Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 7
Белы велікан
ОглавлениеУ дзяцінстве мне хацелася спаткацца з веліканам. Я столькі ўсялякіх разумных кніжак прачытаў пра розных замежных веліканаў, а пра нашых, тутэйшых, мясцовых зусім мала панарасказвалі, паназапісвалі і панапісалі. Быццам і былі нейкія, але даўно. Нібыта іх і бачылі, але здалёк. Таму і вырашыў я велікана нашага, беларускага, свайго абавязкова знайсці. Калі ў іншых ёсць, чаму ў нас няма? Не шукалі! Думаеш, не знайшоў? Знайшоў. Непадалёк ад мястэчка Друя, калі прайсці кіламетры тры па беразе Дзвіны супраць яе плыні, ёсць пакручасты пагорак з назваю Святы. Трэба на золку, у туманную раніцу бабінага лета стаць на самай вяршыні таго пагорка. Адтуль і можна пабачыць велікана. Ён паўстае з глыбіняў Дзвіны, увесь вылеплены з густога туману. Ён праходзіць па сярэдзіне рэчкі ад Святога пагорка да самай Друі. Там, на месцы, дзе некалі хадзіў паром, велікан зноў сыходзіць пад ваду. Сыходзіць на ўсю зіму, на ўвесь год, каб зноў паўстаць на золку, у апошні цёплы дзень бабінага лета… Пра Белага велікана я пачуў ад краязнаўца Віктора з Міёраў. Пачуў і запісаў. Яшчэ Віктор казаў, што ў велікана ёсць імя, і ён нават адгукаецца на яго – Вук.