Читать книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі - Страница 9

Ці стане пленэр міжнародным?

Оглавление

Яшчэ не асеў на віцебскім асфальце пыл, узняты ўдзельнікамі Першага міжнароднага Шагалаўскага пленэру, як мы даведаліся аб правядзенні ў Віцебску яшчэ аднаго міжнароднага пленэру – «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць».

Калі Шагалаўскі пленэр не выклікае пытанняў, што ён сапраўды шматнацыянальны, то «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» вымушае мяне сумнявацца наконт яго «міжнароднасці».

Мяркуйце самі: на Шагалаўскі пленэр былі запрошаныя мастакі як з Беларусі, так і з іншых краін (Германія, Грэцыя, Францыя, Расія, ЗША, Польшча, Турцыя, Італія), прыехалі госці з Аўстраліі.

У пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» удзельнічалі, у асноўным, віцебскія мастакі: Мікалай Дундзін, Аляксандр Дасужаў, Віктар Шылко, Валеры Чукін, Аляксандр Слепаў, Валеры Шчасны, Аляксандр Салаўёў, Аляксандр Баброў, Васіль Васільеў, Галіна Васільева, Пётр Кірылін, Іван Казак, Аляксандр Малей. Акрамя віцебскіх мастакоў, удзельнікамі сталі двое маладых людзей з Масквы – Леў Сцяпанаў і Аляксей Айгі.

Асабіста мяне не вельмі пераканала меркаванне кіраўніка прэс-цэнтра Таццяны Катовіч, што нібыта прынцыпова важна было забяспечыць удзел у пленэры менавіта віцебскіх мастакоў. А калі згадзіцца з гэтым, то чаму адмовілі Міколу Прусакову, Андрэю Вярэнічу – таксама віцебскім мастакам? І калі ўжо «пашырылі геаграфію» ўдзельнікаў, дакладней кажучы, «выйшлі» за межы Віцебска, то варта было запрасіць і мінскіх творцаў: Ігара Кашкурэвіча, Людмілу Русаву, Сяргея Лапшу, Уладзіміра Лапо, Алену Кітаеву…

Што да апошняй, то ў той самы час, калі праходзіў пленэр, творы А. Кітаевай экспанаваліся ў залах Віцебскага абласнога мастацкага музея. Госці з Масквы і Пецярбурга (удзельнікі навуковай канферэнцыі, а таксама члены журы) з вялікім інтарэсам паглядзелі гэтую выставу, а калі мы выйшлі з музея, запыталіся: «Чаму такая цікавая мастачка не ўдзельнічае ў Малевічаўскім пленэры?»

Мяркую, што А. Кітаева магла б значна павысіць узровень пленэру. Гэта ў роўнай ступені датычыць і астатніх мінскіх мастакоў, якіх я назваў. Упэўнены, што адгукнуліся б на запрашэнне і мастакі, якія цяпер жывуць далёка за межамі Беларусі. Маю на ўвазе Генадзя Хацкевіча-Мінскага (Парыж), Валерыя Мартынчыка (Лондан).

14 верасня ў краязнаўчым музеі адбылася тэарэтычная канферэнцыя «Малевіч. Класічны авангард. Віцебск». Віцэ-прэзідэнт Фонду Малевіча (Масква) Галіна Дземасфенава ў сваім выступе засяродзіла ўвагу на педагагічных метадах К. Малевіча. Фонд, нягледзячы на свой малады ўзрост (зарэгістраваны ў 1991 г.), ужо выдаў два тамы (з пяці запланаваных) поўнага збору тэарэтычных працаў К. Малевіча. Яшчэ адзін прадстаўнік гэтага фонду, Віталь Пацюкоў (загадчык выставачнай дзейнасці), зрабіў цікавы і досыць востры параўнальны аналіз мыслення мастакоў 1920-ых гадоў і ўдзельнікаў выстаўкі пленэру «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» – і не на карысць апошніх. Супрацоўнік аддзела сучаснага жывапісу Траццякоўскай галерэі Ніна Курыева назвала свой даклад «Беспрадметнае ў рускім мастацтве» і раскрыла гэтую тэму на прыкладзе аднайменнай выставы, якая адбылася ў Траццякоўцы.

Мастацтвазнаўца з Пецярбурга Вольга Шыхірава (супрацоўніца аддзела сучаснага жывапісу Дзяржаўнага Рускага музея) прачытала вельмі цікавы і змястоўны даклад «Малавядомыя крыніцы пра Малевіча»: паказала нам К. Малевіча не з традыцыйнага, прынятага мастацтвазнаўцамі пункту гледжання. Бацьку супрэматызму яна бачыць, у першую чаргу, як вялікага містыфікатара. Не абмінула яна і нашага земляка, мінчука Уладзіслава Стрэмінскага, згадаўшы ягоныя стасункі з К. Малевічам.

Звычайна музейныя супрацоўнікі робяць свае спавешчанні па-акадэмічнаму стрымана, чаго нельга сказаць пра Мікіту Махава – супрацоўніка пушкінскага музея ў Галіцыне. Свой даклад ён назваў «Структурнае мысленне малодшага сучасніка Малевіча – Паўла Філонава». Не з усімі меркаваннямі маскоўскага мастацтвазнаўцы можна пагадзіцца, але шчыры ды эмацыянальны расповед быў такім яскравым, што і сам аўтар, і публіка знаходзіліся нібыта ў нейкім экстазе.

Таццяна Катовіч (Віцебск), даследчык тэатральнага мастацтва і сучаснай харэаграфіі, у сваім выступленні закранула адну з найцікавейшых граняў гэтай праблематыкі – «Тэорыю прыбавачнага элемента» Малевіча ў прымяненні да даследавання тэатральнага мастацтва.

Сціплую групу мінскіх мастацтвазнаўцаў прадстаўлялі Алег Сурскі і я, аўтар гэтых радкоў.

А. Сурскі зрабіў своеасаблівы агляд шляхоў развіцця суполкі віцебскіх мастакоў «Квадрат», заснаванай 16 сакавіка 1987 года і скасаванай роўна праз сем гадоў (16 сакавіка 1994 г.).

У сціслым выступе «Авангард на Беларусі» я імкнуўся распавесці прысутным аб існаванні авангардных плыняў у нашай рэспубліцы, нагадаўшы пра творчасць такіх суполак, як «Форма» і «Галіна» з Мінска, «Квадрат» (Віцебск), а таксама пра Арт-сесіі, якія вось ужо некалькі год запар ладзяцца ў Віцебску, стымулюючы студэнтаў творчых факультэтаў да пошукаў новых формаў мастацтва.

Інтэрпрэтацыі

Подняться наверх