Читать книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 4

Нічые
Аповесць
ІІ

Оглавление

У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры – усе разам – замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка ірвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму зза сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты усім пад ногі!!! Быстра!!!» – і навялі зброю адзін на Кецку, другі – на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.

З сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан – у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.

Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў. Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.

– Стой! – паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй – без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!»

– А то страляць буду! – прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя, і не збіраліся нікуды ўцякаць.

– Мікола – таго, каля падводы! – паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу. – Гнат – з гэтымі разбярыся! Дзяніс, – да маладога, – вяроўку!..

Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў – з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.

– Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..

Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўнеры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.

– Ногі шырэй, рукі вышэй!..

Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:

– А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..

Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзнач, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях…

З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх:

– Ыч, шчанюкі, – прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава… Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам: – Ваякі – голыя сракі!

У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар. Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам; крыкнуў:

– Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ужо, вылазь!..

З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках:

– Каму, Чуб? – задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.

– Дай сюды… – Чуб перавесіў вяроўку на плячо. – А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ, ды венік… і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца… Скажы, усё тут скончана.

– Не ўсё яшчэ, – сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.

Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з’едліва: – Ну што, Косцік? І ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім… Маліся цяпер свайму карлумарлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога! – відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.

Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:

– Бога я не прадаваў… і людзям не ўядаўся…

– Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!

– Зброя ёсць? – лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі, ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.

– Ёсць…

– Дык аддай нам, – працягнуў Чуб руку. – Яшчэ пальнеш са страху, бяды толькі наробіш.

– Са страху не пальну…

– Пагавары мне яшчэ!

Нязграбна, непаслухмянымі пальцамі левай рукі ў рукавіцы Кецка пачаў адшпільваць гузікі на палітоне. Гнат з нянавісцю глядзеў на яго.

– Хутчэй, чорт бязрукі! – не вытрымаў, сам залез яму за пазуху, выцягнуў з унутранай кішэні наган з барабанчыкам, падаў Чубу. Той абыякава апусціў зброю ў глыбокую кішэню шыняля.

– Што, прымерзлі рукавіцы? – не адчапляўся Гнат. – Ану, здымай! Ды варушыся трохі!..

Крывячыся ад болю, рэўкамавец сцягнуў рукавіцы, выдаўжыў рукі – маўляў, наце, любуйцеся… І правая, з кульцямі замест двух пальцаў, і левая – не на рукі больш падобныя, а на гусіныя лапы, былі пасечаны трэшчынкамі, пакрытыя нейкімі шнарамі, крывянілі, з белымі крохкімі пазногцямі, што не адраслі яшчэ заместа сагнаных, скура лушчылася, злазіла проста шматкамі з далоняў і з пальцаў, а новая, свежая – была ружовая і тонкая, не дзіва, што не зажывала, балела і трэскалася.

Чуб з Гнатам пераглянуліся.

– Аддай назад, ну яго на… – сказаў Чуб. – Яшчэ заразу якую схопіш.

– А яны яму ўжо не спанадабяцца! – умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ўадначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам. – На тым свеце цёпла! – і зарагатаў падурному.

Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.

– Дурань, – павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела, – ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..

– Глянь ты на яго – герой! – здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: – Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі – палезна!

– Наваюеце вы так…

– А ты за нас не перажывай, – прамовіў Чуб, аднак і яму, мабыць, зрабілася крыху ніякавата – на самай справе, за што здзеквацца з чалавека, ён жа не ўцякае, не абараняецца, без зброі… Чуб падумаў трохі і дадаў з важным выглядам, нават за вус узяўся і падкруціў. – Мы табе не балахоўцы і не нейкія там «зялёныя», мы – армія Беларускай Народнай Рэспублікі, чуў пра такую? І радуйся, што на нас напаў. З палонных мы не здзекуемся, а па правілах ваеннага часу здаем у контрразведку.

– Дык здавайце, а не…

– Ты што, Чуб?! – абарваў Кецку Гнат, вылупіўся на Чуба сваімі пукатымі і ўсё адно прыгожымі вачыма. – Перапіў? Ці не дапіў? Якая контрразведка?! Ты не адсюль, не ведаеш, што за ён— затое мы добра ведаем!.. Ды па ім самая сухая асіна ў тым вунь лесе плача, і вяроўка вось гэтая вось!

– Аддай, аддай, кажу, рукавіцы палоннаму, – усё адно распарадзіўся строга Чуб.

Гнат, хоць і не вельмі ахвотна, але паслухаўся. Не падаў, а кінуў рукавіцы Кецку пад ногі. Той падняў; калі насоўваў на рукі, скасавурыўся на чыронаармейцаў пры сцяне. Не даючы ўвагі Гнату, ціха прамовіў да аднаго Чуба як бы ў падзяку за тое, што заступіўся:

– Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі… Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.

– Вово! Такіх ён і ведае, – усміхнуўся Гнат.

– Пачакай, – сказаў Чуб, – да Чайкі, дык да Чайкі. Можна і да Чайкі… А пакуль— тварам да сцяны, як і ўсе!

І калі Кецкарэўкамавец паслухмяна і хуценька, нібы збавенне яму было ў тым, што ставяць яго «да сценкі», выканаў загад, Чуб нагнуўся, бо быў на паўтары галавы вышэйшы за Гната, штось шапнуў таму на вуха…

Гнат ашчэрыўся ва ўсмешцы:

– Хіба што так!

На ганак вылецеў задыханы Дзяніс, з драўляным заступам у адной руцэ, з венікам у другой, усім сваім выглядам паказваючы, што зараз жа гатовы да любых новых даручэнняў – толькі каб не стаяць на месцы, не глядзець на гэтага забітага… А за Дзянісам асцярожліва высунуўся з сянец і неяк бокам злез з ганка мажны, хоць згорблены ўжо гадамі дзядзька, у высокіх, да каленяў, валёнках, у кароценькім кажушку з адрэзанымі чамусьці рукавамі, на галаве – аблавушка… Гэта быў гаспадар, той самы дзядзька Карпа, які толькі што пазіраў, прыплюснуўшыся да шыбіны, з хаты на двор. Адразу ж вочы яго самі сабою стрэлілі, мімахоць ухапілі каля ганка скурчаны труп, пад якім распаўзлася на снезе цёмная бураковая пляміна… І тады – хоць, вядома ж, ён чакаў убачыць тое, што ўбачыў, на твары яго адбілася перш недаўменне, затым разгубленасць і страх, акурат як у свайго сына, гэтага вось Дзяніса… Ён раптам заморгаў пакрыўджана, нібы восьвось сабраўся заплакаць, затым сарваў з галавы аблавушку і захрысціўся, хутка крыжуючы сабе лоб і грудзі вялікай рукою, што здавалася занадта доўгаю, як і ва ўсіх прыгорбленых людзей.

– Вы гэта… дзядзька Карпа, – сказаў Чуб і закашляўся, пачаў мацаць па кішэнях, шукаючы кісет з курывам, – вы адно кроў сашкрабеце пасля… А там ужо за ноч снегам засыпле, і следу не застанецца…

– Ды ўжо ж, сашкрабу!..

Карпа адвярнуўся, забегаў вачыма па двары, ізноў акурат бы сын таксама шукаючы хоць якога сабе занятку… Пачуў, што сабака шкрабецца ў пуні, туды памкнуўся:

– Ото выпусціць трэба!..

– Я сам, – Дзяніс кінуў вобземлю заступ, венік, пабег.

Карпа сярдзіта зірнуў яму ўслед, пашкадаваў, мабыць, што выграбся з хаты, – сядзеў бы сабе, пакуль не скончыцца ўсё…

– А крывянкі – Божа ж мілы!.. – міжволі ізноў злавіў краем вока нябожчыка, і зноў перахрысціўся.

– Даходзіў доўга, – патлумачыў Чуб, як пра кабана сказаў, а не пра чалавека: – Камуністы, яны жывучыя, што ты!

Ён адвярнуўся ад ветру, чыркнуў сярніцаю (агеньчыка зусім не было відаць у вялізных далонях), прыкурыў тоўстую самакрутку.

Дзяніс расчыніў дзверы пуні, выпусціў сабаку. Той выскачыў – злы і нацяты, ашалелы пасля цемры ад зыркага святла, ад пахаў, ад чужых людзей, якіх трэба кусаць, ірваць, гнаць адсюль, са сваіх уладанняў… Аж раптам застыў, пацягнуўся мусаю туды, да сцяны, дзе ляжаў мёртвы, пачаў прынюхвацца, затым уздыбіў поўсць на шкірцы, разгублена азірнуўся на пуню, падціснуў хвост і заскуголіў жаласна, аж да мутарнасці, нібы прадчуваючы, што гэтым не скончыцца, нібы новую смерць наклікаючы.

– Бач, не йдзе! Крывянку чуе… Ды замаўчы ты, падла! – не вытрымаў Карпа, шукаючы што пад нагамі, каб запусціць у сабаку.

Мікола рагатнуў.

– Ну, дзядзьку… Крывянку чуе… А ты хацеў, каб і красных біць, і каб кроў не йшла? То так не бывае – дзе б’юць, там і льюць! – задаволены, што так дасціпна перавярнуў прыказку, падышоў да Чуба: – Пакінь пару цягаў.

Гнат з вяроўкаю падступіўся да палонных, пачаў з Кецкі:

– Лапы давай, калека… Ды дзякуй Богу, і праўда, што нам патрапіўся – рэгулярнай арміі! – сказаў з нядобрым нейкім смехам, дыхаючы на Кецку перагарам добра знаёмай і самаму рэўкамаўцу мясцовай самагонкі, зіркаючы на яго сваімі прыгожымі пукатымі вачыма, і зірканні гэтыя не абяцалі нічога добрага…

Адзін з палонных, крайні, раптам рыўком адштурхнуўся ад сцяны і матлянуў за вугал хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.

– Назад!

– Стаяць, курва!! – паляцела яму ўслед.

– Пільнуйце гэтых! – Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лемантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не пабабску:

– Гнат, давай хутчэйчэйчэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб’е! – і ў гэтым ляманцегалашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.

Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тына. Чуб бухнуўся на калені:

– Кладзі!

Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца…

– Не патрапіш самога заб’ю, – сур’ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.

Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.

Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся:

– Я цябе навучу!.. – адно прамовіў.

Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю – тварам уніз…

Чуб ўстаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.

Нічые (зборнік)

Подняться наверх