Читать книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі - Страница 2
Чароўны свет Наталлі Паплаўскай
ОглавлениеМастацкае жыццё ў Мінску надзвычай багатае і разнастайнае. Дастаткова ўспомніць апошнія выстаўкі ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Аматары мастацтва ўбачылі сучасны польскі партрэт са збору Радамскай галерэі, жывапіс сучаснага аўтара з Югаславіі Міліча ад Мачвы, а зусім нядаўна закрылася выстаўка славацкага мастака Марціна Бенкі (са збору Славацкай нацыянальнай галерэі ў Браціславе).
І вось яшчэ адна падзея: у канцы верасня ў залах Дзяржаўнага мастацкага музея БССР адкрылася выстаўка графікі Наталлі Паплаўскай. Імя вядомае не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. На многіх мовах свету выдадзеныя кнігі з ілюстрацыямі Н. Паплаўскай.
На выстаўцы – ілюстрацыі да твораў Р. Кіплінга, Ш. Перо, В. Гаўфа, А. Ліндгрэн, зборнікаў «Балгарскія казкі», «Беларускія народныя казкі», «Казкі майго дзяцінства» Э. Межэлайціса.
Як пэўную ўдачу мастачкі трэба адзначыць работу над кнігамі беларускіх аўтараў – І. Мележа «Людзі на балоце», М. Танка «Вярба і верабей», Я. Брыля «Апавяданні».
З асаблівай цеплынёй Н. Паплаўская ілюструе беларускія народныя казкі. Можна смела назваць вельмі абаяльнымі вобразы герояў казак «Дзядок», «Музыка», «Яблынька», «Андрэй за ўсіх мудрэй». Тут мы бачым дабрыню і мудрасць, сціпласць і тонкі гумар, на якія так багаты беларускія людзі.
Мастачка глыбока разумее рамантызм душы дзяцей, яна закаханая ў навакольны свет і глядзіць на яго вачыма чалавека, які захаваў дзіцячую шчырасць. Менавіта таму вобразы, створаныя ёй, так кранаюць сэрцы дзяцей, а дарослым даюць магчымасць успомніць тое, што мы страцілі.
Паплаўская жыве ў чароўным свеце, але казачныя вобразы іншы раз пераплятаюцца з рэальнымі. Здаецца, што герояў графічнага цыкла «Палессе» мы ўжо сустракалі ў казцы «Дзіва».
Творчы партрэт мастачкі быў бы няпоўны, калі гаварыць толькі пра кніжную графіку. Н. Паплаўская плённа працуе і ў галіне станковай графікі.
Мастачка любіць вандраваць. Як вынік гэтых падарожжаў мы бачым цікавыя цыклы, выкананыя ў рознай тэхніцы: «Прырода і дзеці», «Браслаўскія матывы», «Прыбалтыка», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», «Яны належаць усім». Але цыкл – гэта не даніна модным уплывам, гэта перш за ўсё жаданне больш глыбока спазнаць і паказаць тую ці іншую з’яву навакольнага свету.
Як і ў кожнага чалавека, у Н. Паплаўскай ёсць свае любімыя мясціны – гэта Браслаўшчына з яе непаўторнымі краявідамі. Невыпадкова ў мастачкі амаль што кожны год з’яўляюцца новыя творы, звязаныя з гэтым цудоўным куточкам айчыны. У цыкле «Помнікі культуры і архітэктуры Беларусі» час, здаецца, спыніўся. Мастачка ўважліва разглядае помнікі нашай гісторыі, нашай спадчыны.
У апошні час мастакі здзіўляюць нас новымі нязвыклымі формамі, адчуваннем дынамізму сённяшняга дня. Творы Н. Паплаўскай не ўражваюць, здаецца, навізной, і ўсё ж яны запамінаюцца: мастачка валодае тонкім пачуццём колеру, ад яе акварэляў нібы патыхае цёплым летнім ветрыкам, што прынёс з сабою водар кветак, лугавых траў і лясоў роднай зямлі.
Плённая праца Н. Паплаўскай адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, медалём і дыпломам Францыска Скарыны, але самая галоўная ўзнагарода – гэта шчаслівыя і ўдзячныя вочы дзяцей і дарослых, што прыйшлі паглядзець на цудоўныя творы.
Газета “Знамя юности”, 1986