Читать книгу Планета ў падарунак - Людмила Рублевская - Страница 7

Раіса Баравікова
Лотаць мёртвага пляжа
Апавяданне
2

Оглавление

Жнівень буяў астрамі, раскашаваў гладыёлусамі, у цётчыным садзе ўжо пачалі жаўцець бакамі нават антонавы яблыкі – такі ён быў спякотны, гарачы, зыркі. За нейкі тыдзень яны перагаварылі з цёткаю ўсё, што толькі можна было перагаварыць, а потым… Потым яна аблюбавала сабе мясцінку на мясцовым пляжы і з самай раніцы ледзь не да адвячорка адчайвалася ва ўспамінах ці, наадварот, натхнялася марамі, аддаючы ўсю сябе сонцу.

Пляж стракацеў капелюшамі, бейсболкамі, купальнікамі, і хоць бы адзіны знаёмы твар! А яна правяла ў гэтым мястэчку ледзь не ўсё сваё дзяцінства. Тут нават ёсць у яе сяброўка, але той не да пляжа. Мясцовыя, напэўна, і не ходзяць на пляж. У вольныя хвіліны парадкуюць гароды, а гэты гарачы пясок – для прыезджых, як яна, у адпачынак ды для моладзі, а хутчэй для дзятвы. І ўсё ж на тым-сім позірк спыняўся. «Вунь тая бландзінка ў модных акулярах, да якой учора некалькі разоў падсаджваўся даволі цікавы малады чалавек, – адзначала яна для сябе. – Сёння яго чамусьці не відаць. А ён і сапраўды цікавы, ва ўсялякім выпадку, знешне». Ёй падабаўся гэты тып мужчын – стрункія брунеты з шэра-сіняй мяккасцю вачэй, у якіх можа нараджацца бяздонная глыбіня, якую разгадвай – не разгадвай, а разгадаць немагчыма. Выключэннем быў Лагуцкі, і ёй упершыню пасля іх разводу не хацелася думаць пра яго. Бландзінка пазірала на гадзіннік, яна таксама палезла ў сумку, дастала і зірнула на свой, а калі падняла вочы, адчула, як штосьці трапятнулася ў сэрцы. Зверху ўніз на яе пазіраў той самы ўчарашні цікавы малады чалавек. Пазіраў не без інтарэсу і хацеў атрымаць адказ на тое, што яго зацікавіла.

– Вы заўсёды ходзіце на пляж з пацеркамі на шыі?

– Гэта не пацеркі, а абярэг!

– І што за камень?

– Не ведаю і нават ніколі не цікавілася. Мне іх неяк у цягніку падарыла адна незнаёмая бабуля. Проста падышла і сказала: «Вы ў мяне выклікаеце давер, і я вам хачу падарыць гэтую рэч. Насіце пацеркі, як абярэг».

– У мяне вы таксама выклікаеце давер, – ён пасміхнуўся ёй. – Я прысяду. – І калі сеў побач, запытаўся: – Ну, і ад чаго аберагае гэты абярэг?

Яна паціснула плячыма.

– Пакуль ні ад чаго, хаця хто ведае…

Дзесьці вельмі-вельмі далёка ў яе думках ужо гатовая была вымалявацца постаць Лагуцкага, але яна не дала ёй праявіцца, больш уважліва паглядзела на незнаёмца, адзначыўшы, што ў яго бездакорная скура з роўным загарам нават на пальцах рук.

Ён парушыў паўзу:

– Гнатко.

Яна не зразумела. Ён адчуў гэта і ўдакладніў:

– Гнатко, імя ў мяне такое.

– Значыцца, Ігнат.

– Не ведаю, бацькі звалі Гнатко.

Яна назвала сябе.

– Вунь тую бландзінку таксама Галінай завуць, – сказаў ён. – Яна, як і вы, прыезджая.

– І як вы гэта вызначылі, што я не мясцовая?

Бландзінка ўжо заўважыла яго і, відавочна, нервавалася, але іхняя гаворка толькі пачыналася. І зразумець гэта можа толькі жанчына, якой хочацца падабацца і якая нейкім няўлоўным пачуццём адчувае, што гэта магчыма. Яны размаўлялі доўга. Самая звычайная, якая нікога ні да чаго не абавязвае, гаворка, але, нарэшце, ён сустрэўся позіркам з бландзінкай і сказаў:

– Мне трэба падысці да той Галіны, каб развітацца. Яна сёння ад’язджае, была тут наконт рэстаўрацыйных работ. Але я вярнуся…

І ён сапраўды вярнуўся, і вельмі хутка. Зноў сеў побач. Пазіраў на каменьчыкі ейных пацерак, было адчуванне, што хоча іх нават памацаць.

– Значыцца, абярэг?

– Падабаецца? – І тут жа перакінулася на іншае: – А якія ж тут рэстаўрацыйныя работы?

– Ніякіх! Пакуль толькі праект аднаўлення кляштара картэзіянцаў. Тут у наваколлі захаваліся рэшткі кляштарных будынкаў. Чула калі-небудзь пра яго?

Яны незаўважна перайшлі на «ты», і яна магла б шмат яму расказаць пра той кляштар, пабудаваны італьянцам Джыслені па фундацыі падканцлера літоўскага Сапегі, які запрасіў сюды з Францыі больш як трыста гадоў таму манахаў-картэзіянцаў (як-ніяк па адукацыі яна – гісторык), але сказала зусім пра іншае:

– У дзяцінстве, калі прыязджала да цёткі, мне даводзілася з мясцовымі падлеткамі бегаць да сцен таго кляштара, і яны палохалі зданямі, потым мне прывіды розныя сніліся.

– Прывіды? А-ат!.. Што тыя здані? Няшчасныя людзі…

– Людзі?

Сонца сцішвала свой жар, ад Ясельды цягнула халадком. Шумная кампанія побач з імі збірала свае рэчы ў рукзакі, наважваючыся пакінуць пляж.

– А ты з мясцовых? – запыталася яна. – Валю Карпінчык ведаеш? На паштамце тутэйшым працуе загадчыцай. – І далей ёй хацелася сказаць яму, што Валя яе сяброўка яшчэ з часоў дзяцінства, што заўтра – трыццатага жніўня – ейны дзень нараджэння і што ў іх з Валяй ужо ёсць дамоўленасць пасядзець заўтра вечарам з шампанскім, і калі ён не супраць, дык яна запрашае і яго да Валі на свой дзень нараджэння, але ён было не пачуў пра Валю Карпінчык ці па нейкіх прычынах не хацеў пра яе чуць і, са свайго боку, запытаўся ў яе:

– Ты з працамі Эпікура знаёмая?

Яна не без здзіўлення паглядзела на яго.

– У якім сэнсе? – збянтэжылася. – Калісьці ва ўніверсітэце, калі праходзілі курс старажытнай літаратуры, не міналі і філасофіі. – Яна баялася выглядаць недасведчанай.

– Я зусім пра іншае. Пра матэрыяльнае і тонкае…

– Ну-ну, мне цікава.

– І тое, і другое складаецца з атамаў, душа і цела… Старэе апошняе, старасці паддаецца і душа. Дарэчы, паводле Эпікура, яна размяшчаецца па ўсім целе. Ну, а ўяві смерць гвалтоўную… Матэрыяльнае цела памірае, а тонкае? Атамы душы, як больш лёгкія, пакідаюць яго… Эпікур назваў гэта «выцяканнем», якое складваецца ў «бачнасць», хочаш, магу працытаваць дакладна: «… і форма гэтая ёсць форма шчытнага цела».

– Ты захапляешся старажытнай філасофіяй?

Ён засмяяўся, але ў вачах ягоных мільгануў нейкі глыбокі сум, памарудзіў і адказаў:

– Хутчэй, хацеў патлумачыць табе прыроду зданяў, каб ты іх не баялася, а шкадавала. Ахвяры гвалтоўнай смерці. Аднак яшчэ пячэ… – Паглядзеў на сонца і дадаў: – Пайду да вады, акунуся…

Яна бачыла, як ён уваходзіў у раку, і ёй раптам падумалася, што пачалася нейкая прыгожая паўза ў ейным жыцці. Яны, гэтыя паўзы, бываюць у кожнага чалавека і пры пэўным збегу абставін цягнуцца далей і далей і, нарэшце, выроўніваюцца, выцягваюцца ў суцэльную лінію, якая і завецца лініяй лёсу… Яна, пэўна, перагрэлася на сонцы – якая паўза, якая лінія лёсу?! Лагуцкі шпурнуў яе ў безвыходнасць, у самоту, з якой яна ніяк не можа звыкнуцца. А з другога боку, ну і што? Свет не рухнуў! Усё цячэ, і ўсё змяняецца. Яна на адпачынку. Ёй спадабаўся мужчына. Яна можа ўжо заўтра прагульвацца з ім па гэтым разамлелым пад спякотаю мястэчку, а можа зачыніцца з ім у адным з пакояў цётчынай хаты і легчы ў ложак… І вось гэтае апошняе хочацца загарнуць у прыгожую абгортку. Напусціць як мага больш мройнага туману, заблытаць, пераблытаць усе пачуцці, ад адных – трапятаць, ад другіх – укідвацца ў шал, ад трэціх – сумнявацца, самой сабе пярэчыць…

Мужчыны больш безаглядныя: калі нейкі кудысьці рынецца, то як бык. Жанчыны ж схільныя да самааналізу, таму менавіта яны заваёўніцы, якія дазваляюць думаць мужчыну, што гэта ён бярэ жанчыну, падпарадкоўвае сваёй плоці ейнае цела, а на самай справе ўсё наадварот. Выбірае і бярэ жанчына. Крок за крокам. Спачатку какетнічаннем, потым ад какетнічання пераходзіць да пяшчотаў… Хочацца табе пакласці руку на каленца – ну што ж, пакладзі… Але праз імгненне я яе скіну, стану ў позу, згуляю ў недатыкальнасць і тым самым выклічу ў табе жаданне настаяць на сваім, каб гэтая рука ўсё-ткі апынулася на ранейшым месцы, на каленцы…

Але дзе ж Гнатко? Каля берага ў рацэ пялёхкаліся дзве дзяўчынкі, і больш нікога па ўсёй Ясельдзе, як можна было бачыць. Куды ж ён знік? І дзе ягоная адзежа? Можа, ён прыйшоў на пляж з сябрамі? Але пляжнікаў усё менела і менела… Яна пачакала яшчэ трошкі і таксама пачала збірацца і сама сабе здавалася дзяўчынкай, якой паказалі прыгожую цацку, але ў рукі не далі, толькі паказалі… «У гэтым мястэчку цяжка згубіцца, – цешыла яна сябе думкай, – дый, нарэшце, заўтра зноў прыйду на гэты пляж». Ёй хацелася, каб гэтае нечаканае знаёмства мела працяг. І штосьці ёй падказвала, што яно гэтак і будзе.

І яна не памылілася ў сваіх адчуваннях. Назаўтра сабралася на пляж раней звычайнага і як толькі звярнула са сцежкі, спрэс парослай кураслепам ды асакой, і выйшла на пясчаны бераг Ясельды, адразу ж угледзела Гнатко. Ён сядзеў на тым самым месцы, дзе ўчора ляжала коўдра, і таксама заўважыў яе, бо прыўзняўся, памахаў рукой. А яе ахапіла няўцямнасць: штосьці тут, на гэтым пляжы, не гэтак, як учора, штосьці змянілася – перад ёю ляжала, бы вымерлая, пясчаная роўнядзь. Хаця не, вунь там мажная жанчына з трыма дзецьмі, і ўсё! Акром гэтых чатырох і Гнатко – ні душы, пра гэта яна і спыталася, калі падышла да яго.

– Падобна на прыродны катаклізм, – сказала жартам. – Учора тут проста ўсё кішэла людзьмі, а сёння бы вымерла… Мёртвы пляж. Што здарылася?

– Лета адыходзіць. Студэнты падаліся ў свае вучэльні, школьнікі таксама ўпрытык са школай, дый прырода… Пасля абеду абяцаюць дождж, і, думаю, будзе.

Пакуль яна рассцілала коўдру на пяску, з сумкі выкацілася некалькі яблыкаў.

– Хочаш? – паказала позіркам на іх. – Гэта белы наліў.

– Бачу, – адказаў ён, але яблык не ўзяў.

– Адвярніся, – папрасіла яго. – Трэба распрануцца.

– Сёння не так спякотна, можна і ў шортах.

Але яна сцягнула іх, кінула паверх і майку.

– Слухай, а дзе твая адзежа? Ты размясціўся ў нейкім іншым месцы?

– Не-е, усё маё валяецца недзе тут з мінулага года.

– Хочаш сказаць, што адно і робіш, што бавішся на пляжы?!

– Хм-м, – толькі і адказаў ён, прысаджваючыся побач.

Ёй хацелася распытаць, дзе ён працуе, з кім і на якой вуліцы жыве ў гэтым мястэчку, але замест гэтага сказала, расцягваючыся на коўдры:

– Дык ты кажаш, што сёння павінен быць дождж? І не дзіўна! Сённяшні дзень і заўтрашні – тая самая мяжа паміж летам і восенню, і я на гэтай мяжы нарадзілася. Сёння – мой дзень нараджэння! Можаш пачынаць віншаваць… Прымаю пажаданні, а магу і букеты… Я – Дзева! Дзевы любяць кветкі.

Яна бачыла, што па ягоным твары прабег цень разгубленасці, і падахвоціла:

– Урэшце, проста вазьмі і пацягай мяне за вушы, як у дзяцінстве.

Ён вагаўся, потым пахітаў галавою:

– Лепш кветкі. На тым беразе цэлы зараснік лотаці. Пялёсткі бы ў лотаса. Незвычайна буйная лотаць. У нас тут яе, бывае, завуць жоўтай лілеяй. Я мігам!..

І ён ускочыў, шпарка пайшоў да ракі.

– Чакай, Гнатко!

Ён азірнуўся, прыпыняючыся.

– А калі твой дзень нараджэння?! Ты хто па гараскопе?

Ён не адказваў, адно глядзеў на яе, потым нагнуўся, выхапіў з-пад ног нейкі пруток і праз колькі крокаў штосьці хутка пачаў пісаць на вільготным пяску. Потым адкінуў пруток, увайшоў у раку і паплыў да супрацьлеглага берага.

Яна заплюшчыла вочы, прыкрыла твар, хаваючы яго ад сонца, саламяным капялюшыкам… «А можа, не ісці сёння вечарам да Валі Карпінчык? Яшчэ не позна ўсё адмяніць. Свой дзень нараджэння я магу адзначыць і ў цёткі, тая толькі ўзрадуецца. Вось зараз вернецца Гнатко, запрашу яго, і мы адразу ж сыдзем з гэтага мёртвага пляжа. Пойдзем на рынак, накупляем прадуктаў, потым разам пачнём гатаваць…» Яна міжволі ўздрыгнула. Штосьці цяжкое, халоднае, мокрае ўпала ёй на руку, пырскі абдалі плечы, жывот… Ад нечаканасці падхапілася, зачапіла рукою нітку пацерак, і яны парваліся… На коўдры ляжала некалькі сцяблінак лотаці. Цяжкое, з пражылкамі лісце, яркія жоўтыя кветкі.

– Гнатко! – Яна азіралася па баках, яго нідзе не было, толькі зводдаль мажная жанчына гукала сваіх дзяцей, якія плёскаліся ў вадзе, маўляў, досыць! Расціснула кулак, ёй удалося ўхапіць пацеркі, але каменьчыкаў было мала, пэўна, рассыпаліся па коўдры, а можа, і па пяску. – Гнатко-о! – цяпер яна ўжо крычала, бо, магчыма, ён зноў паплыў да таго берага. Ён не адгукаўся, і яна пайшла да ракі. Спынілася на тым месцы, дзе Гнатко нешта пісаў прутком. Там выразна былі напісаны толькі лічбы: 26.07.1999 г. «Што ж гэта ён тут такое напісаў? Я запыталася пра ягоны дзень нараджэння, і, адпаведна з логікай, гэта павінна быць адказам. Але ж яму, напэўна, гадоў дваццаць сем. Дык да чаго 1999 год? Нейкі рэбус». І зноў крыкнула: – Гнатко-о!

Ад Ясельды цягнула халадком, і адчувальным. На тым, супрацьлеглым, беразе шумелі вербы, згінаючыся пад даволі моцным ветрам. Мажная жанчына ледзь не выцягвала з вады дзяцей, крычала, каб ішлі апранацца. Відаць, таксама адчула, што надвор’е будзе мяняцца. «Трэба і мне сыходзіць з гэтага пляжа, – падумала Галка. – Гнатко пабачыць, што я пайшла, і, калі захоча, пойдзе следам».

Яшчэ раз зірнула на супрацьлеглы бераг, а потым сагнулася, падхапіла пруток, якім Гнатко выводзіў свае лічбы. Пад імі і напісала, літара за літарай, на вільготным пяску: «Вечарам буду ў Валі Карпінчык. Захочаш – прыходзь!» Адкінула пруток і пайшла… Хуценька апранулася, коўдру разам з лотаццю камяком запіхнула ў сумку, туды ж укінула і рэшту пацерак… Нацягнула на галаву свой саламяны капялюш і, падхапіўшы сумку, пачала шпарка аддаляцца ад ракі, раз-пораз азіраючыся…

Планета ў падарунак

Подняться наверх