Читать книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 10
Нічые
Аповесць
VІІІ
ОглавлениеКамандзіры скамандавалі: «Вольна, разыдзіся!», Жаўрыд склаў лісткі, павярнуўся ўжо, каб ісці ў штаб. Але ажыўленне на плошчы не ўнімалася, галасы не сціхалі, хоць сюды, на «штабны» ганак, ніхто не глядзеў, наадварот, у другі бок усе паварочвалі галовы і спяшаліся ў той канец плошчы, дзе царква.
Незадаволены, непрывычны, калі ўвага скіраваная не на яго, Жаўрыд збег з ганка: паглядзець, што там. Мірановіч таксама пайшоў за ім.
Вайскоўцы расступаліся, даючы начальству дарогу:
– Перабежчыкі! – паведамлялі загадзя, радасна. – Кітаец нават ёсць!..
– Перабежчыкаў прывяла разведка!..
– І камандзера нават у палон узялі!..
Пры самай царкве, з краю плошчы, акружаныя вайскоўцамі і мясцовымі, пераміналіся з нагі на нагу тры чалавекі – у чырвонаармейскай форме, з вінтоўкамі; адзін, крываногі і нізкарослы, з выпукластымі скуламі і вузкавокі і праўда падобны быў на кітайца. Збоку гарцаваў на крутазадым коніку, белазуба пасміхаючыся, Мірончык – балаховец, потым слуцкі міліцыянер, а цяпер старшы разведкі, якая і прывяла перабежчыкаў. Палонены імі чырвоны «камандзер», таксама ў акружэнні людзей, з закручанымі назад і звязанымі рукамі, з падбітым вокам, якое ўсё заплыло сінюшнай пухлінаю, высокі, у караткаватай яму скуранцы, стаяў, прыхінуўшыся плячом да царкоўнае сцяны і здзіўлена азіраўся вакол. На галаве яго была нейкая дзіўная, нябачаная дасюль шапка, з доўгімі вушамі, з высокай, звужанай на канцы піпкаю, падобная крыху на старадаўні славянскі шлем – шапка гэтая, мабыць, больш за ўсё і цікавіла разявакаў.
– Дагадаўся дык дагадаўся, што на галаву ўсперці!..
– А што ты хочаш? Царскае пазношвалі, цяпер сваё выдумляюць!
– Нуну, хопіць у іх розуму выдумаць, – сказаў, скрывіўшы рот, адзін немалады ваяка; на аблавушцы ў яго красавалася самаробная, з бляхі выразаная «Пагоня». Патлумачыў важна, з выглядам чалавека, што даволі пабыў у свеце, усяго наглядзеўся і наслухаўся і не роўня ім, цемнаце: – Гэтыя шлёмы, запомніце, мастак яшчэ адзін выдумаў, іхні, рускі – Васняцоў быў такі! І прыдумаў восепара, пры Мікалаі яшчэ, і нарабілі іх мо мільёны, а тут рэвалюцыя – вось бальшавічкі і прысвоілі…
– Ну дык! – дурное дзела не хітрае! – падтрымалі дзядзьку. – старога салдата. – Гэта ж не шыць, а зрывай замкі, грабі награбленае, як яны кажуць!..
Чырвоны камандзір стаяў спакойна, нібы не пра яго казалі, адно часта міргаў здаровым вокам; у твары яго не было ні страху, ні спалоху – толькі здзіўленне, бы ўсё яшчэ паверыць не мог чалавек: што здарылася з ім раптам, дзе ён, чаго ён тут, ці не ёсць усё гэта толькі дурны сон?..
Пабачыўшы Жаўрыда з Мірановічам, Мірончык саскочыў з каня, правай рукой, у якой трымаў нагайку, ляніва дакрануўся да брыля фуражкі:
– Старшы разведкі Мірончык. Пад час спаўнення ўзятыя ў палон… – азірнуўся на чырвонаармейцаў, неахвотна паправіўся: – Самі здаліся, перабежчыкі… І яго вось раззброілі, – паказаў нагайкаю на звязанага камандзіра.
Начальнік контрразведкі адразу ж узяўся за свае абавязкі. Напусціў суровасці на твар. Падступіўся да палоннага:
– Хто такі? Прозвішча, часць, званне!
Камандзір здзіўлена пазіраў на яго і маўчаў.
– З імі памаскоўску, відаць, трэба, пан паручнік! – падказаў нехта.
Мірановіч паўтарыў паруску – нуль рэакцыі.
– Лебедзеў яго зваць, пан камандзір! – выступіўшы ўперад, паслужліва ўмяшаўся адзін з перабежчыкаў, худы і абыяк паголены, з хітрымі вачыма: – Камандзір пятнаццатай стралковай роты, сорак першага палка – іх толькі надоечы што з Крыма да нас перекінулі… У Крыму яны Ўрангеля растаўклі, – дадаў.
– Што за галаўны ўбор? – спытаў Жаўрыд, з цікавасцю ўглядаючыся ў «шлём».
– А гэта, пан камандзір, будзёнаўкай яны завуць, – патлумачыў ахотлівы на словы перабежчык (так і сказаўшы «яны» – ці даўно сам быў «іхні»?). – Мы пра гэтыя будзёнаўкі жартуем: яны ж, бальшавікі, спяваюць «кіпіт наш разум вазмушчонный», дык гэтая піпка зверху для таго, каб пару выпускаць!
Зарагаталі ўсе, хто стаяў бліжэй і чуў, пасміхнуліся і Мірановіч з Жаўрыдам.
Стары салдат, які ведаў пра Васняцова, раптам строга загадаў чырвонаму камандзіру:
– Ану, павука сарві з будзёнаўкі гэтай сваёй! – і адразу ж сканфузіўся, зразумеў, што маху даў, бо нельга ж у прысутнасці старэйшых па званні гаварыць без дазволу, тым больш загады аддаваць… Гаваркі перабежчык ахнуў, схапіўся за сваю фуражку, з галавы сцягнуў, з мясам выдраў зорачку, расшкамутаўшы ўвесь казырок, кінуў яе пад ногі, утаптаў у гразь, яшчэ і плюнуў. Вакол ізноў засмяяліся, з адабрэннем – гэты перабежчык усім спадабаўся.
– А, успомніў!
– Адкуль будзеш? – спытаў Мірановіч.
– Свой, зпад Капыля! – кіўнуў галавою невядома куды перабежчык.
– Ну, што, паспытаў бальшавіцкай кашы?
– Яшчэ й як!.. – перабежчыку прыемная была гэтая ўвага да сябе, ільсціла яму, і ён лавіў момант, каб яшчэ лепшае зрабіць пра сябе ўражанне. – І польскай паспытаў, і белагвардзейскай, і «зялёнай», і чырвонай – усялякай…
– І якая смачнейшая?
– Так думаю, пан камандзір, што свая самая смачная, – адказаў хітры перабежчык, выдатна ведаючы, якія словы хочуць ад яго пачуць. – А бальшавіцкая дык самая горшая! Нездарма ж назваліся – бальшавікі… Усе злыя, усе абадраныя, адно лаюцца – такімі мацюкамі, што не запомніш, ды яшчэ спяваюць. У сталоўку ідуць – «красная аармея усех сільней!», рабаваць едуць на вёску – ізноў, «віхры ўраждебныя веюць над намі!», нават нябожчыкаў хаваюць, далібог, з песнямі! Закапаюць – без крыжа, без папа, – шапкі далоў, і давай: «Не плааачце над трупамі нашых байцоў, нясіце іх знам’я ўпярод! – перадражніваючы, праспяваў, каб пасмяшыць слухачоў.
– Чаму ж ты служыў ім, такім? – сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.
А во – вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады, адразу, значыцца, і да вас…
– Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка? – выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.
– Дазваляю.
– Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба? – спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.
– Сам ты кітаец, – нечакана на чыстай рускай мове, сурова адказаў «кітаец». – Сляпы, альбо што? Я калмык, а ты што – калмыка ад кітайца не адрозніваеш?
Ізноў смех, а прысаромлены дзядзька толькі апраўдваўся:
– Разбярэш вас, усе, што тыя картоплі ў мяху…
– Так, камандзіра – у падвал, – распарадзіўся Мірановіч, – перабежчыкаў накарміць, перапісаць… Канец прадстаўленню, разыходзімся!
Мірончык стаяў збоку маўчком, адно паляпваў нагайкаю па бруднай халяве. Штосьці карцела яму сказаць начальству не дужа прыемнае… Нарэшце, калі Мірановіч з Жаўрыдам сабраліся ўжо йсці, затрымаў Мірановіча, буркнуў:
– Тут, гэта самае… Чайку па дарозе сустрэў…
– Камандзіра палка, а не Чайку.
– Ну, камандзіра палка… Загадаў далажыць, што я арыштованы. І зброю здаць…
У яго нявыспаных, мутнаватых, усё яшчэ загульных вачах, калі ён падняў іх на Мірановіча, чыталіся і прыкрасць, і крыўда, а яшчэ больш – пагарда, – пагарда да яго, Мірановіча, і да Чайкі, і да Жаўрыда, і да ўсіх гэтых ламак«камандзераў», сцэнарыстаў камедыі, у якой ён, бравы бясстрашны Мірончык, абласканы самім Балаховічам, вымушаны ўдзельнічаць, таксама ламацца – замест таго, каб гуляць сабе на якім хутары, спяваць пад гармонік, дзевак камячыць, гарэлку піць, а потым наўскач несціся на гарачым кані за любімым «Бацькам», даючы вольную волю і сабе, і вернай шаблі, хэкаць па кожнай шыі, якая пад руку, не зважаючы, паляк ці немец, белы ці чырвоны, жыд ці рускі…
– Арыштаваны – дык ідзі арыштоўвайся, – абыякава сказаў Мірановіч, – з ім вось, на пару, – кіўнуў на камандзіра ў будзёнаўцы. Спачатку яго адканваіруеш, а потым і сам зброю здавай…