Читать книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі - Страница 5

Уладзімір Слабодчыкаў

Оглавление

Ва ўспамінах ёсць свае заканамернасці. Першыя творчыя работы скульптара Слабодчыкава звязаныя з яго ўражаннямі.

Псіхолагі лічаць, што самае яскравае і запамінальнае – гэта ўспаміны дзяцінства. Хто не памятае рамантычнага героя Дон-Кіхота? Свае дзіцячыя ўражанні Уладзімір, студэнт трэцяга курса скульптурнага аддзялення, так удала выявіў у невялічкай скульптуры, што неўзабаве Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква) купіла гэты твор. Потым, у розныя гады, Траццякоўская галерэя таксама звяртала ўвагу на творы маладога скульптара і набыла шэраг ягоных работ.

Шмат часу аддзяляе ад таго першага поспеху. У. Слабодчыкаў даўно скончыў вучобу ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Некаторы час працаваў выкладчыкам у школеінтэрнаце для таленавітых дзяцей. Зараз ён загадвае кафедрай скульптуры ў Беларускай Акадэміі мастацтваў. Плённа працуе ў станкавай скульптуры і стварае шэраг цікавых вобразаў, вельмі рознабаковых як па змесце, так і па пластычным выкананні.

Работы яго захоўваюцца ў музеях Мінска, Масквы, а таксама ў прыватных зборах (пераважна замежных).

Свае скульптуры ён стварае ў розных матэрыялах: бронза, шамот, алюміній, мармур. Асаблівыя адносіны ў скульптара да традыцыйнага на Беларусі матэрыялу – дрэва. Мастак выконвае ў гэтым спрыяльным матэрыяле шэраг скульптур: “Лялечнікі”, “Удовы”, “Сутыкненне”, “Івянецкія майстры”. Асабліва ў “Івянецкіх майстрах” аўтару ўдалося высветліць каштоўныя якасці дрэва як матэрыялу для скульптуры, пераняць характэрныя якасці майстроў народнай творчасці – трываласць і глыбінную чалавечую цеплыню, натуральнасць.

У. Слабодчыкаў працуе, пераважна, у станкавай скульптуры. Але апошнім часам яго творчыя намаганні выходзяць за межы гэтага, і мы бачым цікавыя прапановы помнікаў гістарычным постацям: С. Манюшку, Ф. Скарыне, В. Ваньковічу, М. Багдановічу – апошняму, дарэчы, зусім нядаўна (май 1992 г.) узведзены помнік у Мінску. Вобраз паэта атрымаўся вельмі прывабны сваёй шчырасцю, жаданнем данесці роднае слова да людзей.

Як станоўчы факт я разглядаю зварот скульптара да біблейскіх сюжэтаў. Аўтар гэтых радкоў свядома адмаўляецца ад пераказу сюжэтаў – яны вядомыя гледачу. Адзначу толькі, што даволі сціплымі сродкамі скульптару ўдалося дасягнуць высокай ступені выразнасці.

Гэтыя скульптуры, па сутнасці, завяршаюць ідэйнае развіццё творчасці Слабодчыкава, які прайшоў шлях ад прыватнага, індывідуальнага, да агульначалавечага.

Uladzimir Slabodtschykau. Skulptur. Esslingen, 1993

Інтэрпрэтацыі

Подняться наверх