Читать книгу Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 8
Алесь Кажадуб
Завіруха
ОглавлениеАдвячоркам разгулялася завіруха, аднак Аляксей ад сваіх планаў не адмовіўся. Раз ужо вырашыў вырвацца ў Мінск, ніхто яго не спыніць, нават дырэктар школы Станкевіч.
А той, нібы мацёры вартавы сабака, ужо да яго падыходзіў, бразгаючы ланцугом.
– Не забыліся, Аляксей Канстанцінавіч?
– Пра што?
– Бацькоў Кабака наведаць. Вы ж яшчэ і да Курачаў не схадзілі?
Аляксей пачухаў патыліцу. Да бацькоў двоечнікаў Кабака і Курача ён сапраўды не хадзіў. Дакладней, спроба была. Мінулай нядзеляю ён з’ездзіў на ровары ў Першамайскае, якое калісьці называлася Кабыллем.
– Куды ідзеш?
– У Кабылле.
– Навошта?
– Па кабылу.
Ужо гадоў дваццаць прайшло, як памянялі найменне, а кожны першакласнік у школе ведае, што Кабак з Кабылля.
Між іншым, баба Зося, у якой кватараваў Аляксей, лічыла, што дзеўкі з Кабылля не самыя горшыя.
– Пра іх у нас кажуць: пілоткай стукнеш, не паваліцца – можна браць, – сказала яна. – У мяне там пляменніца жыве.
Аляксей Канстанцінавіч толькі паціснуў плячыма. Яму падабаўся салдацкі гумар бабы Зосі, але жаніцца ён не збіраўся ні з кабыльскімі, ні з крайскімі дзеўкамі.
Аляксей прыехаў у вёску – і ўбачыў мужыка, які стаяў пасярод вуліцы. На шыі ў яго вісеў баян. Раз-пораз мужык шырока разводзіў мяхі баяна, але намацаць пры гэтым патрэбныя кнопкі не мог. Баян усхліпваў і замаўкаў.
– Хто гэта? – спытаў Аляксей цётку, якая вызірнула з-за плота.
– Кабак.
– А чаму п’яны?
– Палучка сёння.
Аляксей зразумеў, што пагаварыць з бацькам свайго двоечніка яму не ўдасца. Ён развярнуўся і паехаў назад.
– Кажуць, вы ўчора ў нас былі? – падышоў да яго на наступны дзень Мікола Кабак.
– Быў.
– А чаму ў хату не зайшлі?
– Твой бацька быў п’яны.
– Ён кожны дзень п’яны, – паціснуў плячыма Мікола. – Маці дома была.
– Ты таксама сядзеў дома?
– Я заместа бацькі на трактары ў полі араў.
Аляксей Канстанцінавіч гмыкнуў. Мікола Кабак, канечне, двоечнік, аднак жа вось арэ. Нягледзячы на трыццаць памылак ва ўчарашняй дыктоўцы, трэба ў чвэрці ставіць тройку. І з восьмага класа выпускаць. Усё роўна яму далей араць, а не ў інстытуце вучыцца.
Але Станкевіча ўсе гэтыя тонкасці не хвалявалі. Яму важна, каб класны кіраўнік правёў гутарку з бацькамі двоечніка.
І, тым не менш, Аляксей Канстанцінавіч заместа Кабылля накіраваўся ў Мінск.
На аўтобусным прыпынку ён убачыў цётку, абвязаную пуховай хусцінаю да самых вачэй, на нагах бахілы. Пры бліжэйшым разглядзе цётка сталася школьнай бібліятэкаркай Галінай Пятроўнай.
– І вы ў Мінск? – не паверыў сваім вачам настаўнік.
Галіна Пятроўна ў яго ўяўленні была старой бабаю, якой ужо не было сэнсу кудысьці ездзіць. Ёй было гадоў трыццаць, не меней. Да ўсяго яна была незамужкаю.
– Бу-бу-бу, – сказала з-пад хусціны Пятроўна.
– Аўтобус адмянілі? – зноў здзівіўся Аляксей. – Не можа быць. Яго яшчэ ні разу не адмянялі.
І сапраўды, у снегавой сумятні паказаліся два жоўтыя вокі.
– Вось! – паказаў на вочы Аляксей. – А вы кажаце – завіруха.
Ён дапамог Пятроўне ўзлезці на прыступкі, падаў ванзэлак і ўскочыў у аўтобус. У салоне людзей было няшмат. У такую непагадзь толькі на печы сядзець, а не імчацца на спатканне з аднакурсніцаю.
Аляксей уладкаваўся каля акна. Пятроўна перад ім расхутала хусціну і ператварылася ў вельмі мілую асобу.
«Гэта таму, што асвятленне слабае, – падумаў Аляксей. – Пры дзённым святле зморшчынкі каля вачэй відаць».
Ён пачаў думаць аб жыцці. Месца на кафедры рускай літаратуры, да якой быў прымацаваны, яму не выпадала. «Вы, жадною толпой стоящие у трона…» Яго нават і ў натоўпе няма. Гібець у Крайску за сто кіламетраў ад Мінска? «На свеце ёсць тры сталіцы: Мінск, Лагойск і Плешчаніцы». Гэты вершык у Крайску ведалі ўсе, ад першакласніка да выпускніка.
Ён цяжка ўздыхнуў. Тонкая шыя Пятроўны, у якую ўпіраўся ягоны позірк, не давала засяродзіцца. Адкуль у іх бяруцца такія шыі?
Пятроўна паварушылася, і Аляксей зразумеў, што і ёй няўтульна.
«Цікава, куды яна намылілася? – падумаў ён. – Вось ёй насамрэч на печы трэба сядзець».
– Да дзяўчыны? – павярнула галаву Пятроўна.
Профіль у яе таксама не горшы за шыю. На шчацэ румянец.
– Куды хачу, туды і еду, – буркнуў Аляксей.
– Грубіяніць ва ўніверсітэце вывучыліся? – усміхнулася бібліятэкарка.
Дзяўчынай ён не назваў бы яе нават у думках. Пры гэтым не мог не заўважыць выразны выгін усмешлівых вуснаў. Зрэшты, яны не горшыя, чым у Зойкі. А можа, і больш салодкія.
Аляксей утаропіўся ў цёмнае акно. Нічога не відаць, нават агеньчыкі ў вёсках патухлі.
Жаніўся б з Зойкаю, не прападаў бы ў заснежаных палях. Бацька Зойкі ваенкам, даўно вызваліў бы зяцька з палону. А вось не хочацца. Між іншым, дзесяцікласніцы ў Крайску нічога сабе. Адна Тома, дачка Станкевіча, чаго вартая.
Яму раптам зрабілася зябка.
– Кажуць, вас дырэктар абходжвае? – зноў павярнула да яго галаву Пятроўна. – Дахаты да сябе яшчэ не запрашаў?
Цёмна-шэрыя ў крапінку вочы смяяліся. Усе старыя дзеўкі чытаюць чужыя думкі ці толькі гэтая?
– Ды ў вас на лбе ўсё напісана, – хмыкнула Пятроўна. – Вы лепш да Ніны Шкель прыгледзьцеся. Сімпатычная.
Цяпер Аляксею зрабілася горача. Ніна сапраўды яму падабалася. Што, і пра гэта на лбе напісана?
– Анягож! – чмыхнула бібліятэкарка.
«Ведзьма!» – пакруціў ён галавой.
– Я яшчэ і сурочыць магу, – сказала Пятроўна. – Вашае шчасце, што мы ўжо ў Плешчаніцы прыехалі.
Яна пацягнула цяжкі ванзэлак па праходзе.
«Ну і не буду табе дапамагаць, – падумаў Аляксей. – Цяпер зразумела, чаму некаторыя ў векавухах заседжваюцца».
Нягледзячы на познюю гадзіну, на аўтастанцыі было поўна людзей.
– Аўтобусы не ходзяць, – сказаў мужчына ў кажусе. – Дарогі замяло ва ўсе бакі. Як бы начаваць тут не давялося.
Аляксей азірнуўся па баках. Начаваць у гэтай паўцёмнай халоднай зале яму не хацелася.
– Тут недалёка гасцініца, – падміргнуў яму мужчына. – Гайда, пакуль усе месцы не занялі.
– І я з вамі! – кінулася за імі Пятроўна. – Мне таксама няма куды дзявацца!
Аляксей неахвотна ўзяў з яе рук ванзэлак.
– У госці да сяброўкі сабралася, – вінавата сказала Галіна, – усяго адзін слоік з варэннем паклала, і ўсё роўна сумку не падняць.
Упершыню яе тон Аляксею спадабаўся. Можа, калі захоча.
– А што ў камплекце да варэння? – строга паглядзеў на бібліятэкарку мужчына.
– Піражкоў напякла, сала кавалачак…
Пятроўна каялася, і гэта неяк мірыла з ёй. Яна яшчэ і ўзяла Аляксея пад руку і прыхінулася, быццам бы шукаючы паратунку. Нягледзячы на бахілы, яна была лёгкая на нагу. Ён адчуў мяккі дотык клуба, і кроў кінулася ў галаву. Якраз як з Зойкаю…
Кудаса ледзь не збівала з ног. Снег так хвастаў па твары, што было балюча вачам. Аляксей адварочваўся ад ветру і зайздросціў Пятроўне ў яе хусціне.
Гасцініца, на шчасце, была побач са станцыяй. Моцна тупаючы нагамі, яны ўваліліся ва ўтульнае цяпло, залітае яркім святлом.
– З аўтобуса? – з усмешкаю сустрэла іх пажылая дзяжурная. – Якраз адзін пакой застаўся. І дзяўчыне месца знойдзецца.
Аказваецца, для шчасця не так шмат трэба. Ложак з чыстай бялізнаю, гарачая батарэя, а за акном завея.
– Шкада, крама зачыненая, – сказаў сусед.
Ён працаваў аграномам у Завішыне, зваўся Канстанцінам.
– Навошта нам крама? – спытаў Аляксей, складваючы пакрывала.
Яму хацелася як мага хутчэй залезці ў ложак і накрыцца коўдраю з галавой.
– Схадзі да сваёй кралі, – сказаў аграном. – Па-мойму, у яе ёсць.
– Што ёсць? – знерухомеў Аляксей, адчуваючы, што ў цяпле ў яго загарэўся твар.
– Бутэлька! – здзівіўся Канстанцін. – Раз у госці едзе, значыць, з бутэлькай. Я б такую нізавошта не ўпусціў.
«Дык у чым справа?» – насупіўся настаўнік.
– У мяне ўжо двое на лаўцы сядзяць, аднаму тры, другому чатыры, – уздыхнуў аграном. – Але вось сустрэну такую, як твая, і на ўсё забываюся. Нябось, салодкая?
Ён падміргнуў Аляксею. Той намацаў рукою дзверы і выкаціўся ў калідор. Папаў у нерат, ні ўзад, ні ўперад…
– Так і ведала, што не зберагу, – уперлася кулачкамі ў бокі Пятроўна. – Не трэба было даваць вам сумку, ніколі не здагадаліся б, што там бутэлька віна.
– Гэта аграном… – прамармытаў Аляксей.
У кароткім халаціку Пятроўна была неверагодна прыгожая. Зморшчынкі каля вачэй у яркім святле таксама кудысьці прапалі.
– Заходзьце праз пятнаццаць хвілін, – загадала бібліятэкарка. – І захапіце шклянкі.
– Я ж табе казаў! – падскочыў з ложка Канстанцін. – У такіх паненак заўсёды ёсць. Пашанцавала табе, хлопец.
Ён дастаў з чамадана чыстую кашулю, пераапрануўся, абцёр твар і шыю адэкалонам.
– Хочаш? – працягнуў ён бутэлечку Аляксею.
– Не трэба.
Чамусьці Аляксею было непрыемна глядзець на важданіну агранома. Збіраецца, як паляк на вайну. Падобна на тое, што ён не толькі па бульбе спецыяліст.
– Ты, галоўнае, не тушуйся, – сказаў, прыдзірліва аглядаючы сябе ў люстры, Канстанцін. – Лепш, канечне, каб яна з сяброўкай была, але і так будзе добра. Ніколі не ведаеш, дзе пашанцуе, а дзе не. Закон жыцця!
«Пра што ён? – таксама паглядзеў на сябе ў люстра настаўнік. – Мне і не трэба нічога. Да Зойкі на спатканне еду».
У Пятроўны да іхняга прыходу ўсё было падрыхтавана. На стале стаяла бутэлька «Варны», на сурвэтцы горкаю ляжалі піражкі, у талерцы наскрыленае сала.
– Нож у дзяжурнай ёсць, а штопара няма, – сказала, паказваючы на бутэльку, Пятроўна. – Давядзецца закусваць без выпіўкі.
– Ніколі! – накіраваўся да стала аграном.
Ён узяў бутэльку, паставіў на падлогу, вялікім пальцам правай рукі націснуў на корак і прапіхнуў яго ўсярэдзіну.
– Прапалі дванаццаць капеек, – уздыхнула Пятроўна. – З коркам бутэлькі не прымаюць.
– Я ўмею выбіваць корак даланёю, але так хутчэй, – сумеўся Канстанцін.
«Дзе гэта яна навучылася мужыкамі круціць? – падумаў Аляксей. – Няўжо ў Крайску?»
– Гэтаму не вучацца, – хмыкнула Пятроўна. – Талент патрэбен.
Аляксей крактануў. Так і будуць па чарзе з аграномам чырванець.
– І правільна, – кіўнула Пятроўна. – Ад мяне трэба трымацца падалей.
– Ну, за гаспадыню! – падняў шклянку Канстанцін. – Я яшчэ на станцыі зразумеў, што з гэтай парачкай не прападзеш.
«Якая парачка? – глытнуў са шклянкі Аляксей. – Я наогул упершыню ў жыцці яе бачу».
Ён сапраўды ўпершыню разгледзеў шэрыя вочы Пятроўны, цяжкую хвалю русых валасоў, поўныя грудзі і гнуткую спіну. Проста Мар’я-царэўна, а не бібліятэкарка.
Хмель стукнуў у галаву. Краем вока ён заўважыў круглую каленку ў разрэзе халаціка.
– А вось гэта не пра вас, – захінула халацік Пятроўна. – Спачатку гаварыць навучыцеся.
– Пра што… гаварыць? – праглынуў камяк у горле Аляксей.
– Узяўся за грудзі – гавары што-небудзь! – зарагатаў аграном.
«Дубіна!» – скасавурыўся на яго настаўнік.
– Ну, хоць бы тост скажыце! – пагладзіла яго па спіне Пятроўна.
– Прапаную выпіць за тое, каб скончылася завіруха і мы ўсе маглі ехаць па сваіх справах!
Аляксей чокнуўся спачатку з Пятроўнай, потым з аграномам.
– Кепскі тост, – узяў са стала піражок Канстанцін. – Тут лепей, чым у аўтобусе.
– Гэта вам лепей, – зрабіла глыток Пятроўна, – а маладым трэба ў Мінск. Навошта я купляла такое моцнае віно?
– Віно – самы раз, – зноў разліў па шклянках Канстанцін. – У нашай краме такога няма.
– Зірніце ў акно, – усміхнулася Пятроўна. – Хтосьці наваражыў.
Завея за акном сціхла. З апраметнай цемры зрэдзь выплывалі на святло вялікія сняжынкі і знікалі.
– Пойдзем на неба паглядзім? – прапанавала Пятроўна. – Раптам там зоркі?
– Вы ідзіце, а я спаць, – дапіў віно аграном. – Раніцай на першы аўтобус трэба паспець.
– Пайду адзяваць паліто, – падскочыў Аляксей.
Ён раптам зразумеў, што самае прыемнае – гэта выконваць загады Пятроўны, няхай яны і недарэчныя.
На вуліцы была сапраўдная зімняя казка. Пад платамі ляжалі пухнатыя сумёты, у небе выразна малявалася вецце дрэваў у густых махрах, пад цяжарам наліплага снегу прагіналіся правады паміж слупамі.
– А дзе зоркі? – задрала галаву Пятроўна, спатыкнулася і ўхапілася за руку Аляксея.
Ён, быццам чакаў гэтага, прыцягнуў яе да сябе і ўсмактаўся доўгім пацалункам у салодкія ад віна вусны.
Гэта быў сапраўдны пацалунак, хмельны і прагны. Зямля выкручвалася з-пад ног і зносіла парачку ў чорны вір космасу.
Пятроўна нешта прамармытала. Аляксей, не адрываючыся ад вуснаў, прасунуў рукі ў прарэх між гузікамі на паліто і моцна абхапіў яе за талію. Пятроўна ўсё-ткі адштурхнула яго і засмяялася. Іхнія вочы знаходзіліся на адным узроўні, аднак Аляксею не ўдавалася злавіць позірк Галіны.
– Заяву падала, – сказала Пятроўна.
– Якую заяву?
Ён зноў пацягнуўся да салодкіх вуснаў.
– На звальненне, – уперлася рукамі яму ў грудзі Пятроўна. – З’язджаю з Крайска.
Аляксей адчуў, як яму за каўнер папоўз холад. Сусветная сцюжа скавала зямлю. Аляксей не мог варухнуць ні рукой, ні нагой. У тое самае імгненне, калі ён быў гатовы застацца з Пятроўнай у трэцяй са сталіц назаўсёды, яго адкінулі ўбок, як анучу.
«Жартуеш?» – узмаліўся ён сам сабе.
– Не жартую, – цвёрда сказала Пятроўна.
Яна адступіла на крок і пачала стрэсваць снег з футровага каўняра.
– І вы тут не застаняцеся, – працягвала Пятроўна. – Дырэктар гэта таксама ведае, так што не бойцеся.
«Каго я павінен баяцца?» – мільгнула ў галаве.
– Томы Станкевіч, – чмыхнула Пятроўна. – Яна першая нявеста ў Крайску, якраз для вас. Але Ніна лепшая. Праўда, вам і яна не дастанецца. На наступны год вы ўжо будзеце ў Мінску.
«Адкуль яна ўсё ведае?» – здзівіўся Аляксей.
– Тут і ведаць няма чаго, – махнула рукой Пятроўна. – Хадзем у гасцініцу, холадна.
– А я да вас дзяўчынку падсяліла, – сказала Пятроўне дзяжурная, уважліва гледзячы на Аляксея. – Таксама са станцыі.
– Вось і добра, – кіўнула Галіна. – Удзвюх спаць весялей.
Яна ішла па калідоры нашмат чужэйшая, чым да сённяшняга дня. І Аляксей разумеў, што гэта незваротна.
«На свеце ёсць тры сталіцы – Мінск, Лагойск і Плешчаніцы», – круціўся ў галаве вершык.
Вершык быў бязглузды, але ў ім хавалася ўся праўда пра жыццё Аляксея.