Читать книгу Планета ў падарунак - Людмила Рублевская - Страница 8
Раіса Баравікова
Лотаць мёртвага пляжа
Апавяданне
3
ОглавлениеЦётка Маня правяла яе да веснічак, напэўна ж, пакрыўдзілася, што яна, Галка, будзе святкаваць свой дзень нараджэння дзесьці ў чужых людзей, хай сабе і ў сяброў, але выгляду не падавала, толькі сказала:
– Будзеш вяртацца, дык няхай Карпінчыкі правядуць цябе, бо на ноч людзі сабак з ланцугоў спускаюць.
– Правядуць, не хвалюйся, ды я асабліва і не затрымаюся, – адказала цётцы, а сама сабе падумала, што калі раптам у Карпінчыкаў з’явіцца Гнатко, дык і ўвогуле яны вернуцца вельмі хутка, таму і пакінула пляшку шампанскага на ўсялякі выпадак.
Да Карпінчыкаў пайшла пешшу, балазе жылі недалёка. «А людзі ўжо навучыліся жыць па-людску, – адзначыла для сябе. – Хаты праз адну чырвонаю чарапіцаю крытыя ды цэглай абкладзеныя». Дзе-нідзе на сценах верандаў віселі вязанкі цыбулі, дасушвалася падвешаная ў пуках фасоля. Валін дамок таксама чырванеў дахам. Заліўся брэхам і выбег насустрач сабака. Тут жа з веранды выскачыла і Валя.
– Ідзі, не спыняйся, пры мне ён не ўкусіць!
Агромністы ваўкадаў правёў Галку да веранды. Валя перахапіла з ейных рук сумку, і яны прайшлі ў гасцёўню. Пабачыўшы ўжо накрыты стол, Галка зразумела, што гаспадары гэтай заможнай будыніны рыхтаваліся да прыходу грунтоўна.
– Не здзіўляйся, трэба было накрыць гэткі стол, – патлумачыла Валя. – Твой дзень нараджэння толькі зачэпка, мы ж не бачыліся сто гадоў, вось за ўсе і адседзім!
– А дзе ж твае хатнія?
– Хутка збяруцца… Дзеці па сябрах разышліся, а Васіль у садзе… Бачыла, як неба з усіх бакоў абклала на дождж, а ў нас там копы сухой атавы, дык цэлафанам пайшоў прыкрыць, а то ж пагніе! Сядай пакуль сюды, на канапу…
– А ты?
– У мяне яшчэ па гаспадарцы не ўсё ўпраўлена, – адказала Валя і пачала штосьці шукаць за шклом у шафе.
– Дык я з табою пайду, дапамагу што, – прапанавала Галка.
– Ты ж у нас госця, лепш наш альбом паглядзі, табе і занятак будзе.
Галя ўзяла альбом з фотакарткамі і, калі сяброўка пайшла, перагарнула старонку-другую, хацела ўжо нават адкласці – на здымках у сваёй большасці былі незнаёмыя ёй людзі, дык што іх разглядваць! Але раптам позірк зачапіўся за знаёмае аблічча. На адным з фотаздымкаў яна пазнала Гнатко ў гурце людзей. «Тут і Валя збоку стаіць, дык я і распытаю ў яе пра яго». Міжволі расхвалявалася, пайшла з разгорнутым альбомам на кухню.
– Валь, паглядзі сюды, хто гэта?
– Дзе? – схілілася Валя над здымкам.
– Ну вось гэты хлопец.
– Гнатко! На нашай пошце інжынерам-электрыкам працаваў. У Ясельдзе ўтапіўся мінулым летам.
І Галка ўся скаланулася.
– Як утапіўся?
– Звычайна, як топяцца людзі. Мо сутарга якая… У вір мог трапіць…
– А дакладна калі гэта здарылася?
– Якая табе розніца, Галка! Ты што, яго ведала? Дзесьці ў канцы ліпеня. Хавалі дваццаць восьмага, гэта я добра помню, ну, а ўтапіўся, відаць, дваццаць шостага… Адчапіся, ідзі ў гасцёўню, мне катлеты варочаць трэба.
І Галка пайшла бы на ватных нагах. Яна ўжо штосьці пачынала ўсведамляць, пра нешта здагадвацца. Тыя лічбы на вільготным пяску, выпісаныя Гнатко, былі зусім не рэбусам. Гнатко ўтапіўся 26.07.1999 года… Але ж там, на пляжы, яны пісаліся ім як адказ на ейнае пытанне: «А калі твой дзень нараджэння?!» Значыцца… Значыцца, Гнатко ўтапіўся і нарадзіўся прывід, здань… Але ці магчыма такое? Ён жа нешта гаварыў пра здані. Яна імкнулася згадаць, аднавіць яго словы пра Эпікура, пра «выцяканне» атамаў і «бачнасці» і не магла. Думкі блыталіся, не паддаваліся логіцы.
У пакой увайшла Валя з падносам, дзе месцілася нейкая салата, зірнула на Галку і захвалявалася:
– А божухна, Галя… Ды табе, мабыць, кепска! Нешта ж ты ўся бледная стала, твару на табе няма, трасешся ўся.
І Галка знайшлася, што адказаць ёй:
– Сэрца разанула. – І потым загаварыла хутка, збіваючыся: – Ты ж ведаеш, я перажыла развод… Мы ж разышліся з Лагуцкім, у яго другая жанчына, ён мяне кінуў… Я шмат адпакутавала, я няшчасная… І ўсё на сэрца лягло! – Гэтак яна гаварыла ўслых, а сама сабе, у думках, разважала пра іншае: «Гнатко сядзеў побач, ён размаўляў са мною, ён пасміхаўся… І, аказваецца, усё – здань, здань, прывід! Нават абсыпаў мяне лотаццю… Як жа ён нёс яе, калі прывід ва ўяўленні людзей – пустата, штосьці выключна нематэрыяльнае?! Знікнуць, з’ехаць адсюль! І як мага хутчэй! Больш ні дня ў гэтым мястэчку не прабуду!»
Гэтак яна і зрабіла. Праўда, з’ехала праз дзень, патлумачыўшы цётцы Мані свой раптоўны ад’езд хваробаю.
* * *
А дзесьці праз пяць гадоў пасля падзей, што апісаны вышэй, Галіна Іванаўна Лагуцкая стаяла каля акна ў сваёй мінскай кватэры, адхінуўшы лёгкую гардзіну. Пазірала, як Віктар Сямёнавіч Лагуцкі садзіўся ў «Опель Кадзет», які з тыдзень таму прыгнаў з Бельгіі. У яго памерла жонка. Аказалася, што ў яе ніякая не астма, а рак. Ён павінаваціўся, папрасіўся назад, і Галка прыняла яго. І цяпер вось глядзела, думала: «Што за жыццё такое?! Дурное жыццё! Лагуцкі старэе, грошы як прыходзяць, так і сыходзяць! Брат звоніць, маці зусім аслабла. Сама ўся раздражнёная, знерваваная… Цёткі Мані даўно няма, хата ейная спушчана за бясцэнак, і па начах усё сніцца і сніцца лотаць…»