Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 4
Залатая мышка
ОглавлениеБывае: кот уздзярэцца на дрэва, а злезці не можа. Мяўкае, жаліцца, просіць дапамогі. Такое здараецца і з дарослымі катамі, і з кацяняткамі. Кацянятка, вядома, шкада болей. Так мой знаёмы – былы спартовец, які трымае карусель у дзіцячым парку на беразе Свiслачы, – расказваў пра сваю шкадобу да чорнага кацяняці. Ішоў ён раніцаю праз парк і пачуў мяўканне. Пайшоў карусельнік на тое слязлівае мяўканне ды зняў кацяня з дзікай грушы, балазе не высока ўзлезла. Зняў, паставіў яго на зямлю і пашыбаваў да сваёй каруселі. Праз тыдзень прыйшло да карусельніка чорнае кацяня і прынесла яму ў зубах Залатую мышку. Паклала мышку каля ног і кажа: «Ты возьмеш сабе Залатую мышку! Як толькі ты яе возьмеш, так адразу станеш шмат ведаць, бо будзеш чуць чужыя думкі. Ты зможаш слухаць чужыя думкі, ажно пакуль не раскажаш пра сваю чароўную здатнасць. Раскажаш – здатнасць прападзе, а мышка ўцячэ!» Толькі карусельнік ўзяў з зямлі Залатую мышку, як пачуў чорную думку чорнага кацяняці. Кацяня прагла як хутчэй развітацца з карусельнікам і пайсці ўпаляваць птушачку-сінічку. За расчараваннем у кацяняці прыйшло і расчараванне ў людзях. Большасць людзей была перапоўненая думаннем пра падманы, здрады, пра блюзнерства, зладзейства і нават пра забойства. Дзякучы ведам ад Залатой мышкі, свет карусельніка счарнеў ушчэнт. Карусельнік пакутаваў, пакуль не пайшоў да дзікай грушы, на якой некалі сядзела чорнае кацяня. Ён расказаў дрэву пра сваю здатнасць чуць чужыя думкі. Расказаў – і здатнасць знікла, а Залатая мышка ўцякла.