Читать книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля - Страница 4
Раман
Вера
3
ОглавлениеМінула некалькі гадоў. Прытупіліся старыя крыўды, пабляклі ўспаміны аб няўдалым першым каханні… Вера сышлася з Вікторам. Ён быў на тры гады за яе старэйшы, самастойны і ўпэўнены ў сабе. Раман іх склаўся хуткаплынна: захапіла, закруціла, панесла. Віктор прапанаваў Веры жыць разам на наёмнай кватэры. Яна нічога не губляла, акрамя адзіноты. У нейкі момант ёй нават здалося, што Віктор яе кахае. Вера ахвотна згадзілася і пераехала разам з дачкой да Віктора. Яна называла яго Вікторам на замежны манер з націскам на літару «О». Рыхлы з буйным млявым целам офіснага планктону, з глыбокімі лобнымі залысінамі над невыразнымі брывамі, ён глядзеў на людзей непрыемнымі вачамі гандляра-ацэншчыка. Віктор працаваў у сферы прыватнага бізнесу. Схема бізнесу была нескладаная: як мага танней купіць і як мага даражэй прадаць. Віктор разам з кампаньёнам Сашам перапрадаваў невялікія партыі прадуктаў. За вышэйшы пілатаж лічылася ўцюхаць спажыўцам партыю падпсаванага пратэрмінаванага беларускага сыру па завышаным кошце. А потым гулліва перакідвацца з кампаньёнам фразачкамі:
– Сырочак добра зайшоў па дарагой цане.
– Дык ён жа аналаг французскага, з плесняй.
Віктор наняў кватэру і Вера з дачкой пераехала да яго. Разлік гандляра быў просты як пяць капеек: жанчына з «прычэпам» нікуды ад яго не дзенецца, будзе паслухмянай і стараннай, куды ёй з дзіцём рыпацца, а яму зручна.
«Памыць, прыбраць, есці згатаваць – не мужыцкая гэта справа. Вера зоймецца хатняй гаспадаркай. А то сучасныя цёлкі на выданні лёгка давядуць да шаленства, – разважаў Віктор. – Усё чакаюць, каб мужыкі да іх з букетам на балкон лазілі ды дэманстравалі незгасаючую жарсць, а самі кабеняцца, маўляў, заваюй мяне, я ўся такая недасяжная і такая рамантычная. Рамантычныя, узвышаныя… а посуд памыць няма каму». У Віктора на любоўныя жарсці не хапала ні часу, ні жадання. Трэба было тэрмінова ўцюхваць чарговую партыю прадуктаў. Дамовы, транспартныя накладныя, справаздачы ў падатковай замудохалі, ажно сківіцы зводзіць. А Вера, Вера яго разумее. І выглядае файна. Модніца. Не сорамна сябрам паказаць такую ляльку. І для душы паразмаўляць адно задавальненне, і для цела… у гэтым сэнсе Віктора асабліва ахінала пяшчота… Жаніцца ён не збіраўся.
Кватэру Віктор наняў далёка ад цэнтра у мікрараёне Уручча і не першай свежасці, пацёрханую, але поўнасцю абсталяваную. Усё неабходнае, акрамя пральнай машыны. На гэты конт Віктор не парыўся – Вера памые бялізну рукамі. Кватэрная гаспадыня забяспечыла нават посудам. На кухоннай пліце стаялі рондалі, у верхняй шуфлядзе – лыжкі і відэльцы. У відэльцах трапляліся гнутыя зубы. Талерак хапала з каптуром. Частка прымасцілася ў шафцы для сушкі посуду, пастаўленая разнавялікімі дыскамі на рабро, астатнія – стосам на паліцы. Вера гэта не задаволіла, яна цягнулася да эстэтыкі і прытарабаніла з сабой на здымную кватэру французскі посуд. Шэсць шырокіх талерак з паўпразрыстага ружаватага шкла. Яны занялі месца ў сушцы, прэтэнцыёзна адсунуўшы ў кут гаспадарскія незамыславатыя талеркі, упрыгожаныя дробнымі сціплымі кветкамі. Вера хутка асвоілася на новым месцы. Рэчы з чамадана разляцеліся ў шафу на плечыкі і паліцы, тапкі – у пярэднюю. Пасцельная бялізна – на коўдры і падушкі. Бліжэй да вечара Вера ўзялася за бліны. Віктор неяк мімаходзь у размове паведаміў, што любіць блінчыкаў паесці. Вера запомніла. Сёння яна шчыравала з блінамі. Каханне мужчыны праходзіць праз страўнік. У рондаль з надрэзанай дзіркі ў вуглу малочнага пакета струменем палілося малако, Вера паціснула пакет, падганяючы струмень. Услед плюхнулася з разбітай шкарлупіны жоўтым вокам яйка і патанула ў малацэ, зверху белым пылам пасыпалася мука вышэйшага гатунку, соль, цукар – на смак. Вера замалаціла лыжкай у цесце, разбівала камякі, яны па-здрадніцку ўцякалі зпад лыжкі, Вера даганяла і раструшчвала іх аб сценкі рондаля. Размалаціўшы камякі, пусціла з узнятай лыжкі вадкае цеста ў рондаль, яно палілося роўна. Прыспешвала разагрэтая патэльня, накаленая на агні газавай канфоркі. Кінуты відэльцам кавалак сметанковага масла зашыпеў і расплыўся, змазваючы дно патэльні. З чарпака палілося цеста. Адзін за адным падрумяненыя бліны саскоквалі з патэльні, клаліся на французскую талерку. Блінны водар, лунаючы ў паветры, з кухні паляцеў па кватэры. У зале перад тэлевізарам, па-барску разваліўшыся на канапе, у махровым халаце пасля душа сядзеў Віктор. Ён глядзеў перадачу пра развіццё эканомікі краіны: новыя шляхі і магчымасці, крокі наперад, сумленнасць усіх суб’ектаў гаспадарання перад дзяржавай. Карацей – заплаці падаткі і жыві спакойна. «Фіг вам!.. Вам колькі ні заплаці – усё мала!» – рэзонна выказаўся Віктор па сутнасці пытання, і ў той жа момант яго нос адчуў прыемны водар. Пах бліноў з кухні адарваў яго ад прагляду тэлеперадачы і пацвердзіў дакладнасць Вікторавых разлікаў – на Веру можна павесіць хатнюю гаспадарку.
– Віктор, Насця, ідзіце вячэраць, – зазыўна прыляцеў з кухні Верын голас.
Віктор выключыў тэлевізар і, мацней падперазаўшы пояс на махровым халаце, уразвалачку пайшоў на кухню. У дзіцячым пакоі Насця ў разгорнутым альбоме спяшаючыся дамалёўвала сонца ў небе над домам.
Віктор бачыў Насцю з пярэдняй, але не сказаў, каб яна сканчала маляваць і ішла вячэраць. Ён быў раўнадушны да дзяцей увогуле, а тым больш да чужых. Верына дачка, – няхай Вера сама і займаецца выхаваннем, яму галаўны боль зусім не патрэбны.
На кухні Віктор вальяжна ўсеўся на табурэтку. Па баках стала ружавелі французскія талеркі, ў сярэдзіне ўзвышаўся стос бліноў і дзве кісюшкі. У адной бялела смятана, а другая чырванела варэннем з працёртых клубніц. Вера з паслужлівасцю клапатлівай жонкі паклала Віктору ў талерку пару блінцоў і, павярнуўшы галаву да дзвярэй, гукнула:
– Насця, дзе ты згубілася, хуценька кідай свае малюнкі. Гарбата стыне…
Жыццё пайшло сваім парадкам. Віктор ездзіў кожны дзень у офіс, Вера – на працу ў вясельны салон. Дабірацца было нязручна. З перасадкамі яна губляла на дарогу амаль гадзіну. Дачка вучылася ў школе у другім класе. Дні цяклі за днямі. У якасці каго Вера пражывала пад адным дахам з Вікторам, яна пытання не задавала. Мужчына сам павінен прапанаваць выйсці замуж. Яна ж навязвацца не збіралася…
Справы гандлёвага бізнесу ў Віктора ішлі нядрэнна. Ён спрытна ўцюхваў партыі тавараў і абмываў з сябрамі ўдалыя буйныя здзелкі ў рэстаране. Здаралася, для разнастайнасці яны гудзелі ў лазні. Рагаталі як коні ў парылцы, начапіўшы каўпакі на галаву, хвасталіся бярозавымі венікамі. Пасля працэдуры амавення браліся за чарку і ішлі ў адрыў. Прыпаўзаў за поўнач добра наклюканы. На наступны дзень прачухваўся да вечара. Часам пасля чарговага начнога загула, пакутуючы пад гнётам рэшткаў сумлення, але не падаючы выгляду, прачухаўшыся, з апухлымі вачамі ён па-барску падзываў Веру, прызыўна махаючы кручкаватым пальцам. Вера пасміхалася пра сябе, гледзячы на падпухлага, пакамечанага выгляду «барына». Віктор, палазіўшы ў партманеце, выцягваў долары і са словамі:
– Купі сабе што-небудзь… залаты кулончык ці ланцужок, – запіхваў ёй грошы ў станік. Вера моршчылася, але прымала гульню – ідэальных мужчын не бывае. Урэшце, ён не забірае, як Лёнчык, а дае. Вера трывожна цярпела загулы, хвалявалася, каб чаго не здарылася. Яна па-свойму кахала Віктора, без юнацкай жарсці, спакойным каханнем пасталелай, памудрэлай жанчыны. Радавалася, што буйныя здзелкі здараліся не вельмі часта. У астатнія дні Віктор алкаголь ужываў умерана…
У кватэры затарахцеў тэлефон. Грымеў стары тэлефонны апарат кватэрнай гаспадыні, з дырчатым дыскам на баку, пад кожнай дзіркай намаляваныя лічбы 1, 2, 3, 4… Зверху ўпоперак ляжала тэлефонная трубка. Вера ўзняла трубку і прыклала да вуха.
– Вера, добры дзень. Гэта Рыта.
Званіла кватэрная гаспадыня. Між сабой з Вікторам яны называлі яе Марго.
– Добры дзень, Рыта, добра, што вы пазванілі. Я сёння сама збіралася вам званіць. Вы ж павінны былі ўчора прыехаць па грошы.
Учора надышоў дзень аплаты, а Марго не з’явілася. Падрыхтаваныя грошы чакалі ў шкатулцы. Яны ляжалі паверх Верынай біжутэрыі, прыхлопнутыя накрыўкай у скарбонцы сціплых каштоўнасцяў.
– Нешта я заматалася. Няма часу вырвацца, – нібыта сама здзіўляючыся гэтай акалічнасці, прамовіла Марго. – Я прышлю па грошы Цёму. Ён зможа прыехаць к чатыром гадзінам. Як наконт чатырох? Атрымаецца ў цябе, будзеш дома?
Марго была жанчына пунктуальная. Паўгода кожны месяц прыязджала ў адзін і той жа дзень да кватарантаў па грошы. Але ж усякае здараецца.
– Добра, добра. Мне якраз гэты час падыходзіць. У чатыры буду дома, – пацвердзіла Вера.
– Цудоўна. Дамовіліся. Цёма пад’едзе.
Вера паклала трубку. Яна часта чула ад Марго пра Цёму. Цімафей – старэйшы сын Маргарыты Паўлаўны. Так гучала імя і імя па-бацьку кватэрнай гаспадыні. Але яе так ніколі ніхто не называў. «Якія мае гады», – любіла паўтараць саракагадовая Марго. Яе сыну было каля шаснаццаці гадоў. Вучыўся ў старэйшых класах. «Цёма тое, Цёма гэта… Цёмка мне дапамагае, Цёмка любіць малодшую сястру. Цёма ў краму збегае і кватэру прыбярэ», – сын Цёма не сыходзіў з языка Марго. Вера завочна палюбіла Цімафея. Залатое дзіця.
Без пяці хвілін чатыры ў дзверы пазванілі. Вера адклала шыццё і, шморгаючы тапкамі па падлозе, выйшла ў пярэднюю. У дзвярное вочка яна не зірнула, ведала, павінен прыйсці Цімафей па грошы. Вера расчыніла дзверы. На пляцоўцы перад ёй паўстаў цемнаскуры, кучаравы мулат, у чорнай куртцы. Чорныя, вугальныя зрэнкі з яркіх бялкоў спакойна глядзелі на Веру. Некалькі імгненняў яны моўчкі стаялі насупраць.
– Вы кагосьці шукаеце?.. Я магу вам дапамагчы? – расцягваючы і выяўна вымаўляючы словы для замежніка, што дрэнна разумее сказанае, вылузвалася Вера перад незнаёмцам.
– Я Цімафей! – адрэзаў мулат.
– Цёма?! – высокай нотай вырвалася ў Веры, яе вочы зрабіліся пулятымі зенкамі.
– Я па грошы прыйшоў. Мама сказала забраць.
– Так, так… канечне… – разгублена тарахцела Вера. – Марго тэлефанавала, казала, што ты прыйдзеш, ой… – Вера спахапілася, што назвала гаспадыню патаемным іменем Марго, і няўдала выправілася. – Маргарыта Паўлаўна… гэта… я хацела, хацела сказаць… Рыта.
– Я магу зайсці? – насуплена спытаў Цімафей.
Ён мужна зносіў непрыемную сцэну, быццам ён іншапланетнік. Не першы раз трапляў у падобную сітуацыю.
– Канечне, Цімафей, праходзьце калі ласка, – Вера разгублена звярталася да падлетка на «вы».
Цімафей зайшоў у пярэднюю. Вера адводзіла вочы, каб схаваць у іх здзіўленне. Цімафей глядзеў насуплена, але ўпэўнена. Ён не губляўся ў краіне белых людзей. У яго была надзейная апора – мама Рыта. Але ледзь улоўны смутак залёг ў глыбіні вугальных вачэй. Ён тут чужы.
– Можа быць, гарбаты? – прапанавала ўпалым голасам Вера. Яна не ведала, як рэабілітавацца за свае дурацкія паводзіны. Зладзіла сцэну з пулятымі вачамі: «Цё-ё-ма?!»
– Не, дзякуй. Мне трэба ехаць дамоў, сястру з садка забіраць, – буркнуў Цёма.
– Я зараз… хвілінку пачакай, – паспешліва прамовіла Вера і панеслася да шкатулкі, ляпнула адкінутай накрыўкай, ухапіла долары і электравенікам вярнулася да Цімафея, працягнула яму грошы. – Тут падлічана… якраз колькі я павінна заплаціць, без рэшты. І вось што, Цімафей, – нарэшце Вера саўладала з разгубленасцю і пацвярдзелым голасам дала даручэнне сыну кватэрнай гаспадыні: – Перадай, калі ласка, маме, што прыходзілі з ЖЭСа. Нешта там падпісаць трэба, няхай ім патэлефануе.
– Я перадам, – бліскануўшы з-пад смуглявага ілба бялкамі вачэй, паабяцаў Цімафей.
Ён узяў грошы ў шырокую далонь, паспешліва развітаўся і, крутнуўшыся ў пярэдняй, хутка знік за дзвярамі. Узрушаная, Вера пайшла ў залу.
«Я сапраўдная клуня. Трэба ж было беднага хлопца ў такую няёмкую сітуацыю паставіць. – Злуючы на сябе, яна плюхнулася ў крэсла. – Мулат… і што цяпер? Яму ж непрыемна, калі на яго пуляюць вочы як на дзіва… – упікнула сябе Вера. – А ён сімпатычны, напэўна дзяўчатам падабаецца», – на вусны набегла прыемная ўсмешка…
Здараецца, беларускі нараджаюць дзяцей ад чарнаскурых афрыканцаў, студэнтаў, што прыязджаюць у Беларусь за адукацыяй. Маладосць, каханне, жарсць – і на свет з’яўляецца цемнаскурае немаўля.
Дзеці-мулаты растуць, вучацца ў школе, сталеюць. Іх выхоўваюць беларускія мамы і бабулі. Ім незнаёмы афрыканскае пякучае сонца, традыцыі і жарсці гарачага кантынента. Яны дзеці беларускай восеньскай смугі, туманаў і дажджоў, зімовага холаду і белай завірухі. Яны выраслі на беларускай глебе, склаліся як пазл з мясцовых звычак і адметнасцяў. Па сутнасці яны – беларусы. Але ім няўтульна на радзіме. Стаўшы дарослымі, яны знікаюць. Напэўна, з’язджаюць туды, дзе на колер іх скуры ніхто не зверне ўвагі. І дзесьці там за мяжой жывуць мулаты з беларускай душой…