Читать книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват - Страница 25
Раздзел 3
Сёння я піў самагон
Оглавление* * *
Часам хочацца піва, а купіць не магу.
* * *
Сказаў прудкаўцам, што я не пʼю. Гэтым адрозніваецца жыццё ў вёсцы: няможна схавацца. З кім спаў і што піў – усе даведаюцца.
Добры дзень, мяне завуць Андрусь Іванавіч, мне 32 гады і я не магу купіць піва.
* * *
«Рухаючыся праз Мінск, Мазыр, Нароўлю ў Чарнобыль, мы амаль увесь час ішлі лясамі. Каля Нароўлі мы праходзілі па такіх мясцінах у першабытных лясах, дзе нейкую вёсачку ці ліхую карчомку можна было ўбачыць толькі праз некалькі міляў адна ад адной. Жыхары гэтых малых паселішчаў былі такімі палахлівымі, што перад нашым набліжэннем з жонкамі і дзецьмі хаваліся ў лясах, а мы натыкаліся на пустыя сялібы. І толькі пазней, прывабленыя нашымі падарункамі, а канкрэтна гарэлкай, асобныя з іх вярталіся дадому».
«Дзённік генерала Яна Вейсенгофа», 1790.
* * *
Дыялог у краме.
– Е ці не е?
– Е.
– Дай.
– На.
Калі ўвядуць падатак на літары, мы выжывем. Мы нават зэканоміць можам у ліхія часіны:
– Е?
– Е!
* * *
Ляжу пад яблынькай. Трэцяя ноч не ў ложку, а на зямлі ў садзе. Каровы варушацца ў кароўніку. Суседскі сабака брэша на купальскага дзядка.
Ёсць імавернасць дажджу. Ці што заказыча ў сне русалка. Ці яблык упадзе на галаву. Але мы, прудкаўскія хлопцы, нічога не баімся.
Канец сённяшняга эфіру. Дабранач. Гімн.
* * *
Прачнуўся, бо адчуў, што на мяне хтосьці пазірае. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Колю Валодзі Кульгавага. А я ніяк не магу схаваць, як мне хораша было спаць. Коля бачыць, што мне шчасліва, і хоча, каб і яму было шчасліва таксама, то адразу пытаецца:
– Выпіць е?
Ці то зямля пацвярдзела. Ці то пацвярдзеў я. Але не даў яму выпіць. Узяў нож і пайшоў рэзаць гіпсакартон.
– Не дасі?
– Ну да.
– Калі нуда, ідзі пад плот.
* * *
Увечары прыйшла цётка Дуня.
– Сынок, а хто то да цябе заходзіў?
– Калі?
– Удзень.
– А то Коля Валодзі Кульгавага.
– Та пра Колю я ведаю. Апасля Колі.
– Я ж у лесе быў.
– Я ведаю, што ты ў лесе буў.
– Скуль?
– Маруся казала. Бачыла, як ты лісапедай ехаў. Ты не туды паехаў, сынок, у тым хмызняку ягад не будзе.
– Я не па ягады.
– Ай, расказвай. А што Коля хацеў? Выпіць ізноў прасіў? Ніяк не нап’ецца, алкаш! І п’е, і п’е, і п’е.
– Не, закурыць прасіў.
– От курэц! Ужэ выпіў – і курыць пайшоў. Абы-што, а не Коля. І курыць, і курыць – ніяк не накурыцца. Усю вуліцу пракурыў. І ты яму даў?
– Цётка, а чаго Маруся Зайчыкава да вас заходзіла?
– А якое табе дзела? От цікаўны які! Іш!
* * *
Паехаў я лісапедай на пошту ў Каленкавічы. Праз дваццаць кіламетраў вырашыў заскочыць да цёткі Волі. Той не было ўдому, але былі мае любімыя крышані. Пад’еў гэтых крышанёў, падумаў: не грэх і паспаць. Пакуль даехаў да пошты, яна закрылася. Вяртаюся дадому любімым хойніцкім шляхам. Наездзіў сорак пяць кіламетраў, каб проста паесці і вылежацца.
* * *
Калі ехаў на лісапедзе, пабачыў пяткі дзеда Ганушы. Ён бегае ад мяне, бо месяц таму пазычыў «да вечара» трыццаць тысяч, каб апахмяліцца пасля Тройцы.
* * *
Радзіва «Прудок». Вячэрні выпуск навінаў.
Па небе перадаюць зоркі. Быццам не ў двары спіш, а ў космасе. Я Маленькі Прынц з Ромам замест ружы. Касмічны сабака брэша. Касмічная карова варушыцца. Як учора і як мільён гадоў таму. Як тут і як усюды.
А я ўжо не стану касманаўтам.
* * *
Цётка Дуня любіць чытаць мае тэксты. То бок дачка паказала ёй некалькі ў інтэрнеце. Цяпер яна прыходзіць да мяне і кажа:
– Напісаў штоліся?
– Напісаў.
– Пра што?
– Пра Колю.
– Гэта той – Валодзін?
– Ну.
– А што пра яго можна пісаць? Ён жа п’яніца. Напішы пра Марусю Зайчыкаву – як яна трыццаць гадоў даяркай адпрацавала, як ёй грамату далі.
– Я ўжо напісаў пра Колю.
– Ну, пачытай.
Я ўключаю ноўтбук і пачынаю чытаць:
– Коля хацеў выпіць.
– Абы-што! І куды ты гэта пішаш – мо ў раённую газету?
– Паслухайце далей.
– Давай, чытай.
– Коля хацеў выпіць. Ён абмацаў кішэні, хоць і так ведаў, што ў адной ляжаў вялікі цвік, а ў другой – цыгарэты з запалкамі. Прадаўчыха каму давала ў крэдыт, а яму – ніколі.
– Яна і не дасць! Было б каму. От раскажа Галі – тая яму дасць дык дасць.
– Я чытаю далей?
– Давай.
– Коля плёўся ўздоўж агародаў, пануры і задуменны. Падумаў, што свет да яго несправядлівы. Мужык ён харошы. Гаруе-гаруе ў тым калхозе, а выпіць няма як.
– Ажнедзе гаруе! От Галя – тая гаруе. На той Галі, беднай, жывога месца няма. Давай далей, ну.
– Ля Еўчынага плота Коля спыніўся. Зімой Ева пахавала свайго чалавека. Коля на памінкі не патрапіў, прыйшоў апасля, яна яму не наліла.
– Правільна зрабіла, што не наліла. Ну, што далей?
– …Прыйшоў апасля, яна яму не наліла. «А я табе налью. Мне для цябе, Еванька, не шкада. От на табе, пі, Еванька, пі», – сказаў Коля ўголас і шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою.
– Абы-што! Той алкаш нашкодзіў маладзіцы пад куст, а ты ўжо і рады старацца! От нашто ты пішаш такое?
– …І шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою. Адчуў палёгку. Далей ісці было весялей. Але выпіць усё адно хацелася.
– І гэта так пішуць у Мінску? Як п’яніца маладзіцы пад куст пасцаў – такое сягоння пішуць?
– Пішуць, цётка, пішуць.
– Абы-што.
– Увечары Коля вяртаўся дадому тымі ж агародамі. Адзін раз ён няўдала абапёрся аб Еўчын плот і перамог яго – плот упаў на парэчкі, а Коля – на плот. Прабрала на смех, які вырываўся з рота разам са слінай.
– Нашто ты пішаш пра тое, мой ты галубок? Марусі Зайчыкавай грамату далі – пра яе напішы. Яна ж без мужа век пражыла. Хатка ў яе бы лялька. Акуратненька, чысценька, есці наварана. І сама яна – лялька. А ты пішаш пра алкаша. Хіба пра такое можна пісаць, мой ты харошы?
– Пачакайце, цётка, я не скончыў.
– Не трэба мне, не чытай. Я, баба дурная, сяджу і вушы развесіла. Ідзі свайму Колю чытай. От яму ідзі і чытай, а мне такое не чытай.
– Далей усё хораша будзе. Мо дачытаю, а?
– Ай, не знаю. Не хочу я.
– От слухайце. Яшчэ колечкі часу Коля паляжаў, памармытаў сабе нешта пад нос і захрапеў. Прачнуўся ён пад гімн з Еўчынага прыёмніка. Галава моцна гудзела. Побач заспяваў певень, яму адказалі іншыя па сяле. Коля агледзеўся. Дзе ён ляжыць, то зразумеў адразу, а як сюды патрапіў – і не спрабаваў думаць. Ужо не першы раз ён прачынаўся не дома і трохі да таго прызвычаіўся.
– Не буду слухаць. Нават не чытай.
– На ім ляжала коўдра. Відаць, Еўка пашкадавала ды накінула.
– Няма ёй чаго рабіць. Я б яму вады з калодзезя выліла на морду яго паганую.
– Коля сеў на зламаны плот, яшчэ раз агледзеўся, дастаў з кішэні цыгарэты. Закурыў. Зараз Галя вернецца з начнога дзяжурства. Трэба хутчэй дадому, каб яна не дазналася, дзе ён начаваў. Але Еўка раскажа. А мо і не раскажа.
– Раскажа. А не раскажа – я раскажу.
– Коля ўстаў. У галаве нешта стрэльнула. Асцярожна паклаў коўдру пад брылём ганка і пайшоў дадому па малаток. Па радзіва сказалі, што надвор’е будзе добрае.
– Усё?
– Усё.
– Абы-што. Больш да цябе не прыйду.
* * *
Перад дажджом мухі шалеюць. Не дажыве Наташа да Спаса. Пацярплю-пацярплю – ды размажу па сцяне.
* * *
Мой дзед казаў: «Гаспадарку весці – не яйцамі трэсці». Ён меў найлепшую ў вёсцы хату. А я гарадскі лапух, які нічога не разумее ў будаўніцтве. Усё згніе, усё абрынецца.
Вы праслухалі перадачу «Чалавек, які ведаў дзеда, заходзіў у госці».
* * *
Шурык меў намер пусціць дзедаву хату на дровы. Яна муляла вочы сельсавету, і чыноўнікі летась далі Шурыку адзін год.
* * *
Сёння я б мог піць каву на балконе ў Мінску, мне б пазваніла маці і між іншым паведаміла б, што ў Прудку болей няма дзедавага селішча. Потым тут вырасла б калгаснае жыта, і штогод на Радаўніцу мы, нашчадкі, гулялі б у гульню: тамака быў плот, тутака баба Дуся сядзела на лаўцы. Мы штогод гуляем у гэтую гульню на вотчыне маці.