Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 21
Зялёная кветка
ОглавлениеКрасуе ў Беларусі Зялёная кветка. Часам яе называюць і папараць-кветкаю. Цвіце наша Зялёная кветка адзін раз на год. Цвіце ўлетку, на Купалле, пасярод ночы. Зазвычай чароўную кветку шукаюць глыбока ў лесе ці ў вялікай пушчы. А мне добрыя людзі расказалі пра Зялёную кветку, знойдзеную ў горадзе. Знайшла яе простая жанчына. Знайшла каля канцэртнай залы «Мінск». Ішла жанчына з канцэрта праз мост, ішла над Свіслаччу і пабачыла пад вербамі, каля самай вады, зялёны агеньчык. Спусцілася да рэчкі і сарвала там Зялёную кветку. Як толькі ўзяла яна ў рукі Зялёную кветку, дык адразу свет навокал перамяніўся. Свет стаў празрысты. У новым празрыстым свеце жанчына і пабачыла скарб – вялікі алюміневы бідончык, поўны залатых манет. Той бідончык быў закапаны пад аркай на стадыёне «Дынама». Жанчына ўзрадавалася і пабегла дамоў па рыдлёўку. Балазе жыла яна побач са стадыёнам. Дома яна ўзяла рыдлёўку і пакінула Зялёную кветку. Калі жанчына з рыдлёўкай прыбегла пад стадыён, дык зразумела, што страціла чароўную здатнасць бачыць скрозь сцены. Бідончык з золатам жанчына не знайшла. Шукаць пашукала, але не знайшла. Вярнулася дамоў і пабачыла завялую, пачарнелую, мёртвую кветку. Жанчына хацела ўзяць яе і пакласці ў ваду, але ад лёгкага дотыку кветка рассыпалася на шэры пыл.