Читать книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 7

Нічые
Аповесць
V

Оглавление

Цяжка сказаць, на што разлічвалі, што за планы выношвалі «бацькі»камандзіры Слуцкай брыгады, якая пакінула горад і выправілася след у след за палякамі, невядома, чым бы гэта скончылася (хутчэй за ўсё калі б палякі так і адступалі далей – пад Ліду, пад Брэст ці да самой Варшавы, нашыя случчакі рабілі б тое самае, ціснучыся да іх), каб не ўмяшаўся яго вялікасць гістарычны Шанец. Той самы, які яшчэ не раз акажа паслугі гэтым некалькі тысячам амаль бяззбройных людзей, заціснутых на латачцы зямлі паміж дзвюма аграмаднымі арміямі…

Палякі сталі за ракою Лань, чырвоныя прасунуліся крыху далей на захад за Слуцк. Так брыгада атрымала ад літасцівага лёсу першы падарунак – яна засталася на тэрыторыі сваёй мясцовасці і сярод сваіх людзей, часта ў прамым сэнсе – сярод блізкіх і дальніх сваякоў. Паміж вельмі ўмоўнымі, зігзагапункцірнымі лініямі франтоў і ўтварылася тая славутая латачка зямлі, што ўвойдзе ў гісторыю як «нэўтральны пас», «нейтральная зона», «нейтральная паласа», «нейтральная зямля» і нарэшце (самая ўдалая назва) – «нічыйная зямля».

Вестка аб тым, што далей можна не спяшацца, застала случчакоў у мястэчку Семежаве, і гэта быў ім другі падарунак лёсу. Аддаленае вёрстаў за трыццаць на захад ад Слуцка мястэчка апыналася ў самым цэнтры «нічыйнай зямлі», на роўнай адлегласці ад палякаў і саветаў; даволі вялікае, акружанае дзвюма рэчкамі, Мажай і Мораччу, было яно, праўда, не зусім удалае ў стратэгічным плане – з амаль бязлесымі ваколіцамі, затое багатае хлебам, салам, сенам і аўсом, а галоўнае – патрэбнымі людзьмі. Заможным мясцовым сялянам было што абараняць, яны былі зацікаўленыя ў сваёй – беларускай – уладзе і гатовыя былі падтрымліваць случчакоў чым заўгодна (два палкі, Грозаўскі і Семежаўскі, былі сфармаваны за тры дні!).

Словам, брыгада з усімі камунікацыямі размясцілася ў Семежаве, і соннае дасюль мястэчка апошні тыдзень пачало нагадваць прыфрантавы гарнізон. Новыя весткі прыходзілі з кожнай гадзінай і бударажылі, і ўзвінчвалі людзей; шырокая базарная плошча, да якой збягалі і крыжаваліся там усе восем местачковых вуліц, не пуставала ні днём, ні ноччу. І ўсё ж раніцай таго дня, калі чырвонаармейцы вызнянскага атрада харчнарыхтоўкі выправіліся на чарговыя рабункі, ні сном ні духам, вядома, не здагадваючыся, што іх чакае (Чуб з кампаніяй падымалі ўжо чаркі ў Карпы за сталом, на стадоле ляжаў Чубаў абрэз, а ў качэргах стаяла Гнатава вінтоўка), – раннім світанкам у мястэчку ўсчалося ўзрушэнне, дасюль яшчэ небывалае.

Палалі на пляцы вогнішчы, тоўпіліся вакол іх, слухалі, спрачаліся, пераходзілі з аднаго асветленага круга ў другі ўзброеныя людзі і людзі без зброі, але ў вайсковай форме, прытым чырвонаармейскай – перабежчыкі і палонныя, якія за апошнія дні па адным і цэлымі групамі спраўна наваднялі Семежава і з якімі не ведалі, што рабіць, ніхто іх не вартаваў і яны цягаліся, дзе хацелі, і рабілі, што хацелі; уперамешку з вайскоўцамі таўкліся мясцовыя – цікаўныя семежаўскія дзядзькі(такіх было небагата, але былі), стаялі і больш слухалі, чым гаварылі, – панадзявалі старыя латаныяпералатаныя кажухі, горшыя шапкі, кожны абапіраўся на палку і горбіўся больш, чым трэба, – навучаныя горкім вопытам недавяракі, якія гэтай наіўнай сялянскай хітрасцю паказвалі, што вось мы якія – бедныя, старэнькія, убогія, да службы няздатныя, узяць з нас няма чаго, а прыйшлі мы так сабе, паглядзець, што тут робіцца, паслухаць, што людзі кажуць…

Трапяткія агні кастроў выхоплівалі з ранішняга сутоння бледнапунсовыя, ненатуральныя твары, адкідвалі на стаптаны людзьмі і коньмі гразкі снег фантастычныя цені, якія ўвесь час калываліся, рухаліся, то перамешваліся і зліваліся ў адно, ствараючы яшчэ больш вычварныя малюнкі, то зноў разыходзіліся… Хаатычная таўкатня, поўная людзьмі плошча, траскучы ранішні кашаль, бесперапынная рознагалосая гамана, пырханне коней каля канавязі – усё гэта перш давала ўяўленне якогасьці святочнага, кірмашовага дня, – але не відаць было падводаў з таварам, не вішчала, не мыкала, не кудахтала і не гагатала жыўнасць, не было жанчын і маладзіц, без якіх ніякае свята не свята; калі б не ўрываліся ў гэтую звычайную, здавалася б, гаману чужыя, зусім не кірмашовыя гукі – рэзкі ляскат металічных частак зброі аб біклагу, аб бляху рамяня ці спражку партупеі, калі б не маўчала царква – старадаўняя, дзвесце гадоў назад адрэстаўраваная князямі Радзівіламі (а пабудаваная, значыць, яшчэ раней) красуняцэркаўка з трыма «цыбулінамі»макаўкамі, галасістая, якая на святы яшчэ з цёмнага выспеўвала ютрань малінавымі званамі, а цяпер ціха, сіратліва тулілася да голых дрэў з краю плошчы, скрушна пазірала цёмнымі вакніцамі на неўразумелую людскую мітусню.

Штораз то адсюль, з плошчы, то сюды па ўсіх вуліцах праносіліся веставыя, не шкадуючы коней, да шаленства даводзячы ахрыплых, адурэлых за гэтыя дні семежаўскіх сабак. Каля канавязі ўвесь час стаялі чалавек колькі; пільна ўзіраліся ў прыцемак вуліц, і калі чарговы веставы падлятаў да ганка адзінай у мястэчку грамадскай установы – аднапавярховага драўлянага будынка штатнага народнага вучылішча, дзе быў цяпер штаб брыгады, – навыперадкі кідаліся да яго, хапалі пад вуздэчку каня, падтрымлівалі стрэмя, нясмела пыталіся: «Як там?», або без асаблівых спадзяванняў проста моўчкі, нясмела зазіралі веставому ў твар. І хоць стомленыя, але ўсё адно важныя, непрыступныя, суровыя веставыя ў лепшым выпадку агрызаліся: «Адчапіцеся!» – а часцей і аднаго слова не знаходзілі, так і знікалі маўчком у штабе, ляпнуўшы дзвярыма, на міг ўтварыўшы каля вушака сіні воблак з халоднага паветра з двара і тытунёвага дыму з памяшкання, – самым незразумелым чынам навіна пераставала быць навіною, немавед як прасочвалася на плошчу, да людзей, і сярод вогнішчаў з новай сілаю ўзрываўся гоман, у якім сярод суцэльнага «гугугу» найбольш часта паўтаралася:

– Гугугу… Урангель!..

– Крым… Сіваш… Перакоп…

– Чырвоныя спыніліся!..

– Палякі спыніліся!..

– Лань, ад Лані нейтральны пас!..

– Грозаў – цэлы полк!..

– Глуск – шэсць тысячаў!..

– Лунінец, Пінск… склады Балаховіча!..

– Слуцк… Слонім… Баранавічы!..

– Вызна… Морач… Капыль!..

– Рыга… Крым… Лодзь… Грозаў… Слуцк… Клецк!..

– Гугугу…

А тым часам ў памяшканні, у адным з класных пакояў – з абкладзенай кафелем, горача напаленай грубкаю, з ссунутымі ў кут партамі, са школьнай дошкай, на якой крыва вісела чорнабелая, вялікага маштабу карта Беларусі (з недарэчнай друкарскай пазнакаю ў левым ніжнім куточку: «Za pozwoleniem cenzury woennej 27/9 1919 г.»), у сінім дыме плавалі постаці штабных ваенных і «радаўцаў» у цывільным, усяго чалавек пятнаццаць, усе з такімі ж, як і ў тых, на плошчы, бледнымі, нявыспанымі тварамі, з ненармальным бляскам чырвоных ад гэтага дыму і ўзрушэння вачыма, з нервовымі рухамі, хрыпатымі галасамі – нібы карцёжнікі, што правялі цалюткую ноч у хмельным, азартным загуле і цяпер, на світанні, вырашылі урэшце разабрацца, хто каму сколькі вінен; праўда, словы тут гучалі не з карцёжнага, а хутчэй з геаграфічнага лексікону, – тыя самыя і нават з тою ж інтанацыяй, што і на плошчы: «Слуцк… Варшава… Лодзь… Нейтральная зона… Урангель… Вайсковая камісія…».

Чалавек пяць стаялі каля карты, тыцкаючы алоўкамі ва ўсе яе куткі. Некаторыя схіліліся, сутыкаючыся галовамі і брылямі фуражак, над сталом, заваленым паперамі. На бліжэйшай парце ляжала некалькі нумароў аддрукаванай на таўсценнай жоўтай паперы гродзенскай газеты «Беларускае слова» – кідаўся ў вочы набраны вялікімі літарамі адразу пад загалоўкам, тлуста абведзены чырвоным заклік:

«Грамадзяне! Нясіце ахвяры рэчамі і грашмі! Складайце ахвяры ў»Гурткі беларускіх кабет «ці ў Беларускі Нацыянальны Камітэт для перасылкі іх беларускаму паўстанцу – жаўнеру на Случчыне! Наша многапакутная МаціБеларусь вымагае гэтага ад вас!»

І ніжэй, таксама абведзена:

«З Слуцка даляцела да нас радасная вестка. Слуцкія беларусы пачалі на сваю руку ствараць беларускае войска!..»

Дзве карасінавыя лямпы, адна на стале, другая на шырокім падваконніку, ледзь трымцелі слабымі агеньчыкамі на абгарэлых кнотах і нічога не асвятлялі, толькі дадавалі яшчэ больш смуроду і копаці, і ніхто не здагадваўся прытушыць іх.

Як толькі днявальны ўводзіў у памяшканне веставога і той, у першы момант захлынуўшыся цеплынёю, заперхаўшыся дымам, не прывыклымі яшчэ пасля вуліцы вачыма пачынаў адшукваць у гэтай смуроднай смузе старэйшага, галоўнага тут, каму можна перадаць пакет ці зрабіць вуснае данясенне, – так адразу замаўкалі спрэчкі, станавілася ціха і падымаўся, упіраючыся магутнымі кулакамі ў стол, малады, тварам крыху падобны на Лермантава, высокі чалавек, перакрыжаваны партупеямі, з белчырвонабелымі нашыўкамі на пагонах падпаручніка. Сваім славутым «медзяным» голасам ён памагаў веставому – называўся:

– Камісар Жаўрыд!

Веставы пачціва заміраў «смірна» (Жаўрыда ведалі ўсе), браў пад казырок, другой рукою выцягваў зза пазухі і падаваў пакет.

Не адразу, а счакаўшы, пакуль веставы, а за ім і днявальны, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйдуць, Жаўрыд разрываў шчыльную траскучую капэрту. А за яго спіною па прынцыпу «свой да свайго» рассыпаліся на купкігрупоўкі штабныя і «радаўцы», і тыя, каму збоку відзён быў ягоны твар, не спускалі з яго вачэй, стараючыся ўхапіць хоць малейшую змену на ім і ўгадаць па гэтай змене, якога плану навіна. Але марна. Строгі, непранікальны быў твар, нічога нельга было на ім ўбачыць (хіба толькі, калі чытаў, верхняя губа разам з вусамі варушылася). Забыў чалавек пра ўсё і пра ўсіх на свеце, увесь у адным сабе, нішто яго больш не цікавіць, нічога не адарве ад гэтага шэранькага лістка паперы.

І, можа, з прысутных тут адзін Мірановіч – начальнік брыгаднай контрразведкі, якому сам Бог наканаваў быць назіральным, паручнік Мірановіч, які адно ў сілу спецыфікі сваёй «прафесіі» проста павінен быў заўважаць тое, чаго іншыя не бачаць, – ён ведаў аб уменні, ды што ўменні – псіхалагічным дары, рэдкім таленце Жаўрыда адчуваць людзей спінаю, патыліцай – так, як чалавек з заплюшчанымі вачыма адчувае цяпло або холад.

Гэта была праўда.

Жаўрыд не адрываўся ад набранага на гектографе, ці надрукаванага на «сляпой» машынцы, ці напісанага ад рукі скупога паведамлення і ў той жа час ведаў, што робіцца ад яго і справа, і злева, і ззаду – нібы нейкія нябачныя хвалі ішлі ад людзей, што сабраліся тут разам з ім. Ён ні разу не падняў вачэй ад паперкі, але выдатна ведаў, што з правага боку (бы знарок, «правыя» – таму і справа) стаіць, прыхінуўшыся да грубкі, і насцярожана цікуе за ім доктар Паўлюкевіч (той самы, які ампутаваў рэўкамаўцу Кецку пальцы), палкавы лекар, начальнік шпіталю; той самы Арцень Паўлюкевіч, які двух слоў не мог звязаць пабеларуску і ганарыўся гэтым, і абураўся, калі яго высмейвалі за гэта, той самы, які жывымі слязьмі плакаў, даведаўшыся аб разгроме Урангеля («Теперь всё, всё пропало!»), які з пенаю на губах заклікаў яшчэ ў Слуцку да ўзброенага выступлення, а потым, калі войска пачало фарміравацца, заявіў раптам ні з таго ні з сяго: «Пакуль не прагоніце бальшавікоў, нагі маёй не будзе ў вашай брыгадзе!», нечакана знік некуды са Слуцка разам з сям’ёю і таксама нечакана аб’явіўся ўжо тут, у Семежаве, толькі без сям’і.

Цяпер ён стаяў і зіркаў то на Жаўрыда, то на сваіх аднадумцаў, бы збіраўся, калі ўзнікне небяспека, як тая квактуха куранятаў схаваць іх пад крыло. Аднадумцы бравы капітанкавалерыст, балаховец Самусевіч, які, відаць, знарок, дэманстратыўна, падкрэсліваючы вернасць бядовому «Бацьку», ніколі не раставаўся з рознымі савінкаўскаалексюкоўскабалахоўскімі пракламацыямі, усе яго кішэні былі набітыя імі (і дзе ён іх толькі даставаў); вечна пануры, немалады ўжо, падазроны да ўсіх, у тым ліку, здавалася, і да сябе самога старшыня вайсковага суда Біруковіч; начальнік слуцкай міліцыі Мацэля з белым, як маска, доўгім бязвусым тварам – Іван Мацэля, які настойваў, каб яго звалі Янам, а прозвішча падпісваў чамусьці ўвогуле з двума «л», на італьянскі манер – Мацэльлі…

Хоць усе яны ляпіліся да самай грубкі, адтуль Жаўрыду патыхала холадам. Не азіраючыся, ён выдатна ведаў, што на іхніх тварах пад знарочыстай, напускной абыякавасцю – злараднае чаканне, гатоўнасць у любы момант рынуцца ў бойку – не з ворагамі, а з кожным, хто не за іх, а, значыць, і з ім, Жаўрыдам, таксама, што чакаюць яны любой каверзы, любога ягонага промаху, каб адразу ж залямантаваць: «Ну што, дагуляліся ў сваю «незалежнасць»?! А мы папярэджвалі, што толькі маці Польшча і бацька Балаховіч – тыя сілы, на якія ставіць трэба было, каб надаць хоць нейкі сэнс усяму гэтаму!..»

Крыху цяплей, але таксама бы ветрыкам цягнула на яго з левага боку (зноўтакі: «левыя» – злева). Там верхам на ссунутых у беспарадку партах сядзелі, пакурваючы, «радавец» Лістапад – адказны за брыгаднае харчаванне (Юрка Лістапад, якому, дарэчы, у гэтыя першыя дні амаль не было работы, сяляне з ваколіцаў самі, без аніякіх рэквізітных загадаў, падвозілі як харчы, так і фураж літаральна вазамі) і браты Дубіны, Міна і Улас, – маладыя, прыгожыя, здаровыя… І гэтыя дымілі сабе цыгаркамі і рабілі выгляд, што нічога іх не тычыцца, і ў гэтых – Жаўрыд ведаў – абыякавасць была толькі знешняя, напускная, пры любой нагодзе гатовая прарвацца задзірыстым: «Ну што, даваяваліся? А мы казалі, мы ведалі, чым скончыцца, мы папярэджвалі, што не такія саветы страшныя, як іх малююць, што якія б яны ні былі, усё бліжэй нам, чым «пшэкі»! Казалі мы, што сто разоў трэ было падумаць, перш чым пачынаць усё гэта авантуру! Казалі, што не варта было пакідаць Слуцк, а йсці ў падполле, а яшчэ лепш – на службу саветам, і тады ўжо, спадцішка, маючы ўладу, рабіць усё, што спатрэбіцца для святой справы!..»

Нічым – ні цяплом, ні холадам не патыхала, аніякім ветрыкам на цягнула ад акна, каля якога размясціліся, седзячы побач на табурэтах, як бы таксама стварыўшы свой гурток, ваенныя: камандзір брыгады капітан Анцыповіч, камандзір батальёна падпалкоўнік Гаўрыловіч, камандзір кавалерыйскага аддзела паручнік Кернажыцкі, начальнік два дні назад створанай вайсковай брыгаднай школы паручнік Данілюк, афіцэр брыгады паручнік Капец (запомнім яго, ён яшчэ сваё слова скажа)… Гэтыя сядзелі – прамыя спіны, рукі на каленях, асалавелыя твары, сківіцы то ў аднаго, то ў другога перасмыкаюцца пазяханнем – усе падобныя чымсьці на вучняў, якіх ужо выклікаў настаўнік, яны адказалі вызубранае на памяць хатняе заданне і цяпер змушаныя даседжваць да канца нудны, нецікавы ўрок, чакаць, пакуль апытаюць іншых.

Нічые (зборнік)

Подняться наверх