Читать книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват - Страница 12
Раздзел 1
Мемуары дворніка
Верасень
Оглавление* * *
З’ездзілі з Евай у Беласток. Там мусіла адбыцца наша першая ноч. Пасля чаго, як прыстойны чалавек, я меў намер сказаць ёй:
– Я разумею, што гэта не было ў тваіх планах, але мо зусім трошкі ты хацела б жыць у глухой вёсцы і даіць карову?
Аднак Ева прапанавала спаць у розных пакоях.
Калі я лёг, яна прыйшла да мяне, села на ложак і сказала:
– А давай адно аднаму расказваць страшныя гісторыі.
* * *
Памерла маладая суседка, пакінула немаўля. Мужык расказваў суседзям, што дзіця ніхто не корміць, а яно накормленае. Людзі сталі шаптацца, што нябожчыца прыходзіць і дае цыцку.
Маці па тэлефоне расказала такую байку – дзіцячы ўспамін з вёскі Бярозаўка.
Яшчэ помню Шэльмікаў. Вельмі даўно жылі ў Бярозаўцы муж з жонкай і мелі такое прозвішча. Усё нічога, ды любілі сварыцца. Мо Шэльмікі і харошымі людзьмі былі, але пасмяротную славу займелі праз любоў сварыцца на ўсю вёску. Мая бабуля, калі на тое была нагода, казала:
– Што вы равяце, як тыя Шэльмікі!
А сёння і я ўзгадаў іх, калі пачуў, як суседзі сварацца. У Мінску ў верасні 2014 года я на балконе міжволі падумаў: «Ну і шэльмікі!».