Читать книгу Рыбін горад - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 11

Чужая смерць

Оглавление

Увесь пахавальны клопат і само пахаванне прайшлі для мяне змазана. Улянка яшчэ паспела прыехаць. Людзей прыйшло няшмат, але адусюль: утравелымі сцежкамі, зарослымі кукальнікам ды пурхаўкамі, пад хмарай, што гадавалася за Бугам, з Страдча, Дурычаў, Заказанкі прыйшлі маладзейшыя за яе, нашу бабу. Дабрацінцы сабраліся ўсе, акрамя старой Лялькі, якая даўно не ходзіць. Прыйшоў Афанасий Петрович – бабулін дружбак з дачнікаў. Сёння ў яго за поясам адсутнічала нязменная сякерка, але штаны былі тыя самыя – чыста памытыя, некалі даўно сінія. Ён адзіны заплакаў, калі труну з хаты вынеслі на двор. Ды яшчэ чапля, якая, выгнуўшы гакам шыю, пралятала ў гэты момант над дваром, крыкнула: «Ай!» Я бачыла ўсё праз нейкае чорнае сіта – людзей, труну, чаплю, святлейшую за хмару, якая паўзла за ёй… Уляну, Уругвайца, Лёніху, Ярашыху, Аксанку…

Аксанка, задыханая, прыкаціла на ровары апошняй. Я яе не адразу і пазнала: яна не папаўнела, як можна было б чакаць, але за час, што мы не бачыліся – а гэта год дзесяць – змянілася непазнавальна. Яна была як апушчаная ў ваду. Мы з ёй вучыліся ў адным класе, а зараз яна дырэктаравала ў той самай страдзіцкай школе, дзе мы раней вучыліся. Кіўнуўшы нам, яна паклала ровар на траву, падышла да труны і пацалавала бабулю ў лоб. Выпрасталася, задумалася, пагладзіла бела-карычневую руку нябожчыцы.

Хоць мне і нельга па звычаі, але я мыла бабулю разам з Ярашыхай і Кацяй Уругвайцавай – самі б яны не ўправіліся. Ногі і рукі адмыць не ўдалося – за пазногцямі, у дробных трэшчынках, у капілярах скуры засталася зямля, якая так моцна ўелася ў скуру, што яе не брала ні мыла, ні пемза, і цяпер я падумала, што наша баба, якая хутка стане дабрацінскай зямлёй зусім, была дабрацінскай зямлёй і раней – прынамсі, часткова. Прынамсі, у частцы рук і ног.

Трымаючыся за край труны, Аксанка загаварыла. У яе змяніўся нават голас – у ім не стала самых высокіх і нізкіх тонаў, і гучаў ён занадта роўна. Гаварыла яна па-нашаму, і людзі здзіўлена паднімалі галовы: відаць, не чакалі такога ад дырэктаркі школы.

– От і зноў нам сходка. Зноў хаваем. От і вітэ, цётка Макрынё, ад нас пайшлі. Нарабіліся, напрацаваліся за жыццё, не было вам ні водпуску, ні выхадных – спачнеце зараз. Зямля вам пухам. Бог вашу душу прыме і каля сябе пасадзіць. А мы астанемся тут адны, без вас. Зарастуць бур’яном вашы чорныя сцежкі. Не будзе нам вашае мовы і вашае рады…

Толькі лёгкая бялявая кудзерка выбівалася зпад Аксанчынай чорнай хустачкі зусім па-ранейшаму, як у дзяцінстве; на твары, у выразе сукенкі на грудзях выступілі дробненькія кропелькі поту, хаця на вуліцы хутка і прыкметна халадала.

– От мы хаваем сёдня вас, і нам горка, горка на сэрцы – даўно ўжэ мы сіроты, а без вас асірацеем яшчэ больш; мы вас пахаваем, а як прыйдзе наша гадзіна, хто пахавае нас? Чы астанецца тут хто? Але… У нашу гадзіну з нас і будзе спрос – а вітэ спіце спакойна, пражылі жыццё дастойна і праведна, цётка, а мы вас не забудзем.

Аксанка пакланілася і адышла.

Хмару працягвала холадам, дажджу зноў не будзе. Парывы ветру насілі па двары салодкі пах скабіёзы і ад жоўтага аслінніку пах нябожчыка. Труну павезлі на могілкі возам. Хто прыйшоў з іншых вёсак – рушылі следам. Дабрацінцы, акрамя Уругвайца, на могілкі не пайшлі – не хадакі. Не тыя гады. Не пайшла і Аксанка – абняўшы Уляну, прытуліўшыся да мяне, патлумачыла, што ёй тэрмінова трэба вярнуцца ў школу, куды сёння павінны прывезці новыя дошкі і парты, і паабяцала днямі зайсці…

Няцяжка расказваць пра пахаванне. Пра паніхіду пад высокімі надмагільнымі бар’якамі, пра пясок, які, высыхаючы на вачах, час ад часу сплываў струменьчыкамі ў свежавыкапаную магілу, пра той момант, калі века труны зачыняюць, калі апускаюць труну ў яму, і кідаюць следам крыж-накрыж ручнікі… Я бачыла каля сябе сваё жывое адлюстраванне – сястру, дрыжыкі на яе руках, белы твар. Бабуля строга і не раз наказвала нам, каб мы не плакалі на яе пахаванні – плакаць па такой старой людзіне пярэчыць дабрацінскаму этыкету. Улянка не плакала; не плакала і я, але не таму, што трымалася наказу бабы, а таму, што мяне мучыла, чорным сітам зацягала свядомасць адно пытанне, пра якое я яшчэ не паспела расказаць Уляне… Няцяжка расказваць, цяжка было там стаяць.

Усе гэтыя дні было многа клопату, і Улянка нават не паспела яшчэ разабраць свае рэчы. Як прывезла з вакзала валізу, так яна і стаяла ў сенях. Нам не было калі пагаварыць, а тое, што я мусіла паведаміць ёй, нельга было гаварыць у гарачцы. Пільнуючыся старога звычаю, мы сядзелі па начах каля бабулінай труны – але толькі на змену, і пагаварыць не было як. Днём прыходзілі бабы – толькі днём, бо ўжо не тыя гады, каб па начах блукаць лесам… А нам у гэты час трэба было: купіць труну, выкапаць магілу, дамовіцца з папом наконт паніхіды, пачысціць трыццаць два селядцы і столькі ж карпаў, напячы мяккіх катлетаў на старыя дабрацінскія, страдзіцкія, заказанскія зубы, купіць гарэлкі і вадзічкі – і яшчэ сто дваццаць пяць справаў парабіць… Добра яшчэ, што Зарніцкая дапамагала, ездзячы ў Брэст з Брэсту на сваім «мерсэдэсіку». Прыехаўшы сёння, яна выбрала хвілінку і ціха спытала ў мяне: «Сказала?» – «Не, – таксама шэптам адказала я. – Пакуль не».

Ні Антон, ні Юрка на пахаванне не прыехалі. Юрка, Улянін муж, якраз быў у Кракаве, рыхтаваў кангрэс архітэктараў, адказным арганізатарам якога ён і з’яўляўся, і мы вырашылі, што яму трэба заставацца там, давесці справу да канца, бо, калі ён з’едзе, кангрэс можа сарвацца. А на Антона я разлічвала. Я так і не змагла да яго дазваніцца і вымушана была даць тэлеграму. Позна вечарам ён пазваніў мне сам. Далёкім голасам паспачуваў, пашкадаваў, што не зможа прыехаць, прапанаваў прыслаць памочніка з грашыма і машынай. Зазлаваўшы, я адмовілася ад такой дапамогі і ўжо хацела кінуць слухаўку, як раптам успомніла рапуху ў тэлевізары – я была ўжо паспела намёртва (які страшны каламбур!) забыць пра яе і ўсё з ёй звязанае.

– Тосік, што ты там уздумаў? Навошта табе гэта? Я так баюся за цябе…

– Не хвалюйся, – Антонаў голас памякчэў, прыблізіўся, ён яўна не чакаў гэтага Тосіка, памяткі маладосці, якая вымавілася нечакана і для мяне самой. – Усё будзе вельмі добра. Ты ж ведаеш, я заўсёды гуляю толькі напэўна, з казырамі.

Як недарэчна разанула гэтае «гуляю»! Даўнавата мы з табой ужо не гулялі, я наогул забыла, што такое гульні – усё ў нашым жыцці было нават надта сур’ёзна. Але я не паспела сказаць пра гэта – у кухню, дзе я гаварыла, зайшоў Уругваец, за ім – заклапочаная Уляна. Мая прысутнасць патрабавалася на чарговай гаспадарчай нарадзе, і я паспяшалася развітацца.

Пасля памінак мы з сястрой не сталі прыбіраць.

– Хадзем наверх, – прапанавала Улянка, калі ўсе разышліся зза вялікага, састаўленага з трох, стала. – Паляжым крышку. Ногі дыгаюць.

У сваім пакоі яна апусцілася на канапу і закрыла вочы рукой – бабін жэст, які мы абедзве перанялі.

– Здаецца, зрабілі ўсё так, як яна наказвала, – сказала сястра, не адкрываючы вачэй. – Як хацела. Поп толькі мне не вельмі спадабаўся – занадта спяшаўся, па-мойму.

– Улянка, мне трэба паведаміць табе адну важную рэч.

Улянка расплюшчыла вочы.

– Бабуля памерла не сама, не сваёй смерцю. Яна памерла ад таго, што нехта дабавіў у каву сардэчны прэпарат – кардыёстымфортэ. Я заварыла каву для Зоські, калі яе ўкусіла змяя, але даць не паспела – Зарніцкая павезла нас у бальніцу. А бабуля, відаць, па сваёй звычцы (каб дабро не прападала) дабавіла ў каву малако і стала піць… А ў каве быў гэты лек…

– Адкуль ты ведаеш? Чаму не сказала раней? – голас Улянкі гучаў глуха.

– Кубак з кавай, выпіты напалову, стаяў перад ёй на стале, калі я прыехала. А ведаю напэўна, дзякуючы фенаменальнай нюхаўцы Зарніцкай. Калі яна прыбегла на мой крык на веранду, кінулася да бабулі і амаль адразу абвясціла: «Яна памерла». Знаеш, лішні раз пабачыла, якая яна спраўная і якая я недарэка. Яна запатрабавала, каб мы перанеслі бабулю ў хату, выклікала хуткую – а раптам рэаніматары ўсё ж… Да прыезду хуткай рабіла штучнае дыханне… А потым, калі хуткая канстатавала смерць і паехала, мы вярнуліся на веранду, я сядзела як ідал, нават нічога не магла гаварыць, а яна пачала набіраць па мабільніку Хведзьку… Раптам бачу, яна неяк панюхала паветра – як сабака, бывае, робіць стойку. Потым падышла да стала, узяла кубак з кавай, таксама панюхала і пакаштавала на язык… Потым паглядзела на мяне дзіўна і кажа: «Ведаеш, Алка, у гэтую каву нешта дабаўлена. А ну дай пачак!» Яна забрала пачак з сабой на аналіз. А вечарам, калі прыехала зноў, сказала, што і ў заваранай каве, і ў пачку знайшла кардыёстымфортэ. Вельмі вялікую дозу. Досыць вялікую, каб выклікаць сардэчны прыступ.

– А дактары з хуткай не заўважылі нічога падазронага?

– Канечне, не. Дзевяноста сем год! Што тут падазраваць, якая тут можа быць прычына смерці, акрамя старасці? Напісалі даведку, і ўсё. У даведцы напісана, дарэчы, што прычына смерці – сардэчны прыступ, але нікому б да галавы не прыйшло, што ён – справакаваны. Ніхто нічога не заўважыў бы, каб не Зарніцкая.

Мы глядзелі адна на адну. Дзве сястры, падобныя да немагчымасці. Толькі адна крышачку кульгавая целам і вельмі кульгавая душой. Я чытала яе думкі, як свае. Улі праз мяне дасталася за жыццё пад бок і пад галаву; як сястра я не падарунак. Бывала ўсялякае. Яна расшуквала мяне ў хрушчобах у Менску на Розачцы і знаходзіла там у непрытомным стане. Яна плаціла дактарам за вывядзенне мяне з запою. Было, мы з ёй год не размаўлялі. Ёй прыйшлося дзеля мяне даваць хабар. І аднойчы я ўжо была прытарочана да справы аб забойстве.

І вось зноў.

Самае галоўнае, гэта была абсалютна незразумелая сітуацыя. Хто, навошта падсыпаў кардыёстым у каву? Навошта і хто?

– Так, – Улянка памаўчала. – Ну, куды ўляпалася цяпер?

Я заматляла галавой.

– Не, я тут не пры чым, дакладна. Нават уявіць не магу…

– А я магу! – сястра раззлавана ўсхапілася і захадзіла па невялікім пакоі. – Я магу! Ты зноў бярэшся за сваё! – яна села і пацёрла лоб. – Колькі ўжо можна, Ала! Мы ж дамаўляліся!! Ужо пяцьдзясят не за гарамі!

Я маўчала, стрымліваючы слёзы, якія, як заўжды, падступілі нечакана.

Улянка ўзяла сябе ў рукі.

– Ну, выбачай, сястрынка, – яна села і абняла мяне за плечы.

Я выцерла вочы.

– Гэта ты павінна мне выбачыць.

– А твой кардыёстым дзе? – спыталася Улянка.

– На месцы.

У мяне праблемы з сэрцам, і я павінна пастаянна прымаць гэты прэпарат, але толькі па паўтаблеткі ў дзень. Усе мае лекі выявіліся некранутымі.

– Так, так, так… Значыць, сітуацыя такая. Нехта падсыпаў у каву моцны сардэчны прэпарат. Можна меркаваць, з мэтай атруціць. Наколькі я ведаю, ім можна смяротна атруціцца нават здароваму чалавеку, калі доза будзе вялікая. А хвораму – вось як табе…

– Або табе, – кінула я.

Улянка на секунду задумалася і кіўнула.

– Так, або мне, – дастаткова проста трохі перавысіць дозу, каб справакаваць небяспечны сардэчны прыступ… Зосі, можа, нічога і не было б – яна маладая і ў яе, Богу дзякаваць, з сэрцам парадак… У бабулі сэрца было вельмі зношанае, гэта так, але яна ніколі і не піла кавы… Я, прынамсі, не помню, каб яна рабіла гэта. Ты правільна заўважыла: што яна выпіла каву – выпадковасць. Значыць, значыць, значыць… Значыць, можна сказаць з пэўнасцю: кардыёстымфортэ ў каве быў прызначаны не для яе… Для цябе?

– Не знаю. Але я бачыла смерць. За мяжой, ноччу.

– Алка, я заўважыла пачатую бутэльку віскі за лядоўняй на верандзе… Не здзіўлюся, калі ты бачыла чарцянят ў міжскрынкавай прасторы.

Прылоўленая на гарачым, я маўчала. У хаце было вельмі ціха.

– Бабуля памерла не сваёй смерцю. Чужой. Або тваёй, або маёй. Вось усё, што мы можам цяпер сказаць.

– Не, я сапраўды бачыла смерць, – пачала тлумачыць я і спатыкнулася. Да мяне раптам дайшло, што сказала Улянка. – Тваёй смерцю? Цябе маглі спрабаваць атруціць?

Невядомы зламыснік хацеў смерці Уляны? Я выказала такую здагадку проста праз раздражнёнасць, праз тое, што сястра адразу абвінаваціла мяне. А яна паставілася да гэтага так сур’ёзна?

І тут, у той час, калі я невымерна здзівілася, у час, калі сонца спусцілася досыць нізка і яго промні падкрэслілі ў кожнай фарбе чырвоныя адценні, калі святло на дварэ ненадоўга стала зусім фантастычным, а камлі бар’якоў – мядзянымі, пачулася знаёмае тахканне матора: трактар «Беларусь» жвава бег да нашае брамы, за ім меланхалічна, але таксама хуценька, трусіла кабылка ў возе.

Гэта ехалі да нас Толік і Валік. Яшчэ два чалавекі з нашага дзяцінства. З якімі звязаныя не агульныя, а розныя ўспаміны сясцёрблізнятак. Мой Толік – гэта мая частка ўспамінаў: зялёны мох, туман, пясок, які наліпае на халодную скуру, худзізна, дзякуючы якой лёгка пералічыць рэбры…

Рыбін горад

Подняться наверх