Читать книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля - Страница 5

Раман
Вера
4

Оглавление

Мінаў час, аднастайна адлічваючы месяц за месяцам. Сумеснае жыццё з Вікторам перайшло паўгадавы рубеж. Але кардынальна нічога не змянілася. Тая ж нявызначанасць. Віктора, здаецца, усё задавальняла. Ён прызвычаіўся да прыгатаваных у час вячэраў, адпрасаваных сарочак. Успрымаў клопат аб сабе як належнае. Веры даводзілася паспяваць на працы і дома. Усё б было нічога, каб не далёкія паездкі на працу. Гадзіну яна дабіралася ў адзін бок раніцай, перасядаючы з аднаго перапоўненага аўтобуса ў другі, гадзіна – назад вечарам дамоў. Вера выматалася тымі бясконцымі пераездамі і вырашыла звольніцца. Яна нічога не губляла, магла працаваць дома, браць замовы на вячэрнія сукенкі. У шафе ў кутку затулілася, чакаючы свайго часу, фірмовая швейная машынка ў чамадане, перанасная. Вера купіла яе з пераплатай у часы суцэльнага дэфіцыту – машынка яе мары з бясконцай колькасцю аперацый, фігурныя строчкі, зігзагі. У пластыкавым шэрым карабку-пенале захоўваліся металічныя лапкі розных канфігурацый, аб прызначэнні некаторых нават Вера, па прафесіі мадэльер, не мела ўяўлення, не кажучы пра звычайных гаспадынь, што маглі прастрачыць выключна адну строчку, і тую крывую. З такой машынкай ёй была па плячу любая замова на самую складаную мадэль сукенкі. Віктор падтрымаў Верына рашэнне хутка, без абмеркавання. Ён наогул не вельмі цікавіўся яе справамі. І Вера засела за шыццё дома. Графік свабоднага прадпрымальніка ёй спадабаўся. Пад настрой шыла некалькі замоваў за тыдзень, а потым магла тыдзень пагуляць без працы.

У стомлены ад зімовых халадоў горад прыйшла доўгачаканая вясна. Няспешна ўбіралася ў сілу, доўгі час было зябка і дажджліва, і раптам пацяплела, цэлы тыдзень дзень за днём без перапынку свяціла сонца, парыла, угравала зямлю. Хутка на шэрых галінах дрэў павыстрэльвала яскрава-салатавае маладое лісце. Клумбу ля пад’езда нізкім покрывам заслалі рассыпаныя купкамі фіялкавага колеру дробныя кветкі. Працінаючы напоеную вільгаццю глебу, узнімаліся свежыя парасткі цюльпанаў і касачоў. Ціўкалі птушкі. Вера пачала заўважаць, як абуджаецца прырода. Раней у яе не было на тое часу. Кожны дзень на бягу.

Надышоў выходны дзень. Субота. Выходны для Віктора. Вера ж цяпер сама планавала, калі зрабіць сабе адгул. У гэту суботу Віктор з самага рання паехаў да бацькоў. Яны рабілі рамонт у кватэры. Паехаў на цэлы дзень, дапамагаць, выконваць сыноўні абавязак. Вера засталася дома. Яна ніводнага разу не была ў бацькоў Віктора. Не запрашалі. Віктор рабіў выгляд, быццам так і трэба, і ніколькі не імкнуўся знаёміць Веру з бацькамі. Вера прыняла тыя абставіны, як належнае. «Не хоча і не трэба – менш праблем», – харахорылася яна. Але дзесьці ў патаемных кутках душы пашкрэбвала крыўда на Віктора: паводзіць сябе, нібыта яна патаемная палюбоўніца.

Віктор з’ехаў. У кватэры царавала нязвыклая для суботы цішыня. Звычайна выходным днём Вера пякла бліны, грымела рондалямі і патэльняй на кухні. Гэтым разам блінцамі Віктора накормяць у бацькоўскім доме. Дачка Насця гуляла з сяброўкамі на вуліцы. Вера расчыніла шафу. У кутку, прыціснутая Вікторавым пінжаком, вісела недашытая замова. Вера адсунула пінжак і сумна агледзела васільковую сукенку. На ліфе шпількай быў прымацаваны крой каўняра з белымі ніцянымі рыскамі фастрыгоўкі, неадпрасаваныя бакавыя швы сукенкі загіналіся ў сярэдзіну. Шыць зусім не хацелася. У нейкай кнізе, у якой Вера і сама не памятала, яна напаткала выказванне старой графіні, якая цярпець не магла, каб пры ёй шылі. Графіня сказала: «Шыць могуць толькі зняволеныя пад прымусам». Графіня мела рацыю. Сёння Веры зусім не было жадання шыць, сядзець у чатырох сценах і карпець з напарсткам над васільковым шоўкам. Сонечны дзень за акном выманьваў на вуліцу пашпацыраваць у парку, паназіраць, як абуджаецца прырода… «І чаму я не графіня?» – ўздыхнула Вера і зняла сукенку з плечыкаў – трэба брацца за працу, настырная кліентка прыспешвала з замовай. Рэзка шаргануўшы вешалкай, яна адправіла пінжак на старое месца. З-пад навісаючага адзення з нетраў шафы выцягнула перанасную ў чамаданчыку фірмовую швейную машынку «Зінгер» і павольна прычыніла дзверы. Машынку прыладзіла на пісьмовым стале, мінула некалькі хвілін і яна застракатала прыглушаным мяккім гукам. З-пад лапкі беглі адстрочаныя сукеначныя швы. Скончыўшы строчку, Вера выцягвала непатрэбныя цяпер ніткі фастрыгоўкі і кідала іх на падлогу. На канапе раскіданы крой рукавоў і дробных фальбон вахлаціўся сыпучымі краямі, чакаў свайго часу.

Апоўдні ў дзверы пазванілі. Вера ўзнялася з-за машынкі, прыхінула руку да паясніцы, выгнуўшыся назад, размяла зацёкшую спіну і паплялася да дзвярэй. Зірнула ў дзвярное вочка. Перад вочкам намаляваўся твар Віктора.

– Х-м-м, нешта рана вярнуўся, – здзіўлена прамармытала Вера, шчоўкнула дзвярным замком і, падпіхнуўшы рукой, расчыніла дзверы. – Віктор, я думала, ты з’явішся бліжэй да вечара, што здарылася? – заклапочана спытала яна.

– Мама, праходзь, – прамовіў Віктор, адступіў пару крокаў назад, і перад ім, прыплыўшы аднекуль збоку, узнікла невялікая жанчына-кадушка з падвоеным падбародкам і дробнай хімзавіўкай на валасах. – Пазнаёмся, Вера, – гэта мая мама, Валянціна Іванаўна, – роблена ўрачыста адрэкамендаваў Віктор.

– Вельмі прыемна, праходзьце, калі ласка, – павялічана ветліва мямліла, сустракаючы неспадзяваную госцю, Вера.

«Гад, мог бы папярэдзіць… я хоць бы падрыхтавалася… не, я калі-небудзь заеду яму патэльняй!» – віравала ў Верынай душы патаемнае абурэнне, перамешанае з разгубленасцю ад нечаканай сустрэчы з магчымай свякроўкай.

Кадушка не сказала, што ёй таксама прыемна, не любіла і не лічыла патрэбным маніць. Ганарыста пераступіла парог кароткімі нагамі, зняла пантофлі, вызваліўшы са скураной няволі кароткія і шырокія, нібы ласты, ступні.

– Я зараз вам дам тапкі, хвіліну пачакайце, – мітусліва рылася Вера ў скрыні для абутку.

Адшукала новыя тапкі Віктора, разлічыўшы, што яе тапкі трыццаць шостага памеру на тыя ласты наўрад ці ўзлезуць. Валянціна Іванаўна ўсунула ногі ў тапкі і гугнява прамовіла:

– Як вы тут жывяце?

– Нармальна жывём, мама. Я табе казаў, што ўсё ў нас у парадку.

– У парадку? – Валянціна Іванаўна працяла сына паглядам рэвізора.

– Праходзьце, калі ласка. Будзьце як дома… а я… я хуценька чайнік пастаўлю, – сказала Вера.

Яна марыла хутчэй уцячы з пярэдняй, каб перавесці дух. Пакінуўшы Віктора абіхаджваць маму, руплівай гаспадыняй змылася на кухню.

Валянціна Іванаўна праводзіла рэвізію памяшканняў. Першнаперш зазірнула ў залу. Абрыўкі нітак валяліся на падлозе, недашытая васільковая сукенка і кавалкі крою – на канапе.

– Парадак, – з’едліва склала вусны ў крывыя складкі Валянціна Іванаўна і няўхвальна захістала галавой.

Сын стаяў у яе за спінай, маўчаў і пакутліва зводзіў вочы да пераносся. Зрэнкі з’ехаліся адна да адной, а як мама павярнулася і глянула на Віктора, спрытна вярнуліся на свае месцы.

– Мама, пойдзем, пап’ем гарбаты.

– Што ты мяне падганяеш? Я хачу паглядзець, як жыве мой сын.

– Нармальна жыву, мама.

Вера грукала кубкамі на кухні. На пліце шыпеў чайнік. А Валянціна Іванаўна няўёмна шастала па пакоях. У спальні яна затрымалася, уважліва разгледзела двухспальны ложак, дзе яе сын спаў з гэтай… Валянціне Іванаўне захацелася падысці і пакратаць, праверыць пругкасць спружын, ці добры ў сына матрац для начнога адпачынку. Не памацала, перадумала. Накіравалася ў дзіцячы пакой. Сын хадзіў следам, закатваючы вочы, ён зусім бы скасавурыўся, але з кухні прагучаў ратавальны свісток. Працяглы, спачатку невыяўна шыпучы, ён разгойдваўся, наліваўся і ўзрастаў, набраўшы моцы, залівіста завішчаў на ўсю кватэру. Свісток на носе чайніка клікаў піць гарбату.

– Так, мама, хопіць, прагучаў фінальны свісток. Агляд скончаны, пайшлі на кухню, – загадаў Віктор.

Вера сустрэла маму Віктора лісліва-ветлівай усмешкай, падсунула ёй табурэтку.

– Сядайце, калі ласка, – запрасіла госцю і, павярнуўшыся да Віктора, пачала яго ўшчуваць: – Віктор, чаму ты мяне не папярэдзіў, я б торт купіла.

– Так атрымалася, – абыякава адбрыкнуўся Віктор.

– Частуйцеся, калі ласка, – працягвала абіхаджваць Валянціну Іванаўну Вера і падсунула да яе вазу з пячэннем.

– Ды не мітусіся ты… сядзь… Пап’ём гарбаты ды паедзем. Мама спяшаецца.

Віктор крануў Веру за плячо. Яна адчула хоць нейкую падтрымку і паспакайнелая села на табурэтку, адпіла глыток гарбаты.

– Яшчэ безліч спраў трэба зрабіць, хутка паедзем… Мы з мамай заязджалі на Уручынскі рынак купіць шпалеры. Вось яна захацела на хвіліну да нас заскочыць, паглядзець, як мы жывём, – бадзёра трындзеў Віктор.

Валянціна Іванаўна хруснула зубамі сухое квадратнае пячэнне. Вера аж здрыганулася. А госця пад пячэнне гучна сербанула з кубка гарачага напою.

– Валянціна Іванаўна, а якія вы купілі шпалеры? – старанна вырабляючы на твары зацікаўленасць, спытала Вера.

Яна хацела паразмаўляць пра колеры і малюнкі, гэта была Верына стыхія, тым больш размова ні аб чым, можна доўга мусоліць – такія кветачкі, гэтакая фактура.

– Вытворчасць Францыя, пятнаццаць долараў трубка, – адчаканіла Валянціна Іванаўна, каб было зразумела гэтай… абы-што яна не купляе, і жорстка хрумкнула пячэннем.

– Пэўна, добрыя шпалеры. У французаў выдатны густ. Яны надаюць шмат увагі модным кірункам, выкарыстоўваюць цікавыя фарбы і структура пакрыцця незвычайная. Я звяртала ўвагу… цяпер з’явіліся новыя калекцыі з шаўкаграфіяй…

Валянціна Іванаўна з-пад хімічна завітых, з перапаленымі канцамі, нізка спадаючых на лоб валасоў знішчальна зірнула на Веру.

– Па пятнаццаць долараў за трубку ерунду не прадаюць, – адрэзала яна.

– Безумоўна, я з вамі згодна. Якаснае заўсёды каштуе нятанна, – сакатала перад ёй Вера.

Валянціна Іванаўна да размовы цікаўнасці не выявіла і прадоўжыла моўчкі цягнуць гарбату з кубка, поглядам рэвізора прамацвала кухню. Вера коўзала вачамі ўслед за паглядам Валянціны Іванаўны. У куце пад столлю звісала павуцінка, з мыйкі тырчаў непамыты рондаль. Жах!…

Віктор выратаваў становішча, завёў з мамай размову пра надвор’е і іншыя дробязі.

– Дзякуй за гарбату, – сказала Валянціна Іванаўна і адсунула ад сябе кубак з рэштай астыўшага напою. – Віця, нам трэба ехаць, бацька недзе прачакаўся.

– Едзем, мама!

Віктор ускочыў з табурэткі, зіхоткі ад задавальнення, што мама адчальвае. Яго напружвала вязкая нацягнутая размова двух жанчын за сталом, а ён між імі накшталт перадаючага прыстасавання.

Валянціна Іванаўна паднялася з-за стала і самавіта пакрочыла да выхаду, з гонарам несучы кубічнае цела.

«Дзе рабіць талію?.. Сукенку на Валянціну Іванаўну сшыць няпроста», – прафесійна прыкінула Вера, агледзеўшы госцю са спіны.

Віктор на развітанне, пакуль мама не бачыць, паслаў Веры паветраны суцяшальны пацалунак. «Забаўна яму», – злавалася Вера. Яна чула, як прагудзеў ліфт, звозячы Валянціну Іванаўну. У кватэры аднавілася цішыня. Вера зайшла ў залу, прысела на кукішкі і запознена пачала збіраць ніткі на падлозе.

– Хоць бы папярэдзіў… я б кватэру прыбрала.

Віктор з мамай выйшаў з пад’езда. Валянціна Іванаўна спынілася пад уваходным казырком і, учэпіста трымаючыся рукой за сына, нахіліла складанасагнутае цела ўніз, паправіла на назе пантофлю на ўстойлівым шырокім абцасе. Выпрасталася, засапла носам і, не дачакаўшыся, пакуль сядуць у машыну, гугнява выдала вердыкт па выніках праверкі.

– Віця, я табе дзіўлюся. Нашто табе гэта Вера?.. Ды яшчэ з дзіцём… Я думала, хоць відная з сябе, а яна… так сабе, нічога асаблівага… а манерная, спінка роўненькая, трыма пальцамі кубачак трымае… не інакш з граф’ёў паходзіць… – язвіла Валянціна Іванаўна, – Курыца, пачала квахтаць пра шпалеры… пакрыццё шаўкагра-фі-ка нейкая.

– Шаўкаграфія, мама, – паправіў Віктор.

– Шаўкаграфія, ага… канечне, добра, што ты маму паправіў, мама ў цябе неадукаваная… я трыццаць гадоў эканамістам працавала! А гэтая… у шаўкаграфіях яна добра разбіраецца, а дома парадку няма. Адразу відаць бесталкоўшчына… Ой, сын, не ведаю… Ды на цябе ж любая дзяўчына загледзіцца. Ты і бізнесам займаешся, і так з сябе мужчына відны.

Валянціна Іванаўна ўзняла цёплы пагляд уверх на сына, вышэйшага за яе на галаву. Яе агарнула замілаванне ад сынавай, як ёй здавалася, пекнаты. Віктор важна, з самазадаволенасцю, падмацаванай мамінымі дыфірамбамі, пераступіў з нагі на нагу, вальяжна пагуляў у руцэ ключамі ад машыны. Сутулы, адно плячо вышэй за другое. Залысіны на Вікторавай галаве распаўсюджваліся ўглыб, паступова знішчаючы бляклыя шэрыя валасы. Невялікія, блізка пасаджаныя к пераноссю вочы і доўгі кручкаваты нос дапаўнялі партрэт віднага з сябе мужчыны. Мама не магла на яго налюбавацца.

– Так, мама, пайшлі ў машыну, няма часу. Іншым разам пагаворым, – загадаў Віктор.

Мама кароткімі нагамі, падобнымі на перавернутыя ўніз горлам бутэлькі, адбіваючы ўпэўнены крок, пашыбавала да аўто сына-бізнесмена.

Акно ў замежжа (зборнік)

Подняться наверх