Читать книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля - Страница 8
Раман
Вера
7
ОглавлениеВера верыла, што можа дапамагчы ўладкаваць Сашава сямейнае жыццё. І што ён менавіта сямейнага жыцця і прагне. У яе на прыкмеце былі дзве сяброўкі, абедзве мінчанкі. Мінчанкі сябруюць з мінчанкамі, правінцыялкі з правінцыялкамі. Іну яна ведала са школы. Тупаватая асоба. У матэматыцы наогул нічога не секла. Старанна спісвала рашэнні задач у суседкі па парце, выцягнуўшы шыю, зазірала праз плячо ў чужы сшытак. З гуманітарнымі навукамі ішло не нашмат лепш. Атэстат Іны за дзесяць класаў стройным шэрагам упрыгожвалі трайбаны… Нейкім дзівам пасля школы Іна паступіла ў сельскагаспадарчы інстытут. Як і дзеля чаго яна там апынулася і пачала знаёміцца з сельскай гаспадаркай, будучы дачкой мінскіх інжынераў, заставалася для Веры загадкай. Хадзілі чуткі, што ў Інінага таты ў той адукацыйнай установе былі падвязкі. Пасля сканчэння сельскагаспадарчага інстытута ў сяло Іна, канечне, не паехала, а засталася ў Мінску у нейкай канторы «Рогі і капыты». Па размеркаванні на працу Іна значылася ў спісе адной з апошніх і павінна была ехаць туды, куды Макар цялят не ганяў, але адбыліся дзіўныя метамарфозы: апошнія са спісу засталіся ў Мінску, а выдатнікі-правінцыялы паехалі ў сяло падымаць пахіснуўшуюся сельскую гаспадарку. Інтэлект якраз у палях ім і спатрэбіцца. Мінчане з Мінска не выязджаюць, яны тут прысмоктваюцца, прымагнічваюцца. Іна наконт інтэлекту не пераймалася, яна дабірала іншым: доўгія ногі, пекныя формы і гуллівы характар. Яна лёгка выскачыла замуж і гэтак жа лёгка разышлася, падарыўшы бацькам унука. Хацелі – атрымайце, можаце цяпер нянькацца. Пасля ўступлення ў шлюб Іна адразу пераехала ад бацькоў у асабістую двухпакаёвую кватэру. Хадзілі чуткі, што ў Інінага таты былі падвязкі, прапісалі ў бацькоўскую кватэру Ініну бабулю з сяла, нешта падхімічылі і оп-ля: дачка атрымала асобную кватэру. Пасля гэтага Ініны бацькі бабулю за непатрэбнасцю адправілі назад у сяло, што ёй тут у горадзе рабіць, няхай дажывае свой век на свежым паветры. Зяця таксама з кватэры вытурылі і сталі Іначцы дапамагаць, бо адной ёй цяжка гадаваць дзіця. Веры жыццё сяброўкі бачылася інакшым. Нацярпеўшыся нястачы ў няўдалым шлюбе з Лёнчыкам, яна і сяброўку шкадавала. Веры здавалася, што Іне не шанцуе ў асабістым жыцці. Што ёй самотна і цяжка.
Другая сяброўка была калега-мадэльерка, маўклівая і цягамотная мастачка Аня. Аня жыла з мамай. Мужчыны у іх кватэры не вадзіліся. У Ані быў асобны пакой, дзе яна стварала свой асаблівы свет. Дрэнна прыклееныя шпалеры на сценах месцамі пузырыліся і неахайна зацёрліся ля канапы. Аню не бянтэжыла гэтая дробная акалічнасць – занураная ў эстэтычныя вынаходніцтвы, яна гадзінамі праседжвала, корпаючыся ў аплікацыях з тканіны, падразала, падшывала, распорвала і зноў падшывала. Скончыўшы з аплікацыямі, Аня, нястомная ў творчых пошуках, бралася за фарбу. Варыла на кухні каляровае смуроднае варыва ў рондалі і запускала туды белую тканіну, закручаную ніткамі ў пучкі, кіпяціла яе ў фарбаванай вадзе, і на свет з’яўлялася ануча ў павуцінныя плямы-разводы – вынік творчых пошукаў. Вера захаплялася Анінымі мастацкімі талентамі. Як і належыць таленавітаму чалавеку, Аня амаль заўсёды хадзіла ў расцягнутых штанах і гэткіх жа майках.
Вось гэтыя дзве незамужнія мамзелі, Верыны сяброўкі, былі прызначаны ў патэнцыйныя нявесты для Сашы. Любая на выбар. Вера абзваніла іх, запрасіла ў наступную суботу з’ездзіць разам кампаніяй на рэчку, зладзіць шашлыкі на прыродзе і між іншым з гуллівай стоенасцю паведаміла, што ў Віктора ёсць халасты кампаньён, намякнула: Саша будзе на шашлыках, не ўпускайце момант. Вера карцела як мага хутчэй зладзіць злучэнне адзінокіх сэрцаў.
З пятніцы Вера рыхтавалася да сватоў, замаскіраваных пад шашлыкі. Для шашлыку патрэбна было купіць свіное мяса. Яна рызыкнула схадзіць на закуп у краму. Здаралася, туды прывозілі свініну. Мясны аддзел сціпла хаваўся ў самым канцы ўніверсама. Вера прайшла паўз старых паліц, застаўленых трохлітровымі слоікамі кансерваваных памідораў і агуркоў, паўлітрушкамі салянкі з кіслай капусты, стосамі бляшанак кількі ў тамаце і кансервамі «Завтрак туриста». Сняданак турыста складала пярловая каша з сімвалічным, чыста ўмоўным дадаткам мяса: любімая закусь для сіняносых заўсёднікаў віна-гарэлачнака аддзела. Кірнуўшы на траіх паўлітроўку, закусвалі яны «Завтраком туриста» і плаўленым сырком «Дружба». Дзея адбывалася за бліжэйшым вуглом. Далікатна зняўшы з сырка тонкую фольгавую абгортку, упіваліся жоўтымі зубамі ў сырковую мякаць і па-сяброўску перадавалі куснуць сабутэльніку.
Вера падышла да прылаўка ў мясным аддзеле. Прылавак наганяў тугу. За пашарпаным, запэцканым шклом на бляшаных падносах ляжалі супавыя наборы з абгрызеных костак, пара невялікіх кавалкаў пацямнелай абветранай тлустай свініны, побач стосам грувасціліся свіныя ногі с капытамі, тырчалі лычамі ўверх дзве вялізныя свінячыя галавы з дрэнна абсмаленымі вушамі.
– Х-м… з гэтага прадукту шашлыку не зробіш, – сказала Вера, разглядаючы тоўсты свінячы лыч. – Вось дзіўна, куды знікае свіное мяса?.. Мабыць, свіней падрываюць… Пасля падрыву застаюцца адны галовы ды капыты.
З падсобкі з’явіўся чырванатвары рубшчык мяса ў брудным халаце з закасанымі рукавамі. Халат, пакрыты спераду засохлымі барвова-карычневымі плямамі, зашпіляўся двума гузікамі на пузе.
– Скажыце, калі ласка, а мяса падвязуць? – безнадзейна спытала ў мясніка Вера.
– Не ведаю. Можа, падвязуць, а мо і не. Мне дырэктарка крамы не дакладае. Бярыце, што ёсць, – абыякава прашмякаў тоўстымі вуснамі мяснік і хутка сышоў у падсобку.
Вера пастаяла крыху ля прылаўка, вывучала свінячыя лычы.
– Бярыце што ёсць. А што тут ёсць?.. Трэба цягнуцца па мяса на Камароўку, – уздыхнула яна.
На Камароўскім рынку заўсёды можна было купіць добрай свініны, хоць і каштавала яна не танна. У мясных шэрагах гандлявалі перакупшчыкі. Яны скуплівалі за невялікія грошы свініну ў вяскоўцаў і перапрадавалі ўтрыдарага ў ненажэрнай мільённай сталіцы. Сярод перакупшчыкаў зрэдку трапляліся вяскоўцы з мясам ад уласнай гадоўлі. Іх адрознівалі абветраныя твары і заскарузлыя ад працы рукі. Веры ж усе гандляры здаваліся аднолькавымі. Мяса выбіраць яна не ўмела, ніякавата тапталася ля мясных прылаўкаў, спадзявалася на вопыт гандляроў, верыла ім і купляла, што прапаноўвалі. Раз на раз не прыходзіўся: бывала, купляла добрае мяса, а здаралася, падсоўвалі з жыламі і масламі – прывітанне для дамачкі з водарам парфуму.
Вера пасоўвалася ўздоўж мяснога шэрагу. Рынак пад высокім купалам гулка гудзеў, поўніўся галасамі. Зазывалі гандляркі:
– Бярыце свінінку. Паглядзіце які кавалак кумпяка пекны. Нядорага.
– Скабачкі нятлустыя.
Вера завярнула ў другі шэраг. Яна наканавана цягнулася ля прылаўка, гружанага свежыной. Спытала пару разоў кошт выразкі. Прыцанілася. Погляд слізгаў па мясе, па гандлярках у белых хвартухах з каўпакамі на галаве. Раптам Вера адчула, што нехта за ёй назірае, спакваля, незаўважна. Яна ўтаропілася на гандлярак, што белафартушна чаргаваліся за мяснымі кавалкамі, раскладзенымі на доўгім суцэльным стале. Адна з гандлярак нахіліла галаву ўніз і ўбок, хаваючы твар, прысела і знікла пад сталом. Белы каўпак па-здрадніцку тырчаў зверху. Другая, паўнагрудая мажная матрона, праводзіла яе пад стол недаўменным разгубленым позіркам.
– Воля, чаго ты туды палезла? – міргнулі здзіўленнем вочыгузікі паўнагрудай гандляркі.
Каўпак не зварухнуўся.
Вера замарудзіла крок, спынілася ля каўпака. Магнітам пацягнула затрымацца. Яна пачала выбіраць свежаніну, не выпускаючы з віду каўпак. Праз нейкі час каўпак, вырашыўшы, што пагроза мінавала, павольна пайшоў з-пад стала ўгару. Над прылаўкам высунуўся малады жаночы твар.
– Калініна?.. Волька?.. Што ты тут робіш? – агарошана выпаліла Вера.
– Мясам гандлюю, – прагучаў з галавы над прылаўкам упаўшы голас, твар успыхнуў, і Волька Калініна поўнасцю вылезла з-пад стала, гатовая праваліцца скрозь зямлю. «Так няўдала патрапіцца на вочы былой сакурсніцы… А Вера расфуфыраная, парфумай пахне, бачна што – у шакаладзе. Не тое што я… Развярэдзіла душу», – засмучана думала Волька Калініна, разглядаючы Веру. Калісьці яны побач сядзелі ў аўдыторыі за мальбертамі, малявалі нацюрморты. Блікі святла на антычнай вазе. Светлацень. Драпіроўкі з тканіны. Юнацтва, поўнае мараў і надзей… Жыццё няўмольна.
– У нас швейныя атэлье пазачыняліся. Проста немагчыма ўладкавацца на працу па спецыяльнасці, – чамусьці пачала апраўдвацца перад Верай былая сакурсніца. – Двое дзяцей карміць трэба, прыходзіцца круціцца.
– А я бяру замовы на святочныя сукенкі.
– Я таксама спрабавала шыць на замову… Ды толку мала… Гарадок маленькі, заробак на прадпрыемствах не плацяць, народ збяднеў. Не замаўляюць святочных сукенак. Кожны стараецца штосьці таннае з адзення на рынку купіць… Гэта у вас у сталіцы заўсёды ёсць багаценькія бураціны.
– Так-так, разумею… – падтаквала, круцілася Вера, размова давалася няпроста, адчувалася нацягнутасць, няёмкасць. – А ты нашых каго-небудзь бачыла? – спрабавала яна зляпіць зацікаўленасць.
Як барыкада іх раздзяляў мясны прылавак з лунаючым у паветры пахам свежыны.
– Не, не бачыла, – шчыра адказала Калініна. «І не жадаю бачыць. Не вельмі я гляджуся за прылаўкам ў белым каўпаку гандляркі мясам. Цябе, Вера, з каптуром хопіць», – кіслым воцатам праскочыла ў думках Калінінай.
– А як у асабістым жыцці?
– З мужам я разышлася. Свабодная жанчына, – храбрылася Калініна.
Гандлярка з вачамі-гузікамі навалілася локцямі і «поўнай пазухай цыцок» на прылавак і, навастрыўшы вушы заўзятай пляткаркі, лавіла кожнае слова.
– Мужчыны цяпер не прывязаны да сям’і, уцякаюць ад праблем. Хочуць рабіць кар’еру, – недарэчна пляла Вера.
– Кар’еру?.. Седзячы з півам на канапе? Ты і сказанула… Я яго сама вытурыла. Яшчэ і сыходзіць не хацеў. «Оля, я жыць без цябе не магу». Мала мне дваіх дзяцей, а ён – за трэцяга.
Канечне, ён без мяне жыць не можа. Усё на маіх плячах. Дваіх дзяцей я так-сяк пацягну, а траіх – то не, прабачце, асабліва калі трэці з барадой… А ты як? – выгаварыўшыся, спытала яна Веру.
– Ды так, нічога сабе, – ухіліста адказала Вера. Абмяркоўваць пры незнаёмых людзях асабістае жыццё было няёмка. Вера коса зірнула на прадавачку з пранырлівымі вачамі-гузікамі і паспешліва палезла ў сумачку, дастала асадку. Крутнуўшы яе між пальцаў, спытала ў Калінінай: – У цябе ёсць паперка? Запішу хатні тэлефон, патэлефануй у бліжэйшы час, сустрэнемся, паразмаўляем. Тут не вельмі зручна.
Калініна паціснула плячамі. У мясных шэрагах паперы для нататак не вадзілася. Вера знаходліва адшукала ў бакавой кішэні дамскай касметычкі талончык на праезд і са зваротнага боку напісала нумар тэлефона. Вера марна пакідала нумар тэлефона. Волька Калініна тэлефанаваць не збіралася. Пра што ім гаварыць? Яны па розныя бакі мяснога прылаўка, як па розныя бакі барыкад. Студэнцкія бесклапотныя дні за дымкай жыццёвага далягляду. Графіка, жывапіс, мадэлі сукенак незваротна сышлі ў мінулае. У кожнага свой шлях. Вера летуценная, напамаджаная, ціснула на Калініну манернасцю і пахам парфумы.
Вера адчувала сябе не ў сваёй талерцы, быццам нечым вінавата перад Калінінай. Кропелька віны ўсё ж была: Вера не сумела схаваць пачуцці. Ёй бы згуляць свайго ў дошку хлопца, які нічаму не дзівіцца, а яна мружыла вочы спачуваннем. Каму спачуваць? Гандлюючы мясам, Волька Калініна зарабляла ўдвая болей за Веру. Але людзям уласціва прыпісваць сабе больш поспеху і ўдачы. Вера карпела за швейнай машынкай, абіхаджвала капрызлівых кліентак, пашываючы модныя строі, паслужліва ім падыгрывала: «Колер сукенкі Вам вельмі да твару, а фасон падыходзіць да вашай фігуры, толькі прыўзняць рукаўчык, крыху распусціць у таліі і падкараціць падол» – і поўзала на кукішках, намячаючы даўжыню сукенкі. Удача.
На шашлык Вера купіла ў былой сакурсніцы шыйнае свіное мяса, бяскоснае. Віктор, знаўца пагулянак, казаў, што яно лепш за ўсё пасуе, каб быць засмажаным на агні. Вера аддалялася, сыходзіла з мяснога шэрагу. Гандлярка, адпіхнуўшыся локцямі ад прылаўка, выпрасталася і ўзняла перад сабой бюст.
– Гэта што за фіфа? – спытала яна, глянуўшы шэрымі гузікамі ўслед Веры.
– Ды так, адна… вучыліся разам, – адказала Волька Калініна і скамячыла ў руцэ талон з напісаным тэлефонным нумарам.
Вярнуўшыся з Камароўскага рынка на кватэру, Вера зрабіла шашлык. Заліла кефірам у рондалі парэзанае на невялікія квадратныя кавалкі мяса, пакрышыла скрылькамі на чатыры часткі цыбулю, змяшала, пасаліла. Гатова. За ноч настаіцца, заўтра запячы і есці…
У суботу раніцай збіраліся на шашлыкі. Вера, апранутая па паходнаму ў кароткія брыджы і спартыўную кофту на маланцы, складала пакеты ў багажнік. Ля машыны яны былі ўдваіх з Вікторам. Насцю забрала бабуля аднакласніцы. Вера пазнаёмілася з ёй на бацькоўскім сходзе, прыемная добразычлівая жанчына. Яна выручала Веру і часам прыглядвала за Насцяй. Часта, гледзячы на дачку, Вера балюча шкадавала, што ў Насці няма бабулі. Верына мама рана пайшла з жыцця.
Багажнік машыны напоўніцу загрузілі пляжнымі прычындаламі, сумкамі з посудам і прадуктамі. Рондаль з шашлыкамі прыладзілі між сумкамі, каб не перакуліўся ў дарозе. «Пежо» пакаціла збіраць каманду на ўік-энд.
Ля станцыі метро «Усход» у салон бадзёра заскочыў Саша, звыкла прымасціўся на пярэдняе сядзенне побач з Вікторам. Паехалі далей.
На вуліцы Каліноўскага прыхапілі мадэльерку Аню ў расцягнутых спартыўных штанах. Яна стаяла, прытуліўшыся да шэрага камля дрэва. Гэткая ж шэрая і невыразная, у апушчаных руках трымала скураную сумку з выцвілай рудой скуры. Сумка накшталт мяшка зашморгвалася зверху на куліску праз металічныя дзіркі-фістоны. Аня лічыла гэтую сумку шэдэўрам стылю. Для звычайнага мінака, неспакушонага творчымі пошукамі, «шэдэўр» выглядаў пастуховай торбай. Машына ледзь не праляцела на ўсіх ветразях міма Ані. Прыйшлося тармазіць і даваць задні ход. Аня квёла варухнулася, адкараскалася ад дрэва і няспешна запаўзла ў салон.
Іна чакала на прыпынку ў Зялёным Лузе. Вера заўважыла яе здалёк. Русалка з распушчанымі валасамі. Неверагодна кароткія блакітныя шорты на доўгіх нагах і стракатая пляжная сумка праз плячо. Машына прыціснулася да ўзбочыны і спынілася ля Іны.
Вера з Аняй пасунуліся і Іна падсела да іх на задняе сядзенне. Вера радасна кіўнула Іне.
– Прывітанне, дарагая мая.
– Усім прывецік, – працыўкала Іна.
Уладкаваўшыся ў машыне, яна чынна прадставілася мужчынам:
– Будзем знаёмы. Я Інэс-са.
У Верыных вушах нязвыкла прасіпела літара «с». Інэс-са. Яна здзіўлена пакасілася на сяброўку і падумала: «Мама мілая… ратуйце, з якіх гэта пор яна зрабілася Інэсай? Заўсёды была Інай, іншым разам Інкай… бач ты, сёння перакваліфікавалася ў Інэсу».
Віктор і Саша павярнуліся з пярэдніх сядзенняў да Інэсы і адначасова, зблытаўшы разам свае імёны, прамовілі: «Віктор, Саша».
– Дык мы едзем? – бадзёра спытала Інэса і дзвюма рукамі адсунула апаўшыя пасмы валасоў з твару.
Віктор павярнуўся да стырна, націснуў на педаль газу. «Пежо» ад’ехала ад узбочыны і, набіраючы хуткасць, пакаціла па шашы. Саша крыху затрымаў пагляд на Верыных сяброўках. Агню ў яго паглядзе Вера не заўважыла. Ён павольна адвярнуўся, паправіў рэмень бяспекі і глянуў праз аўтамабільнае шкло ў поле, быццам там было цікавей. За горадам зелянелі апрацаваныя і засеяныя палеткі, дрэвы збіраліся ў невялікія пералескі, а з-за іх вынырвалі дачы з рознакаляровымі металачарапічнымі дахамі. Ненатуральным крыклівым бэзавым колерам кінуўся ў вочы вузкі двухпавярховы дачны дамок, бліснуў і люстрам адбіваў сонечныя промні металічны скатны дах павернутай бокам нізкай прыбудовы. Вясковыя старыя драўляныя хаты з шэрым шыферам на макаўцы стаялі асобна ад дач, сціпла туліліся адна да адной сярод поля. Саша апусціў аконнае шкло, і вецер цёплай плынню ўварваўся ў аўтамабіль, абдзьмуваў твар, уздымаў валасы. Высунутая з акна далонь рассякала сустрэчны вецер. Машына хутка імчала па шырокай бетоннай дарозе. Даехаўшы да скрыжавання, прытармазіла і звярнула з шашы ў бок Вячы. Пераадолелі яшчэ некалькі кіламетраў. Ля павароту пазначылася шыльда з назвай вёскі Дафэрэнцыя. Машына звярнула на дарогу ў пералесак. Праз пару хвілін выскачылі да ракі.
На беразе загаралі адпачываючыя. Да машыны імкліва кінуўся маленькі лялечны сабачка з вузкім ашыйнікам, пагрозліва зацяўкаў, прабег некалькі крокаў, спыніўся, вякнуў услед машыне для парадку і, віхляючы хвастом, вярнуўся да гаспадыні. Сабачая гаспадыня ў позе ёгі, скруціўшы ногі і выставіўшы разгорнутыя ўверх далоні, адкрыўшы чакры, убірала ў сябе сонечную энергію з нябёсаў. З пясчанага, парослага рэдкай стаптанай травой спадзістага берага ў ваду заходзілі купальшчыкі. Апасліва і дрыготка ставілі белыя ногі ў слаба прагрэтую ваду, асвойтаўшыся, клаліся на водную гладзь і плавалі ля берага, плюхалі рукамі па каламутнай вадзе. Шырокая рака выгінала цёмнае ціхае рэчышча ўздоўж парослых лесам берагоў. Удалечыні, узняўшы нос, віхляла па вадзе маторная лодка, пакідала за сабой распырсканую, пеністую сцежку. На мелкаводдзі пры беразе краталася пад лёгкім ветрам высокая асака.
«Пежо» заехала ў прыбярэжны лес і спынілася. Тут было бязлюдна і зацішна. Абапал ракі раслі дрэвы, падступалі да самага берага і кронамі, нахіліўшыся, глядзелі ў ваду. Крыху воддаль ад ракі шырокая прагаліна між дрэў утварала невялікую сонечную паляну. Кампанія выйшла з машыны.
– Цудоўнае месца і выхад да вады ёсць. Вунь, глядзіце, вытаптана зямля ля берага, – сказала Вера.
– Міленька, мне падабаецца, – падтрымала Інэса, пацягнулася, размяла плечы і страсянула назад валасамі.
Зняўшы плоскія палатняныя пантофлі, яна гарэзліва паскакала да вады, пальцамі босай нагі пакратала водную гладзь. Услед за Інай, аглядаючы прыбярэжны лес, пацягнулася Аня. Яны недарэчна глядзеліся побач. Адна ў какетлівых шортах, ледзь прыкрываўшых пятую кропку. Другая – у трыкатажных спартовых штанах унісекс.
Віктор расчыніў багажнік і выгружаў пакункі. На траву прызямлілася сумка з посцілкай і ручнікамі, пакет з прадуктамі, шампуры, мангал. Вера пачала дапамагаць. Вазілася з посудам, разбірала прадуктовы пакет. Сяброўкі Веры, абыякавыя да гаспадарчых клопатаў, шпацыравалі па беразе ракі і дзяліліся ўражаннямі аб прыродзе.
Саша рыхтаваў мангал.
– Санёк, не хочаш скласці дамам кампанію? – заўзята падміргнуў вокам Віктор.
– Да ну іх… не… потым, пазней, – упарціўся Саша. – Шашлыкі лепш збацаю. Трэба Веры дапамагчы, – прачнулася ў Сашу схільнасць да гаспадарчых спраў.
Віктор цішком зірнуў у бок ракі, чапляючыся паглядам за голыя ногі Інэсы.
Тым часам Саша натапыраны вазіўся з мангалам. Ён разгадаў Верыну задумку. Гэтыя сяброўкі на беразе ракі з’явіліся па яго душу. Не, няправільна… Правільна казаць – з’явіліся па руку і сэрца… Гэтак ён і аддасць, трымайце шырэй кішэню!
Вера паднесла посцілку бліжэй да мангала і разаслала на траве. Зазвінелі шампуры, лязгаючы адзін аб адзін, ляглі на край посцілкі. Побач паставіла рондаль з замочанымі ў кефіры шашлыкамі. Віктор разгрузіў машыну і ў нацяжку моцна пляснуў багажнікам.
– Пайду сплаваю. Праверу, як вадзіца.
Хутка паскідаў з сябе адзенне, расправіў неспартыўны ссутулены торс, асцярожна ступаючы нязвыклымі да босай хады нагамі, пакрочыў да ракі і сходу нырнуў у ваду.
Інэса з берага чыркнула вачамі ўслед Віктору і, томна пацягнуўшыся, сказала:
– Трэба і мне асвяжыцца.
На ўскрайку берага, ля высокай шапатлівай асакі яна сцягнула з клубоў вузкія шорты, адным махам праз галаву зняла з сябе тонкую майку і, бліскануўшы жоўтымі бляхамі аздобы на белым купальніку, пайшла ў ваду. Валасы струменілі па гладкай скуры плячэй. Аня, кратаючы пальцамі кішэні расцягнутых спартыўных штаноў, шчымліва глядзела ёй услед.
Вера наторквала на шампуры кавалкі мяса і назірала, як Віктор з Інай, пераўвасобленай раптам у Інэсу, плаваюць адно ля аднаго. Загледзеўшыся, наторкала мяса пад самы заточаны верх шампура.
– Куды ты столькі наляпіла, здымай апошнія кавалкі, – загадаў Саша і дакорліва пакруціў галавой, – Вера, аб чым ты думаеш? Мне ж трэба, каб краі шампураў былі свабодныя.
Вера апусціла шампур пікай уніз, сцягнула некалькі кавалкаў мяса і размашыста плюхнула назад у рондаль. Між пальцаў сцякаў кефір з шашлычнай замочкі. Яна яшчэ раз мелькам зірнула на раку.
Дэльфін і русалка выйшлі з цёмных вод на травяністы бераг. Віктор узяў з пакета шырокі ручнік, абціраючыся стаў ля машыны. Выцерся закруціў ручнік вакол вузкіх клубоў, заткнуўшы рог на таліі. Туды ж да машыны падышла і Інэса, рукой адціскаючы вільгаць з намоклых доўгіх валасоў. З пляжнай сумкі дастала невялікі паласаты махровы ручнік, абцёрла рукі і грудзі, мяккай махрой прайшлася па доўгіх моцных нагах, развярнуўшыся да Віктора, прамовіла:
– Вытры мне спіну, калі ласка, я не дастаю.
Віктор з ідыёцкай усмешачкай прайшоўся ручніком па мокрых Інэсіных плячах. Вера перастала торкаць мяса на шампур, атрутным позіркам упілася ў Інэсу.
«Гадаўка! Ты ж ведаеш, гэта мой мужчына!.. Я чаму цябе на шашлыкі запрасіла? Я цябе запрасіла, каб з Сашам пазнаёміць… падлюка ты!» – віравала ў Веры ў галаве.
Інэса падзякавала Віктору, зірнуўшы яму ў вочы паглядам шалавы, раскінула на пляжную сумку мокры ручнік і як ні ў чым не бывала пайшла да Веры.
– Веруня, давай дапамагу. Што мне рабіць, можа агуркі парэзаць?
Вера натужна ўсміхнулася і падсунула Інэсе шампур.
– Шашлыкі нанізвай. Вось так, рукой бяры, – Вера запусціла руку ў рондаль з кавалкамі абмазанага кефірам шашлыку і наторкнула на шампур прыгаворваючы: – Оп-ля.
Інэса неахвотна ўзяла ў руку кавалак мяса і няёмка торкала яго на шампур. Доўгія валасы звісалі мокрымі пасмамі над шампурам.
– І цыбульку бяры ў рукі, нанізвай да мяса, – давала ўказанні Вера.
Інэса неахвотна пакошкалася зверху ў рондалі пальцамі.
– Глыбей рукой, глыбей залазь. Цыбуля на дне рондаля.
Пальцы Інэсы, адшукаўшы на дне кавалак цыбулі, пакрыліся ліпучай тлустай шашлычнай замочкай.
– Пайду сплаваю, – сказала Вера і пакінула Інэсу сам-насам з шашлычным мясам.
Яна пайшла да ракі, а Інэса няўклюдна нанізвала мяса, крывілася, ліпкая тлустая замочка сцякала па руках.
Саша рыхтаваў распалку мангала. Ад чацвярцінкі кароткага палена адшчоўкваў нажом дробныя шчэпкі і скрыжоўваў іх над сціснутай у камяк газетай. Праз хвіліну над мангалам зыбкай стужкай узняўся дымок, пад шчэпкамі разгаралася газетная папера. Саша, абыякавы да прапанаваных на выбар дзвюх кабет, зацята аддаўся здабычы агню. Вочы ўзрушана блішчэлі насустрач нясмелым языкам полымя. Цягамотная Аня прысела на посцілку і, падціснуўшы да сябе ногі ў спартыўных штанах, пачала стругаць на талерку скрылькі агуркоў. Сухія, ломкія, падрэзаныя да плячэй валасы спадалі на доўгі вузкі твар. Яна прыбрала іх рукой, заклала за вуха. Мільгнуўшы бясколернымі вейкамі, незаўважна зірнула на Сашу.
Сонца залівала паляну раскошным шчодрым святлом, ціха краталася асака ля берага. У мангале разгарэўся агонь, ахопліваючы полымем чацвярцінкі паленцаў. Едкі дым узлятаў у паветра. Сухое дрэва хутка гарэла, ператваралася ў пякучае, дыхаючае жарам барвова-чырвонае вуголле.
Вера накупалася і, падбадзёраная прахалоднай вадой, вярнулася да кампаніі. Аня падсунула на сярэдзіну посцілкі нарэзаныя і прыгожа з эстэтычным густам выкладзеныя ў талерцы агуркі з памідорамі, паклала на сурвэтку кавалкі хлеба. Вера пагаспадарыла ў прывезеных з дому пакетах, паставіла на посцілку пластыкавую бутэльку газіроўкі, пакет соку, расклала талеркі, відэльцы і рознакаляровыя кубкі з харчовай пластмасы, памяранцавыя і салатавыя. Паходныя кубкі пад любую патрэбу: і пад гарбату, і пад віно з гарэлкай. Было б што наліваць. Інэса паднесла да імправізаванага стала прызапашаную ў пляжнай сумцы бутэльку малдаўскага віна, незвычайна аформленага, агорнутага мешкавінай і абвязанага ля горла матузом з сургучнай пячаткай. Віно яна ўрачыста паставіла ля сябе на посцілку.
– Мой членскі ўзнос, – са значнасцю сказала Інэса і ў далейшым за шашлычнымі пасядзелкамі сама і высмактала свой членскі ўзнос.
Аня праставіла бутэльку шампанскага, Саша – каньячок. Неўзабаве смачна запахла шашлыком. Мяса на шампурах пакрывалася румянай, месцамі прыпаленай корачкай, распускаючы ў паветры апетытны водар.
Абкружыўшы посцілку з напоямі, кампанія разгавелася. Выскачыў корак, і савецкае шампанскае пеніста пералілося ў рознакаляровыя пластмасавыя кубкі. Аня з Верай пацягнулі вуснамі з кубкаў шампанскае.
– А мне віна! – загадна прамовіла Інэса.
Віктор раскупорыў бутэльку, нацадзіў паўкружкі і працягнуў Інэсе.
– Прашу.
Яны селі побач на посцілку. Інэса хутка апаражніла кубак і папрасіла дабаўкі. Віктор паслужліва падліваў. Сам не піў, бо за рулём. Вера перагаворвалася з Аняй.
– Я асвойваю тэхніку роспісу па шоўку, – дзялілася цягамотная Аня творчымі вышукваннямі. – Нацягваеш на рамку кавалак тканіны і пэндзлікам наносіш фарбу на шоўк. Фарба расплываецца ў незвычайны размыты малюнак, вясёлкавыя разводы. Штосьці ў гэтым ёсць ад імпрэсіяністаў, – прымазвалася Аня да знакамітых мастакоў.
– Ты малайчына, у цябе сапраўдныя мастацкія здольнасці, – з захапленнем хваліла яе Вера.
– Ды нічога асаблівага. Якія здольнасці? Я проста эксперыментую, – жэманна курчыла з сябе сціплую асобу Аня.
Аня аб сабе ўсё ведала сама, навошта хваліцца іншым. Яны павінны знаходзіцца ў няведанні. Яна іх некалі здзівіць і агаломшыць. Яна настолькі выбітная асоба, што аднойчы будзе ісці па вуліцы ў расцягнутых штанах, а побач спыніцца прынц на белым «Мерседэсе» і скажа: «Дзевушка, можна з вамі пазнаёміцца». І гэта будзе невыпадкова. Ён, яе прынц, убачыць, як ад яе зыходзіць свячэнне з глыбокага ўнутранага свету, убачыць яе непаўторнасць, адметнасць ад іншых прымітыўных жанчын. Ён будзе ўражаны, узрушаны і скораны назаўжды… Час ішоў. Мерседэсы не спыняліся ля Ані. Старыя дабітыя жыгулёнкі і тыя праязджалі міма. Уражанне не скаланула нават Сашу, прыцягнутага ў сваты падманам.
Саша, адзінокі, чараваў над шашлыкамі, апошні раз іх крутнуў і падаў веерам на шампурах, духмяныя, напоўненыя вугальным жарам. Кожны ўхапіў утыканы сакавітым мясам шампур і ўпіўся зубамі ў гарачую мякаць. Саша махануў з памяранцавага кубка каньяку і прысеў з шашлыком крыху воддаль ад кампаніі. Ад «нявест» ён трымаўся на адлегласці.
Інэса дапіла чарговую порцыю віна, падхмялеўшая, пахіхіквала і нібыта знячэўку дакраналася да Віктора голым плячом.
«Гадаўка… і не падавіцца ж шашлыком, сківіцамі малоціць… а гэты… блішчыць як медны тазік, прыасаніўся… знайшоўся мне Алэн Дэлон, – ахоплівала Веру раздражненне, але віду яна не падавала. – “Всё хорошо, прекрасная маркиза!”»
Віктор зрабіўся ўважлівы да жанчын. Ані падліў шампанскага. Яна баранілася, адпіхвала бутэлечнае горла.
– Хопіць, хопіць!
Пра Сашу, які павінен быў быць цвіком праграмы ў запланаваных сватах, усе забыліся. Ён сціпла пацягваў каньячок і таптаў шашлык, радуючыся, што ніхто не змагаецца за яго сэрца. Вера малявала на твары добры настрой і была любезнай. Кампанія адпачывала як магла. Даелі шашлыкі. Злазілі ў ваду, паплавалі. Падсохлі на сонцы. Дабавілі спіртовага градусу. За ўік-энд Інэса ўгамавала цэлую бутэльку малдаўскага віна і была надзвычай гуллівая. Разышлася не на жарт і нібыта спатыкнуўшыся павісла ў Віктора на руках. Віктор са знаёмай Веры ідыёцкай усмешкай уратаваў Інэсу ад падзення, падтрымаў яе, празмерна моцна абхапіўшы за плечы.
Вера на некаторы час згубіла цягу да добрых манер і пра сябе па рабоча-сялянску разважала: «Эх! І варта часам пацягаць за валасёнкі якую-небудзь Інэсу… сяброўка называецца, а я ёй верыла… суцэльная крывадушнасць… вісне на чужых мужыках… змяюка».
Дамучаўшы ўік-энд з няўдалымі сватамі, Вера з палёгкай вярталася дамоў. Віктор падкінуў на машыне падпітую кампанію да горада і нецярпліва газаваў на Уручча, стомлены сваёй цвярозасцю. Глядзець, як іншыя закладаюць за каўнер, а потым развозіць гарэзнікаў па хатах – задача не з простых. Дома ён навярстаў страчанае, умазаў паўбутэлькі каньяку, што пакінуў яму Саша, і, няёмка, коса прываліўшыся да спінкі канапы, заснуў перад уключаным тэлевізарам. Вера яго пабудзіла і пераправіла цела ў ложак.
Наступным ранкам Вера ціхенька рабіла на кухні бутэрброды з сырам і каўбасой. На пліце награваўся чайнік. Свісток з яго носа Вера абачліва зняла. Сваім візгатам ён мог пабудзіў Насцю. Дачка спала ў дзіцячым пакоі. Лета, вакацыі. Праз расчыненую фортку на кухню залятала чэрвеньскае лагоднае паветра і галасы з двара. Віктор, заспаны, у спартыўных штанах і тапках на босую нагу, пачэсваючы голы торс, з’явіўся перад Верай. Сеў на табурэтку ля стала, працёр кулакамі заспаныя вочы.
– Добрай раніцы, – прамармытаў заспана.
– Добрай, – адказала Вера.
Яна падхапіла ў руку забулькаўшы, заклякатаўшы кіпенем чайнік, заліла чорныя дробныя скруткі чайных лістоў у заварніку. Прыкрыла накрыўкай. Пад накрыўкай чаінкі замакалі, разгортваліся лісцем і афарбоўвалі кіпень у залаціста-карычневы колер. Вера выцягнула з-пад стала табурэтку і ўселася насупраць Віктора, падпёршы бараду рукой. Віктор, сонна мружачыся, млява ўзяў з талеркі бутэрброд з сырам, адкусіў кавалак і пачаў павольна жаваць усухамятку. Непрычасаныя, разбарсаныя пасля сну валасы дыбіліся ўрастапырку над яго вухам. Вера пазірала на Віктораў заспаны твар і думала: «Зараз спытае пра Інэсу».
Віктор, як гусак, праглынуў сухі кавалак булкі з сырам і прамовіў:
– А ты ведаеш, Інэса… я хацеў спытаць…
– Я так і прадчувала, – не дала яму дагаварыць Вера.
– Што ты прадчувала?
– Вось глядзела на цябе і думала, зараз завядзе размову пра Інэсу. І ты не падвёў…
– Я не разумею, чаго ты ўзнялася?
– Не разумееш?.. Да чаго мужчыны дзіўны народ: у тэхніцы яны сякуць, навуку наперад рухаюць і гэтак далей… Не будзем заглыбляцца… Інтэлектуалы, адным словам. А як пра Інэсу – то ён нічога не разумее. Даўн, і усё тут.
Віктор заёрзаў на табурэце. Вочкі гандляра страцілі санлівасць, забегалі пад вейкамі.
– Я насамрэч не разумею тваёй рэакцыі на нявіннае пытанне.
– Нявіннае пытанне?.. Нам з табой з раніцы больш няма аб чым паразмаўляць, акрамя як пра Інэсу. І што ты хочаш аб ёй даведацца – даўжыню ног ці памер бюста?
– Ну ладна, хопіць. Прыдумала нешта на роўным месцы, – незадаволена сказаў Віктор і перайшоў у глухую абарону.
Ён выдатна разумеў, што ў Верыных падначках была рацыя: на ўчарашніх шашлыках зашмат увагі ўдзяліў Інэсе, перабраў з цікаўнасцю. «І што з таго? – апраўдваў ён сябе. – Урэшце я вольны мужчына. Калі разабрацца, то я наогул ні пры чым, Інэса сама клеілася».
– Што ты так разнерваваўся. Папі гарбаты і супакойся, – прымірэнча сказала Вера.
Яна не збіралася высвятляць адносіны. Адзіным яе жаданнем было крыху пакпіць з Віктора і перарабіць мінулыя падзеі і заляцанні ўчарашняга дня ў жарт.
Віктора панесла. Не кемячы спрасоння, што і дзеля чаго ён гаворыць, а па большай частцы адчуваючы сябе гаспадаром становішча, ён груба сказаў.
– А я і не нервуюся. Чаго мне нервавацца? Я чалавек вольны і магу рабіць што пажадаю. І ты, дарэчы, таксама.
Тут Віктор бессаромна хлусіў. Веры ён наўрад ці дазволіў бы рабіць тое, што яна пажадае, тым болей віснуць на руках іншага мужчыны.
«Я чалавек вольны і магу рабіць што пажадаю…». Веру агаломшылі лёгка, быццам мімаходзь кінутыя Вікторам словы. Пад лыжачкай прабег непрыемны халадок. Атрымліваецца, яны амаль год жывуць разам пад адным дахам, а ён адчувае сябе вольным. Непрыемнае адкрыццё. Вера змоўчала. Яна разумела, што не варта працягваць пачатую размову, сцежка неабдуманых слоў завядзе ў нетры хлусні і спрэчкі. Яна моўчкі разліла гарбату. Залацісты струменьчык паліўся з заварніка ў белае ўлонне кубка. На душы было пагана…