Читать книгу Планета ў падарунак - Людмила Рублевская - Страница 9
Раіса Баравікова
Вока Сусвету
ОглавлениеЛіна яшчэ раз набрала нумар сяброўкі, і зноў у трубцы гучалі доўгія гудкі: да тэлефона ніхто не падыходзіў. Сяброўка павінна была дамовіцца наконт сустрэчы з прафесарам-анколагам Тамарай Максімаўнай Даманеўскай, і ці дамовілася? Але што цяпер гадаць? І яна пайшла ў спальню. Муж ляжаў у ложку з газетай у руках. Яна падумала, што і заснуць адразу не давядзецца: будзе шамацець старонкамі. Але муж адклаў газету, спытаўся:
– Так і не дазванілася?
– Можа, тэлефон адключылі, позна ўжо. Я зачыню балконныя дзверы?
– Не чапай, горача тут. – І дадаў: – На дварэ бы й не сярэдзіна верасня, каб хоць дождж які. – Ён пачакаў, пакуль яна ляжа, павярнуўся да яе. – А навошта табе сустракацца з Даманеўскай? Што гэта зменіць? Ехаць трэба ў Магілёў.
– Хм-м, ехаць… Ну і што – я паеду, пасяджу каля ложка… Я ўжо ездзіла. Яму ж дыягназ не пераменяць. Трэба паслухаць, што тут, у Мінску, спецыялісты скажуць. Там выпісалі з бальніцы – і ўсё, медыцына бездапаможная, няхай памірае дома. Дык што, і сядзець склаўшы рукі, збіраць грошы на пахаванне? А раптам і тут што-небудзь прапануюць? Яму ж чамусьці абпраменьванне не рабілі. Мне трэба біць ва ўсе званы, у мяне адзін брат, і ў яго – рак!
Ён уздыхнуў.
– Проста пракручваю варыянты як лепш, а ты адразу ў крык. – Адвярнуўся, зноў узяў у рукі газету.
Яна таксама адвярнулася і ажно прыўзняла галаву… У праёме расчыненых балконных дзвярэй пабачыла зорачку. Зорачка ўплывала ў пакой… «А гэта што яшчэ за дзіва? – падумала яна. – Рыхтык такія ўспыхваюць, калі запальваеш бенгальскую свечку», – і прашаптала:
– Коля… Коля…
– Я сваю думку выказаў, – адгукнуўся ён. – Потым шкадаваць будзеш, чаму не паехала, не пабыла з ім хоць некалькі лішніх дзён.
А зорачка рухалася, рухалася… Вось яна падплыла да карціны, што вісела на сцяне насупраць ложка, на імгненне прыпынілася, быццам яе зацікавіў намаляваны на палатне хутар: хата, крытая саломаю, і кладка цераз невялікі ручай… Потым зорачка ўспыхнула, стала больш яркай і ўвайшла ў карціну. І адразу ж стаў знікаць той хутар… На палатне з’явілася Вока, самае сапраўднае ясна-блакітнае Вока з блішчастаю чорнаю зрэнкаю. Яно запоўніла сабою ўсю карціну і было жывым. Жывое Вока. Яна адчувала на сабе позірк. Дрыжыкі пабеглі па скуры. Прыціснулася да мужа:
– Коля… Коля, там – Вока.
Ён адкінуў газету. Яна бачыла, як павольна згасае Вока. На карціне зноў праяўляўся хутар – хата, ручай, кладка…
– Коля, ды павярніся ж ты! Я толькі што бачыла вялікае Вока там, на карціне… Яно засталося ў ёй, хоць і згасла. Яно глядзіць на нас.
Ён павярнуўся, абняў яе і сказаў, нічога не ўдакладняючы:
– Спі. Заплюшчы вочы і спі. Ты стамілася.
* * *
Раніца пачалася з мітусні. Пазваніла сяброўка, сказала, што прафесар Даманеўская будзе чакаць яе а дванаццатай гадзіне. Трэба было адпрошвацца з працы, тэлефанаваць сыну, які жыў асобна, каб таксама адпрасіўся і завёз яе ў Бараўляны ў Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Трэба было патэлефанаваць яшчэ і брату ў Магілёў, дзе ўсё заставалася без змен: колюць па кубіку морфій два разы на дзень, прапісалі вітаміны… Яна чула, які прыгнечаны, разгублены і зусім слабы братаў голас:
– Ну ты, Ліна, сама ведаеш… Калі што, глядзі маму. Як бы там ні было, прыехаць да яе на дзень-другі заўжды можна. Чуеш мяне?
А яна чула і не чула… Бы з туману, ужо з надта вялікай адлегласці, з таго, што называецца далёкім мінулым, выплыў сад, ахутаны водарам вільготнай прахалоды. У дальніх кутках саду рассыпаў мігатлівыя цені летні прыцемак. Ёй бачылася іхняя карова Галка, якую пасля пашы маці вырашыла яшчэ папасвіць у садзе. Вось зусім яшчэ маладзенькая маці стаіць з дубчыкам. Вось і бацька… Тут і яны, малыя: яна і брат. Бацька падскоквае, кіем збівае крамяныя, з ружовымі бакамі, яблыкі. Яны падаюць у густую траву…
– Шукайце іх, дзеці, – весела крычыць бацька. – Хто першы знойдзе – таму цукерка!
І яны бягуць з братам, рукамі разгортваюць высокую траву.
– Яблык! Яблык! – аж захліпаецца брат і падлазіць пад самую Галчыну мызу. Галка крутнула галавой, зачапіла рогам за шлеечку братавых кароткіх штонікаў і падкінула яго высока ўгору. Крычыць маці… А яна сама, зляканая, ужо з усіх ног бяжыць, каб падхапіць брата. І падхоплівае, ледзь утрымліваючы яго. Брат абхапіў пульхнымі ручкамі шыю, яна чуе, як спуджана тахкае, б’ецца ягонае маленькае сэрцайка.
Падбягае бацька, бярэ брата да сябе на рукі, а яна бы ўрасла ў зямлю, і яе перапаўняе радасць: «Я ўратавала брата! Я не дала яму ўпасці на зямлю!»
Уратавала тады, а ці ўратуе цяпер? Каб не выдаць брату, што яна плача, пачала развітвацца. Пра тое, што збіраецца ехаць на сустрэчу з прафесаркай, яму нічога не сказала. Страшна было марна абнадзеіць, але надзея жыла ў ёй самой. Бываюць жа выпадкі, бываюць… Яна помніла, як з год таму на рынку нейкая гаваркая сялянка прапаноўвала ёй мёд: «Купі, купі, кабетка, не пашкадуеш. Ён у нас лекавы. У мужа было падазрэнне на рак, а як нашча па сталовай лыжцы вядро мёду з’еў, што куды і падзелася». Яна тады падумала: «Харошая ты мая, каб у яго той самы рак быў, не дапамагло б і вядро мёду». І вось цяпер сама спадзяецца на цуд, за нітачку хапаецца, але, пагаварыўшы з Тамарай Максімаўнай, калі яны з сынам прыехалі ў Бараўляны, зразумела, што спадзявання няма.
– У мяне не шмат часу, – сказала Даманеўская, як толькі яна пераступіла парог кабінета і села ў крэсла, на якое паказала прафесарка. – Таму давайце без лішніх слоў, адразу сутнасць, што вы ад мяне хочаце пачуць?
– Ці ёсць надзея? Год таму брату зрабілі аперацыю на страўніку. Пухліна была, але не злаякасная. І вось у канцы жніўня – страшэнны боль, з дому на насілках выносілі. Прайшоў абследаванне, жонцы сказалі, што выявілі метастазы ў забрушынных лімфавузлах. Доўга ў бальніцы не трымалі, дома колюць морфій… Можа, варта яму прыехаць сюды на абследаванне?
– А як вы яго давезяце, калі ўжо морфій колюць? Мала што ў дарозе?.. Машына сапсуецца, хто тады што ўколе. Да таго ж у Магілёве добрыя ўрачы, новы анкалагічны корпус выдатна абсталяваны. Там усё найноўшае. Магілёўшчыну ж зачапіў Чарнобыль… – Даманеўская на момант задумалася і спытала: – Хто ў яго быў доктар, прозвішча назваць можаце? Мне трэба падрабязны дыягназ ведаць.
Ліна помніла прозвішча доктара, у яе быў і нумар ягонага бальнічнага тэлефона, неаднойчы даводзілася званіць, распытваць… Дастала з сумачкі запісную кніжку.
– Дайце яе сюды, – папрасіла Тамара Максімаўна. – Пакажыце, дзе тут нумар у вас запісаны. Я паспрабую пазваніць доктару…
Ён аказаўся на месцы. Але іхняя размова, з якой Ліна мала што зразумела, была кароткай. Даманеўская паклала трубку.
– Абпраменьвання ён ужо не вытрымае, можа на стале памерці. У яго метастазы большыя за два сантыметры ў дыяметры.
– Тамара Максімаўна, калі ласка, што гэта значыць? – устрывожылася Ліна.
– Да новага года наўрад ці…
– Што наўрад?
– Вы ж не маленькая… Я ад вас нічога не ўтойваю. Морфій колюць, болю ён не адчувае…
– А лячэнне?
– Дарагая вы мая, акром комплексу вітамінаў, ужо… На жаль, нічога.
Ліна выходзіла з кабінета прафесаркі як на ватных нагах. Зрабіла некалькі крокаў, і раптам дзверы… Расчыненыя дзверы ў бальнічную палату. І яна ўвайшла ў іх. Ложкаў было многа: сем ці восем пар жаночых вачэй павярнулася да яе. Яна ведала, пра што трэба запытацца, а мову бы адняло.
– Вы, можа, да Юркевіч, дык яе яшчэ ўчора выпісалі, – адазвалася адна з жанчын.
– Не, я да вас… Да вас усіх. – І далей яна загаварыла горача, як на апошняй споведзі перад расхінутай прорвай: – Жанчыначкі, даражэнькія, вы ж тут паміж сабою самыя розныя размовы ведзяце, і найчасцей пра хваробы свае… У мяне брат ужо безнадзейны, дык, можа, вы мне які нетрадыцыйны сродак падкажаце, людзі ж па-ўсялякаму ратуюцца.
Жанчыны перазірнуліся, быццам пыталіся адна ў адной: а ці варта ёй што казаць? Ліна чакала.
– Я сама, праўда, не спрабавала, – няпэўным голасам сказала адна з жанчын, – але чула, што ў суседняй з нашай вёсцы нехта піў газу, а вось дапамагло ці не, не ведаю. Не магу нічога сказаць.
– Газа не дапамагае, – жыва адазвалася другая жанчына і паднялася з ложка. – Можна паспрабаваць вясёлку. Грыб такі ёсць. Яго трэба настойваць на спірце, потым у слоіку гэты настой на тры месяцы закапаць у зямлю і пасля ўжо піць. Па кроплях, вядома. Я спрабавала, мне трошкі нават лягчэла, але хвароба была ўжо запушчаная.
– А яшчэ нафталін ужываюць… На саменькі-саменькі кончык нажа бяруць. Ды вы сядайце во сюды на крэсла, чаго ж стаяць? – І даволі рухавая жанчына паднесла да яе крэсла. Ліна села, бачыла, як пасвятлелі ў жанчын вочы, як ажывіліся твары. Падумала: «Гэта ж трэба, во-о, якія людзі, і чаму ж з імі такое здарылася! Самі ў безвыходнай бядзе, а як пранікліва адгукнуліся на чужое гора».
А тым часам яшчэ адна жанчына згадала, як ёй раілі зрабіць настой балігалову, але яна не знайшла гэтай расліны: відаць, у іхняй мясцовасці ён не рос.
– Не, жанчынкі, – сказала чарнявая маладзіца, што сядзела на ложку найбліжэй да Ліны. – Усё, што вы тут нараілі, гэта ж атрута.
– Дык мо і добра, клеткі ракавыя патруціць, хоць газа, хоць нафталін, – пачуўся голас з-пад коўдры на аддаленым ложку.
– Не-не, здаровыя таксама труціцца будуць. – І чарнявая кабетка падышла да Ліны з нейкаю паперкаю ў руках. – Вось вам ксеракопія метаду Шаўчэнкі. Тут усё распісана, што да чаго… Разберацеся. Спірт ці гарэлка патрэбна ды алей нерафінаваны, змешваюцца ў пэўных дозах… Як-ніяк, натуральны прадукт, калі і не дапаможа, дык і не зашкодзіць.
Ліна ўзяла паперчыну, падзякавала, паднялася з крэсла і прыпынілася, бо адазвалася яшчэ адна жанчына.
– Метад Шаўчэнкі тут наўрад ці дапаможа. Гэта калі на самым пачатку, а ты ж чула: чалавек ужо безнадзейны. Ведаеце што, – цяпер ужо яна звярталася да Ліны. – Ёсць яшчэ адзін сродак. Прэпарат Дорагава. Кажуць, некалі Хрушчоў загадаў вучоным вынайсці лякарства супраць раку. Вось Дорагаў і вынайшаў. Але чамусьці яго не зацвердзілі ў медыцыне, у ветэрынарыю спусцілі. Вам трэба да ветэрынараў звярнуцца.
Ліна яшчэ раз падзякавала, цяпер ужо ўсім, пажадала здароўя і развіталася. У калідоры тварам у твар сутыкнулася з прафесарам Даманеўскай, збянтэжылася:
– Я, бачыце, яшчэ тут…
Тамара Максімаўна толькі цяжка ўздыхнула:
– Здагадваюся, чаго вы заходзілі ў палату, але не труціце яго нічым. Паверце, за час маёй працы столькі людзей прайшло… Усё марна… Хай чалавек спакойна дажыве да свайго апошняга дня.
Ліна і не збіралася труціць. Слухаючы парады няшчасных кабецін, яна ў думках адмятала і балігалоў, і нафталін, і газу… Хіба што толькі грыб вясёлка? Але, даслухаўшы ўсіх да канца, спынілася на метадзе Шаўчэнкі і на прэпараце Дорагава. Яны ўсялялі надзею, а галоўнае, як сказала адна з тых жанчын, лічыліся бясшкоднымі. Можна было паспрабаваць. Таму, як толькі сын прывёз яе дамоў, адразу ж узялася за тэлефон… У даведачнай дазналася нумар ветэрынарнай службы і нумары некалькіх ветэрынарных аптэк. Спачатку пазваніла ветэрынарам.
– Скажыце, калі ласка, у парадку кансультацыі, вы карыстаецеся ў сваёй практыцы прэпаратам Дорагава?
– Бывае…
– А супраць чаго ён выкарыстоўваецца? Мне для чалавека трэба.
– Хм-м… Ад раку.
Ліна падзякавала і хутка пачала набіраць нумар ветэрынарнай аптэкі. Толькі ў трэцяй ёй адказалі, што гэты прэпарат у іх ёсць. Не стала адкладваць на заўтрашні дзень, адразу ж сабралася і паехала ў аптэку. Там папрасіла дзесяць пляшачак. Калі аптэкарка адпускала іх, дык папярэдзіла:
– Хто будзе піць, хай нос затыкае. Смярдзючае надта, там жывая клетка ў стадыі гніення.
Але гэта ўжо для Ліны здалося дробяззю, абы памагло, хоць што можна выпіць. Дома яна нават не зняла плашч. Ад мужа, які запытаўся, дзе яна так доўга забавілася, толькі адмахнулася, пайшла да тэлефона і пачала набіраць братаў нумар… Ёй адказала братавая:
– Добра, што ты патэлефанавала. Мне ўдалося ўладкаваць Вадзіма ў стары анкалагічны корпус. Санітарка знаёмая дапамагла. Ён адразу і лёг пасля абеду.
– А я тут дазналася сёння… Бывае, людзі метадам Шаўчэнкі лечацца. Ёсць яшчэ і прэпарат Дорагава. Я купіла.
– Пра метад Шаўчэнкі мне казалі.
– Дык давай запішы, у мяне рэцэпт гэты ёсць. Я прадыктую, у якіх дозах трэба браць спірт і алей. – Яна выцягнула з сумачкі паперку, пачала дыктаваць, потым запыталася: – А як перадаць бутэлечкі з прэпаратам? Можа, праз вадзіцеля рэйсавага аўтобуса заўтра?
– Пачакай з прэпаратам, хай спачатку метад Шаўчэнкі паспрабуе.
– А ў бальніцы яму што-небудзь прызначылі?
– Ну якія прызначэнні, Ліна?! Яму проста спакайней там, усё ж ляжыць у бальніцы. Дактары побач. Ён цяжка дыхаць пачаў, можа, метастазы ў лёгкія пайшлі? І ўвогуле… Калі раптам самае страшнае здарыцца, няхай лепш у бальніцы, а не дома. Я мерцвякоў баюся.
– Што ты такое кажаш?! – У яе пахаладзела ў грудзях. – Ён жа яшчэ не мёртвы, ён яшчэ твой муж! – І яна кінула трубку. Дыханне сцяло, перахапіла… Сцягнула і шпурнула на падлогу плашч, пайшла ў спальню, упала на ложак, даючы волю рыданню.
Зазірнуў муж:
– Можа, валяр’янкі накапаць?
– Не… Пакінь мяне.
Яна плакала і плакала… Ужо, здавалася, і без слёз, а шкадаванне, адчуванне блізкае страты не выплаквалася. Адно былі слабасць і стома, знясіленасць душы, нерваў, і яна правалілася ў сон, у чорную бездань. Потым Ліна доўга гадала: сон гэта быў ці штось іншае? Наўкол яе была цемрадзь, але калі яна падняла позірк, дык высока-высока над сабою пабачыла неба, у якім свяціліся сузор’і, паблісквалі адзінокія зоркі. Цемра пачала рассейвацца, асвятляцца, яна павяла позіркам убок і пабачыла Вока, вялізнае, ясна-блакітнае з цёмным гузікам-зрэнкаю. Вока паднімалася ўверх і ўверх, і ёй яно бачылася перагружаным, ацяжэлым… «Гэта ж трэба, колькі ўсяго нагледзелася! Як цяжка ляцець яму, быццам увабрала ў сябе ўсё тое, чым жыве людства на Зямлі, чым поўніцца жыццё чалавечае: усе пакуты, увесь боль, любоў і нянавісць, пошасць і падман, міласэрнасць, жорсткасць і лютасць, сквапнасць, пажаднасць, двурушнасць, адчай і хіжасць, беднасць і багацце, праведнасць і няправеднасць… Куды яно гэта ўсё нясе, каму пра ўсё раскажа, якое яно, жыццё зямное? На чый суд вынесе справы і ўчынкі кожнага, хто праходзіць свой зямны шлях?» Гэтак думалася ёй, а Вока ўсё паднімалася і паднімалася, усё вышэй і вышэй, куды не пранікае розум чалавечы, і ці пранікне?
Ліна ўздрыгнула, расплюшчыла вочы: напэўна, ужо была ноч. Побач спаў муж, за акном зрэдку праязджалі машыны. «Вока!» Яна згадала Вока, на імгненне ўявіла яго, але не стала нічога асэнсоўваць, падумала пра тое, што заўтра трэба будзе абавязкова пайсці ў царкву, каб звярнуцца са сваёю бядою да Маці Божай…
* * *
Тым днём у царкве чамусьці не служылі ютрані, а магчыма, ужо адслужылі. Яна прыходзіла ў храм толькі па вялікіх святах. У царкве было нешматлюдна: хтосьці запальваў свечку, хтосьці шаптаў малітву. Яна таксама запаліла свечку і паставіла яе перад абразом Маці Божай, пасля чаго ўкленчыла. Слёзы каціліся па шчоках, вусны варушыліся, але гэта была не малітва… «Я веру, Найсвятлейшая са Святлейшых, – шаптала Ліна, – што Ты ўсё можаш. Тваё Вока ўсё бачыць, пра ўсё ведае. Ці ж можаш Ты дапусціць, каб ён, мой малодшы брат, адышоў, пакінуў зямное жыццё раней за мяне, як жа тады будзе жыць мне, старэйшай сястры? У яго няма грахоў перад Табою, а калі і ёсць, даруй яму іх, злітуйся! Хай яшчэ пажыве на Зямлі, хай калісьці пасля з’явіцца перад судом Тваім. Адцягні гэты момант, дай магчымасць яшчэ падыхаць яму зямным паветрам, давесці дзіця сваё да самастойнага жыцця, хай яшчэ паходзіць зямнымі сцежкамі, не забірай, пазбаў яго цяжкай хваробы, што лічыцца на Зямлі невылечнай, калі толькі такое магчыма. У Бібліі, у святой Кнізе, напісана, што кожнаму будзе дадзена па справах яго… Малю Цябе, Міласэрная, дай яму цяпер, дай яшчэ зямнога жыцця…» Яна ўсё прамаўляла і прамаўляла словы, у якіх была і просьба, і споведзь. Потым пацалавала краёчак іконы, перажагналася і выйшла з царквы, поўная ціхай задумлівасці. Пад ногі зляцеў лісток, але дрэвы наўкол царквы яшчэ стаялі ў сваіх зялёных уборах, што толькі падкрэслівала: у ствалах бруіцца жыццё. Жыццё…
* * *
Праз некалькі дзён яна вярталася з працы. У двары перад пад’ездам заўважыла сынаву машыну, падумала: «А чаго гэта ён прыехаў да нас, як быццам не меўся? Можа, Коля куды хоча пад’ехаць з ім?» Паднялася на свой паверх, адамкнула дзверы і ўся затрапятала пякучым пачуццём: у пярэднім пакоі стаяў брат, штосьці вымаў з кішэні курткі.
– Вадзім? Ты? У нас? Як жа ты прыехаў? А ўколы? Морфій хто табе будзе тут калоць?
– Ніхто. Ніякіх уколаў не трэба.
Яны прайшлі ў гасцёўню, дзе муж з сынам ужо накрывалі стол.
– Нарэшце з’явілася, – сказаў сын. – Дзядзьку трэба карміць, ён галодны. Чатыры гадзіны ехаў у аўтобусе, а з вакзала ўжо я яго падкінуў.
Яна глядзела на брата, быццам шукала на твары нейкі адказ.
– Давай, Вадзім, расказвай. – Села на канапу.
– А што расказваць? – Ён прысеў побач. – Лёг у бальніцу, доктар адразу сказаў: «Ну, мужык, трывай… У нас стары корпус, гэта не раённая паліклініка, морфій нам з галоўнага корпуса скідваюць і не столькі, колькі трэба, таму абязбольваць будзем звычайным баралгінам. Толькі ўжо тады, калі боль зусім нясцерпны стане, нешта мацнейшае ўколем». Назаўтра прыйшла медсястра калоць мне той баралгін, ну а я і кажу: «Не каліце! Мне нічога не баліць». – «Як не баліць?..» Потым дзень прайшоў, другі… Болю ў мяне ніякага. Павялі на УГД, пасля на дыягнастычны камп’ютар… Цуд нейкі адбыўся! Аказваецца, здаровы я! Дактары паўторна нічога не знайшлі.
– А чаго да нас? – Ліна верыла і не верыла яго словам.
– Накіраванне ў Бараўляны далі, каб яшчэ і там абследаваўся. А што абследавацца? – Брат шчасліва засмяяўся. – Здаровы! Калі б сапраўды ў мяне была тая хвароба, дык ці прайшла б?! Нешта я не чуў пра такое. Памылка адбылася. Дактары памыліліся з дыягназам.
Яна ўзяла братаву руку ў сваю… Сядзела суцішаная і задумлівая. Ёй бачылася ацяжэлае Вока. Яно паднімалася і паднімалася ўверх – да сузор’яў, да зорак… Вока Сусвету…