Читать книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі - Страница 7
Ціхі экспрэсіянізм Валерыя Ляшкевіча
ОглавлениеПецярбург з даўніх часоў лічыцца сталіцай мастацтваў. Многія творцы з Беларусі імкнуліся падыхаць паветрам Паўночнай Пальміры. Валерыя Ляшкевіча, які нарадзіўся больш за сорак гадоў таму ў вёсцы Чкалава, што непадалёк ад Гомеля, лёс таксама занёс на берагі Нявы. Менавіта тут ён адчуў сябе мастаком.
Да пераезду ў Ленінград В. Ляшкевіч амаль тры гады вучыўся ў Яраслаўскім мастацкім вучылішчы (1974–1976). У 1983 годзе скончыў мастацкае вучылішча ў Бранску. Тры гады (1985–1987) мастак наведваў клас малюнка пры Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе, дзе ў той час выкладаў вядомы педагог Н.А. Гіжа (Валерый неаднойчы з удзячнасцю згадвае менавіта яго).
Муры Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў бачылі рознае. І нічога надзвычайнага няма ў тым, што В.Ляшкевіч працуе дворнікам, каб мець прытулак у адным з падвальных памяшканняў гэтай самай Акадэміі. Невялічкая каморка – гэта і жытло, і майстэрня адначасова.
Лёс быў больш літасцівы да нашага земляка – вядомага мастака, прафесара Акадэміі мастацтваў Яўсея Майсеенкі, які, дарэчы, не вельмі любіў успамінаць, што ён нарадзіўся ў Беларусі (у вёсцы Уваравічы на Гомельшчыне). Але нагадаў я пра славутага майстра з іншай прычыны. Разважаючы пра мастацтва, у прыватнасці пра свае творы, Я. Майсеенка выказаў вельмі слушную думку: «Здараецца, што прыватны факт вырастае да праблемы, а бывае – шырока пастаўленая праблема не ўзнімаецца вышэй за факт…» («Правда», 1967, 28 верасня).
Валерый Ляшкевіч займаецца пераважна партрэтамі. Звычайна партрэтам лічыцца адлюстраванне чалавека, і гэта, безумоўна, так, хоць і не зусім дакладна. Мала таго, што творца павінен выявіць характэрныя рысы, якія належаць менавіта гэтаму чалавеку і нікому больш. Сапраўдны мастак не мае права забываць пра галоўнае: мадэль – гэта не толькі аб’ект адлюстравання, але ў першую чаргу – аб’ект пазнання.
Супярэчлівасць нашага жыцця, бясспрэчна, не магла не адбіцца на творчасці мастака. Сацыяльная палітра вобразаў, створаных В. Ляшкевічам, даволі разнастайная: паэт, журналіст, рабочы, пенсіянер, хатняя гаспадыня, мастак, жабрачка…
Мадэлі для сваіх малюнкаў мастак сустракае на вуліцы, дома ў сяброў, на вакзале – у зале чакання. Менавіта з гэтай прычыны матэрыялы ўжываюцца самыя простыя: папера, соус, літаграфскі аловак, вугаль, сепія, пастэль. Аднак няцяжка заўважыць, што такімі сціплымі сродкамі мастак дасягае максімальнай выразнасці.
Пры ўсёй разнастайнасці характараў і лёсаў ёсць адна рыса, якая аб’ядноўвае амаль што ўсіх партрэтуемых з самім мастаком, – адзінота. Калі разглядаеш малюнкі В. Ляшкевіча, у першую чаргу заўважаеш вочы, а дакладней – позірк мадэляў. Ён спакойны, задуменны, заклапочаны, у ім адчуваюцца складаныя чалавечыя ўзаемаадносіны.
Адзін з самых самотных вобразаў, на мой погляд, – «Партрэт жанчыны» (1990). Мастак далікатна, завуалявана назваў гэты аркуш. Цяжкі лёс ў гэтай жанчыны. Яна, па сутнасці, жабрачка, жыве на Маскоўскім вакзале ў Пецярбурзе. Мы бачым у яе твары адзіноту і журбу, прыкметы меланхоліі, якою, верагодна, быў апанаваны і сам мастак.
В. Ляшкевіч – з тых творцаў, якія чужы боль успрымаюць як свой асабісты. Многія вобразы, створаныя ім, нясуць у сабе аўтапартрэтнасць. Мне здаецца, што настрой таго ці іншага партрэтуемага нельга ўспрымаць як выхаплены з бурлівай плыні жыцця момант, хутчэй за ўсё гэта цэлае жыццё, спрасаванае ў адным моманце.
Я не ўбачыў у В. Ляшкевіча ніводнага партрэта хоць бы з намёкам на ўсмешку, ужо не кажу пра шчаслівую ўсмешку. Затое ў позірку людзей, якіх малюе мастак, многа тонкай пранікнёнасці, чалавечай годнасці, нязломнага гонару. Амаль кожны партрэт – гэта крык душы, але крык ціхі, нібыта самому сабе.
Часопіс «мастацтва». 1994, № 2. С. 25–28