Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 8
Брунатны пінжак
ОглавлениеТолькі падаецца, што добры пінжак лёгка набыць. Ты пахадзі, ты пагуляй па крамах. Папрыглядайся. Пабачыш: добрых пінжакоў мала. А каб так было, што глянуў, і ён адразу твой, – не дачакаешся. Можа пашанцаваць, але ж каму з нас калі шанцавала? Таму я цудоўна зразумеў радасць Яўгена Дука, які набыў сабе дарагі ангельскі кашміровы пінжак. Брунатны пінжак сядзеў выдатна і надаваў Яўгену пераканаўчай грунтоўнасці. У такім пінжаку не сорамна і ў кабінеце міністра лёгкай прамысловасці кавы выпіць. Ну не мог я не пахваліць абнову. Пахваліў і пачуў дзіўную гісторыю… У новым пінжаку Яўген наведаўся ў бар гатэля «Мінск». Замовіў каву з каньяком, сеў каля вітрыннага вакна і пачаў разглядаць пляц Незалежнасці з чырвоным касцёлам ды шэрым домам ураду. «Выдатны пінжак!» – пачуў Дук за плячыма чужы голас. «Я з табой хіба знаёмы?» – нахабна папытаўся самаўпэўненны Яўген. «Можам пазнаёміцца…» Чаму Дук пагадзіўся пазнаёміцца і выпіць? Чаму Дук замочваў абнову з чужым чалавекам да самай ночы? Чаму піў каньяк з рыльца ў скверы, пад помнікам Янку Купалу? Каб ён сам ведаў! Знаёміўся, піў і, што самае дурное, памяняўся з незнаёмцам пінжакамі. Дук аддаў Брунатны і атрымаў летні палатняны, пакамечаны і зусім танны сэкандхэндаўскі пінжачок. Гэты чортаў пінжачок ён кінуў на падлозе і заваліўся спаць. Калі прачнуўся, тады і пазадаваў сабе процьму брыдкіх і цяжкіх безадказных пытанняў. Ну чаму на месцы, дзе павінен быў ляжаць выменяны пакамечаны пінжачок, валялася брудная ануча, якой гады тры нехта мыў падлогу ў нейкім грамадскім месцы? Дук ледзь не заплакаў, пабачыўшы старую, выцвілую да сівізны, скамечаную анучу. З анучай у папяровым пакеце ён і павалокся ў сквер, пад помнік Купалу. На што разлічваў? На цуд? Вядома, на цуд. Больш ніякіх спадзеваў і не было. Цуд здарыўся: на лаўцы ляжаў Брунатны пінжак, а побач з ім стаяла амаль поўная бутэлька піва. Яўген Дук паклаў пад лаўку пакунак з анучай, надзеў свой Брунатны пінжак і выпіў сваё набытае пасярод ночы піва. Толькі здаецца, што чорт можа табе нешта добрае зрабіць, а насамрэч ён лянуецца дарабіць кепскасць, і праз гэта чалавек можа атрымаць трохі радасці.