Читать книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 6
Нічые
Аповесць
ІV
ОглавлениеВыйшаў з веснічак Чуб з абярэмкам вінтовак. Уладкаваў зброю на падводу, паўз драбіну. Памацаў забітых праз брызент, праверыў, ці як след звязаныя палонныя, пашморгаў вяроўку – ці добра трымаецца на кручках… Затым, бы цяпер толькі заўважыў, павярнуўся да натоўпу. Ссупіў бровы, уставіў рукі ў бокі – вялізны, што той мядзведзь, спытаў, грозна варушачы вусамі:
– Так – і што вы тут не бачылі?
Дзядок, абапіраючыся на крывуліну, падаўся бліжэй. Патлумачыў:
– Дык гэта… Стаімо, жджэм, – і азірнуўся на вяскоўцаў, чакаючы падтрымкі.
– Чаго вы жджэце?
– Дык гэта… вядома… Каб сваё забраць, калі раздаваць пачняце, – дзядок паказаў крывулінаю на мяшкі доле і на падводзе.
– А хто вам сказаў, што мы будзем раздаваць? – яшчэ больш павысіў голас Чуб. – Я ў вас пытаю!
Раптам як стаяў – рукі ў бокі – так і пайшоў на дзядка:
– Сыны, унукі ёсць?
– Дык гэта… – сумеўся той, змізарнелы перад такой скалою, – два сыны, а ўнукі малыя…
– І дзе сыны? Я спадзяюся, у нас у атрадзе? У Семежаве?
– Дык гэта… па хадзяйству…
– Па хадзяйству?! Мы там мерзнем, гібеем, кроў праліваем за вас жа, а вы – пахадзяйству?! Толькі і робіце, што ў валенкі ціхенька пшыкаеце ды на гарачых чаранах, у цяпле ў дабрэ, валяецеся?! Саветам ці палякам, маць вашу растакую, дык вы нічога не шкадуеце! – усё больш распаляўся Чуб, наступаючы на разгубленага дзядка. – Вам пугаўём у шыбіну стукнуць, дык вы і лапкі ўгору, апошняе сала з кубла цягнеце, апошні крыж нацельны гатовы сарваць з сябе і аддаць! А нам, сваім героям, сваёй доблеснай беларускай народнай арміі вам меркі аўса шкода?!
Крыху астыў, супакоіўся.
– Зараз слухайце мне і запамінайце, і па хатах разнясіце. Пра тое, што тут было, каб ні адна жывая душа не пікнула! Калі прыедуць, стануць пытаць, скажаце – так і так, былі чырвоныя, забралі што ім трэба і паехалі сабе ў Вызну. Зразумелі? Ды не тапчыцеся тут без толку, слядоў не рабіце!.. І помніце, чэрці, – калі што… – пагразіў таўсценным пальцам.
– Не, гэта ж я так сабе, – зашамкаў спалохана, апраўдваючыся, дзядок, палічыўшы, відаць, што пагроза найбольш яго тычыцца. – Бярыце на здароўе – сваім не шкода! – сказаў, а выцвілыя падслепаватыя вочкі ўраз заслаліся жалем і паказалі на іншае – што шкада, яшчэ і як шкада свайго дабра, і чым вы, такія «абаронцы», розніцеся тады ад саветаў ці ад палякаў?..
Аднак на астатніх прамова Чуба падзейнічала. Усё правільна, так і трэба, сіла павінна быць сілаю – з кулакамі, з мацюкамі, а яшчэ лепш – з крывянкамі, тады і паважаць можна, тады і слухацца ахвота…
– Правільна, хлопцы!
– Бярыце на здароўе!..
– Чым гэтай набрыдзі, дык лепш сваім ужо…
Нават дзяўчынка, якая моцна трымала Васільку за руку, саромеючыся ўласнай смеласці, выгукнула званчэй за ўсіх:
– Што ж гэта – сваім шкадаваць?!
– Даўно б так, – змякчыўся Чуб. – Хоць і тугавата, але даходзіць да вас, нарэшце разумна загаварылі. Словам – давайце, давайце ўсе па хатах!
– І то праўда – што гэта мы тут…
– Сляды адно робім…
– Будзем маўчаць!
– Маўчаць трэба, бо сабе ж горш…
Не слухаючы, Чуб павярнуўся да падводы. Распарадзіўся:
– Гнат, паглядзі тут. Я скора, – і пайшоў назад у двор.
Каля ганка ўсё было чыста. Стары Карпа дзяўбаў заступам настылую зямлю.
– Каб ямку, ды закапаць, – патлумачыў, паказваючы на згрэблены ў кучку бураковы снег.
– Яшчэ там, на агародзе… – Чуб хацеў сказаць, што і там трэба будзе прыбраць хоць трохі, замясці, але зірнуў на неба, нізкае, панурае, зацягнутае цяжкімі хмарамі, махнуў рукою – абыдзецца, наваліць снегу за ноч, усё схавае.
– Дзяніс дзе, у хаце?
Карпа ўгукнуў. Прыставіў заступ да сцяны, пасунуўся следам за Чубам у хату.
У хаце, асабліва пасля вуліцы, аж у нос давала змешанымі пахамі аўчыны, брагі, квашанай капусты, непрыбраных закусак на стале, застаялага невыветранага махорачнага дыму і найбольш востра – тымі асаблівымі, якія нічым не пераб’еш і ні з якімі іншымі не зблытаеш, пахамі хворага чалавека і немаўляці. На печы за комінам сярод кучы лахманоў ляжала хворая Карпава жонка, а ў большай хаце (Чуб ведаў), так ні разу і не паказаўшыся ім на вочы, сядзела з дзіцём Карпава нявестка, жонка старэйшага сына Данілы, які, як і меншы Дзяніс, быў у Семежаве ў брыгадзе.
Дзяніс стаяў у кутку каля лавы і піў, прагна каўтаючы, ваду з жалезнай кружкі. Калі ўвайшлі бацька з Чубам, адарваўся, не падымаючы вачэй, прамармытаў:
– Захварэў, здаецца…
– Ну дык не дзіва, без шапкі на дварэ, – заўважыў Чуб. – Ты б мо ваду халодную пабярогся піць?
Здзекуецца? Насміхаецца? Ці папраўдзе не здагадваецца ні аб чым? Напляваць – абы хутчэй скончылася ўсё, абы яны нарэшце з’ехалі адсюль, пакутліва думаў Дзяніс.
Чуб пагаспадарску, не пытаючы дазволу, падышоў да стала:
– Дагуляць не далі, – шчодра плюхнуў сабе ў чарку з вялікай бутлі. – Ну, дзе наша не прападала! На дарожку!
– Піце на здароўе…
Карпа замітусіўся:
– Дый сабраць жа вам трэба чаго… І Данілу гасцінец будзе… Усё ж ёсць! Каўбасы пакладу, і сала, і масла…
– Вось за гэта дзякую, бацько, – Чуб выцер мокрыя губы, укінуў у рот кавалак сала без хлеба.
Дзяніс, які крадком назіраў за ім, аж перасмыкнуўся. «Гэта не людзі! Пасля ўсяго прыйсці і жлукціць гарэлку, і чвякаць салам!..» Ізноў яму захацелася неяк уцячы адсюль, каб не бачыць нічога, схавацца, як малому, у сваім ціхім надзейным куточку паміж хлявом і прыбіральняю.
– Дзяніско, сынок! – пачуўся зза коміна слабы голас. – Падай і мне вады!
Ён хуценька боўтнуў конаўку ў цэбрык. Аберуч, падняўшыся на дыбкі, падаў маці.
– А што гэта бухала там, на дварэ? – напіўшыся, спытала хворая.
– Нічога, ляжы сабе, – адказаў заместа сына Карпа, які вярнуўся з сянец, трымаючы ў руцэ ладна ўпакаваную палатняную торбу. – Гэта так, хлопцы балваліся… Лепш падай там цыбулі нізку. Ды большую знайдзі, не чужым даём… Данілу нашаму…
Зашамацела на печы цыбуля.
– Даніла ваш цяпер ого, – паказаў пальцам у столь Чуб. Відаць, усё ж была ў ім віна перад гаспадарамі за ўсё, што ўчварылі, і цяпер ён, як умеў, хацеў падхваліць іх. – Пры вялікім начальніку, ардынарац камандзіра палка! Самаго Чайкі – героя – ардынарац…
І хоць не раз сёння чуў Карпа пра гэтага «героя – вялікага начальніка», а ўжо ў раз дзесяты слухаў гэтую наіўную, няўмелую пахвальбу свайго старэйшага сына, але ізноў клюнуў:
– Дык я яшчэ адскочу!.. Паляндвічкі дакладу, ёсць жа месца яшчэ… Хай, можа, камандзіра пачастуе, а то сам будзе есці, а той слінкі глытаць, – сказаў і адразу ж зазлаваў на сябе, што выкрыў неасцярожным словам гэтую бацькоўскую хітрасць: маўляў, паддобрываць трэба камандзіраўначальнікаў, тады і сынам паслабка будзе… Прыкрыкнуў на сына:
– Хадзем у камору, паможаш хоць што!.. Хоць накрыўку з кубла патрымаеш…
Застаўшыся адзін, Чуб выпіў яшчэ. Потым, рыпаючы падлогаю, пайшоў у большую хату. Зазірнуў у баковачку. Каля пабеленай грубкі стаяла люлька, побач на табурэтцы сядзела маладзіца і дзюбала носам, змагаючыся са сном. Чуб кашлянуў асцярожна, хацеў паглядзець на малога ў люльцы, аж маладзіца ад яго кашлю страпянулася, устала, растапырыла рукі, засланяючы люльку сабою.
– Куды ты лезеш да яго, чорт абкураны!
Але, нягледзечы на сярдзітыя словы, ні ў голасе, ні ў вачах яе – пустых, выплаканых, вымучаных адзінотаю, не было ўжо ні злосці, ні гневу; не было ўжо сілы наракаць ні на гэтае непрыкаяннае сабачае жыццё, ні на гэтых людзей, што звялі з сабою яе чалавека, ні на самога гэтага чалавека, які немавед чаго, дзеля чорта лысага ацураўся сям’і…
– Данілу перадаць што? – спытаў Чуб ціха.
Адказу не дачакаўся.
– Ну, нічога… Мо якнебудзь, – сказаў, абы хоць што сказаць.
Вярнуўся ў меншую хату. Карпа прыбіраў са стала. Набітая торба – мяшок добры, а не торба, – стаяла прыслоненая да прыпечка. Дзяніс пазіраў у акно, калупаў пазногцем падаконнік. Шынялёк і фуражка віселі каля дзвярэй на ўбітых у сцяну драўляных палачках – «вешалцы».
– Ну што – адзявайся памалу, – сказаў Чуб. Прыўзняў торбу за лямкі, паважыў. Пабаяўшыся, мусіць, што абарвуцца, падхапіў другой рукою знізу, прыціснуў да жывата.
– Кажу ж, захварэў… – Дзяніс нават не павярнуўся. – Горла дзярэ… І галава…
– Хай мо і праўда пабудзе трохі, – нясмела ўступіўся за сына Карпа. – Скажэце ўжо там… Мо сварыцца дужа не будуць, Даніла ж там пры начальстве…
– Ну, глядзі.
Чуб паставіў торбу на падлогу, выцягнуў з кішэні Кецкаў наган, паклаў на край стала.
– На – на ўсялякі пажарны. Вінта забяру, мала што… І за ноч пастарайся вылечыцца, – дадаў насмешліва. – Каб заўтра з раніцы быў, як штык, у Семежаве. А то і Даніла не паможа… Чуеш?
– Угу, – буркнуў Дзяніс, так і не павярнуўшыся.
Неўзабаве воз зарыпеў прыстылымі да зямлі коламі, Гнат цмокнуў і шлёгнуў канцом лейцаў бліжняга каня, падвода сарвалася з месца і шпарка пакацілася снегавой дарогаю да лесу. За падводай цугам, на адлегласці метры паўтара адзін ад аднаго пацягнуліся звязаныя палонныя. Збоку ішоў Мікола, пасвістваючы, з вінтоўкаю на плячы. Ззаду – рукі ў кішэнях – Чуб.
Стоячы каля веснічак, гледзячы ўслед, Карпа перахрысціў працэсію і тады толькі схамянуўся:
– Вяроўку, вяроўку неяк перадайце, хлопцы!
Але яму не адказалі. Падвода ад’ехала ўжо далекавата і ніхто, мабыць, не пачуў.