Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 19
Чырвонае даміно
ОглавлениеДырэктар ЦУМа вырашыў шукаць сабе новага начнога вартаўніка, бо ранейшыя штораз напіваліся. Тым часам у магазіне завялася нячыстая сіла. Штоноч розныя рэчы псаваліся ды раскідваліся па падлозе. Дырэктар абвясціў кастынг. Калі хлопцы даведваліся пра перспектыву начнога змагання з нячысцікамі, дык адразу ж адмаўляліся ад такой працы, нават на вялікія грошы не спакушаліся. Толькі адзін маладзён – Жэнік Рэпа – пагадзіўся праз тыдзень пайсці вайною на чорную сілу. Раніцай Яўген узяў сваю старую салдацкую форму і занёс яе на Вайсковыя могілкі, дзе і закапаў у тлустую зямлю. Форма праляжала ў могілкавай зямлі шэсць дзён і шэсць начэй. На сёмы дзень Рэпа надзеў яе і пайшоў у ЦУМ. Пасярод ночы, калі астатнія вартаўнікі моцна спалі і бачылі хмельныя сны, Жэнік пачуў галасы. Пайшоў Рэпа на іх і пабачыў жывых нябожчыкаў. Тыя паставілі пасярод крамы стол з крэсламі ды селі гуляць у Чырвонае даміно. Вартаўнік папрасіў жывых нябожчыкаў, каб і яго прынялі ў гульню і дазволілі пагуляць на грошы. Нябожчыкі абнюхалі вартаўніка, пачулі свой земляны могілкавы салодкі дух і прызналі Жэніка Рэпу за свайго чалавека. Пачалася гульня. Колькі ні гулялі ў тую доўгую ноч, а ўсе ўвесь час прайгравалі Яўгену. Праз пару гадзін нябожчыкі прайграліся дарэшты.
Яны прайгралі нават сваё права прыходзіць у ЦУМ. Атрымаўшы ганебную паразу, нябожчыкі сышлі. Нават сваё Чырвонае даміно пакінулі на стале. Яно і зараз захоўваецца ў ЦУМе, ляжыць у дырэктарскім кабінеце. За дырэктара там працуе… Правільна! За дырэктара цяпер працуе спадар Яўген Рэпа, паважаны чалавек.