Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 11
Шэры сабака
ОглавлениеУ маім квартале ёсць дом з вежай, а на той вежы стаіць высокі шпіль. На першым паверсе таго дома, што на вуліцы Чырвонай, – цукерачная крама, а на другім жыла чараўніца – жудасная вядзьмарка. Аднаго разу яна мясцовага алкаголіка ператварыла ў сабаку. Здарылася тое ў жніўні. Спякота стаяла жахлівая. Нават уначы было горача і цяжка. Таму ўсе і адчынялі вокны наросцяж. Спалі з адчыненымі вокнамі. Спалі, хто мог спаць. Вядзьмарка доўга не магла заснуць, а як толькі заснула, тут жа і прахапілася, бо якраз пад яе вакном мясцовыя алкаголікі селі на ганак цукерачнай крамы і пачалі выпіваць. Яны папівалі віно, гучна гаманілі і смяяліся. Вядзьмарка паспрабавала іх прагнаць, а яны ад віна абнахабіліся, аблаялі яе і аббрахалі. Тут яна і абярнула самага брахлівага п’янтоса ў Шэрага сабаку. Два другіх п’яніцы на якую хвіліну мову страцілі, а калі здатнаць гаварыць да іх вярнулася, пачалі маліць-прасіць вядзьмарку, каб Шэрага сабачку вярнула ў чалавечае аблічча. Яна, канешне, паспрабавала з брахлівага стварэння чары зняць, ды ў яе не атрымалася. Шэры сабака зрабіўся кацянём, кацянё перарабілася ў мыш, мыш стала мухаю, а муха дзынкнула адзін раз і рассыпалася ў пыл. П’яніцы паўцякалі, нават бутэльку недапітую пад цукерачнай крамаю пакінулі. А вядзьмарка легла і праспала ў цішыні да самай ружовай раніцы, ажно пакуль сонца не асвяціла ўвесь высокі шпіль.