Читать книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 3

Нічые
Аповесць
І

Оглавление

Худзенькі, з пугаю ў руцэ чырвонаармейчык нацягнуў лейцы і гучна скамандаваў, закапыліўшы губу:

– Тррр!

Запрэжаная параю коней падвода спынілася каля чарговай хаты. Падаў рэдкі, макраваты снег, таму дабро на падводзе было прыкрыта брызентам.

З веснічак раптам выбег на вуліцу і з гарачкі, паслізнуўшыся, ледзь не паляцеў коням пад ногі нейкі хлапчук гадоў дзесяці. Убачыў падводу, чырвонаармейца, застыў, потым шмыгнуў назад у двор, а адтуль праз агароды, прыгінаючыся, даў драла да суседняе хаты…

– Атату! Лаві яго! – закрычаў чырвонаармейчык, лопаючы, бы певень крыламі, рукамі сябе па баках, і засмяяўся. На ім быў старэнькі, яўна чужы шынель даўжынёю да пят, на галаве – паношаная, таксама наўрад ці свая шапка з адкасанымі на вушы бакавінамі. За спінаю целяпалася вінтоўка на доўгім рамяні.

Чырвонаармейчык па-бабску задраў крысо шыняля, патупаў у снег новымі ўцяплёнымі чаравікамі, у каторы раз палюбаваўся рыфленымі тоўстымі падэшвамі. Пазяхнуў, машынальна перахрысціўшы рот, і проста тут, на вуліцы, пачаў мачыцца на задняе кола падводы, стараючыся збіваць струменем наліплы на вобадзе снег. Затым прывёў сябе ў парадак, азірнуўся перш у той канец вуліцы, адкуль павінны падысці таварышы, потым – у другі, дзе вуліца канчалася. Была яна досыць шырокая, як і большасць тутэйшых вуліц, роўная, з белымі ад снегу дахамі хат і пабудоў. У канцы віднеўся лес, таксама заснежаны.

Чырвонаармейчык прыкінуў – засталося ўсяго двароў мо з чатыры, ну, пяць… Зараз падыдзе Мішка з байцамі, хутчэй за ўсё спехам правядуць астаткавую рэквізіцыю (і без таго падвода поўная, а дарога гразкая, коням будзе цяжка) – і ўсё. Ваша заданне споўнена, таварыш камандзір! Можна вяртацца ў Вызну – балазе, не далёка, ды і не позна яшчэ, гэта проста ад пахмурнага неба здаецца, што сцямнее хутка. А там здаць на рукі прадукты, адвесці коні на канюшню… Потым, не спяшаючыся, за асобным сталом пры кухні натаптацца добра кашы з салам, атрымаць удвойную порцыю махоркі, тады, у казарме, папрасіць – за долю той жа махоркі, вядома, – свайго земляка і друга, таварыша Чувалава напісаць пісьмо ў роднае іхняе сяло Мікіціна – Калужскай губерні Казельскага павета СпасДземенскай воласці, навучыць, хай напіша, што ён, чырвоны баец шаснаццатай арміі дваццаць другога палка дзевятнаццатага асобага ўзвода Андрэй Мікіцін жывы і здаровы, адзяваюць іх тут добра, кормяць так сабе, а ў цэлым ваюецца тут пакуль што дзякаваць Богу – забітых няма, параненых няма; людзі ў гэтых краях заможныя, але не такія зусім, як у нас…

– Эў, баец! – вывеў яго з задумы Мішка, хуткім крокам падыходзячы да падводы. У руцэ ён трымаў за гіч невялікую ношку. – Заснуў? На вайне не спі – дома на бабе паспіш!..

– Так точна, таварыш нам… пам… – Мікіцін збіўся і пачырванеў, бо за тры месяцы службы так і не навучыўся вымаўляць гэтае «памкамначузвода». Каб выправіць промах, ён кінуўся да падводы і паслужліва адгарнуў з задка край брызенту.

Мішка пагаспадарску акінуў вокам дабро, як бы зрабіў у думках рэвізію яму, акуратна ўладкаваў ношку сярод вялікіх і малых мяхоў, такіх жа рознакаліберных кашоў і кошыкаў… Ляпнуў даланёю па верхнім мяшку, аж жоўты пыл падняўся.

– Вось так, таварыш баец Мікіцін, – загарнуў брызент. – А казалі, аўса няма… Шукаць трэба ўмець! На вайне, таварыш баец, галоўнае што? Соплі не жуй.

– Так точна, таварыш пам… зам…

– Ладна, не можаш сказаць – не тужся. Усё адно не народзіш! – І засмяяўся, і падміргнуў Мікіціну, як роўнаму.

І Мікіцін у адказ таксама засмяяўся. Ён любіў Мішку, ды што Мікіцін, усе ў палку, можа нават у дывізіі ведалі і любілі яго. Не так даўно, у Слуцку ўжо, сам камдыў Путна ўзнагародзіў яго маўзерам – імянным, за мужнасць пры вызваленні гарадоў Калінкавічы і Мазыр ад балахоўскіх бандаў. Ён, гэты маўзер, заўсёды пры ім, і цяпер вунь вісіць збоку на партупеі даўжэзная, амаль да каленяў, драўляная кабура.

Падышлі астатнія: чатыры чырвонаармейцы з аховы і адзін у цывільным – вызнянскі, а гэта, лічы, тое самае, што мясцовы, рэўкамавец таварыш Кецка, які вадзіў іх, паказваў, дзе жывуць самыя багатыры, або, прасцей, звычайнае кулаччо. У скураным палітоне, у галіфэ і ў ботах, у афіцэрскай фуражцы з пунсовай зорачкай замест цэшкікукарды быў ён больш падобны на якогась важнага камісара, чым на звычайнага валаснога рэўкамаўца – былога эсэра і былога дэзерціра, прычым яшчэ з тых, першых, якіх празвалі «германцамі».

– Ну што, байцы, перакурым – і ўпярод на міны, – сказаў Мішка. – Як жартаваў колісь наш прапаршчык, светлай памяці Матылёў Іван. На міне, дарэчы, ён і падарваўся…

Усе, акрамя Кецкі, пачалі скручваць цыгаркі, надзіва спрытна варочаючы чырвонымі ад стылай пагоды пальцамі. Кецка, хоць і сам быў заядлы курэц, пабаяўся зняць рукавіцы. Ніхто не ведаў у сапраўднасці, а сам ён адмоўчваўся, не казаў, дзе і калі адмарозіў рукі – ды яшчэ так, што на правай засталося ўсяго два пальцы, вялікі і маленькі, а левая, хоць і ацалела, пачынала свярбець без рукавіцы нават на невялікім марозіку, не кажучы пра вецер – тады зусім не было спасу. Ведалі толькі, што здарылася гэта марознасіверным лютым дзевятнаццатага года, пры «першых паляках», і што ампутацыю рабіў вядомы ўсёй Случчыне доктар Арцень Паўлюкевіч – той самы, які пасля без дай, здавалася б, прычыны з паважанага чалавека зрабіўся контрыкам, круцялёмблазнам, з такімі ж, як сам, кінуўся праводзіць розныя антысавецкія зборкі, сходкі, ствараць нейкія «рады», а цяпер, калі прыйшлі яны, чырвоныя, замест таго, каб ціхамірна працаваць сабе пры законнай уладзе, знік – ці то з палякамі ўцёк, ці то разам з сям’ёю падаўся ў лес, у банду; словам, скончыў тым, чым павінен быў скончыць, чаго шукаў на сваю галаву, тое й знайшоў… «Цяпер бы ён табе не пальцы, а штосьці іншае адхапіў бы!» – падколвалі часам Кецку таварышырэўкамаўцы, на што ён спакойна адказваў: «Ці я б яму».

– Не хочаце дакурыць, таварыш Кецка? – Мікіцін адарваў мокрае з цыгаркі, паднёс рэўкамаўцу недакурак да самага рота. – Цягніце, я патрымаю!

– Хай ужо, – адмахнуўся Кецка. – Не дакурыў – што з дзеўкаю не даляжаў. Потым, у цяпле, накуруся…

Мішка скоса зірнуў на яго, тады, відаць, па аналогіі: скалечаныя рукі – антысаветчыкдоктар – банда, спытаў, паказваючы на хату, каля якой стаялі:

– Адсюль таксама?

Кецка як бы задумаўся, адказаў не адразу.

– Мабыць… Тут два хлопцы вялікія, старэйшы жанаты, меншы – гімназіст, у Слуцку вучыўся…

– А цяпер ў лесе вучыцца?

Кецка паціснуў плячыма:

– Разбярэш тут, хто ў лесе, хто дзе…

– Разбярэмся.

– Бацька іхні стары ўжо… І баба хворая, на печы ляжыць, год не ўстае… Нявестка з дзіцям малым таксама…

– Што таксама? З печы не ўстае?

– Ды не, проста жыве з імі…

– Разбярэмся! – паўтарыў Мішка. Ён растаптаў недакурак. Раптам выцягнуў у Мікіціна заціснутую пад пахай пугу, размахнуўся і гучна «стрэліў».

Шарахнуліся спужаныя коні, Мікіцін ледзь утрымаў нацягнутыя лейцы. У двары глуха і як бы здалёк адкуль забрахаў сабака. Чакаюць, значыць, раз сабаку схавалі, ведаюць, што з кім з кім, а з сабакамі ў іх размова кароткая – расстрэл без суда і следства. Таму і ціха так – і на гэтай вуліцы, і на ўсім сяле.

Мішка каленам піхнуў незашчэпленыя веснічкі, пайшоў на двор. За ім пацягнуліся астатнія, пакінуўшы каля падводы аднаго Мікіціна.

У двары, акружаным хлявамі і хлеўчыкамі, дрывотняй і пуняю, не было ні душы. Толькі сабака не зразумець дзе скавытаў і шкробся лапамі аб дошку – прасіўся на волю. Ідучы паўз вокны, Мішка па чарзе пастукаў пугаўём у шыбіны, крыкнуў знарок, як часта любіў, ламаючыся пад паляка:

– Матка, яйкі, млека нясі!

Ён узбег на ганак і ўжо працягнуў руку, каб націснуць на клямку, як нечакана дзверы расчыніліся самі.

– Далёка сабраўся? – спытаў чыйсьці ціхі, страшначужы голас.

З цёмных сенцаў на Мішку глянула круглая, як вока, дзірка рулі абрэза.

– Стой!!! – хапаючыся за кабуру імяннога маўзера, адзінае, што паспеў крыкнуць Мішка; ці то чалавеку з абрэзам, ці каб папярэдзіць сваіх.

Лопнуў стрэл, у адначассе з сянец выбліснуў да сляпучага яркі агеньчык, які навылёт прабіў Мішку грудзі, і ён адразу асеў, дзе й стаяў, на ганку, а тады скаціўся долу, пад сцяну, затрымцеў у сутаргах, заграбаючы рукамі гразкі снег. І апошняе, што ўхапілі рэшткі яго свядомасці, было адчуванне гэтага снегу пад шчакою і млявы, прыкры пах уласнае крыві.

Нічые (зборнік)

Подняться наверх