Читать книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват - Страница 22
Раздзел 2
Тут палку кінь – і тая папаўзе
Чэрвень
Оглавление* * *
Радзіва «Прудок». Перадача пра птушак Палесся.
Раніцой адна скочыла мне на галаву, другая пасялілася на маім капелюшы. Маю хату атакавалі сітаўкі. Мо так і трэба?
* * *
Гляджу я на свае кабачкі, града з якімі хіба што ўкраінскай мяжы не дасягае, і думаю, што я псіх. Сквапны палескі псіх.
* * *
Усё як мае быць: і кабачкі, і сонца, і чыстае неба над галавой. А трэба трохі дажджу. Агарод гарыць. Цётка Воля звоніць з Каленкавіч, кажа:
– Сынок, як ты там?
– Гару, цётка, гару.
– І я гару.
– Прыехаць памагчы?
– Прыедзь памажы.
* * *
Палескія жанчыны ўмеюць адной рукой трымаць стырно машыны, другой – без промаху лавіць мух. На хуткасці 120 км/г. Сяджу побач і здымаю капялюш.
* * *
Сёння я правёў дзень са сваёй цёткай. Яна не глядзіць тэлевізар, належыць да «Сведкаў Іеговы» і баіцца гадзюк. Тыдзень таму цётка Воля няўдала павярнулася ў ложку і атрымала пералом ключыцы.
– Папалась я дык папалась, як цыган у калхоз.
Прачнуліся мы ў чатыры раніцы, прайшлі восем кіламетраў, пабачылі сем маленькіх чорненькіх гадзючак. Цётка кажа, што, каб забіць гада, яго трэба праткнуць наскрозь галінкай. Калі не праткнуць, іншыя гады выцягнуць яго з іншасвету. Яна ў гэта верыць. Я ў гэта веру.
* * *
Пра Палессе кажуць так: «Тут палку кінь – і тая папаўзе».
* * *
Вярнуўся ў Прудок. Прадаўчыха кажа, што ў маю адсутнасць дажджу не было.
* * *
Дажджу няма, а інтэрнэт е. Не трэба больш бегаць з ноўтбукам па хаце ў пошуках адзінай маленькай хвалі. Не трэба збіраць часткі мадэма, разбітага аб сцяну (бо я псіх). Velcom – гэта ўсё ж такі не МТС (дзе забраць ганарар за рэкламу?).
УУУУУУУЎЎЎЎЎЎЎЎЁЁЁЁЁЁЁЁ!!!!!!!!!!!
Мне трэба было сорак хвілін бегаць па хаце, каб прачытаць паведамленне ў фэйсбуку. Болей за ўсё злавала, калі паведамленне было кароткае – якоесь «ок».
Не, гэта часам было весела, але годзе.
* * *
Яшчэ сто мільёнаў гадоў, і калодзежны зруб будзе гатовы.
А вы кажаце: кабачкі, апошні рамантык, тонкая душэўная арганізацыя і філосаф.
* * *
Радзіва «Прудок». Начны эфір.
На Палессі жыве таямнічы Той, які пра ўсё ведае. Даўно мусіць быць выдадзены «Кішэнны шматтомнік афарызмаў Тоя», бо там-сям на ўзбярэжжах Прыпяці фіксуюцца выпадкі махлярства. Напрыклад, калі паляшук хоча, каб яго словы мелі большую вартасць, ён лёгка прыпісвае іх Тою: «Як Той кажа», «Як Той казаў». Праз недастатковую вывучанасць зʼявы цяжка вызначыць, якія афарызмы належаць непасрэдна Тою, а якія былі прыдуманы хітраватым мясцовым насельніцтвам.
Канец начнога эфіру. Гімн. Ідзіце ўжо спаць, не дурыце галаву ні мне, ні людзям.
* * *
Мае стасункі з жывымі людзьмі за чатыры дні. Серада. Пяць хвілін – з прадаўчыхай.
Чацвер. З жывымі людзьмі не размаўляў.
Пятніца. Адну хвіліну – з Алесяй, у якой бяру малако. Дзве хвіліны – з чалавекам, які лічыць, што ён мой сусед, хоць я яго ніколі не бачыў. Тры хвіліны – з прадаўчыхай.
Субота. З жывымі людзьмі не размаўляў. 0,1909722222222222 % часу я быў онлайн.
* * *
Да абвесткі «Калі ласка, прыедзьце і забярыце ад мяне гэтыя кабачкі» засталіся лічаныя дні.
* * *
Мой агарод перарэзаны роўнай лініяй. Падобна на след ад лісапеды, але штосьці лягчэйшае, бо расліны не паламаныя і след неглыбокі. З аднаго боку лініі праз кожны метр – яміна, бы варонка якая. Слядоў чалавека ці жывёлы няма.
Прабацька беларусаў Той, гэта ты? То спі, я больш не буду. Ці палка прапаўзла?
* * *
Я бы тая зязюля. Хаджу па Прудку і падкідваю прыстойным людзям кабачкі. Пакуль прадаўчыха ў краме, я ёй на лісапеду пакет з сённяшнім вывадкам павесіў. І збег абходнымі сцежкамі. Адбіткаў пальцаў не пакінуў. Падазроных асобаў з біноклямі ў вокнах не бачыў. Бадзяюся па двары з выразам на твары «гэта не я».
* * *
Я зразумеў, што адзін у полі не воін, і прашу дапамогі: збіраю ў сябе талаку на будаўнічыя працы. Ну як талаку – маленькую талаконьку, чалавек на пяць. Асаблівых уменняў не трэба (у мяне іх таксама няма). Галоўнае, каб былі рукі, пачуццё гумару (якое спатрэбіцца, каб з рыдлёўкай наведваць лясную прыбіральню), уменне спаць на падлозе ці ў намётах у двары і любоў да кабачкоў. Фармат – палескі, мова – беларуская, ежа – вясковая.
Будзе наладжана экскурсія ў мясцовую краму, дэфіле калгасных кароў, піццё крапівы і свойскага малака. Клімат – субкантынентальны, блізкі да трапічнага. Ёсць лісапеда. Што яшчэ? Чым яшчэ прывабіць?
* * *
У мяне ёсць мухі. Самую надакучлівую муху завуць Наташа. Я люблю ўвечары легчы, выключыць святло і сказаць уголас:
– Наташа, адчапіся. Не сёння.
* * *
З усіх маіх унутраных асобаў крыху пакіраваць целам захацелася хіпстару.
Ён сказаў: «Не хачу будаваць хату – хачу маленькія бутэлечкі, як у модных мінскіх кавярнях». Унутраны этнограф не стаў пярэчыць, бо коркі з бярозавай губы выраблялі даўно-даўно. Унутраны пісьменнік вырашыў пра гэта напісаць. Унутраны гаспадар парадаваўся, што будзе чым затыкаць бутэлькі.
Усе мы тут рады. Усім нам тут добра. І Наташа ўсміхаецца.