Читать книгу Планета ў падарунак - Людмила Рублевская - Страница 6
Раіса Баравікова
Лотаць мёртвага пляжа
Апавяданне
1
ОглавлениеСупрацьлеглы бераг Ясельды быў нізкі, увесь у вербах, і вада каля таго берага была цёмная, цяжкая, па ёй нават хвалі не прабягалі, але ж кветкі лотаці пакалыхваліся, трымцелі. Лотаць расла толькі там, каля таго берага.
– Чакай!.. А калі твой дзень нараджэння?!
Гнатко азірнуўся, хацеў нешта сказаць, але замест гэтага падхапіў пруток, што вытыркаўся з пяску пад нагамі, і хутка пайшоў да ракі. «Паплыве да таго берага, каб нарваць лотаці», – падумала яна. Ён сапраўды паплыў, але перад гэтым схіліўся каля самай вады і пачаў хутка нешта пісаць прутком на вільготным пяску…
І ўся яна затрымцела, рука моцна сціснула краёк коўдры. Ад гэтага свайго міжвольнага руху яна і прачнулася. Гнатко! Зноў Гнатко! У прыадчыненыя дзверы з сумежнага пакоя прабівалася святло. Брат ужо не спаў. Усхапілася, села на канапу, у вачах усё яшчэ стаяў той бераг, тыя вербы…
– Валодзя, – гукнула ціхенька і адразу ж пачула братавы крокі.
Ён зазірнуў у пакой:
– А я ўжо збіраўся цябе будзіць. Ведаеш, колькі часу?
– Вось таму і не люблю лістапад, калі самыя доўгія і цёмныя ночы.
– Якая ноч! Ужо каля васьмі, у мяне цягнік у дзесяць.
…Потым яны сядзелі на кухні. Снедалі. Была субота, слотная, ветраная.
– Дык ты пазвані маці, скажы, што я ўжо выехаў.
– Угу-у, – кіўнула яна галавой. – А грошы ты добра схаваў?
– Ды няўжо ж!.. У розныя кішэні паклаў. Пяцьсот долараў у адну і пяцьсот – у другую! А твае – на тэлевізары…
Яна ледзь праглынула кавалак сыру, з цяжкасцю стрымлівала слёзы. І брат гэта бачыў. Адсунуў ад сябе талерку, паклаў руку на плячо.
– Галка!.. Ды супакойся ты! Ну мала, ма-а-ла далі людзі… Адкуль тыя грошы! За цётчыну хароміну і тры тысячы можна было б узяць. Але колькі ўжо далі! За зіму згніло б усё!
– Не згніло б!
Брат устаў з-за стала:
– Ну тады, ведаеш… Трэба было табе самой ехаць! Прадаваць! Вось і твой Лагуцкі гэтаксама, як і я, думае. Лепш за паўтары тысячы прадаць, чым…
– Ты ўжо і Лагуцкаму паспеў пазваніць? – перабіла яна яго.
– Пазваніў… Усё ж сваякамі былі. – І брат заспяшаўся, пайшоў збірацца ў дарогу, у свой невялічкі райцэнтр на ўсходзе Беларусі, дзе жыў з сям’ёю. У тым райцэнтры з імі жыла і маці… Але яна, Галка, туды да іх не любіла ездзіць. Вось да цёткі – іншая справа… Але цёткі Мані ўжо няма, і хата прададзена за бясцэнак. І якая хата! Чамусьці ёй успомнілася, як уражаны быў Лагуцкі, ейны былы муж, калі гадоў шэсць таму яны разам паехалі да цёткі, нават загарэўся зрабіць прыбудовачку з цэглы. А для чаго тая прыбудовачка, калі ў хаце было ажно пяць пакояў! Шасцісценак на два бакі, з дзвюма верандамі! Брат, нібыта падслухаў думкі, зазірнуў на кухню ўжо з шалікам на шыі.
– Я амаль сабраўся, Галка… А ты, чуеш, калі раптам пазвоніць, з Лагуцкім, таго… па-добраму. У яго жонка хворая. Астма! Усё па бальніцах ды па бальніцах…
І гэта рассмяшыла яе.
– Ну дык, можа, мне да іх у сядзелкі папрасіцца?!
Але ў голасе, акром раўнадушша, нічога больш не было. Якая ёй справа да Лагуцкага, а тым больш да ягонай жонкі! Толькі потым, калі ўжо развіталася з братам, у думках трошкі нават пашкадавала Лагуцкага. Калі яна з ім брала шлюб, ён выкладаў у інстытуце, думаў абараняць дысертацыю. А потым усё кінуў-рынуў, у нейкі бізнес укруціўся і жонку другую туды ж уцягнуў. І вось табе на-а – астма! Яны зрэдчас сустракаюцца выпадкова, і яе здзіўляе, як лёгка стаць чужымі пры самай вялікай прывязанасці. Праўда, у розных людзей гэта адбываецца па-рознаму, у залежнасці ад абставін. У сваіх абставінах яна спачатку нават вінаваціла цётку Маню. Гэта ўжо было на чацвёртым годзе іхняга жыцця з Лагуцкім. Атрымала тэлеграму ад цёткі, маўляў, прыедзь дапамажы пасадзіць бульбу. І яна не магла адмовіць. Дапамагчы цётцы не было каму. Так ужо склалася, цётка Маня ўсё жыццё пражыла адна, без мужа, без дзяцей. І яна, Галка, з дзяцінства была для цёткі больш як пляменніца. Таму не адкладвала, праз дзень пасля тэлеграмы ўзяла на некалькі дзён адпачынак за свой кошт і паехала…
Тая вясна была ранняя, ужо чаромха цвіла. Галка хвалявалася, што позна бульбу пасадзяць. Цётка нібы апамяталася: бо-о, вясна ўжо вунь як бушуе, а ў мяне бульба не саджана. І яе паклікала. Але як толькі пабачыла цётку, зразумела, што справа не ў бульбе. І цётка пацвердзіла гэта.
– Так і думала, што прыедзеш адразу, – сказала ёй не без радасці.
– Дык жа дапамагчы табе трэба!
– Ужо ўсё пасаджана, Галю. Проста цябе пабачыць хацела, заўтра-паслязаўтра бэз распусціцца…
– Дык ты з-за бэзу?! – З дакорам і недаўменнем глядзела на цётку. І ўсё зразумела позна вечарам, калі ўжо ляглі спаць.
– Га-алю, – адазвалася цётка, – не спіш?
– Не. Прывыкаю да тваіх падушак.
– Ну прывыкай… – І тут жа праз кароценькую паўзу: – Чуеш мяне, Галю… А чаго гэта ў вас з Віцькам дзяцей няма?! Ужо даўно трэба, каб быў нехта.
– Давай будзем спаць, цётачка, – адказала Галя.
– Не-е, выспацца паспееш. Калі дзеці, гэта ўжо сям’я… А без іх… Тут мне, ведаеш, сны дзіўныя пачалі сніцца. Ты ўсё па сваёй кватэры там, у Мінску, з нейкай падушачкай хадзіла… І я побач была. І ўжо гляджу: няма ў тваіх руках падушачкі той… Бо-о, Галю, пытаюся, а дзе ж падушачка?! А ты адказваеш: украў нехта, во-о, проста тут… на вачах!
Галя прытаіла дыханне, слухала, а цётка Маня працягвала:
– Ну і што ж ты маўчыш, не пытаешся, да чаго гэты сон можа быць?! А пэўна ж, цікава… Дык я табе патлумачу… Падушачка тая – Віця твой. Добра табе з ім жылося, мякка, але…
Галя ажно засмяялася:
– Табе б філосафам, цётка Маня, быць. Але ж да мяне з Віцем тваю філасофію ніяк не прывяжаш. Адна я ў яго, цётка, адна! І давай спаць будзем.
Яна, Галка, тады нават і падумаць не магла, наколькі памылковымі былі тыя ейныя словы. Але падсвядома штосьці рупіла, і ўжо назаўтра пачала яна збірацца назад, у Мінск. Паехала не на электрычцы, як заўсёды гэта рабіла, а на аўтобусе. Думала: «Хай сабе ледзь не сярод ночы ў Мінск прыеду, але затое хутчэй!» Нешта нібыта гнала яе, прыспешвала. Дамоў Віктару званіць не стала. Як толькі прыехала ў Мінск, адразу ж узяла таксі, ведаючы, што познім вечарам грамадскі транспарт ходзіць рэдка. З бярэмам ужо прывялай чаромхі ўвайшла ў кватэру. Віктар насустрач ёй не выйшаў. «У ваннай», – падумала яна, там цурчэла вада. Прайшла на кухню і… знерухомела ў парозе. Каля пліты стаяла амаль дзяўчынка, але не надта разгубленая. Праўда, пераставіла патэльню з гарачай канфоркі на незапаленую і з цікавасцю разглядвала Галку, з рук якой выпадала чаромха – галінка за галінкай…
Потым, калі Галка шмат разоў згадвала гэты момант, здзіўлялася самой сабе, таму, што яе абурыла не сама прысутнасць гэтай жанчыны-дзяўчынкі ў ейнай кватэры, а тое, што яна была ў ейным, Галчыным, халаціку, накінутым на джынсы і топік. З ваннага пакоя выйшаў Віктар, сказаў з усмешкай, але яна была нібы прыклееная на твары:
– Галік, бачыш, у нас госці. Вы яшчэ не пазнаёміліся?
Жанчына-дзяўчынка адвярнулася і адазвалася, хмыкнуўшы:
– Ты не да месца прыдурваешся. Не рабі з сябе ідыёта!
«З характарам яна», – падумала Галка, не зважаючы на чаромхавыя галінкі, якія ўсё падалі і падалі… Віктар пачаў паднімаць іх, а потым проста згроб і шпурнуў у сметніцу.
– Пройдзем у спальню, – сказаў ён Галцы. – Пагаворым.
Яна паслухмяна пайшла за ім. Кінулася ў вочы, што пасцельная бялізна, якую яна старанна прасавала тыдзень таму назад, на ложках была ўся скамечаная. Але гэта не бянтэжыла Віктара.
– Галік, ну ты ўсё зразумела… Ты ж разумная! Давай сядзем. – І ён сеў на ложак. – Ты ж сама добра ведаеш… У нас… У нас з табою біялагічная несумяшчальнасць.
І штосьці выпрастала яе, Галка ўскінула галаву.
– Хіба?! – запыталася неяк па-асабліваму з’едліва. – Чатыры дні таму назад мы з табою цудоўна сумяшчаліся.
– Гэта табе так здаецца… Заўсёды здавалася! Ты даўно стала фрыгіднай. Сама біялогія супраць нас…
– Ды пайшоў ты, Лагуцкі, са сваёй біялогіяй! – І, каб тут жа не расплакацца, ляпнула аднымі дзвярыма, потым другімі, што ў прыхожай, на хаду ўхапіўшы сумачку.
Начавала яна той ноччу ў сяброўкі, патлумачыўшы, што нібыта Лагуцкі з’ехаў у камандзіроўку, а ёй адной стала невыносна самотна ў кватэры. У яе яшчэ быў адзін вольны дзень адпачынку за свой кошт, таму раніцай, перад тым як вярнуцца дамоў, яна заехала да знаёмага юрыста пракансультавацца, як лепш і прасцей аформіць скасаванне шлюбу. А дома яе чакала запіска: «Галік, я сышоў назаўжды. Усё пакідаю табе. Пачынай скасаванне шлюбу. Твой Лагуцкі».
Праз месяц яны ўжо былі вольныя адно ад аднаго. Лагуцкі неўзабаве ўзяў другі шлюб, а яна… Ага-а, пакутавала! Адчувала сябе да апошняга абражанай і бессаромна пакінутай. Навалілася на працу (яна працавала ў гістарычным архіве), а праз які месяц памяняла на ўсіх вокнах шторы ды гардзіны, накупляла з дзясятак самых розных шортаў і з’ехала ў адпачынак… да цёткі Мані, як ёй думалася, на ўвесь месяц. Разам з накупленымі шортамі ўкінула ў чамадан тры пляшкі шампанскага. Трыццатага жніўня – ейны дзень нараджэння. «Яго трэба будзе адзначыць, – думала яна, – гэты першы за апошнія гады дзень нараджэння без Лагуцкага».