Читать книгу Планета ў падарунак - Людмила Рублевская - Страница 2
Калі не жадаеш пагібелі чалавецтву…
ОглавлениеНа старонках зборніка «Планета ў падарунак» паядналіся аповесці і апавяданні фантастычнага і фэнтэзійнага характару, напоўненыя жаданнем перажыць уяўнае, а часцей зусім неверагоднае. Генадзь Аўласенка, Раіса Баравікова, Алёна Беланожка, Сяргей Белаяр, Алесь Бычкоўскі, Анатоль Казлоў, Людміла Рублеўская, Таццяна Сівец, Андрэй Федарэнка… Кожны з празаікаў шукае сваю мастацкую ісціну, імкнецца праз крыштальна чыстае люстэрка зазірнуць у прасторы касмічнай бясконцасці, неверагодна аддаленыя ад нашых зямных клопатаў. Аднак падаецца, што ўсе гэтыя творы вядуць нас у далеч патрэбную і неабходную…
Крытыкі і літаратуразнаўцы, якія, па праўдзе кажучы, не так і часта разглядаюць творы фантастычнага жанру, пастаянна «блукаюць у трох соснах», шукаючы адказы на пытанні кшталту: «Ці павінна быць фантастыка жыццёвай? Ці наадварот – творы фантастычнага і фэнтэзійнага характару павінны быць цалкам адарванымі ад жыцця?» Пакінем пошук адказаў на гэтыя і падобныя пытанні даследчыкам. А самі паспрабуем знайсці ў прапанаваных творах нешта блізкае і зразумелае асабіста нам, тое, што пашырыць нашы ўяўленні пра ўчарашняе, сённяшняе жыццё і дапаможа зазірнуць у заўтра. Мэтр савецкай фантастыкі Аляксандр Казанцаў лаканічна заўважыў: «Навуковая фантастыка нагадвае ліхтар, які асвятляе рух наперад караблю прагрэсу». Не пагадзіцца з гэтымі словамі нельга. А час падкідвае ўсё новыя ўяўленні пра верагоднае і неверагоднае…
Шукаючы ў мастацкай літаратуры розных накірункаў «лекі», мы імкнёмся заставацца маральна здаровымі, псіхічна ўраўнаважанымі. А фантастыка, так ці іначай, – гэта жанр, што расказвае пра падзеі і герояў, якія парушаюць межы рэальнасці. Чаго ў гэтых творах болей – загадак, на якія магчыма знайсці адказ, ці таямніц, якія нікому і ніколі не разгадаць?.. Перачытаўшы творы новага зборніка, задумваешся над тым, што важнейшае ў жыцці: заставацца ў цянётах звыклага свету, які з неверагоднай хуткасцю старэе, альбо рухацца наперад, спрабаваць адольваць новае, непрадказальнае. Усё ж, відаць, прыярытэт за новым, няхай сабе і складаным, няпростым – за асэнсаваннем будучыні, асэнсаваннем новага свету, у якім, магчыма, давядзецца жыць нам альбо нашым наступнікам.
Вялікі Рэй Брэдберы, аўтар «Марсіянскіх хронік» і «451 градуса па Фарэнгейце» (гавораць, што Брэдберы трэба чытаць усім, хто не жадае пагібелі чалавецтву) неяк сказаў: «Не дазваляйце нікому ўрывацца ў ваша жыццё. Вам ніхто не дапаможа, акрамя вас саміх. Складзіце спіс таго, што вы любіце, і кіруйцеся гэтым спісам ад аднаго пункта да другога. І вы станеце самім сабою». Любоў, якую перш-наперш варта шчодра аддаваць сабе самому, захавае вас як асобу нават пры чытанні самых неверагодных фантастычных і фэнтэзійных твораў. Любоў дасць вам сілы і верыць, і ісці наперад, і любіць іншых, любіць само жыццё!.. Упэўнены, што знаёмства з творамі зборніка «Планета ў падарунак» дадасць вам добрага настрою і напоўніць ваша сэрца любоўю.
Алесь Карлюкевіч,
старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі