Читать книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват - Страница 5

Раздзел 1
Мемуары дворніка
Люты

Оглавление

* * *

Мяне аштрафавалі за курэнне на тэрыторыі метрапалітэна. От вам і культура. Унеслі ў сшытак «Доставленные». Цяпер я – «доставленный».

Міліцыянтка заўважыла бранзалецік-вышыванку на руцэ.

– Бандэравец?

– Купалавец.

Нешта я зусім псую рэпутацыю купалаўцам. Трэба казаць, што я купалавец, толькі калі выношу дзяцей з полымя. А калі куру на тэрыторыі метрапалітэна, лепей казаць, што я дворнік з Адміністрацыі.

Вахцёр учыніў несанкцыяваную акцыю: усім даваў па цукерцы. Таму сёння тэатр пачынаўся не з вешалкі, а з усмешак і «вой, дзя-я-я-куй». Я на ўсялякі выпадак сваю цукерку прыхаваў у кішэні. Калі заўтра ўсе выйдуць на працу жывымі, тады і з’ем.

* * *

Прыехалі да мяне паляшучкі пажыць на час сесіі. Яны ўвесь час ядуць. А калі не ядуць, размаўляюць пра ежу.

Гляджу на пражэрлівасць палескіх дзевак і бачу за акном не мінскія хрушчоўкі, а запруду, зарослую кураслепам і дзядамі. А ў хаце баба Ганна ўчыніла кіслыя аладкі, насмажыла сала.

Паляшучкі прывезлі мне маё палескае дзяцінства.

* * *

Узгадаў гісторыю пра боршч.

Бацькі пасварыліся. Тата застаўся жыць у гарадской кватэры, маці паехала ў вясковую хату. Першыя тры-чатыры тыдні яны дэманстравалі адно аднаму, што шчаслівыя самі па сабе. Калі стала халодна, маці троху засумавала, бо працы паменела, адзіноты паболела. Бацька стаў ніякавець: схуднеў і пасівеў. Было заўважна, што ім надакучыла халасцяцкае жыццё, але зрабіць першы крок да прыяднання не маглі. Тады маці ўжыла забаронены прыём: перадала бацьку слоік з баршчом. Маўляў, засталося, не свінням жа выліваць. Калі гэты наркатычны сродак трапіў у бацькаву кроў, да прыяднання засталіся хвіліны.

* * *

АААА! Мая дачка сказала першае слова па-беларуску – «дзякуй». Я ёй: «Спі, я цябе люблю». А яна такая: «Дзякуй».

* * *

Сёння напісаў тры звароты ў дзяржаўныя ўстановы наконт зменаў у законы «Аб мовах» і «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў». Мне гэты працэс спадабаўся. Таму я падумаў і напісаў яшчэ ліст з падзякай фабрыцы «Сонца» за пральны парашок «Мара».

Цяпер я дакладна не баюся старэць: я ведаю, як бавіць час на пенсіі, калі буду дзедам.

* * *

Свайго дзеда я ніколі не бачыў, ніколі не сядзеў у яго на каленях.

У 1931 годзе, у чатырнаццацігадовым узросце, ён быў «признан виновным в том, что являлся участником контрреволюционной повстанческой организации».

А я ў трыццаць адзін прыбіраю смецце. От як!


Радзіва «Прудок»

Подняться наверх