Читать книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі - Страница 3

Зямля ў цэнтры Сусвету

Оглавление

Здзівіць сучаснага чалавека, асабліва творамі мастацтва, цяжка. Многія аўтары вынаходзяць розныя сродкі, каб зацікавіць гледача, і некаторыя часам дасягаюць пэўнага поспеху.

Васіль Баранаў не шукае новых тэхнічных сродкаў, не здзіўляе і навізною тэмы, але ўсё ж яго графічныя аркушы прыцягваюць увагу аматараў хараства. Ягонае мастацтва няспешнае, нібы павольная плынь глыбокай раўніннай ракі.

Першыя самастойныя творы малады мастак зрабіў у рэалістычным ключы. Дастаткова ўспомніць аркуш «Крык» з яго дыпломнай работы (1987). Мы бачым вялікую прастору поля, зацярушанага снегам, цёмныя шаты дрэў, хаткі, бездань цёмнага неба і, на пярэднім плане, сароку – вястунку нейкай бяды. Тут рэзка і драматычна сустракаюцца святло і глыбокія цені, што надае твору напружанасць, нават надрыў.

У адным з аркушаў гэтага ж цыклу, «Спевы роднага краю» (1987), бачым трохпланавую кампазіцыю. На пярэднім плане паўстае студня, дакладней, фрагмент студні: мастак быццам прапануе гледачу самому дабудаваць яе. Нерухомыя купы дрэў на дальнім плане навяваюць спакой, але моцныя кантрасты святла і ценю (гэты прыём мастак выкарыстоўвае даволі часта) разбураюць ідылію спакою; і толькі вазок з сенам, які няспешна цягне конь, ды постаць чалавека надаюць раўнавагу гэтаму краявіду. Графічны аркуш кампазіцыйна не замкнёны ні злева, ні справа і пры жаданні можа быць падоўжаны ў любы бок. Узнікае складанае ўражанне ізаляванасці гэтага куточка зямлі і, адначасова, неабсяжнай яе прасторы.

Рэальныя краявіды Васіль Баранаў даводзіць да высокага абагульнення, ён нібыта «выпадкова губляе» нязначныя акалічнасці і пакідае на паперы толькі найзначнае, амаль што сімвал. З «маленькай» рэчы нечакана нараджаецца вялікі эпічны вобраз, і трэба сказаць, што гэта не канкрэтны лес, не канкрэтная вёска, гэта часцінка нейкай таямніцы, якую глыбока перажыў сам мастак пры сузіранні навакольнага свету. Вёска сярод палёў і пералескаў паўстае як вобраз усёй беларускай зямлі.

У 1990 годзе пачалася серыя графічных аркушаў, прасякнутых рэлігійнымі матывамі («Анёл», «Пахвала беларускім святым», «Іаан Хрысціцель»). Дагэтуль мастак працаваў у тэхніцы афорта, сухой іголкі. Натхнёны ідэяй хрысціянскай еднасці, ён шукае адпаведныя манументальныя формы для яе ўвасаблення. І выбірае гравюру на дрэве. В. Баранаў выступае ў новай працы не толькі як цудоўны знаўца гэтай тэхнікі. Ён знаходзіць асабістую інтанацыю ў выказе тэмы і здабывае самастойнасць як мастак. Не цураецца ён і фальклору. Беларускія фальклорныя матывы арганічна ўваходзяць у графічныя кампазіцыі «Калядная зорка», «Птушкі Варвары Арэхаўны», «Чорная кераміка Такарэўскага».

Як мы ўжо заўважылі, пачынаў В. Баранаў у рэалістычным напрамку, але праграма, на якой быў выхаваны малады мастак, здаецца, вычарпала сябе. На змену акадэмічнай школе прыходзіць эксперымент, і тады з’яўляюцца «нечаканыя» малюнкі алоўкам, вельмі складаныя і далёкія ад рэальнасці. Хутчэй за ўсё, гэта пошук самога сябе на шляху да абстракцыі. Рэальныя выявы толькі ўгадваюцца, а часцей увогуле губляюцца. Мастак нібыта расхінае заслону чагосьці пэўнага, усталяванага і шчыра радуецца адкрыццю Сусвету, поўнага стыхійных жыццёвых сіл.

Прыгадаліся словы вядомага чэшскага мастака Мілаша Іранэка: «…Добрая акварэль альбо малюнак могуць змяшчаць на некалькіх квадратных сантыметрах свайго фармату такую ж дозу мастацтва, як і самае вялікае палатно».

Графіка Васіля Баранава, як мне падаецца, цалкам адпавядае гэтаму мудраму выказванню.

Часопіс «Мастацтва». 1992, № 8. С. 34–37

Інтэрпрэтацыі

Подняться наверх