Читать книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват - Страница 4

Раздзел 1
Мемуары дворніка
2014 год
Студзень

Оглавление

* * *

Мне 31. Віншую вас, Андрусік Іванавіч. Можаце задзьмуць свечку.

* * *

У мяне ёсць бутэлька каньяку, але піць не буду. Пайду спаць: ну яго к чорту, той алкагалізм у адзіноце.

* * *

Апошні раз так, як учора, я напіваўся ў верасні з расійцамі пад Адэсай. Нараніцу яны расказалі, што ў пэўны момант я перайшоў на беларускую мову, і ўсё, што яны змаглі зразумець, – гэта слова «маскалі».

Ат, папаўзу я ў тэатр. Сёння хоць падобны да нармальнага дворніка. Каб толькі нікога не сустрэць.

Як у тым анекдоце, сустрэў усіх. Іосіфаўна сказала, што я смешны. Але на «Пана Тадэвуша» мне паставяць дадатковае крэсла.

Атрымаў заробак і пайшоў не апахмяліцца, а ў кнігарню. На ўсе грошы купіў кніг. Нават «Дзікае паляванне» ўхапіў. Толькі ў Купалаўскім тэатры ёсць такі дворнік. Культура!

* * *

Пакуль сур’ёзныя журналісты абсмоктваюць скандал пра сцяг з выявай «Пагоні» ў «Пане Тадэвушы», я раскажу вам свежыя плёткі.

– Як вам спектакль? – выпытвае купалаўская вахцёрка. – Мне вельмі спадабаўся! Такія дэкарацыі, такія эфекты! А ў фінале – гэта ж згарэў Мірскі замак, вы гэта зразумелі? Я чайнік паставіла. Будзеце чай?

Не ведаю, які там замак згарэў, мо і сапраўды Мірскі (а я, невук, усё думаў, што гэта метафара), але люблю сваю працу за тое, што вахцёрка і дворнік могуць от так, па-свойску, абмеркаваць апошнія культурніцкія падзеі.

Радзіва «Прудок»

Подняться наверх