Читать книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі - Страница 4

Застаецца толькі вечнасць

Оглавление

Напярэдадні каталіцкіх калядаў, у канцы 1992 года ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску была адкрыта выстава віцебскага мастака Алеся Мемуса. Экспанаваліся 30 акварэлей з цыклу «Сведкі».

Увасабленнем рэчаў мастак абвяргае агульнавядомы пастулат, што «нацюрморт – мёртвая натура». Для А. Мемуса нацюрморт – прызма, праз якую ён імкнецца паказаць гісторыю беларускае культуры.

Пафас даследавання «прыроды рэчаў» на нейкі час саступае месца замілаванню імі. Ужо ў сам выбар прадметаў для нацюрморта мастак кідае сюжэтнае зерне. У акварэльным аркушы «Шкло і кафля» (1989) аналізуецца жыццё кожнага прадмета, іх складаныя адносіны, чуецца іх ціхая размова. Мастак даволі дакладна перадае фактурнасць кафлі і шкла. Прадметы нібы вылепленыя скульптарам, яны аб’ёмныя: гэта ўжо не шкло і кафля, а знакі мінуўшчыны.

У якасці плоскасці для размяшчэння прадметаў мастак часта выкарыстоўвае шахматную дошку. Гісторыя, з пэўнага гледзішча, – таксама шахматная гульня, іншы раз вельмі жорсткая. Складаны лёс аскепкаў шкла, адлюстраваных у нацюрморце «Бывалі дні» (1982). Прадметы аб’яднаныя колерам і пластыкай. Светлае шкло кантрастуе з цёмным фонам – нібыта дзве музычныя тэмы злучаюцца ў адну мелодыю, можа, і не вельмі гучную, але багатую на складаныя пачуцці. У нетаропкіх пералівах колеру на паверхні адпаліраванай формы адчуваецца напружаная выразнасць, даведзеная да знака. Нацюрморт атрымаўся вельмі аскетычны, але кампазіцыя з нешматлікімі прадметамі робіць кожную рэч важкай, значнай.

Колер і малюнак у акварэльных аркушах А. Мемуса непадзельныя. Дарэчы тут будзе ўспомніць выказванне вядомага французскага мастака ХІХ ст. Поля Сезана: «Чым больш гарманічны атрымліваецца колер, тым дакладней і малюнак; калі колер выяўляе сваё багацце, тады форма выказваецца ў поўнай меры…»

Летапісец мінуўшчыны і паэт сучаснасці ў мастаку А. Мемусе злучаюцца ў адно цэлае. Такі сімбіёз мы назіраем у нацюрморце «Засохлыя цюльпаны» (1991): вытанчанасць і плаўнасць формы шкла, срэбнае ззянне мяккага, праломленага святла спалучаюцца з далікатнымі лініямі цюльпанаў. Жывапісная прастора з дапамогай рытмічнай гульні святла і ценю сплывае з рэальнасці, набывае мяккі рух, цякучасць. Жыццё рэчаў адбіваецца на шкляной паверхні, як рэха мунуўшчыны. Нараджаецца містычнае адчуванне: нібыта рэчаіснасць губляецца – ператвараецца ў Вечнасць.

Часопіс «Мастацтва». 1993, № 11. С. 21–24

Інтэрпрэтацыі

Подняться наверх