Читать книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля - Страница 9
Раман
Вера
8
ОглавлениеПершы раз за той час, што Вера пражыла з Вікторам, гандлярская мужчынская тусоўка, якая звычайна адзначала выбітныя падзеі ў вузкім коле, вырашыла змяніць фармат і разбавіць кампанію жонкамі і сяброўкамі. Нагодай надарыўся дзень нараджэння Вікторавага знаёмага. Валерыя Пончыка. Мянушка Пончык прымацавалася да яго за ўкормлены выгляд і круглыя хамячыя шчокі. Віктор з Пончыкам некалі разам пачыналі з дробнага гандлю. Потым кожны заняўся асобнай справай, знаёмства нікуды не дзелася, яны перасякаліся па жыцці і з венікам лазні.
Вера прыдзірліва аглядала гардэроб . Першы выхад разам з Вікторам у свет. Сукенкі і блузкі соўгаліся ў шафе, выбраныя ляцелі на ложак. Вера апраналася, незадаволена крывіла твар перад люстрам: «Не, не тое», – скідвала ўборы і паўголая ў камплекце карункавай бялізны муштравала рэчы ў шафе. Рука застыла на месцы, дакрануўшыся да чарговай сукенкі. Маленькая чорная сукенка. Знакамітая Како Шанэль, знаўца моды, запавядала: у гардэробе жанчына павінна мець маленькую чорную сукенку. Бяспройгрышны варыянт. Ты заўсёды чароўная. Вера выхапіла з шафы і апранула на сябе бяспройгрышны варыянт сукенкі. Яна крыху ціснула. Ад гэтага Вера падалася асабліва фігурыстай. На шыю паверх сукеначнага выразу-лодачкі лёг ланцужок з кулонам. Кулон Вера купіла восенню на грошы, закладзеныя Вікторам у бюсцік пасля чарговай папойкі ў лазні. Пакруцілася перад люстрам. Выдатна.
Адпрасаваная сарочка для Віктора вісела на плечыках на дзвярной ручцы.
– Віктор, хадзем у ванную, я пагалю табе шыю, – гукнула да Віктора і, фарбуючы вусны, прамуркатала сабе: – Калі я не паклапачуся, зарасце нібы арангутанг.
Віктор выпаўз з залы.
– Ты гатовая?.. Мне сабрацца пяць хвілін, – прыспешваў ён Веру.
– Не бубні. Ідзі ў ванную, – адказала Вера.
У ванным пакоі Вера адгаблявала Віктору зарослую патыліцу, скалаціла ручніком валасы з плячэй і далонямі пяшчотна прайшлася па яго спіне.
– Апранайся. Я амаль гатова.
І яшчэ хвілін пятнаццаць правіла фрызуру, падбівала расчоскай валасы і ляпіла да прычоскі пад рознымі вугламі заколку са шклярусам. Нарэшце за непатрэбнасцю адшпурнула яе на туалетны столік перад люстрам. Кропелька духоў «Кліма».
– Бягу, бягу, – паведамляла Віктору. Віктор у зале чытаў газету, трэці артыкул.
– Можна выклікаць таксі? – нецярпліва спытаў ён ў Веры.
– Канечне, можна.
Віктор адклаў газету і набраў нумар, выклікаў таксі.
Выйшлі з кватэры і Вера спахапілася: памада засталася на туалетным століку. Трэба вярнуцца. Без памады – ніяк.
Да Пончыка яны спазніліся. Госці сядзелі за сталом.
– Дзе вы падзеліся? – сустрэў іх у пярэдняй гаспадар дома Валера Пончык і рассунуў усмешкай хамяковыя шчокі.
Вылузгалася з кухні жонка Пончыка, рослая энергічная кабета.
– Праходзьце, праходзьце. Хуценька да стала, – запрасіла яна прыпазніўшыхся гасцей.
Віктор зрабіў знак вачамі, паказваючы Веры на сумку. Там ляжаў падарунак. Вера дастала прадаўгаваты карабок з фірмовым надпісам на фасадзе. Галоўнае – не падарунак, галоўнае – увага. Імянінніку трэба рабіць выгляд, што ён бязмерна рады гасцям, а не падарунку. Пончык спакваля цікаваў за карабком: а што ж там прынеслі? Віктор раскрыў ларчык. У сярэдзіне ляжаў новенькі, бліскучай скуры партманет.