Читать книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват - Страница 21

Раздзел 2
Тут палку кінь – і тая папаўзе
Травень

Оглавление

* * *

Усё самае страшнае пачынаецца словамі: «Ничто не предвещало беды». Ранак. Восем гадзін. Заліты сонцам сад. Сяджу пад ігрушай, пʼю сырадой з пернікамі. І ў гэты момант на мой агарод нясецца зграя разʼюшаных калгасных кароваў. Схапіў дубца і рынуўся ім насустрач.

А як дзень пачынаецца ў вас?

* * *

Штораніцы ў 7:40 міма маёй хаты на лісапедзе праязджае маладая жанчынка. Штораніцы яна гучна крычыць: «Добрае утра!». З гэтага ўтварылася традыцыя. Я мушу паспець прачнуцца, прыбраць ложак, пакарміць Ромку, распаліць вогнішча, прыгатаваць каву і сесці на ганак. Яна мусіць здалёк пабачыць мяне, падʼехаць бліжэй і гучна вымавіць: «Добрае утра!». Тады будзе добры дзень.

Сёння будзе добры дзень.

* * *

Радзіва «Прудок». Перадача «Тэатр ля мікрафона».

Рома знайшоў сабе чорную котку. Ужо мо тыдзень начуе ў яе, дадому прыходзіць толькі падсілкавацца.

– Што, палюбоўніца не накарміла? – кажу. – Ты зразумей, Ромка, яна возьме ўсё, а потым зробіць выгляд, што і не ведае цябе. Трэба як я – будаваць хату і дбаць пра пограб, каб на зіму было куды бульбу пакласці. Дзеўкі выціснуць з цябе ўсе сокі ды знойдуць сабе новага ката – маладога ды энергічнага.

– Каў.

– Паеў бы хоць, пане Каханку.

– Каў. Каў.

Ледзьве жывы, але пайшоў мой дурань да сваёй брунеткі. А я тварог раблю.

* * *

Мой першынец – Гарох Андрэевіч. Ён такі малы, а я ўсміхаюся. Корпаешся ў зямлі, націраеш рукі-ногі, спальваеш спіну, а тут бац – і зялёны карапуз. Сядзіш ля яго і думаеш, што, можа, не зменіш сусвет, не злётаеш у космас, але вырасціў жывую зялёную казяўку.

* * *

У мяне актывізаваўся нейкі паляшуцкі ген, які штодня па дваццаць чатыры гадзіны нудзіць: што яшчэ пасеяць? Зямля прападае дарэмна. Што яшчэ пасадзіць? Купіць карову. Купіць казу. Не, лепей дзве каровы. І казу. Тры. І трактар. І зямлю яшчэ.

* * *

Пасеяў трыста трыццаць тры сланечнікі. Зімой прыеду ў Мінск ля метро семкі прадаваць.

* * *

Радзіва «Прудок». Навіны замежжа.

– Абама прыжаў Меркель, і яна не можа прыехаць у Маскву павіншаваць Пуціна.

У цягніку гавораць палескія бабулі. Нашто мне тэлевізар? Я ўсё ведаю і так.

* * *

Да маіх бацькоў прыехалі госці з Расіі. І я тут гасцюю разам з Варварай. Дай мне, божа, цярпення. Мая тонкая душэўная арганізацыя псуецца ад украінафобій. Вярнуся дадому – напʼюся крапівы.

* * *

А ў мяне лён павылазіў з зямлі. Гэта нешта такое сакральнае беларускае. Кожны мусіць пасеяць лён, каб адчуць урачыстасць моманту.

* * *

У пошуках бабулі, якая робіць вышыванку, званю сваёй маці.

– Ма, – кажу, – а мо ты ведаеш такую?

– Ведаю, – адказвае, – гэта я.

Тое ды сёе, кажа, што ейны бацька быў апошнім вясковым майстрам, хто рабіў пасталы.

– І я пару разоў пастолікі насіла, – кажа маці.

А яе дзед апошні ў вёсцы насіў вышываную кашулю.

– Я вышывала, а дзед надзяваў і ганарысты такі хадзіў па вуліцы.

Сёння ў нашай хаце свята. Калі ласка ў нашу хату. Будзем сядзець, хто хоча, хоць да ночы, бо мяне электрыфікавалі.


Болей не давядзецца зараджаць тэлефон у калгасе імя Ф. Э. Дзяржынскага. Я так і казаў:

– Рома, ты за гаспадара, а я пайшоў да Фелікса Эдмундавіча.

* * *

У Каленкавічах дагэтуль прынята хадзіць па вуліцы з музыкай. Раней шпана цягала з сабой магнітолы на батарэйках. Цяпер – мабільныя тэлефоны. Тэлефона не бачна, таму ідзе такі хлопец – музычная скарбонка, а з яго льецца блатняк.

Мне пашчасціла ўбачыць каленкавіцкую бабулю, з глыбіні якой цурчыць акардэон.

* * *

Колісь, калі жанчына не хацела мець дзяцей, яна замыкала замок і кідала яго ў студню. Чысцілі маю студню і на дне знайшлі стары замкнуты замок. Цікава, гэта замок-замок ці замок-кантрацэпцыя? Ці, можа, ён там ляжаў з іншай нагоды, трапіў на дно праз невядомы мне рытуал? Ці проста ўпаў, калі баба Дуся набірала ваду?

* * *

Радзіва «Прудок». Навуковая перадача пра металалом.

Палешукі вельмі сквапныя на жалеза. Мо праз генетычную памяць пра жалезную руду, якую колісь сям-там на Палессі здабывалі.

Мае бацькі жывуць крыху вышэй па Прыпяці. У іх быў сусед, ужо нябожчык, меў мянушку Жалезны. Тую мянушку атрымаў менавіта праз схільнасць цягнуць у свой двор усё жалезнае.

Ёсць патрэба абрасці жалезам і ў мяне.

Пакуль вычышчаў двор ад хламу, назбіраў кучу металалому: нейкія зубчатыя колы, дэталі ад прыстасаванняў, імя якім і сто гадоў таму ўжо не помнілі. На першы погляд, непатрэбшчына, але зрабіў у двары закуток («жалезная покуць») для гэтага хламу – хай будзе. Супраціўляцца генам не дам рады.

Коля кажа:

– Аддай жалеза, а я табе ўсё смецце вывезу.

– Не аддам.

– Нашто яно табе?

– А табе?

– А я люблю такое, мне нада.

– І мне нада, і я люблю.

Не аддаў. Але перахаваю. Бо ўкрадуць.

* * *

Радзіва «Прудок». Начны эфір. Страшны.

Стаўлю я ў сне тычкі на фасолю, а яны падаюць. Нейкія фільмы жахаў паказваюць у гэтых вашых прудкаўскіх снах.

* * *

Не даюць мне сёння спаць. Рома туды-сюды праз акно носіцца. Сам не ведае, дзе хоча быць. Нехта жарэ маю сцяну. Па руцэ паўзе жук-насарог. Эпіцэнтр падзей, а не ціхае вясковае жыццё.

* * *

Болей за ўсё палешукі баяцца ўроку. Калі ўсё добра, пра гэта нельга нікому казаць. Лепей і не думаць. Таму тут не працуюць, а гаруюць. Свойская жывёліна заўсёды – худобіна.

Цётка Дуня пытаецца:

– Што ты тут пасадзіў?

– Тое ды сёе.

– Дажджу не будзе, нічога не вырасце.

Я падумаў: «От жа каза якая!»

Потым мне патлумачылі, што так пажадалі добрага ўраджаю. Я мусіў у адказ паскардзіцца на надворʼе, нікчэмную зямлю і на тое, што няма гожых дзевак у радыусе дваццаці кіламетраў.

Я ўсё яшчэ актыўны аптыміст, таму не самы сапраўдны паляшук. Я выпраўлюся, абяцаю.

* * *

Або беларусы такія цярплівыя таму, што шмат стагоддзяў запар вырошчвалі і палолі лён, або беларусы шмат стагоддзяў запар вырошчвалі і палолі лён таму, што такія цярплівыя. Мае харвацкія гены пужліва глядзяць, як мае беларускія гены цярпліва полюць.

Радзіва «Прудок»

Подняться наверх