Читать книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі - Страница 6

Чакаем “верного свиданья”

Оглавление

Па слядах аднаго малюнка Валенція Ваньковіча

Слынны беларускі мастак ХІХ стагоддзя Валенцій Ваньковіч стварыў галерэю партрэтаў сучаснікаў. З тых партрэтаў, вядомых нам па ўспамінах і каталогах, час пашкадаваў толькі абмежаваную анталогію. Музыканты еўрапейскай славы Караль Ліпіньскі і Марыя Шыманоўская, філосаф Анджэй Тавяньскі сталі героямі партрэтаў, у якіх Ваньковіч за індывідуальнымі характарыстыкамі адкрыў каштоўнасць творчай асобы, напружанае жыццё душы.

Некалькі першакласных твораў майстра знаходзяцца ў Вільні, у Дзяржаўным мастацкім музеі Літоўскай Рэспублікі. Лепшая работа таго збору, «Партрэт невядомага ў жоўтай камізэльцы», сведчыць пра бліскучае адчуванне мастаком гармоніі цёмных і прамяністых цёплых фарбаў.

У Пецярбурзе Ваньковіч зблізіўся з дзеячамі беларускага мастацтва А. Арлоўскім і І. Аляхновічам, якіх лёс таксама прывёў у Паўночную Пальміру.

Гады, пражытыя Ваньковічам у Пецярбурзе, былі, бадай, найбольш насычанымі творчай працай, уражаннямі, сустрэчамі. Працягваецца сяброўства з Адамам Міцкевічам – яны пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў Віленскім універсітэце. Менавіта Міцкевіч знаёміць Ваньковіча з Пушкіным.

У 1828 годзе Ваньковіч стварыў карціну «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг» (Нацыянальны музей у Варшаве). Дарэчы, гэты твор у музеі мае іншую назву: «Партрэт Адама Міцкевіча». Розныя назвы нарадзіліся, мусіць, таму, што існуе некалькі копій гэтага твора. Мастак здолеў перадаць стан натхнення паэта, таямніцу стыхіі творчасці. Ён дасягнуў у гэтым партрэце вяршыняў майстэрства.

Зусім нядаўна мы даведаліся, што ў гэты ж час Ваньковіч напісаў партрэт Пушкіна як парны да партрэта Міцкевіча. Характарам партрэтных відарысаў ён падкрэсліў духоўную блізкасць вялікіх славянскіх паэтаў.

Сёння партрэт польскага паэта мае сусветную славу. А пушкінскі партрэт? Ён бясследна знік.

Можа быць, мы яшчэ ўбачым невядомую пакуль жывапісную выяву Пушкіна ва ўзросце 29 гадоў і – што асабліва цікава – з натуры? Да такой думкі прыводзіць адкрыццё пецярбургскага пушкініста М. Бяляева. Ён звярнуў увагу на мала каму знаёмыя нататкі польскага ўрача Станіслава Мараўскага, які наведаў у 1828 годзе майстэрню Валенція Ваньковіча.

«Сярод карцін, размешчаных па сценах, у вочы кідаліся два вялікія партрэты, якія стаялі на мальбертах адзін каля аднаго. Адзін з іх, той самы, выкананы ў шчаслівую хвіліну, – партрэт Міцкевіча ў бурцы, які абапіраецца на скалу, – партрэт, што потым зрабіўся такім папулярным («Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг»), побач стаяў другі партрэт аднолькавага памеру. Ён уяўляў сабой мужчыну, захутанага ў шырокі плашчальмавіву з клятчастай падкладкай, які сядзіць у сузіранні і роздуме пад цяністым дрэвам… Гэта Пушкін, і прытым падобны, як дзве кроплі вады».

Збераглося сведчанне, што згаданае палатно бачылі таксама Пётр Вяземскі, Алена Шыманоўская – дачка знакамітай польскай піяністкі Марыі Шыманоўскай, чый салон служыў своеасаблівым цэнтрам хаўрусавання польскай і рускай інтэлігенцыі. У салоне бывалі і Пушкін, і Ваньковіч, які выканаў на просьбу прыхільнікаў паэта яго партрэт алеем.

Бяляеў заўважыў, што твор, апісаны сучаснікам Ваньковіча Мараўскім, вельмі нагадвае малюнак алоўкам, падараваны ў свой час сынам паэта Рыгорам Аляксандравічам Румянцаўскаму музею як аўтапартрэт бацькі. У 1937 годзе малюнак быў перададзены Дзяржаўнай Публічнай бібліятэкай (рукапісны аддзел) імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына Усесаюзнаму музею А.С. Пушкіна (г. Пушкін, былое Царскае Сяло).

Аднак манера выканання малюнка зусім не адпавядае пушкінскай.

Трэба меркаваць, што гэтыя разважанні падштурхнулі Бяляева раскрыць акантоўку. І пад ёй выявіўся подпіс: «В. Ваньковіч». А гэта азначае, што мы маем падрыхтоўчы накід да партрэта. Але ж дзе жывапісны партрэт?

Як сцвярджае літаратар С.Ф. Лібровіч (пераказваючы словы сучасніка Пушкіна), паэт нібыта падараваў свой партрэт суседцы па Болдзіне П.П. Кроткавай, народжанай Навасільцавай, але далейшы яго лёс невядомы. Можна толькі спадзявацца, што ён знаходзіцца сярод многіх тысяч жывапісных палотнаў ХІХ стагоддзя, якімі ганарацца еўрапейскія музеі, але, на жаль, як партрэт невядомай работы нераспазнанага мастака…

Паколькі ніякіх звестак пра партрэт паэта больш не чулася, то я дазволю сабе крыху пафантазіраваць, як мог выглядаць жывапісны партрэт Пушкіна пэндзля Ваньковіча. Па-першае, існуюць вершы Пушкіна той пары, калі быў створаны малюнак, і яны адпавядаюць душэўнаму настрою партрэта. Па-другое, ёсць успаміны сучаснікаў, дзённікавыя запісы самога Пушкіна і многія іншыя дакументы – сведкі складанага перыяду яго жыцця.

Нехта, відаць, здзівіцца, што Пушкін на гэтым малюнку не зусім падобны да таго Пушкіна, з абліччам якога мы звыкліся з дзяцінства. Тут паэт нібы ў разгубленым стане, рой думак не дае яму спакою. Адчуваецца нейкая супярэчлівасць, аднак калі мы звернемся да біяграфіі паэта, то зразумеем яго душэўны стан.

На пачатку мая 1827 года Пушкін атрымаў «высочайшее дозволение» на жыхарства ў Пецярбурзе, дзе яго чакалі сябры. Тут ён піша “Яўгена Анегіна” і паэму “Палтава”. Увосень 1828 года, закончыўшы “Палтаву”, едзе да сваіх сваякоў Вульфаў у Маліннікі, а потым у Маскву…

Паэт увесь час у вандроўках, нідзе не можа застацца надоўга. Ягоныя думкі афарбаваныя пачуццём трывогі і глыбокай журбы, ён адчувае душэўны неспакой. Красамоўны яго верш 1828 года «Дар напрасный, дар случайный», напісаны 26 мая, у дзень, калі Аляксандру Пушкіну споўнілася дваццаць дзевяць гадоў:

Дар напрасный, дар случайный, Жизнь, зачем ты мне дана?

Иль зачем судьбою тайной Ты на казнь осуждена? Кто меня враждебной властью Из ничтожества воззвал, Душу мне наполнил страстью, Ум сомненьем взволновал?.. Цели нет передо мною: Сердце пусто, празден ум, И томит меня тоскою Однозвучный жизни шум.

Падабенства ў партрэце хутчэй не столькі ў форме крылаў носа ці, скажам, фрызуры, колькі ў самой сутнасці характару паэта, што выяўлена абліччам, усёй паставай, позіркам, жэстам рукі.

«Добры жывапісец, – меркаваў Леанарда да Вінчы, – павінен пісаць дзве галоўныя рэчы: цела чалавека і ягоную душу, як яе ўяўляе сабе мастак». Першае для мастакоў не так ужо і цяжка, а вось другое… Другое, як мы заўважылі, Ваньковічу ў алоўкавым малюнку ўдалося. Можна быць упэўненым, што і ў жывапісным партрэце мастак дамогся гэтага яскрава.

Часопіс «Мастацтва». 1994, № 5. С.34–36

Інтэрпрэтацыі

Подняться наверх