Читать книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват - Страница 10
Раздзел 1
Мемуары дворніка
Ліпень
Оглавление* * *
Я от што падумаў. Чаму б мне не стаць сталяром, як дзед? Падумаў – і пайшоў у манастырскую сталярню запісвацца чаляднікам.
А яны мне такія:
– Калі ласка.
Мой нос учуяў пах пілавіння і шэпча мне: галоўнае ў жыцці – навучыцца рабіць табурэтку. Галоўнае ў жыцці – навучыцца рабіць стол. Галоўнае ў жыцці – навучыцца рабіць простыя рэчы.
А я сваёй арт-дырэктарцы такі:
– Не хачу быць дызайнерам, хачу быць сталяром.
Мая арт-дырэктарка мне такая:
– Заўдзёўб ты мяне, Андрушка.
Я ёй такі:
– Я ж рознабаковая асоба.
Яна мне такая:
– Пагаворым у аўторак.
Я ёй такі:
– Пагаворым у аўторак.
Уяўны рамонт працягваецца. У кухні ўжо квяцістае сонечнае святло падае на табурэтку, зробленую сваімі рукамі.
* * *
Сёння трапіў у закрыты музей старажытнабеларускай культуры ў Акадэміі навук.
Па-сапраўднаму маё сэрца ёкнула ля інструментаў і прыладаў. Нацягіч, зачэртач, скобля, шаршэрка, шпунтоўнік, струг… Як бы я хацеў пачуць гэтыя словы ў сапраўдным жыцці:
– Жонка, ты не бачыла маю шаршэрку? Яна ляжала ля шпунтоўніка, а цяпер тут нацягіч.
Як бы я хацеў, каб у музей трапілі зусім іншыя словы.