Читать книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 12

Нічые
Аповесць
Х

Оглавление

Не для аднаго прастакаватага ардынарца гэтыя двое, Чайка і Жаўрыд, былі самымі галоўнымі, самымі разумнымі і аўтарытэтнымі начальнікамі ў брыгадзе.

У іхнім «тандэме» бачыліся гармонія і зладжанасць. Яны як бы дапаўнялі адзін аднаго. Функцыі іх былі падзелены. Жаўрыд адказваў за справы цывільныя, мірныя, Чайка – за ваенныя. З аднаго боку камісарідэолаг, тэарэтык, з другога – славуты баявы афіцэрпрактык.

Абодва нарадзіліся на Случчыне, у суседніх вёсках, у адзін месяц і ў адзін год – у ліпені 1889га. Абодвух назвалі Паўламі. Абодва да дзесяці гадоў «наўчаліся» аднолькавай навуцы: пасвілі гусей, свіней і коней, лазілі ў чужыя сады, пяклі ў прысаку бульбу, купаліся ў соннай Случы, рукамі лавілі пад карчышчам мянтузоў, а начамі каля вогнішча, у святле якога таўкласякарагодзіла машкарэча, слухалі, абняўшы рукамі калені, стаіўшы дыханне, страшныя казкі якогась прыстаўленага да іх Ахрэма ці Аўдзея – пра нячыстую сілу, пра русалак ў жыце, пра вадзянікоў у ставе, што каля пабуранага млына… Усё гэта адбывалася з двума самымі звычайнымі беларускімі хлопчыкамі, пакуль лёс (мімікрыяй пад «сталыпінскую вярбоўку») раптам не ўзяў ды не закінуў бацькоў аднаго з іх на край свету. У прамым сэнсе – ва Ўладзівасток. І развяло нашых Паўлікаў аж на цэлых дваццаць гадоў…

Адзін паранейшаму рыбу лавіў, па садах лазіў, начамі бульбу пёк у прысаку і слухаў дзедавы байкі«паданні», адны й тыя ж, якія з кожным годам усё больш прыядаліся, і ўжо зразумела было, наколькі яны прымітыўныя, нястрашныя; далей не сягала цёмная сялянская фантазія Аўдзея. Чым больш Паўлік падрастаў, тым больш душа прагнула іншых казак, больш рэальных, дарослых… Такіх, што маглі б спраўдзіцца ў жыцці. «А што, – думалася часамі хлопцу, падсаджанаму бацькам на воз духмянага сена, лежачы на ім і гледзячы ў нябёсную далёкую беласінь, – а што, каб знайшоўся асілак, ды ўсё перавярнуў? Перакуліў бы так, каб воз плыў па небе, а чалавек ехаў галавою ўніз… Вось гэта была б карціна!.. Цікавей, чым лухта пра русалак, якіх ніхто ніколі не бачыў, бо іх няма…»

«А што, – думаў ён, не Паўлік ужо, а дзевятнаццацігадовы навучэнец Слуцкай гімназіі Павел, – думаў, адной рукой пашчыкваючы цёмную нітачку першых вусікаў, а другой мякка пагладжваючы шэранькую, стэарынам заляпаную вокладку забароненай брашуркі, – а што, як праўда тут напісана?.. І калі проста ўзяць, ды ўсё памяняць месцамі?.. Бедных пасяліць ў шыкоўныя палацы, багацеяў – у курныя хаты… Цікава было б! Гэта табе не тое, што воз па небе едзе дагары нагамі…»

«А што калі, – думаў, сланяючыся па засыпанай нечаканым для сакавіка густым снегам Варшаве, ловячы на сабе зіркі шустрамлявых полечак (а на далёкай Случчыне нудзілася маладая жонка з дзіцём), студэнт юрыдычнага аддзялення Варшаўскага універсітэта – не Павел ужо, а «сьведамы беларусадраджэнец» Павал: – А што, калі – чым чорт не жартуе! – і нам грамадою ўзяцца?.. Чым мы горшыя за тых жа пшэкаў? Яшчэ й лепшыя… Займець сваю рэспубліку, свой урад, гэта ж уйююй!.. Гэта табе не «ад багатых адабраць ды бедным раздаць»… Вось гэта казачка – і якая рэальная, як лёгка можна спраўдзіць яе!..»

Апынуўшыся ў нейкім скверыку, галасістым, стракатым ад дзятвы, што ваявала паміж сабой снежкамі, не ўтрымаўся і наш Павал. Сцягнуў пальчаткі, зачэрпнуў зпад ног снегу і зляпіў халодны, вясной, маладосцю і сілаю пахнучы камяк (той самы, які праз шэсць гадоў дакоціцца да прыфрантавога «нейтральнага» Семежава цэлай лавінаю), нізам запусціў яго з горкі і той пакаціўся, пакаціўся, набіраючы хуткасць, абрастаючы снегам…

А што ж другі?

Другі за светам, у сваім Уладзівастоку, фарсіў казённай формаю (з формы ён так і не вылезе да канца жыцця), перацягнутай туга рамянём са спражкаю, якую любіў шліфаваць шматком лямцу, таксама нацёртым крэйдаю, – стараўся да таго, што нямелі пальцы і зліваліся ў вачах выпуклыя РУ: «реальное училише»… Зубрыў на памяць «видишь, стоит, измождён лихорадкою…» і адзначаў пра сябе, здзіўляўся, чаму так ахвотна бяруць і цэняць яго землякоў на марской і чыгуначнай службах? Як і цёзка ягоны на начное вогнішча, гадзінамі мог глядзець на далёкае і адначасова блізкае – руку толькі працягні, пагладзіш – Арлінае Гняздо (уладзівастоцкая сопка), альбо, прагульваючы ўрокі, што даравалася яму як выдатніку, забрыдаў у порт і тырчэў там гадзінамі, дзівячыся на грамадзіны караблёў і арэхавае шкарлупінне шлюпак і лодак вакол іх, а больш – на сам акіян, які трывожыў, і зваў, і бударажыў кроў не менш, чым цёзку казкімары аб уласнай рэспубліцы.

І быць бы, канечне, нашаму Паўлу як мінімум мічманам рускага славутага ціхаакіянскага флоту (ці, на крайні выпадак, як бацьку, чыгуначнікам, ішло да таго: Іркуцкае ваеннае вучылішча ў 1912 годзе, спецыяльнасць – інжынерныя войскі), каб не заштарміў дзевяцібальна акіян іншы, людскі, каб не тры вайны, што трыма хвалямі, кожны раз адна перад адной большымі, сарвалі, закруцілі ў смерчах і віхурах, прапахлых не акіянскім салёным брызам, а порахам, агнём, дымам і крывёю, і, удосталь пашкамутаўшы, панасіўшы па свеце, прызямлілі акурат у тыя самыя слуцкія Лютавічы, дзе некалі нарадзіўся.

Канечне ж, была ў тым наканаванасць. Нават містыка – не ў дзедАўдзеўскім, «фальклёрным» значэнні, а ў сапраўдным – у значэнні фатуму. У адзін год, у адзін месяц нарадзіцца, атрымаць аднолькавыя імёны, столькі часу бадзяцца па свеце, каб сысціся ў Богам забытым Семежаве і ўзначаліць нацыяналістычны бунт – узвысіцца двума маякамі па абодва берагі рэчышча, якім гатовая плыцьрухацца паслухмяная людская маса… І нічога дзіўнага, што многім асобна ўзятым («за задніцу», як пажартаваў бы Мірановіч) прадстаўнікам гэтай масы, такім, як Даніла Карпаў, яны, два Паўлыкамандзіры, здаваліся ў нечым аднолькавымі. Сумленнымі, мудрымі, строгімі, але й справядлівымі, як і належыць быць камандзірам… І раз ужо такія вучоныя, аўтарытэтныя людзі (само сабой думалася прадстаўнікам масы) вырашылі любіць Беларусь і змагацца за яе, дык што ўжо нам, цемнаце запечнай, рыпацца; нам адно слухаць іх трэба, раты раскрыўшы, запамінаць, пераймаць і, не ўдумваючыся, выконваць, што загадаюць…

Аднак жа розніца паміж імі была. Вялікая розніца. І лепш за ўсіх аб гэтым ведаў камандзір палка Чайка.

…Ціха цурчэла скутая тонкім лёдам, на які сыпаўся і адразу ўмярзаў у яго снег, Морач. На неглыбокіх перакатах, дзе лёду не было, вада булькала мацней, закручвалася вірамі і падымала са дна каламуць. Чайка з ардынарцам ехалі назад тым жа шляхам – паўз самы бераг рачулкі; не ехалі – марудна цягнуліся. Камандзіру палка не хацелася вяртацца ў абрыдлае Семежава.

Не хацелася заходзіць у штаб, механічна казыраць, выслухоўваць рапарты і аддаваць распараджэнні. Не хацелася больш, накінуўшы на твар маску фальшывай заклапочанасці, удзельнічаць у гэтым няўдалым спектаклі, у поспех якога Чайка не верыў ад пачатку і прымусіць сябе паверыць, як ні стараўся, не мог.

І ў рэдкія, такія вось, як цяпер, хвіліны адзіноты, і на людзях, – а ён умеў гаварыць адно, адначасова думаць другое і рабіць трэцяе, – ён толькі са здзіўленнем пытаў сябе: як жа так? Навошта ён узяўся і камандуе гэтымі людзьмі, калі ні ўва што не верыць?.. Увогуле, якія прычыны – што ён апынуўся раптам тут?! Як ён дакаціўся да гэтага?!

З пакутнай настырнай упартасцю, адчуваючы ў гэтым нават пэўную прыемнасць самакатавання, ён усё адкручваў і адкручваў час назад, разбіраючыся ў гэтых прычынах… Што ж было напачатку?

Было адступленне палякаў. Быў дзядзькі Паўла хутар, дзе Чайка прытуліўся. Быў прыезд СокалКутылоўскага, была лёгкая фанабэрыя, што не забылі яго, цэняць, фурманку нават прыслалі… Трохі прыемна было слухаць угаворы «спакушальніка», ганарыстага дваранчыка, які яшчэ нядаўна, калі служылі разам у савецкім ваенкамаце, ва ўпор Чайку не заўважаў (ці, можа, таму, што проста быў блізарукі, а акуляры насіць саромеўся).

«Толькі вы, пан Чайка, казаў пан Сокал, з вашым аўтарытэтам… Усё адно бальшавікі вас расстраляюць, а ў нас, з вашым гераічным мінулым… Падымеце баявы дух…» – і Чайка, гледзячы яму ў блізарукія, няшчырыя вочы, развесяліўся раптам і падумаў, што Кутылоўскі, мабыць, проста падзіцячы зайздросціць яго бразготкам – у самога ўсяго адзін Георгіеўскі крыж, які то знікае, то зноў з’яўляецца на грудзіне ў залежнасці ад зменаў улады…

Навошта ён тады згадзіўся?.. Чым думаў, на што разлічваў?.. Што ўскалыхнецца Беларусь і столькі сялян паўстане, што змятуць чырвоных? Ці што памогуць палякі (якім цяпер хоць самім памагай)?.. Ці паслухаў пераконванні Кутылоўскага, што ў Расіі – «самыя свежыя, даставерныя звесткі!» – голад, людаедства, спеюць аграмадныя бунты, восьвось бальшавікоў пачнуць рваць на кавалкі, а як толькі пакончаць з імі, маскоўцам не да нас будзе, не да Беларусі, вось тады і ўедзем на белых конях, па дарозе, усыпанай кветкамі ад шчаслівых вызваленых беларусцоў, у Менск, а там, дасць Бог, і ў Смаленск…

Так, паслухаў, і паверыў, як ні сорамна ўспамінаць аб гэтым і самому сабе прызнавацца… Але больш, канечне, звычайны імпульс. Проста момант такі падгаданы быў «спакушальнікам». Трыццацігадоваму здароваму мужчыну, яму (Чайку, а не СокалКутылоўскаму) не было дзе прыткнуцца, не было да чаго прыкласці рук. Не сядзець жа сіднем на дзядзькавай шыі, у якога сваіх поўна: жонка, дачка, трое ўнучак (зяць, Чайкаў аднагодак, не вярнуўся з германскай), ды мала таго, што сядзець – яшчэ і пад манастыр людзей падводзіць: «сокрытие враждебных Советской власти и злосно дезертировавших из Красной армии карается по всей…».

Вось яна, прычына галоўная: куды падзецца?.. У свае трыццаць ён быў адзін, як кол, і гол, як сакол, нічому людскаму за жыццё не навучыўшыся, толькі ваяваць, ці, яшчэ лепш, падказваць іншым, як трэба ваяваць. Чалавек без радзімы, без сям’і і без дамоўкі, адрэзаная скіба… Матка памерла яшчэ пры ім, калі ён вучыўся ў Іркуцку, – «ад клімату, казала яна, задыхаючыся, распухлая ўся, бы пчоламі пакусаная, – клімат мне тут, сынку, дужа паганы!»… Бацька проста прапаў, знік, падобна тысячам і тысячам такіх, як сам, галодных, халодных і бяспраўных, што знікалі бясследна ў дарэшты разрабаваным і белымі, і чырвонымі, і саюзнікамі, і проста бандытамі горадзе; хутчэй за ўсё ўламаліся сярод белага дня ў іхні казённы, ад чыгункі, домік якіясь марадзёры, застрэлілі, адарвалі ў падлозе пару дошак і закапалі, а то і не закапвалі – пусцілі чырвонага пеўня ды пайшлі сабе… Старэйшая сястра пры жывой яшчэ матцы выйшла замуж, з чалавекам з’ехалі ў Хабараўск, потым, здаецца, у Томск, і таксама прапала недзе назаўсёды – ні пісьма, ні весткі.

На Румынскім фронце, калі ўжо ясна было, што ненавіснай вайне канец, штабскапітан Чайка, перад тым, як заснуць, уяўляў сабе не ўладзівастоцкі порт і не сопку Арлінае Гняздо, а беларускі, самотнапрыгожы, лесам атулены хутарок, з сажалкай, гародчыкам, з невялікай сцёпачкай у кутку двара, у якой можна было б збіць з дошак які тапчан або проста накідаць сена і заслаць посцілкай… Страшна падумаць – ён не меў свайго кута, хоць бы той самай сляпой сцёпачкі з тапчанам, гадоў дваццаць!.. Вольнымі вечарамі, а такіх хапала цяпер, ён палюбіў валэндацца з мапамі, падоўгу разглядаў іх, асабліва ўсходнееўрапейскую частку; па карце Беларусь ад Румыніі не так і далёка, у параўнанні, само сабою, з Уладзівастокам… Бальшавікі даўно разбэшчвалі полк, ваўсю вялі сваю прапаганду. Ён не перашкаджваў ім, і яму адплацілася тою ж манетай – калі прабіў час, не зачапілі і яго. «Нах хаўз, таварыш капітан, – аб’явіў неяк пад вечар, уваліўшыся ў штабную канцылярыю, памахваючы маўзерам, здаравезны латыш з перабінтаваным правым кулаком:

– Вайне капут, адкрываем другі фронт – буржуяў рэзаць! Так што…»

Затым Чайку сваталі ў нейкі «беларускі полк пры Румынскім фронце», паказвалі нейкі, генералам Шчарбачовым падпісаны, загад. Ён наадрэз адмовіўся.

З адной катомкаю за плячыма, дзе ляжалі гасцінцы, крыху грошай, дакументы, узнагародныя лісты, чатыры ордэны: Св. Ганны і Св. Станіслава 3х ступеней і Св. Ганны і Св. Уладзімера 4х ступеней і два разы па столькі медалёў, а таксама загорнуты ў палатно кіцель з пазалочанымі пагонамі і з аксельбантамі, ён удала дабраўся да Баранавічаў (па іроніі лёсу ў цяплушцы таго самага эшалона, якім удалося пераправіць з Румыніі у Мінск частку зброі і амуніцыі для будучага беларускага войска). Пехам, распытваючы дарогу – вайна ўсё выцерла з памяці, дапаўтакі Лютавіч, прамінуў пад уважлівымі, маўклівымі паглядамі людзей зза платоў даўжэзную вуліцу і за ваколіцай, на узлеску, убачыў такі самы, як і мроіўся яму, хутар, з сажалкай, з агародчыкам… Каля варот стаяў, узіраючыся, прыклаўшы руку да ілба, дзядзька Павал, бы дзве кроплі вады падобны на нябожчыка брата – яны нарадзіліся ў адзін дзень, 12 ліпеня, у свята – так іх і назвалі: Пятро і Павал.

Запыленыя дзядзькавы боты, яго залатаны старэнькі пінжачок… Барада сена зачапілася за галіну ігрушы і трапечацца па ветры… Кучка вераб’ёў на ўсліжанай палазамі дарозе трыбушыць конскія «яблыкі»… Даўно забытыя гукі мовы, пахі, колеры, усе гэтыя блізкія і родныя колісь і ўспомненыя зараз малюнкі – усё цяпер нахлынула, закружыла галаву, шчымлівай цеплынёй сціснула сэрца блуднага штабскапітана. Высыпалі з хаты і скаціліся з высокага ганка тры дзяўчынкі, адна перад адной меншая, і потым, ужо ў хаце, калі ваенны дзядзька, збянтэжаны гэтай захопленаурачыстай цішынёй і ўтаропленымі ў яго нецярпячымі вочкамі, развязаў катомку і пачаў выкладаць на стол сціплыя свае гасцінцы (кансерваў бляшанка, трохі цукру, пачак галет, скрыпучых на зубах, як каўчук), адна з сястрычак, самая малая, гадоў чатырох, ускараскалася яму на калена, ашчаперыла за шыю і прыціснулася да яго. Яна думала, гэта тата, якога яна ніколі не бачыла, прыйшоў з вайны. Вось тады яму на міг і заманулася, што ён нарэшце дома. Калі ўвечары, пасля лазні, яму далі чыстыя нагавіцы і сарочку, ён, перш чым надзець іх, доўга разглядаў, пасміхаючыся, круціў іх у руках і пагладжваў. Крэсла ў штанах зашпільвалася інакш, чым у галіфэ, сарочка таксама не падобная была на гімнасцёрку… У тую ноч спалася яму кепска. На двары адлегла, са страхі з манатоннай перыядычнасцю сасклізваў падталы снег і плюхаўся пад сцяну; ніяк не можна было задрамаць. У вушах стаяла дзіўнае, нязвыклае «тата», а калену і цяпер яшчэ цёпла было ад чужога цяпла…

На досвітку ён ціхенька падняўся. Выцягнуў зпад ложка катомку, спароў з кіцеля пагоны, адарваў аксельбанты. На двары пад паветкаю знайшоўся заступ; ускінуўшы яго на плячо, як Рабінзон Круза на ілюстрацыі, Чайка пашыбаваў у цёмны яшчэ лес.

Адліжная зямля капалася лёгка, толькі чмокала, пакідаючы ямку, ды патрэсквалі перасякаемыя вострым жалязняком карэньчыкі. Калі ён старанна, і праўда адчуваючы нейкую палёгку, быццам пахаваў не картонныя пазалочаныя прамакутнікі з кавалкам белай пераплеценай вяроўкі, а ўсе свае ранейшыя, з жыцця вырваныя, гады, увесь свой непрыкаяны лёс, таптаўся ботамі па магіле, у лесе пачало віднець. На сасновых лапах тамсям яшчэ трымаўся прымезлы снег уперамешку з касмыкамі сіняга туману. З галін капала ў сінія лужынывочкі, што былі пад кожным дрэвам, і недзе зусім блізка ранняя сініца перадражнівала гэты сонны капеж сваім звонкім пільканнем; гучала амаль рыфмаю: канец вайне – пільпіль вясне… Досыць! Наваяваўся. Нічога не скончана ў трыццаць дзевяць гадоў, думалася словамі Балконскага, – галоўнае, не забіла, не пакалечыла… Усё яшчэ можа быць – і будзе! – і сінія вочкі, і цяпло на калені, і слова «тата». Апрасціцца, зажыць патутэйшаму… Абабіцца. Хай не дзеўка, для дзеўкі стараваты, ды і куды яе ўзяць, а ўдава сама да сябе прыме. А скончыцца гэтая карусель, можна і магілу матчыну праведаць, сястрынскіх, бацькавых слядоў пашукаць…

Новым, «апрошчаным» жыццём удалося пажыць яму роўна суткі. Карусель замест таго, каб спыніцца, набрала новыя абароты. У абед прысунулася чутка, што чырвоныя зноў гоняць палякаў, а ўжо ўвечары пачуўся конскі тупат, у дзверы і ў шыбіны забарабанілі: як ніводнай іншай уладзе, савецкай заўсёды ўласціва была гэтая невытлумачальная, проста сатанінская нейкая аператыўнасць. Збіраючыся, Чайка чакаў самага горшага. Яму ж ветліва, але без варыянтаў, прапанавалі пасаду ваеннага кіраўніка пры Слуцкім ваенным камісарыяце (вось яшчэ калі бальшавікі зразумелі значэнне кадраў, вось адтуль вырасталі ногі крывавакрылатай догмы…).

Кампанія іх у ваенкамаце падабралася яшчэ тая. Эсэр Кастусь Кецка тлумачыў, азіраючыся і прыстаўляючы да вуснаў палец, чаму ён тут апынуўся: «увайду ў давер і тады больш змагу зрабіць для Беларусі; спатрэбіцца – зараз жа запішуся ў бальшавікі, у ЧОН, у «чразвычайку», на любым месцы можна быць карысным…». Дваранін СокалКутылоўскі займаў пасаду павятовага інструктара ваеннага навучання. Пазней, згадваючы тыя два ваенкаматаўскія месяцы, Чайка ў толк не мог узяць – што за карысць была бальшавікам ад іхняй «мабілізацыі»? Проста сабраць іх да кучы? Каб заўсёды быў на віду іхні нацыяналістычны рассаднік і каб лягчэй было яго кантраляваць? Пэўна ж, быў сярод іх і даносчык – пачуваўся як рыба ў вадзе ў той іхняй атмасферы канспіратыўнасці, падазронасці адзін да аднаго, перашэптванняўпераміргванняў, недагаворак… Да справы, праўда, не даходзіла. Змоўшчыкі большменш спраўна цягнулі лямку ваенкаматаўскай службы: вербавалі прызыўнікоў, прысутнічалі на медыцынскіх аглядах, паказвалі, як хутчэй сабраць і разабраць вінтоўку, навучалі муштры, раз на тыдзень атрымлівалі ўбогую пайку… І хто ведае, – калі б неўзабаве не прыйшла ў рух, не крутанулася ў другі бок карусель, магчыма так бы і звекавалі ў ваенкаматаўскіх кабінетах, у душы застаючыся канспіратарамі і непрымірымымі ворагамі саветаў…

Дзіўная была тая, на гульню ў пінгпонг падобная, савецкапольская вайна 1919–1920 гадоў. Мячык улева – мячык управа, толькі паспявай круціць галавою. Увесну дваццатага ізноў вырашылі выступіць у паход палякі, ізноў мячыкам адляцелі чырвоныя – не забыўшы, аднак, прыхапіць з таго ж ваенкамата ўсе да адной паперкі; тая ж сатанінская абачлівасць, аператыўнасць! Калі з’явіліся раніцаю на службу з партфелямі пад пахамі Чайка, Кецка, СокалКутылоўскі, дзверы ваенкамата былі насцеж. У пустых кабінетах яшчэ трымаўся кіслы махорачны пах; крокі на калідоры адбіваліся гулкім рэхам.

І так (нявесела пажартаваў Чайка), праступае ва ўсім гэтым хаосе нават пэўная цыклічнасць. Прыход палякаў – на хутар да дзядзькі, прыход чырвоных – назад у ваенкамат… А на хутары сустрэлі халаднавата. Не кінулася на шыю і не назвала татам сінявокая малеча, уздыхнула цётка, адвёў вочы дзядзька… Голад, лішні рот! Але і Чайка быў ужо іншым – ведаў, што доўга яму тут не гасцяваць, не забудзе пра яго тая сіла, што ганяе яго па свеце; раз ужо ўзялася апекавацца над ім, дык гэта ўсур’ёз і надоўга. І не перамагчы, не пераламаць яе – і ніякая ўдава не паможа… Так і атрымался. Вельмі скора тэнісіст узмахнуў ракеткаю – адляцелі палякі, прыкаціліся чырвоныя, і паперадзе іх дзве чуткі, добрая і кепская, на выбар: добрая, што ўсім такім як Чайка дарована будзе амністыя, і кепская – ніякай літасці дэзерцірам.

Вось так ён апынуўся ў фурманцы СокалКутылоўскага. І два былыя савецкія супрацоўнікі прыкацілі ў нічыйны пакуль Слуцк. Да іх прыезду рыхтаваліся. Чалавек пяцьсот дабраахвотнікаў ужо былі пастроены на пляцы.

Што гэта за авантура, Чайку стала ясна адразу ж, як толькі ён вокам акінуў гэтае амаль бяззбройнае, абыяк адзетае войска, калі ўлавіў у вачах дабраахвотнікаў такі знаёмы – задужа знаёмы! – фанатычнабяздумны бляск, а на тварах убачыў рашучасць ісці на ўсё і да канца. Спачатку яму зрабілася смешна. Ён азірнуўся на СокалКутылоўскага: ці не разыгрываюць яго? Можа, усё гэта проста спектакль? Нічога падобнага. Беларускі дваранін, крадком змахнуўшы слязіну, быў сур’ёзны, урачысты, у вачах яго свяціўся той самы фанатызм – і гонар. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ў беларуса могуць не пабегчы па спіне дрыжыкі захаплення відовішчам – упершыню дэманстрацыя сваёй, беларускай, свядомай арміі!

Хутка не да смеху стала і Чайку. Ужо ў Семежаве, дзе так удачна ўдалося ім атабарыцца, ад нявіннай раздачы роляў спектакль пачаў пераходзіць у стадыю генеральнай рэпетыцыі. Рыхтаваліся да «крывапралітных» баёў – наладжвалі лазарэт, даставалі аднекуль лекі, бінты, медыцынскія інструменты. Ніхто не сумняваўся ў перамозе (ні многа ні мала!) – усур’ёз разважалі, прыкідвалі, у якім будынку ў вызваленым неўзабаве Слуцку размесціцца Рада. Арганізавалі штаб, разбілі брыгаду на палкі – усё як след, з каравуламі, разводамі, заставамі, дзяжурнымі афіцэрамі… Недаўменне Чайкі расло па меры таго, як дзесяткамі, калі не сотнямі пачалі сцякацца ў Семежава дабраахвотнікі з мясцовых і перабежчыкі ад бальшавікоў. Гэта проста бянтэжыла яго. На што яны спадзяюцца?! І чым думаюць чырвоныя, самі сабе сваёй палітыкай рыхтуючы магілу?! І няўжо ён адзін, як старонні, як той глядач збоку на чужую шахматную партыю, лепш за ўсіх усё бачыць і разумее? Разумее, што гара народзіць мыш, з усяго гэтага «рушэньня паспалітага», з гэтай «хмары народнай» не громам грымне, а пшыкам, і толькі шкада гэтага чалавечага матэрыялу… Няўжо яны, арганізатары, людзі зусім не дурныя і не сляпыя, не бачаць крывавай, бясслаўнай перспектывы?.. Чаму яны ўвесь час радуюцца?..

Акрамя гэтага дурнога аптымізму, раздражняла яго ўпартае, цвердалобае жаданне арганізатараў надаць усяму «нацыянальную афарбоўку», «суверэнную» падаплеку. Ціхім, скрытным бесам бясіла тое, як пнуцца яны самі і ў абавязковым парадку прымушаюць іншых гаварыць толькі пабеларуску, якое значэнне надаюць міфічнай БНР, слухаючы казкі Жаўрыда, і на поўным сур’ёзе вераць і чакаюць, што «беларускі ўрад» вышле ім «ерапляна», браняпоезд, тачанкі з кулямётамі, як абагаўляюць гэты свой польскі, адно з лішняй белай палоскаю сцяг: кожнае раніцы, укленчыўшы спачатку і пацалаваўшы яго, падымае на флагштоку каля штаба дзяжурны афіцэр – усе зрываюць шапкі і зацягваюць хрыпата «Ад веку мы спалі»…

Але цікавае было нават не ў тым. Калупаючыся ў душы, у гэтай каламутнай мешаніне з насмешкі са сваіх падначаленых і з раздражнення, нечакана для сябе Чайка адкопваў дзесьці на самым донцы яшчэ адно пачуццё, самае моцнае – зайздрасць. Канечне, ён не мог не зайздросціць ім. Іхняй веры, іхняму фанатызму, іхняй любові да свайго… Тое, што яму, недавярку, двурушнаму камандзіру палка, бачылася няўдалым спектаклем, тое для іх несумненна было самай святой, самай важнай у жыцці справай; за ўдзел у гэтым «спектаклі» яны не марудзячы гатовыя былі заплаціць і самымі жыццямі, і гэта значыла, што яны мелі права на ўсё, чаго вырашылі дабівацца: на зямлю, на волю, на сваю армію, на сваю Рэспубліку, на сваю мову, сцяг і герб.

Ім было за што і, галоўнае, за каго ваяваць, – а за іх было каму маліцца. У іх былі хаты, бацькі, жонкі, дзеці, ім збіралі ў дарогу хатулі і торбы, хрысцілі іх услед; яму ніхто не збіраў аніякай торбы, ніхто яго не праводзіў – дзядзька яшчэ з цямна быў дзесьці ў лесе, цётка, калі ён сядаў да СокалКутылоўскага ў фурманку, якраз карміла скаціну і калі і перахрысцілася, дык ад таго толькі, што нарэшце сплаўляе Бог з селішча забыўшага меру госця…

Такія вось прычыны і такія вынікі з іх, – паныла думаў Чайка, а снег тым часам суняўся, Морач даўно павярнула ў абход мястэчка. Уперадзе віднеліся крайнія семежаўскія хаты. «І ўцягнуў жа мяне чорт ва ўсё гэта…»

– Павал Пятровіч, – гляньце! – перапыніў яго думы радасным воклічам Даніла.

Чайка падняў галаву. Ардынарац паказваў кудысь за агароды, на вуліцу, паралельную той, што была перад імі.

Нічые (зборнік)

Подняться наверх