Читать книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 9
Нічые
Аповесць
VІІ
ОглавлениеМірановіч затушыў лямпы, адну і другую. І без іх зрабілася не цямней, а святлей. Настаў дзень.
Жаўрыд чыркнуў алоўкам па аркушыку паперы, які ляжаў перад ім на стале, пару слоў, падкрэсліў іх двойчы – нібы падагуліў усё, што выслухаў і вычытаў за раніцу. Схаваў аловак ў нагрудную кішэню гімнасцёркі.
– Ну што, цяпер ясна збольшага, – сказаў. – Пайшлі, грамадзянепановетаварышы! – і пасміхнуўся, даючы зразумець, што выдатна ведае пра ўсе раздраі, пра ўсе згрызоты, але іншых людзей у яго няма, ўсе для яго аднолькавыя, нікога ён не вылучае і ўвогуле надышоў такі час, што трэба забыць на ўсё, аб’яднацца дзеля «сьвятое справы». – Зачытаем гэтую шматпакутную дэклярацыю і патлумачым людзям, што маем на сёння.
Накінуў на плечы шынель, самы першы – паўз днявальнага, які пры яго з’яўленні выпрастаўся «смірна» і прыціснуў да грудзей вінтоўку, прытуліўся да сцяны вузкага калідора, – выйшаў на ганак. За Жаўрыдам, пераглядваючыся, перамаўляючыся, хто з гатоўнасцю, паспешліва, замінаючы адзін аднаму ў дзвярах, хто неахвотна, буркаючы пад нос, што, маўляў, «камандзіраў многа – толку мала…», высыпалі астатнія.
Зусім развіднела. Кастры на плошчы свяціліся яркачырвонымі плямамі, балюча было глядзець на іх.
Жаўрыд падняў руку:
– Так, усім строіцца! Цывільным – ачысціць плошчу! – нават не крыкнуў, а проста сказаў гучней.
Але ўсе пачулі. Натоўп на нейкі час прыйшоў у хаатычны, бязладны рух, пачаў дзяліцца, рассыпацца, аж хутка ўпарадкавалася ўсё, вайскоўцы, пастроіўшыся, засталіся на плошчы, а семежаўцы, і разам з імі палонныя і перабежчыкі, сышлі збоч, да царквы, і пазіралі адтуль.
– Грамада! – нейтральна звярнуўся Жаўрыд. – Грамада, выступ мой будзе кароткі – гаварыць цяпер дужа не выпадае, час не церпіць! Я ў дзвюх словах абрысую нашае цяперашняе становішча…
(«У дзвюх словах!», – іранічна шапнуў Мірановічу доктар Паўлюкевіч.)
– … Абрысую нашае цяперашняе становішча, а яно, запабягаючы наперад, як ніколі нам спрыяе! Бог нарэшце павярнуўся тварам да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! У Рызе нарэшце падпісана гэтак званая папярэдняя «мірная дамова», – драпежнікі зноў падзялілі авечку, само сабою не пытаючы яе згоды на тое! Аб нас, беларусаў, чарговы раз выцерлі ногі! Але нам не прывыкаць – хай! Хай думаюць, што і гэтым разам усё сыдзе ім з рук! Хай яны сабе б’юцца, хай сабе мірацца – мы ж спакойна будзем збіраць сілы, рыхтавацца, аж покуль не вымецем з нашай зямлі і тых, і другіх. Будзьма разумнейшыя, будзьма старацца знайсці сабе выгоды і з гэтай «рыжскай дамовы» таксама! А выгода найперш тая, што і бальшавікі, і палякі спыніліся: палякі – за Ланню, бальшавікі – на такой прыкладна лініі: Леніна – Вялікі Рожан – Вызна – Капыль і далей, пад Негарэлае! Ад Лані да гэтай ўяўнай лініі – вёрстаў пятнаццаць, а ў даўжыню гэтая тэрыторыя вёрстаў сто, і паводле змовы палякаў з бальшавікамі яна, гэтая тэрыторыя, аб’яўлена нейтральнай зонаю, ці нейтральным пасам, як каму падабаецца… Заходзіць ў яе ні бальшавікі, ні палякі не маюць права, а гэта значыць, што нам зроблены вельмі дарагі падарунак! У нейтральнай зоне знаходзіцца наша Семежава, Морач, дзесяткі вялікіх сёлаў і сотні вёсак і хутароў, а самае галоўнае, у Баранавічах, пры чыгуначнай станцыі, у нас будзе свая камендатура!
Жаўрыд зрабіў паўзу, правяраючы, ці правільна выбраны зачын, ці не ўхаластую ляцяць яго словы. Ён змоўк усяго на які міг, але плошча адразу ажыла:
– Гуура! – пракацілася радаснае з канца ў канец яе.
– На гэтай падуладнай нам тэрыторыі, – працягваў Жаўрыд, упэўніўшыся, што словы яго трапляць у цэль, – мы спакойна зможам дафармаваць брыгаду, раздабыць зброю і як след падрыхтавацца да барацьбы! Галоўнае, што пра нас ведаюць, ведае ўся Расія, уся Еўропа, пра нас пішуць, нам спачуваць і ў нас вераць! Нам будзе аказана ўсемагчымая дапамога… праўда, не з боку Антанты і не з боку Польшчы! Столькі, колькі ўбухала тая ж Антанта ў войска польскае, ці ў белы рух, нам, само сабою, не відаць ніколі! Тое, як нам памаглі палякі, вы ўсе таксама добра ведаеце!
– Ведаем – памаглі!
– Ганьба!
– Трыста сапсаваных вінтовак, якімі хіба што цвікі забіваць, дык і то нязручна – вось уся іхняя помач! Яшчэ лепш ведаеце, як памагае нам славуты бацькаБалаховіч, ў якога склады трашчаць ад зброі. Але ён не дасць ніводнага карабіна, ніводнага патрона, ніводнай гранаты – пакуль мы не прыйдзем да яго і не папросім прыехаць да нас на белым кані і кіраваць намі!
– Далоў!
– Гаааньба!
– Вось такія ў нас саюзнікі, такія памагатыя, такія змагары за Беларусь! Разлічваць даводзіцца толькі на сябе, на беларускі люд, які бачыць ў нас сваіх адзіных абаронцаў і збавіцеляў, на наш урад Беларускай Рэспублікі, які будзе рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля нашай падтрымкі! На закупку зброі, на іншыя патрэбы нам будзе выдзелена неабходная сума грошай. У Слоніме ў нас неўзабаве з’явіцца свая друкарня, пачне выходзіць спачатку брыгадная, а затым, магчыма, і ўсебеларуская газета! З ўсіх куткоў заходняй і цэнтральнай Беларусі да нас паступаюць ахвяраванні ад грамадзян, прыходзяць пасылкі з прадуктамі, тытунём і паперамі, компасамі, біноклямі, бялізнай, цёплымі шкарпэткамі, валёнкамі, рукавіцамі, бінтамі, дасылаюць нават кажухі і світкі – магчыма, ад сям’і адрываючы! З Гародні, мабілізаваныя Беларускай Вайсковай Камісіяй, ўжо выехалі к нам каля паўсотні афіцэраў – кадравых камандзіраў; дарэчы, мы таксама аб’яўляем набор сваіх маладых хлопцаў, у каго стане адукацыі і фізічнай падрыхтоўкі, у школу беларускіх афіцэраў у Лодзь! Далей – шэрагі нашыя хутка папоўняцца вопытнымі ваякамі, толькі што ў штабе былі пасланцы зпад Глуска, адтуль з баямі прарываецца да нас на злучэнне трохтысячная, добра ўзброеная брыгада!
– Гуура!
– На падыходзе да Семежава цяпер Грозаўскі полк, які ў абед ўвойдзе ў мястэчка, а заўтра адбудзецца урачысты агульны малебен – асвяшчэнне беларускай зброі – для двух аб’яднаных палкоў!
– Гуура!
– Даеш Грозаў!
– Цяпер такі момант! – дастаў з кішэні шыняля і расправіў паперкі Жаўрыд. – Сярод чырвонаармейцаў ёсць шмат адурманеных бальшавіцкай прапагандаю, а яшчэ больш проста запалоханых людзей, якім будуць убіваць у галовы, ды і ўжо ўбіваюць, што мы – купка бандытаў, рэшткі балахоўцаў і гэтак далей! Нам трэба шырэй тлумачыць такім людзям сваю праўду і тады, няма сумнення, бальшыня з іх падымуць на штыкі ненавісных камісараў, а самі са зброяю пярэйдуць на наш бок! Таму намі прынята спецыяльная лістоўкаадозва «Да чырвонаармейцаў», якую кожны з вас жадаючы можа атрымаць ў штабе… Скажу больш – не толькі прыблудныя чырвонаармейскія начальнікі, а нават і мясцовыя рэўкамаўцы, не кажучы пра звычайных чырвонармейцаў, не ўсе маюць ўяўленне, што за мы, за што мы змагаемся і ў чым наша праўда! Тут, у Семежаве, мы прынялі Дэклярацыю, якую я вам зараз зачытаю. Апроч таго, што яна тлумачыць нашую цяперашнюю пазіцыю, настолькі ж яна прыдасца ў будучыні, пасля перамогі! Дэклярацыя будзе разаслана ва ўсе еўрапейскія газеты, а таксама ў Маскву, асабіста Леніну і Троцкаму.
Набраў ў грудзі паветра:
– Дэклярацыя Беларускай Рады Случчыны! У момант самаадзначэння ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларусі Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай БацькаўшчыныБеларусі, падымае сцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму свету…
Ён зачытаў, спяшаючыся, сухія восем пунктаў, у якіх гаварылася пра законы, пра тое. каму павінна належаць зямля, пра васьмігадзінны дзень і мінімальны заробак, пра развіццё усіх відаў кааперацыі, пра свабоду друку, забастовак і хаўрусаў, пра агульнае для ўсіх навучанне і правы меншасцяў на самавызначэнне…
Першае! Беларусь павінна быць Вольнай Незалежнай Народнай Рэспублікай.
Другое! Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Беларускім Устаноўчым Соймам, скліканым на аснове агульнага, роўнага, простага патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права.
Трэцяе! Прызнаючы, што зямля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасць на зямлю касуецца, Рада Случчыны думае, што нормы землекарыстання маюць быць выпрацаваны толькі Беларускімі Устаноўчымі зборамі. Да развязання ж гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме ўсе пастановы Часовай Рады павінны згаджацца з вышэйпаказанымі прынцыпамі. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасцю Рэспублікі.
Чацвёртае! Да сазыва Устаноўчага Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, увядзення найбольшага васьмігадзіннага дня, кантроля над дабрабытам, мінімальны заробак платы і гэтак далей.
Пятае! У мэтах барацьбы з вырастаючай спекуляцыяй і ўпарадкавання тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к развіццю на шырокіх пачатках усіх відаў кааперацыі.
Шостае! Уперад да скончання развязання гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме прызнаем на тэрыторыі Беларусі свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасць асобнасці і памяшканняў.
Сёмае! Прыдаючы першаступеннае значэнне народнай прасвеце, Рада Случчыны будзе старацца к агульнаму абучэнню ў самым шырокім маштабе.
І апошняе, восьмае! У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаюцца правы ўсіх меншасцяў на нацыянальную персанальную аўтаномію.
Абвяшчаючы аб гэтым і з’яўляючыся выказвальніцай волі народа, Рада Случчыны дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць і свабоду роднае Беларусі, бараніць інтарэсы сялянства ад насілляў з боку чужаземных захопнікаў, у выпадку патрэбнасці сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа – праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!
Прынята ў мястэчку Семежова 28 29 кастрычніка І920 года».
Плошча маўчала, нават звыклага «гура» не раздалося.
Многія апусцілі галовы, як бы стараючыся лепш удумацца, якое дачыненне да іх асабіста, у цяперашнім іхным становішчы, могуць мець, да прыкладу, пункт чацвёрты, пяты, а таксама сёмы – васьмігадзінны рабочы дзень, развіццё кааперацыі і агульнае абучэнне ў самых шырокіх маштабах…
Умомант адчуўшы гэты настрой, Жаўрыд зразумеў, што не хапае апошняга, больш «даступнага масам» акорду, і ўзяў яго:
– Грамада! Будзьма помніць, што за намі – не адно родныя загоны Случчыны, а ўся Беларусь, уся нашая дарагая Рэспубліка, народжаная, выпакутаваная і выняньчаная намі, аплочаная рэкамі крыві і тысячамі жыццяў! Бог бласлаўляе нас на святую справу, і мы пераможам, пераможам і польскага пана, і маскоўскага камісара!
(Ізноў скрывіўся Паўлюкевіч; пераглянуўся з Мацэляю і прамармытаў гучна: «Пачынаецца… няўжо нельга без крайнасцяў?..»)
Жаўрыд сціснуў руку ў кулак:
– Жыве незалежная Беларусь!!!
І хоць вокліч гэты быў яшчэ новы, нязвыклы, хоць мала хто яшчэ ведаў, як трэба рэагаваць на яго, – але з’яднаныя папярэднімі словамі, знітаваныя Жаўрыдавым гіпнатызмам людзі патрапілі адказаць. Паляцелі ўгару шапкі, ускінуліся над галовамі тысячы кулакоў, вінтовак, карабінаў і стрэльбаў, з тысячы глотак ірванулася радасным:
– Жыве!!! – і нібы зліліся на гэты міг усе ў аднаго аграмаднага чалавека, з адным грамавым голасам, – чалавека, што паміма волі змог угадаць гэтае слова як адзіна правільнае.