнчыка. Лёнчык ссутулены сядзеў на канапе ля дачкі, нязграбна заціснуўшы далоні між каленяў, быццам прыгавораны. Дачка – дакладная бацькава копія, гэткі ж востры нос і высокі лоб, зачаравана разглядала новенькую ляльку з белымі бліскучымі валасамі, клапатліва гладзіла ляльчыны косы з уплеценымі ружовымі стужкамі.

Ліда прайшла на кухню. Кухонны стол быў застаўлены талеркамі. У рондалі на дне барвавелі рэшткі вінегрэту. З краю стала ўзвышаўся пачаты трохлітровы слоік марынаваных агуркоў. Агуркі адгадаваны да велічэзных памераў, закінутыя у сярэдзіну шэсць-сем доўбняў запаўнялі ўвесь няхітры шкляны сасуд. Made in Belarus. Горла слоіка прыкрывала пагнутая адкрывалкай бляшаная накрыўка. Ліда адсунула талеркі і на вызваленым месцы прыладзіла шампанскае з тортам. Следам з пярэдняй увайшла Вера і прычыніла за сабой дзверы.

– Ты што, з Лёнчыкам памірылася? – спытала Ліда.

– З чаго ты ўзяла?

– Я бачыла яго ў зале, сядзеў з дачкой на канапе.

– Ладна, так і быць, табе раскажу. Я яго наўмысна запрасіла, каб Насця тату пабачыла. Ляльку сама купіла, яму дала ў рукі, каб падарыў і сказаў, што ад яго… Разумееш, дзіцяці патрэбен тата. Я сама без бацькі вырасла. Ты ж ведаеш… А менавіта сёння яго запрасіла, таму што кампанія сабралася, сам насам я з ім не магу. Ён мяне раздражняе.

– Ой, Вера. Думаеш, з гэтага будзе нейкі толк? – скептычна зірнула Ліда і склала вусны ўхмылкай.

– Ды які толк? Нічога з гэтага не будзе. Проста зрабіла дзіцяці радасць. А ён мне абыякавы.

Ліда ўзяла за горла бутэльку шампанскага і кінуўшы кароткае: – Пайшлі, – выйшла з кухні, Вера – следам.

У зале гаманіла занятая сабой тусоўка.

Лёнчык пасядзеў гадзіну, чужы і нікому не цікавы. Выканаўшы місію добрага таты, што дорыць дочкам лялькі, незаўважна змыўся…

Вечарам Ліда адыходзіла дадому. Вера правяла яе ў пярэднюю:

– А народ разгуляўся, – са скрухай сказала Ліда, зашпіляючы маланку на ботах. – Паглядзі якая весялуха! Дамоў не збіраюцца. Дзіця спаць хоча, а ім хоць бы хны.

– Я, па шчырасці, і не ведаю, як іх выперці. Я стамілася… А сябры мае так любяць сябраваць, што проста гатовыя жыць застацца ў маёй кватэры, – паўшэптам прамовіла Вера і ціха ўздыхнула.

З пакоя далятаў вясёлы рогат, падпітыя галасы. Брынькнула гітарная струна… звон бакалаў раздаваўся.

– Гаспада, плясніце мне шампанскага, – п’яна цягнуў дзявочы голас з застолля.

«Гаспада» загыгыкалі, шампанскае палілося ў бакал і, узняўшыся пенай, з шыпам выкацілася праз край на абрус.

– Ва-аў, стол залілі! – весяліўся дзявочы голас.

– Трэба табе, Вера, паціху культурна кампанію выпіраць, – параіла Ліда.

Вера згодна кіўнула галавой. Яны ніколі не былі занадта блізкімі сяброўкамі, хутчэй прыяцелькі, але выдатна разумелі адна адну.

– Буду выпіраць, – шапнула Вера.

Акно ў замежжа (зборнік)

Подняться наверх