Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 5
Жоўтая запальнічка
ОглавлениеКалі ёсць стрэльба, дык і стрэл грымне. Хаця б адзін раз за сваё збройнае жыццё стрэльба сама страляе. Так і з маленькімі простымі запальнічкамі цуды здараюцца. Ёсць запальнічка, дык і агеньчык успыхне. Загарыцца агеньчык радасна, бо яму задушліва ў глыбінях запальнічкі сядзець. Не сакрэт – агеньчык любіць паветра. Без паветра агеньчыку змрочна і цяжка. Таму і выходзіць агеньчык з запальнічкі на прагулянку. Мне знаёмы пажарны – Браніслаў Смаляк – расказваў, што была ў яго Жоўтая запальнічка. Штоночы з той запальніцы выходзіў вогненны пялёстак і лётаў па ўсёй кватэры. Смаляк той пялёстак вогненны шанаваў, размаўляў з ім толькі паважна і толькі шэптам. Карацей, у Браніслава і Жоўтай запальнічкі склаліся выдатныя стасункі. Але аднаго разу Смаляк забыў сваю запальнічку на працы, у гаражы з пажарнымі машынамі, што на Чырвонай. Нейкі ёлуп з пажарных убачыў, як выходзіць на прагулянку агеньчык з Жоўтай запальніцы. Пачаў ёлуп крычаць. Сам напалохаўся і напужаў агеньчык. Той зачапіўся за сметніцу, са сметніцы скочыў на стол з паперамі. Нарабіў шкоды. Аёй-аёй! Пакуль паспеў ёлуп вогнетушыльнік прынесці, згарэла шмат чаго і Жоўтая запальнічка згарэла. Так мне Смаляк казаў.