Читать книгу Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 5
Алесь Кажадуб
Як я зрабіўся пісьменнікам
ОглавлениеГэта адбылося са мной у далёкім дзяцінстве. Мы жылі ў Ганцавічах, гарадскім пасёлку ў палескай глушы.
Але глушшу Ганцавічы былі толькі для Якуба Коласа, які настаўнічаў у гэтых мясцінах да рэвалюцыі, і адну з частак трылогіі «На ростанях» назваў «У палескай глушы». Пасля вайны Ганцавічы змяніліся, зрэшты, як і ўвесь Савецкі Саюз. На працу ў Заходнюю Беларусь прыехалі тысячы юнакоў і дзяўчат, сярод якіх былі і мае маці з бацькам. Як мне зараз здаецца, для іх не існавала задач, якія нельга было вырашыць. Перад вачыма ляжаў вялізны сусвет, у які трэба было ўвайсці і ўзяць сваё. І яны ўваходзілі і бралі.
Бацька працаваў бухгалтарам, маці пашпартысткаю ў міліцыі. Яны пабраліся, бацька ўступіў у партыю, атрымаў пасаду галоўнага бухгалтара міжкалгасбуда, і ўсё было б добра, каб не яго перакананне, што рабіць трэба не так, як загадвае партыя, а па сумленні. На выбарчым сходзе камуністаў ён устаў і сказаў, што кандыдат у дэпутаты, якога прыслалі з райкама, поўная нікчэмнасць – бацька выкарыстаў іншае слова, – і трэба выбраць таго, каго яны добра ведаюць. Сход падтрымаў бацьку і прагаласаваў за іншага кандыдата.
Гэта быў натуральны бунт на караблі, і бацьку з трэскам выкінулі спачатку з партыі, потым з працы. На той момант ужо нарадзіліся мы з сястрой, часы ў нас наступілі не самыя простыя. Але я расказваю не пра лёс маладых камуністаў у пасляваенным Саюзе.
Менавіта ў гэты нялёгкі год са сваім лёсам вызначыўся і я. Адбылося гэта ў нашым хляве, куды я паклікаў суседа Ваньку. Ён быў на год старэйшы за мяне, а значыць, разумнейшы і мацнейшы.
Я яшчэ ў школу не хадзіў, але ўжо чытаў дарослыя кнігі, і адна з іх моцна ўразіла мяне. Яна была пра рыцараў-крыжакоў. Закаваныя ў бронь ваяры ўзрушылі мяне да глыбіні душы, і я захацеў зрабіцца падобным да іх.
Я знайшоў у хляве ржавае вядро і доўга стараўся пракалупаць у ім дзірку для вачэй. Аднак не было патрэбнага інструмента, ды і рукі былі слабаватыя. Я здагадваўся, што ў гэтыя рукі яшчэ рана ўкладваць жалезны двухручны меч. Але меч можна было лёгка памяняць на абструганую палку, што я і зрабіў.
Іншая справа шлем, то бок вядро. Усё-ткі трэба было бачыць, куды ты ідзеш і з кім ваюеш. Я ўзяў вядро і пайшоў да суседа Толіка Шабанава, старшакласніка. Толік быў харошы хлопец. Не задаючы лішніх пытанняў, ён узяў зубіла і малаток і прабіў у вядры крывую дзірку.
– Сыдзе? – спытаў ён.
– Канешне, – сказаў я. – За гэта я табе дам пачытаць кніжку пра рыцараў.
– Не трэба, – адмахнуўся Толік. – Ваюй так.
Я адвалок вядро назад у хлеў і надзеў яго на га-лаву. На жаль, вядро было не зусім шлем. Пры жаданні я мог бы ўціснуцца ў яго з плячыма, але як тады махаць мячом? Так, трэба было набіраць вагу. А я кепска еў.
«Добра, – вырашыў я, – пакуль паваюю ў вядры».
І паклікаў Ваньку. Але Ванька надзяваць вядро на галаву рашуча адмовіўся.
– Гэта ж твой шлем, – сказаў ён. – Я лепш мячом.
– Меч таксама мой, – сказаў я.
– І я яго стругаў.
Гэта было праўдаю, меч мы майстравалі разам.
Мне не спадабаўся ягоны ўладарны тон, але я ўсё ж надзеў шлем на галаву. Ванька радасна ўсміхнуўся і ад усяе душы ўпляжыў мячом па вядры.
З вачэй у мяне пасыпаліся іскры. Але разам з іскрамі з галавы вылецела і ўся дурата, якая там накапілася. Я раптам зразумеў, што лепей пісаць пра рыцараў, чым быць імі.
Спалоханы Ванька дапамог мне зняць з галавы вядро.
– Жывы? – спытаў ён і памацаў шышку, якая, як я адчуваў, імкліва ўспухала на макаўцы.
– Не чапай! – узвыў я. – Мы ж гуляем у рыцараў!
– А ты не сказаў, што трэба знарок, – паціснуў плячыма Ванька. – Зірні, меч зламаўся.
Мы агледзелі зброю. Сапраўды, яна ўжо была ні на што не прыдатная, у адрозненне, дарэчы, ад вядра.
– У наступны раз трэба зімовую шапку пад вядро надзець, – сказаў Ванька.
«Дудкі, – падумаў я. – У наступны раз рыцарам будзе нехта іншы».
І я пакрысе пачаў пісаць. Спачатку кароткія, на паўстаронкі, апавяданні, потым даўжэйшыя. У восьмым класе я ўжо дарос да рамана. Ён называўся «Анты» – аб праславянскім племені, якое ваявала з Візантыяй.
Але «Анты» я пісаў у Навагрудку, дзе заканчваў школу імя Адама Міцкевіча. Там я ўжо быў цалкам саспелы аўтар, які не лічыў чымсьці неверагодным заваёву свету. Анты для гэтага падыходзілі. Яны таксама амаль што заваявалі ўсходне-рымскую імперыю.
Бацька ў Навагрудку выкладаў у гандлёва-эканамічным тэхнікуме бухгалтарскі ўлік, аднак пра Ганцавічы не забываўся. Памятала пра іх і маці.
– Які ж ты быў дурань, што паехаў з Ганцавічаў, – сказала яна неяк бацьку.
– Дык раён жа расфарміравалі! – вытрашчыў той вочы. – Не мог на працу ўладкавацца!
Калі бацька спрачаўся, ён заўсёды вытрэшчваў вочы.
– А Прасвіраў застаўся, – сказала маці.
Іншы раз у спрэчках яна была нязноснаю.
Хведар Пятровіч Прасвіраў быў сябрам бацькі. Яны разам пачыналі працаваць у Ганцавічах, Прасвіраў – старшынёй райспажыўсаюза, бацька – бухгалтарам. Але потым Прасвіраў пайшоў па журналісцкай сцяжыне і цяпер узначальваў раённую газету ў Ганцавічах, якія на той час зноў зрабіліся райцэнтрам.
– Такой кватэры, як там, у нас ужо ніколі не будзе, – уздыхнула маці.
З гэтым згадзіўся і бацька. Па ганцавіцкіх мерках хата панскага падлоўчага, то бок ляснічага, якую мы займалі папалам з дырэктарам школы Сычовым, была сапраўднымі харомамі. Я ўжо не кажу пра сад. Нашым грушы бэры і яблыні мядоўцы зайздросцілі ўсе мае сябры, і асабліва Ванька.
Але ў Ганцавічы мы з бацькам паехалі не па бэру ці мядоўку. Бацька склаў у стос дробна спісаныя лісты майго рамана, уціснуў іх у папку і завязаў тасёмкі. Як сапраўдны бухгалтар, ён умеў працаваць з дакументамі.
– Пакажам Хведару, – сказаў бацька. – Ён так-сама пісьменнік.
Я ўжо разумеў розніцу паміж пісьменнікам і журналістам, але змаўчаў. Мне і самому хацелася з’ездзіць у Ганцавічы.
Прасвіраў пакорпаўся ў папцы з маім раманам, перагарнуў некалькі старонак і штосьці прачытаў. Здаецца, яму не спадабаўся мой почырк.
– Малайчына, – сказаў ён. – Пішы далей. Аднак пісьменніцкая справа няпростая. Пішучая машынка патрэбна.
– Машынку мне дадуць у тэхнікуме, – запэўніў бацька. – Якраз нядаўна адну спісалі.
– Друкуе? – спытаў Прасвіраў.
– Дзве літары не прабівае, але заўхоз сказаў, што адрамантуе. Ён у нас мужык з рукамі.
Мяне якасць пішучых машынак пакуль што не хвалявала. Пра што пісаць – вось у чым пытанне.
– А вы пра што пішаце? – спытаў я Прасвірава.
– Аповесць скончыў. – Хведар Пятровіч азірнуўся па баках. – Сказаць, пра што?
– Канешне, – дазволіў я.
– Пра экскаватаршчыка!
Я ледзь не сеў міма крэсла, што стаяла побач. Экскаватаршчык у ролі галоўнага героя твора не мог мне прысніцца нават у страшным сне.
– Ты слухай, слухай! – ускочыў з месца Хведар Пятровіч. – Гэта ж не просты экскаватаршчык. У нас тут да вайны яўрэі жылі, увесь цэнтр пасёлка займалі. Потым немцы прыйшлі, гебітскамісарыят, гета… Частка яўрэяў з гэтага гета збеглі, астатніх расстралялі немцы, і пасля вайны яўрэйскія дамы пачалі зносіць.
– Калі гэта было? – спытаў бацька.
– Адразу пасля вайны, яшчэ да таго, як мы з табою прыехалі. Ну, экскаватаршчык зламаў сцяну дома, бачыць – гаршчок вывернуўся. Ён вылез з кабіны, узяў у рукі – а там золата!
– Брэшаш! – стукнуў даланёй па стале бацька.
– Далібог!
Хведар Пятровіч перажагнаўся. Між іншым, у адрозненне ад бацькі, з партыі яго не выганялі.
– Зрэшты, у яўрэяў заўсёды было золата, – сказаў бацька. – Нават у Калмановіча, сам бачыў.
– Калмановіч з’ехаў у Свярдлоўск, а тут цэлы гаршчок у сцяне замураваны!
Расказваючы, Хведар Пятровіч вялікімі крокамі мерыў пакой, у якім нас прымаў. Гэта быў кабінет з дзвюма кніжнымі шафамі, пісьмовым сталом, кушэткаю і чатырма крэсламі. Я з цікавасцю глядзеў па баках. Некалі ж і самому давядзецца віць пісьменніцкае гняздо. Але для гэтага патрэбен як мінімум уласны пакой. А ў нас у Навагрудку два пакоі на чатырох чалавек у доме для выкладчыкаў тэхнікума.
– Уяўляеш, схапіў ён гаршчок з золатам, – перабіў ход маіх думак Хведар Пятровіч, – і пабег, не спыняючыся, у Брэст!
– Гэта ж колькі кіламетраў? – спытаў бацька. – Трэба было сесці ў цягнік і паехаць, хоць у Брэст, хоць у Лунінец. А там шукай ветру ў полі.
– Косця, ён жа з глузду з’ехаў! Цэлы гаршчок з золатам!
Прасвіраў перайшоў на крык. Відаць, гаршчок з золатам сапсаваў нешта і ў ягонай галаве. Я заклаў пальцам правае вуха, яно ў мяне чула лепей, чым левае.
«Навошта крычаць пра нейкі гаршчок? – падумаў я. – Анты з Візантыі золата вазамі везлі. Мусіць, і нявольніц бралі. Ці ў іх не было рабства? У рамеяў дакладна было…»
– Уяўляеш, да самага Брэста бегма бег! – зноў, падобна варвару, уварваўся ў стройную фалангу маіх думак голас Прасвірава. – Ні разу не спыніўся!
– Адкуль вы ведаеце, што ён не спыніўся ні разу? – спытаў я.
Прасвіраў з бацькам у здзіўленні ўтаропіліся ў мяне. Відаць, яны забыліся пра маё існаванне.
– Дык жа гаршчок з золатам у руках, – сказаў Прасвіраў. – З гэтым не спыняюцца.
– А я б на цягніку паехаў, – сказаў бацька. – З Лунінца проста ва Уладзівасток. А лепш у Сочы.
Ён цмокнуў. Здаецца, Сочы спадабаліся яму больш за Уладзівасток. Мне таксама.
– Косця, які цягнік?! – пляснуў рукамі Прасвіраў. – Я ў аповесці так і напісаў: бег, не спыняючыся, да самага Брэста!
– Цікава, што ён з гэтым золатам зрабіў? – паглядзеў на мяне бацька. – Гэта ж яўрэйскае золата. А яно нашага брата шчаслівым не зробіць.
Здаецца, аповесць Хведара Пятровіча займала яго нашмат меней, чым гаршчок з золатам. Але бацька заўсёды быў абыякавы да літаратуры, з паэтаў ведаў аднаго Ясеніна. На падпітку мог прачытаць на памяць «Чорнага чалавека».
– Вялікая аповесць? – спытаў я Хведара Пятровіча.
– Дзевяноста старонак на машынцы! – горда адказаў той. – Паўгода адным пальцам кляпаў.
– Трэба было машыністцы аддаць, – умяшаўся ў нашую размову пра літаратуру бацька.
– Гэта ж аповесць! – паглядзеў на яго, як на немаўля, Прасвіраў. – Тут трэба самому.
Я з ім быў цалкам згодны. Пісьменніцкая справа святая.
– Жонку трэба навучыць друкаваць, – сказаў бацька. – Ці адну з дачок. Колькі іх у цябе?
– Чатыры.
«Ого! – падумаў я. – Чатыры дачкі плюс жонка. Як яму ўдаецца пісаць у такіх умовах?»
– А я на працы, – прызнаўся Хведар Пятровіч. – Там спакайней.
Ён раптам уважліва паглядзеў на мяне. Мне зрабілася няўтульна.
– Валя таксама восьмы клас скончыла, – сказаў Прасвіраў. – Трэба вас пазнаёміць.
– Канешне, – згадзіўся бацька. – Навошта шукаць сякеру пад лаўкаю?
«Якая яшчэ сякера? – падумаў я. – Бацька тупы, але гэты яшчэ тупейшы».
– Валя! – гучна паклікаў Хведар Пятровіч.
– Пайшла на вуліцу, – пачулася з-за дзвярэй.
«Слава богу!» – ледзьве не перажагнаўся я.
– Ну, тады давай па грамульцы, – адчыніў дзверцы адной з шаф Прасвіраў. – Марыя, нясі закусь!
– Нясу, – адказала з-за дзвярэй жонка.
Я зразумеў, што і мне пара на вуліцу.
Тады мне прачыніліся дзверы ў святая святых, і я зазірнуў у шчыліну. Там я ўбачыў стос чыстых лістоў паперы на стале, пішучую машынку і невыразны абрыс машыністкі. Яна магла быць і пекнай дзяўчынаю.
«Анты, наперад!» – скамандаваў я.
Але раман «Анты» так і застаўся напісаным ад рукі чарнавіком. Відаць, для яго напісання трэба было атрымаць па галаве не драўляным, а жалезным мячом. Аднак, як я ўжо сказаў, яшчэ раз надзяваць на галаву вядро я катэгарычна адмовіўся. Значыць, і жалезны меч застаўся ў нейкім іншым жыцці.
Пазней я пісаў апавяданні, аповесці і нават раманы, аднак любімым жанрам засталося менавіта апавяданне. Тое самае, што выскачыла з вядра.