Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 6
Белае вуха
ОглавлениеУ Мінску ў раёне Курасоўшчына жыла дурнаватая Волечка. Яе ратавала дабрыня. Таму ўзялі яе ў брыгаду дворнікаў. Увосень лісце змятаць, узімку снег са сцежак прыбіраць. Добрая Волечка паслухмяна выконвала найцяжэйшую ды найбруднейшую работу. Ад Волечкі ўсе і пачулі дзівосны аповед пра Белае вуха. Здарылася тое дзіва напярэдадні Калядаў. Устала яна рана.
Апранулася цёпла. Надзела валёнкі і светлы кажушок з накладнымі кішэнямі. Паверх кажушка нацягнула форменную памаранчаваю камізэльку. У белай шапачцы з пухнатымі кутасамі Воля выглядала, як ёлачная цацка-лялька. Снегу ў той год насыпалася багата. Толькі Воля стала на сваю сцежку, толькі ўвагнала шырозны фанерны шуфель у снег, як пабачыла артыста. Такіх артыстаў Волечка раней бачыла толькі ў тэлевізарах. Артыст дастаў з кішэні калоду карт і запрасіў дурнаватую дзеўку згуляць. Волечка пагадзілася. Артыст завёў сваю новую цацачна-лялечную знаёмую ў высокі дом, дзе ў вялікай кватэры яны селі за круглы стол. Згулялася толькі адна партыя ў «дурня». Згулялася яна на вуха. Хто прайграе, той і адразае сабе вуха. Артыст выйграў і прынёс дурной Вользе добра навостраны нож. Тая спакойна і акуратна адрэзала сваё левае Белае вуха і перадала яго артысту. Той схапіў выйгрыш, стаў свінаносым чортам, напусціў вакол сябе смуродлівага дыму і праваліўся пад падлогу. Дурная Волечка таксама правалілася. Яна правалілася ў густую цемру, а прахапілася на той самай вуліцы, дзе пакінула загнаны ў снег шуфель. Вядома, нават дурнаваты не паверыў бы ў гэтую гісторыю, каб не адна дэталь. На светлым кажушку ў добрай Волечкі не было левай кішэні, яе акуратна адрэзалі.