Читать книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля - Страница 6

Раман
Вера
5

Оглавление

Прамінуў месяц. Мама Віктора на кватэры не з’яўлялася. Гэтыя абставіны пасля знаёмства з Валянцінай Іванаўнай Веру больш не засмучалі. Віктор з галавой сышоў у справы бізнесу. Адна за адной пасыпаліся замовы на прадуктовыя пастаўкі. Ён днямі праседжваў у офісе. Дадому прыходзіў позна вечарам, стомлены і негаваркі…

У адзін з пагодлівых веснавых дзён Вера паехала ў горад купляць шпулькі нітак. Новая замова на сукенку, пакроеная і змётаная, вісела ў шафе. Вера з кавалачкам тканіны ад рэшткаў крою выправілася ў ЦУМ, каб падабраць швейныя ніткі патрэбнага адцення. У аддзеле фурнітуры, як вавёрка ў коле, круцілася прадавачка. Розных формаў і памераў гузікі, замкі-маланкі, цясёмкі, ніткі, карсажныя стужкі і іншыя дробязі праходзілі праз яе рукі. Вера спынілася ля вітрыны, паклала на шкляны прылавак каснікі ад крою і, углядаючыся ў катушкі пад шклом, папрасіла прадавачку:

– Пакажыце мне, калі ласка, другую катушку ў верхнім шэрагу.

Прадавачка падала невялікую, роўна зматаную на кардонны стрыжань катушку. Вера прыклала ніткі да тканіны і сумнеўна надзьмула вусны.

– Не падыходзіць. Давайце цямнейшую, тую, што побач. Прадавачка падала чарговую.

– І гэта, на жаль, не падыходзіць. Што там яшчэ? – напружана ўглядалася Вера ў шкляны прылавак, шукаючы ідэальнае адценне да тканіны.

Прадавачка дастала пяць катушак рознакаляровых нітак, дэманстратыўна расклала перад Верай і разважліва сказала:

– Я думаю, гэта надоўга. Выбірайце. А мяне пакупнікі чакаюць.

Прадавачка маланкава і беспамылкова вызначыла ў Веры даставучую асобу ў падборы адценняў, аматарку дасканаласці. Вера памусоліла ў руках няроўны тканевы каснік, уражаная, наколькі іншыя ніткі не пасуюць па колеры. Узяла катушку, тую першую, што агледзела з самага пачатку, і пайшла да касы. Аплачаныя ніткі перакачавалі з прылаўка ў сумачку і згубіліся сярод мілых жаночых дробязяў: памады «Маргарэт Астор», бліскучых заколак, авальнага люстэрка-пудраніцы і бог ведае чаго яшчэ, што можна адшукаць у жаночай сумачцы. Задаволеная пакупкай, Вера збегла па прыступках на першы паверх ЦУМа і паспяшалася ў метро.

У гулкім вагоне, занырваючым у перагоны метро, праімчала па рэйках да станцыі «Усход». На выхадзе ледзь не атрымала па ілбе. Шкляныя тугія дзверы піхнула перад сабой тоўстая цётка, вынесла сваё грузнае цела ў пераход і адпусціла дзверы ў вольны палёт. Яны з разгону панесліся назад на Веру. Вера ліхаманкава выставіла перад сабой рукі і, захістаўшыся, як камыш пад ветрам, перахапіла прыляцеўшыя дзверы. Сонечныя акуляры, прыгожа і модна ўладкаваныя над ілбом, плюхнуліся на нос і, з’ехаўшы па пераноссі, затрымаліся на самай піпцы. А цётка, нібы крэйсер, шыбавала наперад. Вера натужна выціснула дзверы ад сябе наперад, сумленна іх прытрымала, каб не заехалі ў наступнага наведвальніка метро. Апынуўшыся ў пешаходным пераходзе, яна паправіла сонечныя акуляры, устойліва замацавала два чорныя авалы на пераноссі. На лоб не ставіла, асцерагалася, раптам зваляцца пад ногі, а цёткі-крэйсеры раструшчаць і вокам не міргнуць. Лятучай хадой Вера выпырхнула з перахода. Подбегам імканула да гандлёвага ларка, адвярнуўшыся да мінакоў спінай, падфарбавала чырвонай памадай вусны, агледзела твар у маленькае люстэрка з пудраніцы. Кіназорка. Шчоўкнула накрыўкай пудраніцы і зашпурнула яе ў сумачку. Крутнулася на тонкіх абцасах і пайшла да прыпынку. Апошнім часам Вера пахарашэла. Незаўважна з худзенькай дзяўчыны яна ператварылася ў статную відную маладзіцу, асаністую, з акруглымі тачонымі формамі. Мама Віктора не мела рацыі, калі называла яе курыцай.

Набліжаўся аўтобус. Вера прапусціла перад сабой пасажыраў, прагнучых як мага хутчэй трапіць у транспарт, быццам напаўпусты аўтобус апошні ў гэтым сезоне. Вера не спяшалася. Грацыёзна зайшла на заднюю пляцоўку і прыладзілася ля шырокага аўтобуснага акна. Праз чорныя авалы сонечных акуляраў пазірала на вуліцу. Аўтобус крануўся і павольна ад’ехаў ад прыпынку. Вера ўхапілася рукой за поручань. Праз момант па яе руцэ шарганула шурпатая далонь і знікла. Вера азірнулася. На пляцоўцы пахістваўся пад рух аўтобуса і шырока ёй усміхаўся сухарлявы малады мужчына ў наколках. Рукі пад кароткімі рукавамі сарочкі сінелі роспісам кшталту «накалі мне купала». У шырокай усмешцы не хапала двух зубоў.

– Мадам, не сказаць, каб вы былі прыгажуня, але ж чартоўскі сімпатычная! – лісліва выдаў ён камплімент Веры.

«Кажуць, што ў нас у транспарце ніхто не знаёміцца. Хлусня. Паглядзіце які спрытны: ірве падмёткі на ляту. Чым гэта я яго прычаравала?» – гадала Вера і абалдзела пазірала на кавалера праз сонечныя акуляры. Не знайшоўшы, што яму адказаць, і ўвогуле не ведаючы як сябе паводзіць., яна паспешліва адвярнулася і ўторкнулася поглядам у акно, быццам нічога цікавейшага ў жыцці, чым газуючыя па вуліцы машыны, не бачыла. Уладальнік усмешкі без двух зубоў дэманстратыўна прыстроіўся побач з Верай і сачыў за ёй. Яна адчувала яго пякучы пагляд.

Ва Уруччы на прыпынку Вера хутка шмарганула з аўтобуса. Кавалер выскачыў услед. Вера паскорыла хаду. Сухарлявы шырокімі крокамі на раз-два дагнаў яе.

– Мадам, а скажыце, вы вучыцеся ці працуеце?

– Я працую, – адказала Вера, стараючыся быць ветлівай і стрыманай.

– Цудоўна, мадам. Выходзіць, свае ўніверсітэты вы ўжо скончылі. І я… я таксама скончыў свае ўніверсітэты.

– Вы таксама скончылі ўніверсітэт? А дзе вы вучыліся? Вера рабіла выгляд, што насамрэч думае, быццам у яе спадарожніка вышэйшая адукацыя. Кавалер з распіснымі рукамі шматзначна і гулліва прамовіў:

– Ха-ха. Мой універсітэт знаходзіўся не ў Мінску. Вы, мадам, тыя мясціны не ведаеце… – і цэпкім апаслівым паглядам, агледзеўшыся навокал, дадаў: – А мог быць і ў Мінску.

«Мабыць, на “Валадарцы”», – ледзь не ляпнула Вера ўслых, прыгадаўшы, што чула такую назву мінскай турмы на вуліцы Валадарскага. Калі глядзець ад тэатра рускай драматургіі – там Вера была на спектаклі – то на другім баку вуліцы за высокай мураванай агароджай з калючым дротам паверху добра праглядаюцца вежы тых «універсітэтаў». Сабраўшыся з думкамі, сказала першае, што раптоўна прыйшло ў галаву:

– «Мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь»… Здаецца, так казаў паэт?

Адчувала яна сябе не вельмі, таемна аблізвала з вуснаў чырвоную памаду, каб страціць чартоўскую сімпатычнасць.

– Мадам, вы не толькі чартоўскі сімпатычная, а яшчэ і чартоўскі разумная.

Кавалер не збіраўся пакідаць Веру ў адзіноце. Ён ішоў з ёй нага ў нагу, пругкай прытанцоўваючай хадой. Не хапала хіба што песні: «Не жди меня, мама, хорошего сына. Твой сын не такой, как был вчера. Меня засосала опасная трясина, и жизнь моя вечная игра».

«Чорт, прыляпіўся ж… Як ад яго адчапіцца?» – думала Вера.

– Ой! Мне ж у краму трэба! – радасна ўскрыкнула яна, убачыўшы шыльду з надпісам «Універсам». – Да пабачэння! Усяго добрага!

Вера прыпусціла да дзвярэй універсама. Уладальнік усмешкі без двух зубоў спыніўся і на развітанне яшчэ раз шырока ўсміхнуўся.

Перачакаўшы ва універсаме, Вера, перш чым выйсці на вуліцу, праз шкляныя дзверы прасачыла, ці вольны шлях. Кавалера не было. Сышоў шукаць наступную чартоўскі сімпатычную…

Да Веры на прымерку прыйшла кліентка. Лілія. А ў маёй Ліліі як у каровы талія. Мажная жанчына, высокая, поўная, узростам гадоў пад пяцьдзесят. Тыдзень таму Лілія замовіла святочную сукенку: у пляменніка намячалася вяселле, збяруцца кагалам сваякі, родныя, стрыечныя і сёмая вада на кісялі, чалавек семдзесят. Лілія – цётка жаніха, павінна бліскануць перад гасцямі новай сукенкай. Перш чым зрабіць замову, Лілія гадзіну мусоліла часопісы моды, ніяк не магла вызначыцца з фасонам. З палаючымі вачамі гартала слізкія лашчоныя старонкі і замірала, загледзеўшыся на худую, плоскую як жэрдка манекеншчыцу, абкручаную драпіроўкай з тканіны.

– Хачу вось такі фасон, – пісталетнай руляй настаўляла Лілія ўказальны палец на юную мадэльку ў дзявочай сукенцы.

– На жаль, гэта мадэль вам не падыдзе, трэба пашукаць штосьці іншае, – як мага мякчэй прамаўляла Вера.

– Тады, можа, гэты варыянт?.. – здзекавалася над часопісам Лілія.

Веры з цяжкасцю ўдалося адгаварыць Лілію ад рукава кімано і драпіроўкі на грудзях. Спыніліся на простай элегантнай мадэлі. Лілія праявіла фантазію і на свой густ запатрабавала ўпрыгожыць сукенку бантам.

Сёння на прымерцы яна стаяла перад люстрам з касым тварам. На грудзях пры канцы глыбокага выраза дыбіўся завязаны бант.

– Яго трэба прыбраць, – пацерабіла Лілія банцік. – Нешта не тое.

Вера адпарола ніткі фастрыгоўкі і з палёгкай скінула недарэчны элемент на падлогу.

– Канечне, бант лішні, – паслужліва закруцілася яна ля «мадэлі».

– Неяк праставата, – дакучліва ныла Лілія і мацала выраз вакол мятай друзлай шыі. – Можа, што-небудзь іншае прыдумаць… вясёленькае… рушы зрабіць, напрыклад?..

Вера адвяла ўбок абураны пагляд. Праз імгненне яна зноў ялейна глядзела на кліентку і вытрымана, пяшчотна тлумачыла:

– Лілія, давайце не будзем перагружаць мадэль непатрэбнымі элементамі. Я параіла б вам дапоўніць сукенку аксесуарамі. Нітка белых караляў ці залаты ланцужок з бурштынавым кулонам – будзе нашмат эфектней і элегантней. А вось рукаўчык мы паправім.

Лілія манументам застыла перад вялікім люстрам у трохстворчатай шафе. Сукенку прымяралі ў спальні ў вузкім праходзе між двухспальным ложкам і шафай. Прасунуўшыся між Ліліяй і шафай, Вера дабралася да прымётанага рукава, паправіла паралонавае падплечыка і перакалола рукаў, скарачаючы шырыню магутнага пляча.

– Бачыце, так будзе больш статычна.

Тонкая і гнуткая Вера завіхалася ля «манумента».

– Можа, лепш рушы зрабіць? – занудна цягнула Лілія, разглядаючы свой буйны адбітак у люстры.

«Што людзі з сабой робяць, колькі ж трэба булак з’есці, каб дасягнуць такіх аб’ёмаў?» – праслізнула ў Верынай галаве.

– З рушамі будзе той жа эфект, што і з бантам, – цярпліва патлумачыла Вера. – Не варта іх рабіць. Я зраблю па выразу вузкай палоскай гіпюравую аздобу і рукавы гіпюравыя. Дастаткова. Колер сукенкі насычаны, глыбокі, гаворыць сам за сябе.

– Добра, – нехаця пагадзілася Лілія, вельмі хацелася ўляпіць рушы.

Сагнуўшыся, Вера чаравала вакол рэшткаў таліі ў Ліліі, спрабавала нешта вымудрыць з плаўнымі лініямі, падколвала згібы тканіны шпількамі. Прысела на кукішкі і зрабіла фастрыгоўку даўжыні сукенкі на падале.

«Манумент» узняўся на дыбачкі, уяўляючы сябе на абцасах. Прынцыпова нічога не змянілася.

Пасля прымеркі Вера вяртала ў шафу недашытую сукенку. Намулены паслужлівай усмешкай твар стомлена хмурыўся. Складаней усяго пашываць чахлы для машыны.

Тым часам Віктор і яго кампаньён Саша зайшлі ў двор дома ў цэнтры Мінска. Абодва ў пінжаках. Бізнесмены. Віктору пінжакі не вельмі пасавалі, сядзелі няёмка. Але Вера ўпарта чапляла на яго гэты атрыбут паспяховасці. Правая кішэня пінжака адтапырвалася ўкінутымі ў нутро ключамі ад машыны. Віктор любіў вадзіць машыну. Саша заўсёды ездзіў пасажырам. Грошы на машыну ў яго былі, а жадання купляць аўта і пароцца ў мазутных дэталях – не. У сумеснай з Вікторам фірме ён таксама быў накшталт пасажыра, заўсёды побач, але руліў Віктор. Саша быў невысокага росту, непрыкметны, драбнаваты, з невыразнымі рысамі твару, у кампенсацыю прырода шчодра ўзнагародзіла яго густой шавялюрай светлых валасоў. Кампаньёны накіраваліся да альтанкі.

Драўляная альтанка, зробленая васьміграннікам, стаяла ў засені дрэў. Адным бокам яна прыхінулася да камля клёна, зверху над драўляным дахам альтанкі шапталіся зялёныя востраканечныя кляновыя лісты. Па баках альтанкі былі зроблены лаўкі, а па цэнтры – драўляны стол. Дошкі на лаўках і стале пакрыліся шэрасцю, патрэскаліся ад часу. Віктор грунтоўна ўсеўся на лаўку ў глыбіні альтанкі і звыкла шырока раскінуў ногі. Саша прымасціўся ля ўвахода, дастаў пачак цыгарэт «Мальбара» і, чыркнуўшы дарагой запальніцай з гравіроўкай на корпусе, прыкурыў цыгарэту. Цыгарэтны дым паплыў белым ручайком у паветра. Кампаньёны толькі што адабедалі ў рэстаране. На днях яны заключылі паспяховую здзелку: уцюхалі партыю зялёнага гарошку спажыўцам у Расію. Цяпер былі ў прыўзнятым настроі. Пасля абеду ў рэстаране Саша захацеў пакурыць на ўлонні прыроды. Ён курыў адзін. Віктор да цыгарэт быў абыякавы, у альтанку пайшоў за кампанію.

– Піць хачу, – прамовіў Віктор і аблізнуў вусны. – Смажаніну ў рэстаране повар добра перасаліў.

– Няма дзе табе ўзяць папіць. Цярпенне, мой сябра, – адказаў Саша і салодка зацягнуўся цыгарэтай.

Па сцежцы нацянькі ад дома ў глыбіні двара ішоў хлопчык гадоў дванаццаці. Ахайны, у сарочцы з доўгімі рукавамі, зашпілены на ўсе гузікі.

– Чуеш ты, пацан, хадзі сюды! – уладна паклікаў Віктор хлопца і паманіў кручкавата сагнутым указальным пальца.

Хлопчык паслухмяна саступіў са сцежкі і павольна падышоў да альтанкі. Празрыстымі шчырымі вачамі вучня-выдатніка ён глядзеў на Віктора.

– Тут камерцыйны ларок паблізу ёсць? – нецярпліва спытаў Віктор.

Хлопчык сцвярджальна матнуў бялявай галавой зверху ўніз.

– Малы, зганяй у ларок, купі бутэльку кока-колы… літровую… Піць хачу… Дык што, збегаеш?

Хлопчык згодна матнуў галавой, лыпнуў вейкамі празрыстых вачэй. Віктор па-барску дастаў з нагруднай кішэні тоўсты партманет, паказальна расхінуў перад хлапцом, выняў хрусткую новую купюру беларускіх грошай і, трымаючы між двума пальцамі, вялікім і ўказальным, працягнуў грашовую банкноту школьніку. Хлопчык паслухмяна ўзяў.

– Так, давай хуценька, адна нага – тут, другая – там. Рэшту возьмеш сабе, – па-гаспадарску распарадзіўся Віктор.

Хлопчык згодна матнуў галавой зверху ўніз, развярнуўся і нетаропка, з той жа хуткасцю, што і да сустрэчы з Вікторам, пайшоў ад альтанкі ў бок вуліцы. У руцэ ён трымаў грошы.

– Ты паглядзі… ледзь ходзіць, дагнаць бы ды даць пендаля пад зад, – нецярпліва бубніў Віктор. – Піць хачу!

Віктор абагаўляў кока-колу. З салодкіх напояў ужываў выключна яе. Нешта ў гэтым напоі адчувалася амерыканскае, прасунутае, перадавое.

– Ды пачакай крыху, зараз прынясе, – абыякава супакойваў кампаньёна Саша.

Час ішоў. Віктор паглядаў на гадзіннік, аблізваючы сасмяглыя вусны. Прайшло больш за дваццаць хвілін. Хлопчык з кока-колай не вярнуўся.

– Ён не прыйдзе, – сказаў Саша. – Не ўбачыць табе ні грошы, ні кока-колы… стопудова.

Сашу разбіраў смех.

– Во гадзёныш! – кіпеў Віктор. – А вочкі бачыў? З яго б святых пісаць.

– Н-д-а-а, дзе-е-ткі пайшлі, – цягнуў Саша і глядзеў на праход між дамамі, дзе знік школьнік з грашамі.

– Куды глядзіць школа?!

– А ведаеш, пацан, як вырасце, абавязкова павінен адкрыць гандлёвую фірму. У гэтым бізнесе яго чакае вялікая будучыня! – смеючыся, захоплена падсумаваў Саша.

Не дачакаўшыся кока-колы, кампаньёны на старым Вікторавым «Пежо» паехалі ў офіс. У офісе Віктор таропка наліў з пластыкавай бутэлькі поўны стакан звычайнай вады і вялікімі глыткамі высмактаў да дна. Палягчэла. Усеўся за стол, завалены паперамі.

Офіс Віктора і Сашы знаходзіўся ў паўпадвале. Некалькі прыступак спускаліся ўніз да цяжкіх металічных дзвярэй. Зверху над прыступкамі навісаў самаробны казырок з барвовай металачарапіцы. Над казырком замацаваліся разнастайныя і разнавялікія шыльды з гучнымі назвамі паўпадвальных прадпрыемстваў: МП «Сатурн», Мартынюк і К ( пад літарай К хаваўся намёк, што нехта Мартынюк валодае цэлай кампаніяй), ЗАО «Высокае неба». Да неба адсюль было далёка, затое арэнда каштавала танна. Офіс уяўляў сабой пакой метраў пятнаццаць з трыма сталамі, прыціснутымі грувасткімі камп’ютарамі, закладзенымі паперамі. Накладныя, бланкі дамоў, рахункі-фактуры, каталогі коштаў грувасціліся стосамі. Два сталы належалі Віктору і Сашу, трэці бухгалтарцы. Бухгалтарка, маладая, замужняя жанчына, што заўсёды і ўсюды спазнялася, ніколі не магла толкам звесці дэбет з крэдытам. То ў яе губляліся рахункі-фактуры, то забывалася ўнесці звесткі аб продажах, то яшчэ нейкая трасца. Нахмурыўшы лоб, яна ўвесь час засяроджана і дзелавіта шчоўкала па калькулятары, збіваючы лічбы, замазвала белай замазкай з дробнай бутэлечкі напісанае ў паперах і ўносіла новыя паказчыкі, праз некаторы час замазвала замазанае і зноў выпраўляла. Віктор у здзелкі закладаў добры кавалак навару, а частку ўгод праводзіў наогул без папер за наяўныя грошы, перададзеныя ў кустах. Каб не Вікторава сквапнасць, з бухгалтаркай Клавай яны б даўно вылецелі ў трубу. Бухгалтарка Клава насіла рэдкае імя, і яно вельмі ёй пасавала. Клаўдзію трэба было звольніць, але на яе месца прыйдзе такая ж самая. Добрага бухгалтара днём з агнём не адшукаць. Сам Віктор з паперамі і калькуляцыямі не вельмі сябраваў, яны наганялі на яго тугу. Аднак за справамі ён сачыў пільна і імгненна адчуваў, калі што пайшло не так. Віктор меў нядрэнны нюх на грошы.

Сёння Клава з’ехала ў падатковую. Віктор і Саша па вяртанні ў офіс бухгалтаркі не заспелі і апынуліся ў пакоі адны. Офіс. Так гучна называўся цесны пакой з двума малымі акенцамі пад столлю. Праз акенцы часам бачыліся ногі жыхароў дома, насяляўшых пяць паверхаў над падвалам. Саша, чалавек нежанаты, любіў глядзець на ногі пад кароткімі спадніцамі, тоўсценькія і худыя запалкі, са скразнячком і літарай Х. Ён маляўніча ўяўляў, як можа выглядаць уладальніца ўбачаных ног.

У офісе быў зроблены еўрарамонт. Еўрапейскімі выяўляліся матэрыялы, а рукі, што рабілі рамонт, былі мясцовага паходжання, рукі шабашнікаў-хаўтуршчыкаў. Брыгады, прагнучы падзарабіць, смела і рашуча называлі сябе будаўнікамі і браліся за справу рамонту. «Падумаеш, рамонт, – разважалі чальцы брыгад, – любы і кожны можа к сцяне шпалеры прыляпіць і плінтус прыцвікаваць, і мы гэта здзейснім у найкарацейшы тэрмін». Вось гэты любы і кожны ў рамонце офіса асабіста пашчыраваў. Дарагія імпартныя шпалеры, коса прылепленыя да сцяны, месцамі разышліся па швах. Пенапластавы плінтус пад столлю ў кутках адклеіўся і правісаў краямі. Ля стала бухгалтаркі прадраўся лінолеум. Будаўнікі-хаўтуршчыкі пакінулі пад ім у падлозе дзірку, паленаваліся заканапаціць, а Клаўдзія прасадзіла лінолеум шпількамі абцасаў.

Саша перагледзеў паперы, склаў іх у стос і пацягнуўся за пачкам цыгарэт. Пачак быў амаль пусты, засталося тры цыгарэты.

– Трэба матануцца да Мітрафанаўны, закупіць тытуню. Вазьму адразу пару блокаў «Мальбара». Давай зараз з’ездім, – папрасіў Саша, круцячы ў руках апусцелы цыгарэтны пачак.

– Паехалі, – пагадзіўся Віктор.

Акно ў замежжа (зборнік)

Подняться наверх