Читать книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля - Страница 7
Раман
Вера
6
ОглавлениеМітрафанаўна, жвавая хударлявая бабуля, стаяла ў падземным пераходзе ля Камароўскага рынка з палатнянай пацёганай торбай у руцэ. У торбе, прыкрытыя вязанай кофтай, хаваліся пачкі імпартных цыгарэт: кантрабандны тавар, нелегальна ўвезены з-за мяжы. Мітрафанаўна знаходзілася ў шчыльнай сувязі з буйнымі кантрабандыстамі. Яна брала на рэалізацыю цыгарэты і займалася падпольным дробным гандлем. Сёння да Мітрафанаўны далучылася новая кампаньёнка-пенсіянерка. Яна не проста самастойна прыйшла і стала гандляваць, яна была ўведзена ў падпольную сетку па рэкамендацыі кантрабанднымі сувязнымі. Новую гандлярку цыгарэтамі «Мальбара», «Кент» і «Кэмел» з вярблюдам на пачку звалі Кацярына Львоўна. Некалі яна працавала выкладчыцай ва ўніверсітэце. З глыбокім веданнем справы выкладала палітэканомію і нават напісала кандыдацкую дысертацыю. Цяпер мінулы выкладчыцкі вопыт і статус ніякім чынам не мог ёй спатрэбіцца, бо яны зраўняліся ў падземным пераходзе ля Камароўскага рынка з пралетаркай, былой працаўніцай завода Галінай Мітрафанаўнай. Зраўняла іх аднолькавая жабрацкая пенсія. Поспех прыходзіць і сыходзіць, а есці хочацца заўсёды. Былая выкладчыца Кацярына Львоўна ў першы дзень кантрабанднай працы на працоўнае месца з’явілася пры парадзе: адпрасаваныя штаны і кофта з белым каўняром. Тонкія бяскроўныя старэчыя вусны яна паднавіла някідкай памадай. Фарбаваныя валасы пасля накруткі на бігудзі дыбіліся на галаве буйнымі локанамі. На носе невялікія круглыя акуляры шкельцамі прыкрывалі падслепаватыя вочы. У плеценую плоскую кашолку пад шоўкавую ў сіні гарошак касынку Кацярына Львоўна склала кантрабандныя тытунёвыя вырабы.
Да Мітрафанаўны па першасці яна звярнулася карэктна і на «Вы». Прадставілася.
– Мяне завуць Кацярына Львоўна. А Вас, здаецца, як мне казалі, Галіна Мітрафанаўна… Галіна Мітрафанаўна, любезная, Вы мне, калі ласка, растлумачце, якія тут правілы паводзінаў і парадкі. Я буду Вам вельмі ўдзячная.
Мітрафанаўна скептычна агледзела новую нягеглую гандлярку і пра сябе ахрысціла яе прафесаршай.
– Якая я табе Галіна Мітрафанаўна, мы ж, лічы, равесніцы. Заві мяне проста Галя. Пры жаданні можна, канечне, і па бацьку, ніхто не забараняе. Але мы тут з дзяўчатамі адна адну па імені называем, няма калі расшарквацца.
Пасівелыя «дзяўчаты» з торбамі, запоўненымі цыгарэтамі, апанавалі ўсе чатыры ўваходы ў падземны пераход і ціхімі галасамі затоена паведамлялі мінакам:
– «Мальбара», «Кент»… нядорага, за блок – зніжка.
Кацярына Львоўна пакрысе ўваходзіла ў курс кантрабанднай справы. Яна клапатліва паправіла шоўкавую касынку ў кашолцы, запіхнула краі за цыгарэты.
– Калі вы дазваляеце, я з задавальненнем буду звяртацца да вас на «ты», – прафесарша крыху памялася, рыхтуючыся да сяброўскага пераходу ў адносінах, і прамовіла: – Галя, скажы, якія ў мяне могуць узнікнуць праблемы вось з гэтым, – паказала яна вольнай рукой на кашолку.
– Ніякіх праблем не будзе. Прадавай ды бяры грошы. Акрамя таго, што міліцыя можа загрэбці ў пастарунак. То трэба ўцякаць. Цябе ж напэўна папярэдзілі?
– Безумоўна, папярэдзілі. Але мне неяк боязна.
– Ой, Каця… кінь дурное… няма чаго асабліва баяцца. Міліцыянеры на нас, на старых, не надта злосныя. Некаторыя шкадуюць часам, разумеюць, што не ад добрага жыцця мы ў пераход гандляваць пайшлі… Але ўсё адно ім лепш на вочы не трапляцца… а ты добра зрабіла, што ў штанах прыйшла. Спрытней будзе бегчы.
Мітрафанаўна крутнулася да мінакоў і прагаварыла як мантру:
– «Кэмел», «Мальбара», нядорага.
Падземны пераход нагадваў вялікі мурашнік. Людзі ад аўтобусных прыпынкаў і бліжэйшых вуліц спяшаліся на рынак. Сноўдалі валютчыкі, моцныя хлопцы ў красоўках і спартыўных касцюмах з залатымі ланцугамі на шыі. Дачнікі гандлявалі кветкамі, прытуліўшыся ўздоўж сцен, ставілі ля ног рознакаляровыя пластмасавыя вёдры з букетамі.
Прафесарша нясмела ўзялася за працу і пайшла ў народ.
– «Кэ-мел», – слаба выціснула яна з сябе і пастукала па плеценай кашолцы.
– Пішчыць як кацяня, – ціха прабурчала пра прафесаршу Мітрафанаўна, – а бацьку ейнага звалі Леў… Цар звяроў… Прыдумаюць жа людзі імёны… Леў… Не, каб па-чалавечы назваць Мікалаем ці хоць бы Мітрафанам, як майго бацьку.
Ля прафесаршы спыніўся малады хлопец, па ўсяму відаць студэнт, лядашчы і галавасты. Прафесарша без малейшых згрызот сумлення загнала студэнту пачак цыгарэт.
– О, размачыла. Гэта добра, цяпер гандаль пойдзе, – пахваліла новенькую бывалая Мітрафанаўна.
Гандаль пайшоў. Бабулі сноўдалі па пераходзе і пакрысе распрадавалі тытунь. Прафесарша хутка стамілася без звычкі. Жвавая Мітрафанаўна хадзіла нібы завадная і паспявала сачыць за абстаноўкай. Бакавым зрокам наверсе на плошчы перад падземным уваходам Мітрафанаўна злавіла варушэнне. Хутка ўзбегла па прыступках, агледзела плошчу ля рынка. Ад Дома Мэблі рухаўся міліцэйскі патруль. Мітрафанаўна маланкай пранеслася ўніз па прыступках і гукнула да кантрабандыстак:
– Дзеўкі, мянты!..
Ад нечаканасці прафесарша з кашолкай аслупянела.
– Што здранцвела? – піхнула яе пад локаць Мітрафанаўна. – Каця, не стой як слуп. Пабеглі да «кукурузы», – загадала прафесаршы, і яны прыпусцілі на другі бок пераходу да выхаду з падзямелля.
Мітрафанаўна на ўсіх ветразях абганяла прафесаршу. Кацярына Львоўна перарывіста дыхаючы, выяўляла небывалы спрыт і старалася не адставаць.
Двое мужчын спыніліся і назіралі за бабулямі. Адзін прамовіў:
– Паглядзі, што старушэнцыі твораць! Навыперадкі панесліся! А ў паліклініцы стогнуць: ціск у іх, суставы хворыя. Сюды б участковага ўрача, каб палюбаваўся на пацыентак.
– А тая, каторая худзейшая, – кіўнуў другі на Мітрафанаўну, – якраз мая цешча.
Мітрафанаўна і прафесарша вынырнулі з падземнага пераходу на вуліцу і, змяніўшы подбег на хуткую хаду, аддыхваючыся, пашыбавалі да высокага дома з белымі паўкруглымі балконамі, падобнага на кукурузны пачатак, празванага ў народзе «кукурузай».
Саша з машыны заўважыў знаёмую бабулю. У Мітрафанаўны ён заўсёды купляў цыгарэты. Віктор прытармазіў ля ўзбочыны. Саша адкруціў аўтамабільнае шкло і гукнуў:
– Мітрафанаўна!
Мітрафанаўна асцярожна азірнулася, убачыла Сашу ў акне машыны.
– Каця, ты хавайся ў двары за «кукурузай», а да мяне кліент прыехаў… пасля пабачымся, – імгненна развіталася Мітрафанаўна з прафесаршай і ўвішна пабегла да аўта.
Прафесарша спынілася. Сківіца на яе твары ад здзіўлення паехала ўніз, прыадкрыўшы рот. Напярэдадні прафесарша глядзела французскі фільм. У адным з эпізодаў у парыжскім квартале чырвоных ліхтароў жанчыны лёгкіх паводзін падсаджваліся ў машыны да кліентаў, аднак яны былі значна маладзейшыя за Мітрафанаўну.
Мітрафанаўна расчыніла дзверы «Пежо», зашпурнула ў сярэдзіну пацёганую торбу, прыўзняла падол квяцістай спадніцы і спрытна заскочыла на задняе сядзенне.
– Чаго стаіш? Уцякай! – гукнула прафесаршы з машыны Мітрафанаўна і гучна пляснула дзвярыма.
– Віктор, гані! – весела азваўся Саша. – Мітрафанаўна сыходзіць ад пагоні.
Віктор націснуў на газ, і машына, шаргануўшы жорсткай гумай шын па сухім асфальце, ірванула з месца.
Прафесарша паімчалася хавацца за «кукурузу». Над кашолкай, саслізнуўшы з цыгарэтных пачкаў, вылез край шоўкавай касынкі і абсыпаным гарошкам хвастом матляўся на бягу.
Імкліва праляцеўшы па вуліцы, патрыманае «Пежо» Віктора даехала да скрыжавання, павярнула направа, яшчэ раз направа і праз арку ў дзевяціпавярховіку, пракулдыкаўшы на выбаінах, заехала ў двор дома. спынілася. Віктор заглушыў рухавік. Тут яны былі ў бяспецы.
– Мітрафанаўна, ганяе вас міліцыя, – сцвярджальна сказаў Саша, павярнуўшыся бокам з пярэдняга сядзення да Мітрафанаўны.
– Ганяе, Санечка… ганяе. Што зробіш, праца ў іх такая. Яны нас ганяюць, а мы ўцякаем, – адказала Мітрафанаўна з заўзятай маладцаватасцю, ніколькі не засмуціўшыся сваімі ўцёкамі.
– І яно вам трэба – бегаць па горадзе? Адпачывалі б дома, на пенсіі.
– На пенсіі… Хіба ж пражывеш на маю пенсію? Слёзы, а не пенсія… Ат, няма пра што гаварыць, – махнула рукой Мітрафанаўна. – Але я, Санечка, не бядую. Пакуль здароўе ёсць, выкручуся, зараблю. І не такое перажывалі. Пасля вайны голыя і галодныя былі.
– Калі тое было, Мітрафанаўна? Успомнілі… – цягнуў Саша.
Віктор нахіліўся на стырно і слухаў, як за спінай бадзёра рапартуе Мітрафанаўна.
– От здаецца і даўно было, а я як удумаюся – быццам учора… Маладая была, апрануцца хацелася, з ватоўкі вылезці, хоць якое паліто купіць, сукенку. Каб зарабіць, цягала на спіне цэглу і на чацвёрты паверх, і на пяты. Козлікі адмысловыя драўляныя пад цэглу ускладуць на цябе, нагрузяць і панесла да муляроў. Тады ж кранаў пад’ёмных не было, усю працу ручкамі ды плечкамі рабілі. А горад жа разбураны, суцэльныя руіны. Трэба ж было будавацца.
Мітрафанаўна належала да пасляваеннага пакалення, цягавітага і ўпартага, пакалення бязбацькаўшчыны. Іх бацькі загінулі на вайне. Ім не было на каго спадзявацца, акрамя сябе саміх. І яны працавалі і ўдзень, і ноччу, і ў холад, і ў спёку. Працавалі з энтузіязмам, з верай у цудоўную будучыню.
– Мітрафанаўна, дык вы на будоўлі працавалі?
– Спачатку, Санечка, на будоўлі, а пасля – на заводзе, на шарыкападшыпніках… Грошы на заводзе большыя плацілі. У мяне на сённяшні дзень – сорак гадоў бесперапыннага стажу, – пахвалілася Мітрафанаўна.
– Ого! Мітрафанаўна, адпрацавалі вы як мае быць. А навошта столькі працоўнага стажу?
– А як жа, Санечка, чым большы стаж, тым большая пенсія. Так нам абяцала дзяржава. І я верыла… От думала, напрацую стаж і будзе ў мяне вялікая пенсія.
– І як, спраўдзілася вера, вялікую пенсію атрымліваеце? – дзеля праформы пытаўся ў Мітрафанаўны Саша, ведаючы, якая ў пенсіянераў насамрэч пенсія.
– Кукіш з маслам, а не пенсія… З цыгарэт нагандлюю, тады можна жыць. І дачцэ дапамагаю, унучку малодшую ў інстытуце трэба вывучыць… Ох, задурыла я вам, хлопцы, галаву, люблю пагаварыць… Санечка, ты ж па «Мальбара» прыехаў?
Мітрафанаўна палезла ў торбу.
– Два блокі вазьму адразу, – зрабіў замову Саша.
– Прадала, прадала… «Мальбара» адзін блок застаўся і два пачкі.
– Давайце што ёсць.
– От, Санечка, з табой добра працаваць. Бярэш оптам. Люблю такіх кліентаў, а то цыркаюцца па пачку… Прадам табе ды паеду дамоў. Хопіць на сёння, набегалася.
Мітрафанаўна прасунула між крэсламі доўгую папяровую ўпакоўку з цыгарэтамі і два асобныя пачкі ў дадатак. Саша ў аплату адправіў да Мітрафанаўны беларускія грошы, празваныя «зайцамі». На грашах пасяліліся розныя звяры: вавёркі, бабры, рагатыя ласі. А на купюру ў адзін рубель заскочыў заяц-русак. Гэты малюнак вушастага зайца і даў назву нацыянальнай валюце. Насельнікі лясоў упрыгожвалі беларускія грошы. Было ў гэтым нешта сімвалічнае. Інфляцыя скакала па краіне. Заўтра Мітрафанаўна пойдзе да знаёмага валютчыка – памяняе пачак «зайцаў» на зялёнага «Джорджа Вашынгтона».
Віктор завёў машыну. Мітрафанаўна надзіва лёгка для сваіх гадоў выбралася з машыны, цягнучы за сабой торбу з рэшткамі цыгарэт «Кемэл».
– Да наступнага разу, Мітрафанаўна. Я ваш навекі, рыхтуйце цыгарэты.
– Санечка, для цябе ў першую чаргу, у любы час дня і ночы, – вочы Мітрафынаўны ўсміхаліся. – Бывайце, хлопчыкі.
Мітрафанаўна зачыніла дзверы машыны і праз двор уздоўж пад’езда пашыбавала да аўтобуснага прыпынку.
– Вось табе і старушэнцыя. Не кожны малады здолее гэдак пакруціцца, – прамовіў Віктор, гледзячы ўслед Мітрафанаўне. – Каб маладая была, узяў бы да нас трэцяй кампаньёнкай па бізнесе ці бухгалтаркай замест Клавы.
– Давай сёння не будзем пра Клаву. Яна там нешта напарола з квартальнай справаздачай. Лепш не ўспамінаць… Так, цыгарэты я купіў, і мне таксама трэба рухаць дадому.
– Паехалі да мяне, – прапанаваў Віктор. – Вера вячэру згатавала. Піўка купім. Што табе аднаму дома сядзець?
– А паехалі, – ахвотна згадзіўся Саша.
Віктораў кампаньён Саша некалькі месяцаў жыў самотным халасцяцкім жыццём. З’ехаў ад бацькоў на здымную кватэру. Яны наўмысна выправілі сына з бацькоўскага дома, мяркуючы, што калі той будзе жыць адзін, то хутчэй з’явіцца ў яго якая кабета, а там глядзі і жэніцца. Саша іх хітрыя планы не падзяляў і звязваць сябе вузамі Гіменея не імкнуўся. Марш Мендэльсона яму падабалася слухаць выключна на чужых вяселлях. Спачувальна глядзеў ён пад гукі вясельнай музыкі, як на чарговага маладога мустанга накідваюць ласо.
Сённяшні вечар Саша правёў на кватэры Віктора і Веры ў сямейнай атмасферы. Павячэраў, выпіў піва. У дзіцячым пакоі паразмаўляў з Верынай дачкой Насцяй, паглядзеў яе малюнкі, пахваліў і нават пагладзіў па галаве.
– Дзядзя Саша, я вам зараз казку пачытаю, – зазвінеў дзіцячы голас, і Насця пацягнула з паліцы кнігу казак у маляўнічай вокладцы.
«О, фігня якая атрымалася, мусіць перастараўся. Гладзь пасля гэтага дзяцей па галоўцы… зараз пачнецца… Жылі-былі дзед і баба… ці яшчэ горш… У некатарым царстве, у некатарым гаспадарстве… Я гэта наўрад ці вытрымаю. Не саспеў я яшчэ», – захваляваўся Саша.
– Другім разам, Насцёна, другім разам пачытаем абавязкова, – хутка адстраляў словы і рэціраваўся з дзіцячага пакоя.
Сям’я разбеглася па кутках. Віктор глядзеў у зале тэлевізар. Вера корпалася на кухні: было чуваць, як струменіць вада з кухоннага крана, ляпаюць талеркі. Саша зайшоў у залу.
– Санёк, сядай, целек паглядзім, – прызыўна матнуў рукой Віктор.
Саша прыладзіўся на мяккай канапе. Пачуваўся ён няўтульна. Дома б цяпер спакойна разлёгся ў цішы, пачытаў дэтэктыў. Сядзі тут як цвік у адным месцы. Нейкі час Саша з салідарнасці з Вікторам прыгнечана глядзеў неверагодную эканамічную муру па целеку. Марудна цягнуліся хвіліны. Напрыканцы вечара, прытомлены назіраннямі шчаслівага сямейнага жыцця, Саша з палёгкай паехаў у звыклую эгаістычную самоту халасцяцкай кватэры.
Перад сном Вера наважылася абмеркаваць з Вікторам Сашава асабістае жыццё. Яна сядзела на вялікім двухспальным ложку, прыкрыўшы калені лёгкай летняй коўдрай. Начная сарочка з карункавым выразам спаўзла з пляча. Вера заклапочана ўздыхала:
– Трэба абавязкова Сашу з кім-небудзь пазнаёміць. Яму так самотна… У мяне ёсць сяброўкі незамужнія. Трэба прыдумаць нагоду і звесці іх з Сашам. Напрыклад, зладзіць шашлыкі на прыродзе… Як ты думаеш, Віктор, гэта можна зрабіць? Табе падабаецца мая ідэя?
Віктор у адных трусах рыхтаваўся заскочыць пад коўдру. У яго галаве саспела іншая ідэя. Карункі, што ледзь прыкрывалі Верыны грудзі, натхнялі і будзілі фантазію.
– Што ты сказала? Прабач, я не ўсё пачуў. Сашу пазнаёміць? Можна і пазнаёміць.
Віктор залез пад коўдру, з прыціскам, пажадліва правёў далонню па Верыным калене і вышэй, праваркатаў:
– Сонейка, давай спаць.
Быццам бы ён менавіта спаць і збіраўся…